Днямi на вiтрыне газэтнага шапiка я выпадкова прачытаў iмя прадавачкi - Бэнэдыкта. У Менску адразу сказалi б - заходнiца. А ў Вiльнi гэта справа звычайная. Тут, дзе жывуць некалькi народаў рознае веры, нiхто не задзiвiцца твайму iмю. Бо самiх iмёнаў, прычым пашпартных, безьлiч. Нашыя Сашы з Машамi гучаць тут, наадварот, як рэдкая трывiяльнасьць. А паспрабуйце ўявiць сабе беларускага чалавека, якi б у пашпарце зваўся Саша або Маша, або Вова. Нерэальна. Не паложана. I гэтак толькi ў нас. У iншых народаў (апрача хiба расейцаў) такiх жорсткiх усенародных дамоўленасьцяў не iснуе. I гэта, на маю думку, характарызуе ня столькi наш мэнталiтэт, колькi сытуацыю, у якой апынулася Беларусь.
Падбiраючы для гэтае сытуацыi характарыстыку, я выйшаў на ключавое слова - кругагляд. Iменьнiк, якiм паслугоўваецца народ, сьведчыць пра кругагляд гэтага народу. Кругагляд - вось слова, якое вытлумачвае цi ня ўсе нашыя цывiлiзацыйныя пралёты апошнiх гадоў i найлепшым чынам характарызуе ўладу, якая пануе ў краiне i электарат таксама. Усё б нiчога, а вось кругагляд - вузкi.
У любым iншым месцы сьвету могуць назваць дзiця Сонейкам цi нават Ялiнай, нiхто ня зьдзiвiцца, а вакол быццам cьвятлей стане i адкрыюцца невядомыя энэргетычныя шлюзы. Iмя маёй знаёмай лiтоўкi Айрыi перакладаецца як Iрляндыя. Ёсьць у iх сямейнае паданьне, пра тое, як далёкага продка Айрыi з затанулага карабля выратаваў нейкi iрляндзец. У бацькоў iншай Айрыi паданьня не было, проста спадабалася iмя.
Выбар iмя - надзвычай iстотны жыцьцёвы акт, у якiм сыходзяцца i агульныя традыцыi, i прыватныя густы, i энэргiя Космасу. Калi ж над народам пануе абмежаваны загсаўскi сьпiс, для выбару амаль не застаецца месца. На гэтай абмежаванай прасторы мы поўнiмся
крытыцызмам да iмёнаў сваiх суайчыньнiкаў i да iмя самое нашае краiны Беларусi. I гэта таксама вылучае нас у шэрагу iншых народаў. На маю думку, вольны выбар iмя для дзiцяцi ў Беларусi варта залiчыць у фундамэнтальныя правы чалавека, якiя яшчэ трэба будзе ўсталяваць.
Тэму iмёнаў мы працягнем разам з нашымi экспэртамi ў канцы сёньняшняе перадачы. А пачнем яе з трох сцэнароў сучаснага беларускага жыцьця. Першы - сцэнар даўняе дзiцячае гульнi, у якую Андранiк Антанян разам зь сябрамi паспрабаваў згуляць сёлета на Каляды.
(Андранік Антанян: ) "Калi я быў яшчэ маленькiм ды хадзiў у школу, то кожнае лета станавiўся сталым жыхаром пiянэрскага лягера "Кiравец" пад Магiлёвам. I калi бясконцы дождж ператвараў нас у закладнiкаў, вымушаных сядзець у вiльготных палатах, у якiх ужо празь дзень пачыналi цьвiсьцi самыя чэрствыя сухары, ад нуды ратавала толькi Наша Панi.
Наша Панi - гэта такая гульня. Дзiўная, змрочная, чароўная гульня, якая давала нам, дзецям-падлеткам перажываньнi, якiя па сёньня зьдзiўляюць сваёй сапраўднасьцю.
Сцэнар просты. Трэба было набраць шэсьць ахвочых у адным пакоi, ссунуць два ложкi. Выбраць аднаго з ахвочых на ролю Панi. Ён клаўся на ложак, заплюшчваў вочы, складаў на грудзёх рукi, не раўнуючы як нябожчык. Усе астатнiя кленчылi каля яго, i падкладалi па два пальцы рук пад нерухомае цела Панi. Вылучылася сьвятло й адзiн з удзельнiкаў пачынаў рытуал. Ён прамаўляў замагiльным голасам: "Наша Панi памерла..." Мы падхоплiвалi гэтую фразу, i па чарзе паўтаралi: "Наша Панi памерла". Вядучы цягнуў далей: "Але мы яе хаваць ня будзем. Хай яе хаваюць злыя духi. Хай яна стане лягчэй за лебядзiны пух. Амэн". Кожная з гэтых фразаў кацiлася рэхам: "Але мы яе хаваць ня будзем..." Пасьля апошняга слова, лёгка, як пярынку, на двух пальчыках, падымалi цела Панi ўверх. Мне ўсяго пару разоў давялося пабыць у ролi нябожчыцы. Уражаньне ад iмклiва-лёгкага пад'ёму да столi, калi вочы самi расплюшчывалiся ад сполаху, калi цела забываецца на iснаваньне зямнога прыцягненьня й iмкнецца да гары. На нейкi час яно завiсае ў паветры. У гэткiм стане ты знаходзiсься ўсяго нейкую хвiлю. I рэзка падаеш на рыпучыя спружынныя ложкi, засланыя вiльготнымi матрацамi.
Пошук сэмантыкi гэтага змрачнаватага рытуалу сёньня бачыцца мне заняткам безнадзейным. У гэтым я пераканаўся сёлета на Каляды, калi ўгаварыў сваiх сяброў аднавiць дзiцячую прагу бязважкасьцi. Згадзiлiся больш чым ахвотна. Вылучылi сьвятло, сумленна паўтаралi завучаны тэкст, усе паспрабавалi сябе ў ролi памерлай Панi. Толькi целы нiяк не хацелi адрывацца ад ложка. Нехта пажартаваў: "Вiдаць, Панi, закапалi бяз нашае згоды". А пасьля яшчэ доўга й нудна тлумачылi пра Пiтэра Пэна i пра пакiнутую ў дзяцiнтсве магчымасьць лётаць. Мой настрой сапсаваўся. Так псуецца ён ад усьведамленьня таго, што ў нашай хаце разам пасьля сьмерцi дзеда, вiдаць, назаўжды спрачаны рэцэпт прыгатаваньня квасу з чайнага грыба, як не хапае калючых лiтараў армянскага альфабэту лiстоў маёй бабулi. Прыкра тое, што гэтыя сэнтымэнты нейкiя беспадстаўныя. Бо я нiколi ня быў аматарам квасу з чайнага грыба, i па гэты дзень не навучыўся чытаць па-армянску. Але, калi зiмовы вiленскi дождж перастае быць гiпэрбалаю, i падымацца ранiцою ня бачыцца нiякага сэнсу, я проста ляжу ў ложку з заплюшчанымi вачыма й паўтараю як заклён: "Наша Панi памерла, але мы яе хаваць ня будзем. Хай яе хаваюць злыя духi. Хай яна стане лягчэй за лебядзiны пух. Амэн".
(Сяргей Дубавец: ) Андранiк Антанян распавядаў пра сцэнар забытае дзiцячае гульнi, якая больш нагадвае сьпiрытычны сэанс. Iншы сцэнар, ужо тэатральны, нягледзячы на сваю старасьць, вытрымаў 250-ю пастаноўку, на якую схадзiў Зьмiцер Бартосiк.
(Зьміцер Бартосiк: ) Доўгажывучасьць любой культурнай зьявы, ня толькi тэатральнай, заўсёды выклiкае захапленьне. Тым больш, калi гэтай зьяве за 200 гадоў.
Днямi на сцэне Менскага Палацу чыгуначнiкаў адбыўся 250-ты юбiлейны спэктакаль Малога тэатру "Камэдыя". У залi на тысячу месцаў быў аншляг. Як заўжды на гэтым модным спэктаклi. Модным у самым снабiсцкiм гучаньнi гэтага слова. У фае можна было сустрэць дзяржаўных чыноўнiкаў, мясцовых тэлезорак, i актораў зь iншых тэатраў. Як зазвычай было шмат студэнцтва. Таксама немалую частку публiкi складалi тыя, для каго "Камэдыя" сталася нечым накшталт культу, i хто наведвае яе калi не 250-ты, дык пэўне ж дзясяты раз. Прычым, што цiкава, аўдыторыю "Камэдыi" складае пераважна публiка, не заангажаваная беларушчынай. Дык адкуль ажыятаж?
Сюжэт камэдыi стары, як сьвет: селянiн Дзёмка, што марыць аб райскiм жыцьцi, iдзе ў заклад з д'яблам. Ад Дзёмкi патрабуецца толькi адно - на працягу гадзiны не прамовiць нi слова. Кошт закладу таксама вядомы - з аднаго боку грошы, зь iншага душа. Не вытрымлiваючы гэткага складанага выпрабаваньня, Дзёмка пасьля кожнае няўдалае спробы выпраўляе да д'ябла ў пекла спачатку сварлiвую жонку, пасьля надакучлiвага жыда. Гiсторыя ж самога спэктакля нiчым не саступае ў iнтрызе ягонаму зьместу.
У канцы XVIII стагодзьдзя беларускi драматург Каэтан Марашэўскi напiсаў п'есу з адмыслова неарыгiнальнаю назваю "Камэдыя", якая была тады ж i пастаўленая тэатрам Забэльскай
дамiнiканскай калегii. Праз сто гадоў, у пачатку ХХ-га стагодзьдзя Францiшак Аляхновiч абсучасьнiвае старую п'есу, перш за ўсё пакiдаючы толькi чатырох асноўных дзейных асобаў: селянiна Дзёмку, ягоную жонку Маланку, Жыда-арандатара ды Чорта. Падчас беларускае культурнае адлiгi 90-х менскi драматург i рэжысэр Уладзiмер Рудаў даводзiць гучаньне старой п'есы да ўнiсону з новым часам i супольна з Андрэем Андросiкам ставiць яе, як студэнцкi спэктакаль, у Беларускай Акадэмii Мастацтваў. Што з гэтага ўсяго атрымаецца, ня сьнiлi нi Рудаў, нi Андросiк, нi тым больш Марашэўскi з Аляхновiчам.
Чуткi пра надзвычай сьмешную камэдыю на курсе Андросiка пайшлi па сталiцы й заля вучэбнага тэатру ўсё больш запаўнялася пабочнаю публiкай. З выпускам таго курсу паўстала пытаньне аб сьмерцi "Камэдыi". Але махавiк раскруткi ўжо запусьцiўся. Яго запусьцiлi ня грошы, не кан'юнктура, але перш за ўсё нежаданьне аўтараў праекту адмовiцца ад такога нечаканаго першага посьпеху i сустрэчнае нежаданьне публiкi разьвiтвацца з аднойчы пакаштаваным. Аўтары й публiка надоўга знайшлi адзiн аднаго, што ўвогуле адбываецца рэдка. Спэктакаль пераходзiць на сцэну расейскамоўнага Альтэрнатыўнага тэатру, патроху становiцца ледзь не галоўнаю разынкай далёка ня беднага рэпертуару i разам з прафэсiйным лоскам набывае новыя цiкавыя рысы. Актор Iгар Забара, выканаўца ролi д'ябла, не перайшоў на мову твору, ад чаго твор толькi выйграў. Дзьве гадзiны абаяльна-шапялявы расейскi чорт тлумiць нашаму чалавеку галаву, маючы на мэце ягоную цнатлiвую беларускую душу. Пазбаўляючы Дзёмку каханае жонкi ды лепшага сябра-жыда. I калi яшчэ з такiм iмпэтам менская публiка хадзiла ў беларускi тэатар адмыслова на выканаўцаў? Перш-наперш на Чорта-Забару й Жыда-Жураўкiна. Прычым, спэктакаль настолькi быў ладна зьбiты, што яго з посьпехам можна было даваць як у сельскiм клюбе, так i ў найт-клабе. Дэкарацыяў амаль няма. Яркi, ледзь не клёўнскi грым пэрсанажаў, i, галоўнае, тэкст, якi дазваляе акторам удосталь наiмправiзавацца й пастаянна трымае гледача ў стане чаканьня нечага яшчэ больш сьмешнага й дасьцiпнага. Колькi разоў я чуў пасьля ў самых розных сытуацыях - жыдава "Дзёма, калi аддасi?" цi чортава "Люцiфэр, для вас проста Люсiк". Як сьцвярджае Забара, мова спэктаклю ня стала перашкодаю для пiцерскага, львоўскага, познаньскага ды эдынбурскага гледача.
Калi закрыўся "Альтэрнатыўны", не аднага мяне наведаў сум разьвiтаньня з гэтым спэктаклем. Куды я заўжды цягнуў усiх сваiх сяброў ды гасьцей цi то з Расеi, цi то з Украiны, будучы ўпэўненым у эфэкце, атрыманым iмi ад беларускага тэатра, як кажуць, на ўсе сто. Але зьяўляецца ўжо нейкая добрая заканамернасьць у жывучасьцi таго, што радуе нас па-беларуску. Невядома якiм чынам i дзякуючы якiм грошам, выступаючы на розных, iншым разам на далёка ня лепшых пляцоўках, тэатар Iгара Забары працягвае жыць пад iмем "Малога". Мне здаецца, дзякуючы перш за ўсё "Камэдыi". На кожным спэктаклi якой зьяўляюцца ўсё новыя моманты для глядацкiх авацыяў. "Нiколi раней мы не зрывалi такiх авацыяў на дыялёгу Чорта й Жыда, - распавядаў мне Забара, - калi Жыд, расьпiсваючы свайго бацьку, як амаль што сьвятога чалавека, перапыняецца д'яблам. - Маiсей? - Маiсей. - З пэйсамi? - З пэйсамi. - У нас твой бацька... I нiколi не было такiх воплескаў на рэплiку Дзёмкi да iншамоўнага чорта: "На маёй тэрыторыi прашу размаўляць на мове народа".
Кожнага разу, пасьля чарговага прагляду "Камэдыi" я гатовы iсьцi ў заклад зь любым д'яблам наконт таго, што спэктакаль дажыве й да 500-га паказу, а сам я дажыву да той тэрыторыi, дзе й чэрцi па-за межамi глядзельнае залi вымушаныя будуць перайсьцi на мову народа".
(Сяргей Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк распавядаў пра юбiлейную пастаноўку "Камэдыi" Марашэўскага. Нарэшце апошнi з трох абяцаных сцэнароў патрапiў у рукi да Сяргея Харэўскага. Гэта сцэнар незвычайнай маладзёжнай мiжнароднай канфэрэнцыi.
(Сяргей Харэўскi: ) "... Мiнулы год быў адзначаны нечуваным усплескам "усходнеславянскае" рыторыкi ў культурным жыцьцi Беларусi. Музэi, тэатры, выставачныя залi i эстрадныя сцэны хваля за хваляю залiвала "славянская" арыентацыя. Дыяпазон узроўню гэтых акцыяў быў разнастайны: ад настальгiчна-савецкага фэстывалю песьнi "Залаты шлягер" у Магiлёве да абсурдальных дзён Мурманскае вобласьцi, падчас якiх па райцэнтрах вазiлi ансамбаль "Славяне", а ў Музэi Айчыннай вайны (!) наладзiлi мастацкую выставу мурманцаў. На выставу я не схадзiў, а таму нiяк не магу сабе ўявiць, па суседзтву зь якiмi экспанатамi разьвесiлi мастацтва Запаляр'я i на што ва ўсiм гэтым быў намёк.
Затое я выпадкова патрапiў на выставу мастака Кузьмiча "Славянскiя мадоны", якую наведаў, асобна ад мяне, i Лукашэнка. Прамiнуць было немагчыма ўжо з тае прычыны, што i ў Палацы мастацтва, i ў Нацыянальным мастацкiм музэi ў адначасьсе адбывалiся дзьве пэрсанальныя выставы Кузьмiча. Гэткага гонару ня мелi нават народныя цi проста таленавiтыя мастакi. За гiсторыю Беларусi гэта першы выпадак. Адмiнiстрацыi музэяў ужо тонка адчуваюць спэцыфiчныя густы галоўнае Адмiнiстрацыi. "Славянская" лiхаманка выставаў ахапiла нават КГБ, дзе ў клюбе Дзяржынскага экспанавалiся тэатральныя лялькi з калекцыi слыннага расейскага лялькавода Абразцова... Трэба прызвычайваць сябе не зьдзiўляцца.
Толькi падумаў пра гэта i не ўстрымаўся ад чарговага зьдзiўленьня. Патрапiў мне на вочы чарговы "славянскi" падарунак. Ужо сёлета ў Гомелi, у адзiным у краiне Ўнiвэрсытэце транспарту, вырашылi правесьцi Мiжнародную маладзёжную канфэрэнцыю. Праўда, транспарту яна не датычыць. Адбудзецца яна ў красавiку i будзе мець эпахальную, як i мае быць на мiжнародных канфэрэнцыях, назву: "Восточнославянское единство в прошлом, настоящем и будущем". Апроч транспартнага ўнiвэрсытэту, арганiзатарамi выступаюць Гомельскi навуковы Цэнтар iмя Кiрылы Тураўскага i Таварыства Кiрылы Тураўскага.
Падрыхтоўка ў разгары. Ва ўсе навучальныя ўстановы разасланыя ўмовы гэтае акцыi. Як заяўляецца, да ўдзелу ў канфэрэнцыi запрашаюцца маладыя навукоўцы (да 35 гадоў), асьпiранты, студэнты i, што, на думку арганiзатараў, самае iстотнае - актывiсты й ўдзельнiкi маладзёжных рухаў... Прапануюцца наступныя накiрункi "работы": "проблема славянского единства в литературном наследии Кирилла Туровского, исторические корни восточнославянского единства, пути сохранения и укрепления единства восточных славян". Як катэгарычна заяўляюць арганiзатары, "материалы с отклонениями от указанных норм рассматриваться не будут".
...Калi я хадзiў у школу, пра Кiрылу Тураўскага ў падручнiку беларускае лiтаратуры было якiх пару радкоў. Пазьней я дазнаўся, што Сьвяты Кiрыла Тураўскi быў першым усходнеславянскiм япiскапам i царкоўным пiсьменьнiкам, якi ўвайшоў у гiсторыю лiтаратуры як "златавуст". Сярод ягонае спадчыны, якую можна прыцягнуць да гiсторыка-палiтычнага кантэксту, вядомыя "Прытчы пра душу i цела (альбо пра сьляпога й кульгавага)", дзе ён раскрывае "ерась" суботняга паста растоўскага япiскапа Фёдара й княскую гардыню Андрэя
Багалюскага. Вось зараз сяджу i ўяўляю сабе: Гомель, вулiца Кiрава, сонечны красавiцкi дзень, сядзяць маладыя "актывiсты-лукамольцы" ва ўнiвэрсытэце транспарту i разьбiраюць тэалягiчны дыспут двух праваслаўных япiскапаў 12-га стагодзьдзя ў кантэксьце "укрепления восточнославянского единства"... Эх, дзе маё юнацтва...
Да нядаўняга часу "славянскiя" iнiцыятывы былi прыярытэтным накiрункам самога Лукашэнкi ды розных маргiнальных аматараў. I вось упершыню робiцца спроба надаць усiм гэтым торганым i разбэрсаным iнiцыятывам iлюзiю "непарыўнасьцi пакаленьняў". Даючы сабе справаздачу ў нягегласьцi й нецiкавасьцi сваiх пачынаньняў, "усходнеславяншчыкi" ўсё больш i больш робяць дзеля "галачкi", як гэта было й будзе ва ўсялякiх "камсамолах", як бы iх нi перахрышчвалi. А вынiк, вынiк мы ўжо ведаем. I не з падручнiкаў. Прыклаўшы яшчэ калiва ўяўленьня, ужо сёньня можна напiсаць "итоговыя документы" заплянавай на красавiк гомельскае канфэрэнцыi, як i дзясяткаў да яе падобных...
7 студзеня Лукашэнка ўручаў пяць прэмiяў "За духоўнае адраджэньне" выбiтным, на ягоную думку, дзеячам "славяншчыны". Я пра гэта спачатку забыў, а пасьля i сам дадумаў, каму ён iх
мог даць. Але пра гэта iншым разам..."
(Сяргей Дубавец: ) А цяпер, як я i абяцаў напачатку вернемся да тэмы iмёнаў. Уладзiмер Арлоў сваiмi ўлюбёнымi беларускiмi iмёнамi назваў уласных сыноў.
Увогуле, як мы пераканалiся разам зь Сяргеем Шупам, якi тэлефанаваў з Прагi нашым экспэртам, у дасьведчаных беларускiх гуманiтарыяў справа выбару iмя зьвязваецца найперш з канфэсiйным прынцыпам. Напрыклад, Сяргею Астраўцову больш даспадобы каталiцкiя iмёны.
Сяргей Астраўцоў аддае перавагу каталiцкiм iмёнам. А Ян Максiмюк, якi жыве на Беласточчыне, наадварот, абiрае iмёны праваслаўныя. Бо калi ў Беларусi каталiцызм выступае пэўнай абаронай ад русiфiкацыi, дык у Польшчы якраз праваслаўе баронiць ад польскага ўплыву i дазваляе беларусам захоўваць сваю нацыянальную тоеснасьць.
Зразумела, тэму iменьнiка нельга вычарпаць сёньняшнiмi кароткiмi экспэртызамi. Тым больш немагчыма вычарпаць тэму кругагляду. Адно, на што варта спадзявацца, што, гаворачы пра
гэта, мы так цi iнакш спрычыняемся да пашырэньня гэтага кругагляду. Мы нiбы разгойдваем маятнiк гадзiньнiка Беларусi, на якiм ужо некалькi гадоў стрэлкi паказваюць адзiн той самы
час.