Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзевы інтэлігенцыі – ІІ. Помнікі дзеячам культуры.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

У рамках "Вострае Брамы" мы працягнем размову пра сёньняшнiя спадзевы беларускае iнтэлiгенцыi. Вядомыя навукоўцы, мастакi, палiтыкi распавядаюць пра тое, з кiм i з чым яны
зьвязваюць сваю веру ў заўтрашнi дзень. Пасьля трох гадоў прэзыдэнцтва, адзначаных закрыцьцём беларускiх школаў, русiфiкатарскай цэнзурай i абразамi на адрас нашае мовы,
гэтыя людзi не спынiлi свае дзейнасьцi. Яны ўпарта iдуць далей. А сказана: пакуль чалавек iдзе - у яго ёсьць надзея.

У мiнулай праграме пра свае надзеi распавядалi: навуковец Аляксей Каўка, сьпявак Вiктар Шалкевiч, рэдактар газэты "Свабода" Iгар Гермянчук, перакладчык Ян Максiмюк i гiсторык Генадзь Сагановiч. У атворы Вострае Брамы прагучалi iхныя словы пра спрадвечныя i
нязьменныя арыенцiры нацыi, а таксама пра веру ва ўласныя сiлы.

Нагадаю, што назва "Вострая Брама" - гэта i сымбаль надзеi, i пэўная мерка слушнасьцi абранага намi перадвызначанага беларускага шляху. Сёньня шмат хто ў нашай краiне блукае па
бездарожжы, не знаходзячы цi не жадаючы выйсьцi на гэты шлях. А на чале блукароў, у iхным натоўпе я бачу прэзыдэнта электарату, якi прапануе арыентавацца то на даваенную
Нямеччыну, то на Сталiна, то - апошняя прапанова - на матэрыялы нарады партыйна-гаспадарчага актыву 44-га году. Гэта калi было прамоўлена чароўнае партыйнае крыбле-крабле-бумс i рэспублiка, нiбы фэнiкс з попелу, паўстала з ваенных руiнаў ва ўсёй прыгажосьцi сваiх МАЗаў, ЦЭЦаў i Партызанскiх праспэктаў.

Сапраўды, iдэалiзаваць такiя рэчы можна толькi такiм чынам - як чароўнае дзейства. Бо веданьне мэханiзму тагачаснага цуду нiяк не схiляе да iдэалiзацыi. Пасьля вайны ў Беларусi
поўным ходам даруйноўвалiся помнiкi архiтэктуры, паўсюль на будоўлях працавалi палонныя Гансы, а згаданы прэзыдэнтам Менскi Аўтамабiльны Завод узводзiўся ворагамi народа i
ўваходзiў у сыстэму сталiнскага ГУЛАГу. Большасьць будаўнiкоў па ратацыi траплялi адсюль у Тайшэт, Карлаг i Магадан. Пасьля сьмерцi Сталiна яны былi рэабiлiтаваныя. Многiя
пасьмяротна. Сярод iх былi жанчыны i непаўналетнiя дзецi, якiя часта падалi з рыштаваньняў разам з тачкамi, гружанымi бэтонам.

Словам, ня дай Бог Беларусi такой будучынi, якую ўбачыў у гiсторыi прэзыдэнт каўтуна i лапця.

Мiж iншым, характэрная рыса публiкi такога кшталту - гэта звужэньне ўсёй гiсторыi да рамак уласнае бiяграфii. Такiя людзi проста ня ў стане ўявiць сабе далёкую мiнуўшчыну або
будучыню як рэальнасьць. Не вычуваючы спрадвечных заканамернасьцяў, яны зачыняюць беларускiя школы, вяртаюць савецкiя сымбалi i апэлююць да нарадаў партыйна-гаспадарчага
актыву, таму што iм ня дадзена МАРЫЦЬ пра Беларусь. Няўжо сапраўды здаровым розумам можна ўявiць, што праз сто гадоў наша краiна будзе размаўляць па-расейску, хадзiць пад
чырвоным сьцягам, будаваць МАЗы i быць пры гэтым хоць кропельку шчасьлiвай. Пытаньне абсурднае, бо ў вяртаньнi да таталiтарызму i застою няма i ня можа быць надзеi.

Аднак зьвернемся да людзей, якiя, паводле Аляксандра Сяргеевiча Пушкiна, менавiта гiстарычнай памяцьцю адрозьнiваюцца ад жывёлаў. Iм дадзена вычуваць мiнуўшчыну i
мець спадзевы на будучыню.

Адзiн са спадзеваў фiлёзафа Ўладзiмера Конана - у тым, што Беларусь яшчэ недаразьвiлася i ўтрымлiвае ў сабе вялiкiя эвалюцыйныя магчымасьцi. На першы погляд, такая думка
супярэчыць думцы iншага нашага суразмоўцы дасьледчыка лiтаратуры Лявона Юрэвiча, якi жыве i працуе ў Нью-Ёрку. Спадар Юрэвiч уводзiць у сусьветную кампутарную сетку Iнтэрнэт
здабыткi нашае нацыянальнае культуры. Аднак, супярэчнасьць тут толькi першапаглядная, бо, калi разабрацца, праца Юрэвiча - гэта i ёсьць раскрыцьцё тых эвалюцыйных магчымасьцяў, пра якiя казаў доктар Конан.

Я думаю, а чым могуць прадставiць у Iнтэрнэце нашу Беларусь, яе гiсторыю i культуру тыя, хто сёньня захапiў у свае рукi ўсю ўладу ў краiне. Няўжо толькi ўласнымi прамовамi ды стэнаграмамi нарадаў партыйна-гаспадарчага актыву 50-гадовае даўнiны? Цi можа сьпiсамi арыштаваных паэтаў i журналiстаў?

Яшчэ адзiн наш суразмоўца - вядомы сьпявак Данчык. Ён спадзяецца на ўласныя песьнi. I спадзяецца небезпадстаўна.

Гэта быў сьпявак Данчык, расповед якога мы запiсалi ў Празе. Тэма спадзеваў сучаснае беларускае iнтэлiгенцыi наўрад цi падлягае нейкай статыстычнай апрацоўцы. Кожны новы голас дадае штосьцi зусiм сваё. Але ад гэтага мацнейшаю робiцца наша супольная вера ў будучыню. Хiба што адна заканамернасьць пацьвердзiлася зь мiнулае перадачы. Людзi старэйшага пакаленьня больш схiльныя казаць пра сытуацыю, пра аб'ектыўныя
гiстарычныя працэсы i ўжо праз гэта бачыць сьвятло ў канцы тунэлю. Пакаленьне 30-40-гадовых верыць найперш ва ўласныя рукi, талент i розум, ня надта спадзеючыся на тое, як лягуць зоркi. Магчыма, нам варта спытацца ў яшчэ маладзейшых. Мы працягнем гэтую размову ў наступнай перадачы i зноў запрашаем нашых слухачоў напiсаць нам пра свае спадзевы. З кiм i з чым вы зьвязваеце надзею на будучыню беларушчыны?

Яшчэ адна тэма сёньняшняе праграмы - помнiкi дзеячам беларускай культуры. На думку мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, такiх адэкватных помнiкаў наша культура яшчэ ня
мае.

КРАЯВIД

(Сяргей Харэўскі: ) "Калi ў 70-я гады нас, школьнiкаў, вадзiлi ў Купалаўскi парк, дык перад славутым фантанам "Купалiнкi" нашы настаўнiцы сарамлiва хiхiкалi. Дзяцей, вядома, вабiлi пырскi вады, а ня бронзавыя выявы аголеных дзяўчат. А настаўнiцы, можа першы раз у жыцьцi, атрымлiвалi ўрок чыстае эстэтыкi. Таму й хiхiкалi зь незвычайнага для савецкага мастацтва сюжэту. Помнiк самому Купалу, створаны ў 1974 годзе скульптарам Анiкейчыкам у
сааўтарстве з Гумiлеўскiм i Засьпiцкiм на той час мала запомнiўся. Ды i тагачасная крытыка млява адрэагавала на ягонае зьяўленьне. У той час менавiта "Купалiнкi" - першае савецкае манумэнтальнае "ню" - сталi вiзытоўкаю беларускае плястыкi 70-х гадоў...

Вобраз самога Купалы выйшаў няўцямным. Адкуль вiдаць, што гэта паэт? З расхiнутага крысься шыняля? Цi з кiя ў руцэ? Брутальнасьць стылiстыкi пазбаўляе вобраз нават намёку на
рамантыку. Гэта мог быць i помнiк i старшынi калгаса, якi ўзiраецца ў свае палеткi...

Не паддаюцца беларускiм скульптарам вобразы дзеячоў нацыянальнае культуры. Падобную да Анiкейчыкавай кампазыцыю абраў скульптар Шатэрнiк, робячы помнiк Язэпу Драздовiчу.
Шырокая хада, кiй у руцэ... Добра што яшчэ помнiк падпiсалi: "Язэп Драздовiч. Беларускi мастак", а то нiхто б не зразумеў, навошта яго, маленькага, паставiлi перад дзьвярыма
парцалянавае крамы. Дзеля рэклямы хiба што?..

Помнiк Максiму Багдановiчу скульптар Вакар не падпiсаў. I з-за гэтага часта здаралiся непаразуменьнi. Чаму ён стаiць перад Опэрай? Сьпявак? Кампазытар? З дыялёгу у аўтобусе: - Каму гэта помнiк? - Ня ведаю, можа Высоцкаму? - Не, Высоцкаму рана... Нехта знайшоўся: Багдановiчу!.. "А хто гэта?" "Партызан нейкi..."

Памятаю, як адбывалiся абмеркаваньнi праекту аднаўленьня Верхняга Гораду. Тады ўвагу гледачоў i апанэнтаў прыцягнуў квадрацiк з подпiсам "Помнiк К.Т." На запытаньне архiтэктары адказалi, што тут плянуецца помнiк Сьвятому Кiрылу Тураўскаму. Маўляў, ён дзяяч старажытнай культуры, а помнiк будзе ў старым горадзе i гэтак далей... Чаму не Е.П. (Еўфрасiньнi Полацкай), альбо Ф.С. (Францiшку Скарыну)? Адказу не было.

Фармалiзм вынiкае зь незасвоенасьцi вобразаў культурных герояў у нацыянальнай сьведамасьцi. На гэтым штучным фармальным патасе была пабудаваная ўся сыстэма адукацыi, культуры, i як вынiк - няпэўных мастацкiх вобразаў. Можа прычына ў савецкiм
урбанiстычным асяродзьдзi, у савецкай самацэнзуры, дзе няма месца прасьветленай старасьвеччыне, нацыянальным героям? Але ж i ў Празе беларусы паставiлi Скарыну, якi ўсiм духам сваiм просiцца на плошчу якога-небудзь з нашых безаблiчных райцэнтраў! А ў Менску Скарыну гэтак i не паставiлi. Ня здолелi стварыць вобраз. Нават такi, якi скульптар Глебаў
зрабiў для Полацка. Там гэта работнiк у сярмязе з закатанымi рукавамi. Гэткi задуменны сьлесар у барэце: "Георгий Скорина". Калi сам скульптар недасьведчаны, альбо няшчыры, рэакцыя гледачоў зазвычай непасрэдная. Можна скласьцi цэлую нiзку показак i кпiнаў, якiмi дасьцiпнiкi ўзнагародзiлi "Коласа на кучы", "самую вялiкую настольную статуэтку" - помнiк песьняра на аднайменнай плошчы ў Менску.

Мае рацыю Адам Глёбус у сваёй кнiзе "Сьмерць-мужчына", калi кажа, што ў беларусаў няма сваiх могiлак. Помнiкi на могiлках падпiсаныя ў нас па-польску, па-расейску, па-жыдоўску... а
па-беларуску няма. Значыць, манумэнты дзеячам Беларушчыны зьявяцца не раней, чым зьявяцца Беларускiя магiлы? Але ж надмагiльлi нашых паэтаў - беларускiя. Цi ў беларусаў
памiраюць толькi паэты? Цi толькi паэты - беларусы?..

Рана цi позна мы знойдзем адказы на гэтыя пытаньнi. Пакуль жа мы ходзiм да тых нацыянальных помнiкаў, якiя такiх пытаньняў не нараджаюць. Напрыклад, да фантану ў Купалаўскiм парку. Перад "Купалiнкамi" ўжо нiхто не хiхiкае. Людзi проста навучылiся цанiць таленавiта зробленыя рэчы. Значыць, нешта мяняецца, цячэ разам са сьвiслацкiмi водамi. А яшчэ мы ходзiм для драўлянага крыжа ў Курапатах, якi людзi самi прынеслi на руках i самi паставiлi. Гэты крыж не выклiкае пытаньняў: навошта ён тут? Нават у тых, хто яго некалькi разоў ламаў... Гэта ўжо НАШ крыж".

(Сяргей Дубавец: ) Колiшнi менскi школьнiк, а сёньняшнi мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскi распавядаў пра помнiкi дзеячам беларускай культуры.

Вяртаючыся ў пачатак нашае праграмы, нагадаю пра абраны намi прынцып выбудовы беларускага культурнага кантэксту. За пункт адлiку i арыенцiр мы ўзялi сымбаль надзеi - Вострую Браму. Часам мэханiчна, а часам паводле густу мы супастаўляем розныя культурныя праявы з гэтай сьвятыняй. Калi тую цi iншую рэч можна ўбачыць у атворы Вострае Брамы - дык гэта ўжо пэўна рэч з нашага культурнага кантэксту. Курапацкi крыж паводле такой схемы - цi не найбольш адпаведны спрадвечнаму кантэксту помнiк нашага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG