Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі нам каштуе абарона Расеі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выдаткі Беларусі на забесьпячэньне абароны Расеі ацэньваюцца па-рознаму. Беларускія вайскоўцы прызнаюць, што беларускі ўнёсак у адзіную з Расеяй сыстэму супрацьпаветранай абароны штогоду каштуе ня менш за 40 мільёнаў даляраў. Сюды дадаюць яшчэ 10–12 мільёнаў за расейскія базы ў Ганцавічах і Вялейцы, якія адсочваць паветраную прастору над Эўропай і дапамагаюць трымаць сувязь з расейскімі атамаходамі ў Атлянтыцы. Дакладна падлічаны кошт утрыманьня дзесяці беларускіх аэрадромаў, здольных у выпадку канфлікту Расеі з Захадам прымаць расейскія стратэгічныя ядзерныя бамбавальнікі.

Экспэрты маюць розныя меркаваньні пра тое, колькі гэта будзе каштаваць самой Расеі, калі Беларусь зьменіць свой замежнапалітычны вэктар з усходняга на заходні. Расейскія выданьні, у прыватнасьці, “Московский комсомолец”, “Независимое военное обозрение” ды іншыя называюць лічбу 21–25 мільярдаў даляраў. Пры гэтым яны спасылаюцца на заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя яшчэ ў кастрычніку 2003 году. Паводле гэтых крыніцаў, Аляксандар Лукашэнка загадаў зноў пералічыць, колькі Расеі будзе каштаваць няўдзел Беларусі ў абароне расейскіх заходніх межаў. Дзеля гэтага нібыта створаная адмысловая група экспэртаў. Мэта ўсіх гэтых падлікаў — на будучых газавых перамовах выставіць Расеі як мага большы рахунак за беларускую вайсковую дапамогу.

Міністар абароны Беларусі ў 1994–95 гадах Павал Казлоўскі верагоднасьці такога кроку беларускага кіраўніцтва не выключае. Павал Казлоўскі кажа, што арыентуецца на “непрадказальны характар Аляксандра Лукашэнкі”. На думку Паўла Казлоўскага, на стварэньне сыстэмы абароны сваіх заходніх межаў Расеі прыйдзецца выдаткаваць дзясяткі мільярдаў даляраў. Але што да Беларусі, то яна ад гэтага толькі страціць, бо пазбавіцца расейскай вайсковай дапамогі і сама мусіць забясьпечыць абарону на ўсходзе.

Павал Казлоўскі не выключае і таго, што беларускае кіраўніцтва запатрабуе ад Расеі разьлічыцца за ядзерныя ракеты “Топаль”, якія ў сярэдніне 1990-х былі вывезеныя зь Беларусі без усялякай кампэнсацыі. Хаця, як лічыць былы міністар, Аляксандар Лукашэнка сам вінаваты ў тым, што была страчаная магчымасьць атрымаць за гэтыя ракеты грошы. Павал Казлоўскі згадвае:

(Казлоўскі: ) “За вывезеныя і артылерыйскія ядзерныя знарады, і ракетныя стратэгічыя войскі Беларусь мусіла атрымаць кампэнсацыю. Гэтае пытаньне падымалася, калі прэзыдэнт Клінтан быў у Беларусі. Я прысутнічаў на той сустрэчы, калі Клінтан заявіў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі, эўрапейскія ядзерныя краіны падтрымаюць такую пастаноўку пытаньня. Тады распрацоўваўся варыянт, паводле якога ЗША будуць купляць у Расеі ядзернае начыньне гэтых ракетаў дзеля выкарыстаньня на атамных электрастанцыях. Але калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён усе гэтыя напрацоўкі адрынуў”.

У Міністэрстве абароны Беларусі не пацьвердзілі зьвестак пра тое, што беларускія вайсковыя экспэрты вядуць пералік выдаткаў Беларусі на расейскую абарону. Там заявілі, што гэта хутчэй палітычнае пытаньне. Адмовіліся камэнтаваць гэтыя зьвесткі і ў Савеце бясьпекі Беларусі.
XS
SM
MD
LG