Паводле дадзеных, прыведзеных у дакладзе, у Расеі штогод ад гэтак званых “зьнешніх прычынаў” памірае 221 чалавек на кожныя сто тысячаў насельніцтва. Па гэтым паказчыку Расея ў паўтары разы апярэджвае Ўкраіну, амаль у два разы – Казахстан. Дадзеных па Беларусі французы не прыводзяць, але далей на працягу гэтай праграмы мы пра іх распавядзем. Адразу варта заўважыць, што францускія лічбы пацьверджваюцца і расейскімі спэцыялістамі. У дакладзе “Узровень гвалту і здароўе насельніцтва Расеі”, падрыхтаваным вядучым навуковым супрацоўнікам Маскоўскага НДІ псыхіятрыі прафэсарам Вяльцішчавым, узровень “гвалтоўнай сьмяротнасьці” ацэньваецца прыблізна такой самай лічбай.
Варта патлумачыць, што ж абазначае гэты панятак – «гвалтоўная сьмяротнасьць». У адпаведнасьці з мэтадалёгіяй, да гвалтоўнай сьмерці аднесеныя забойствы, самагубствы і няшчасныя выпадкі. Сярод няшчасных выпадкаў клясыфікуюцца 14 відаў, у тым ліку – аўтатранспартныя здарэньні, выпадковыя атручваньні алькаголем, няшчасныя выпадкі на вытворчасьці, падчас лячэньня, падзеньні ды іншыя.
Кіраўнік Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў лічыць, што заняцьцё Расеяй ды іншымі постсавецкімі краінамі першых месцаў па паказчыку «гвалтоўнай сьмяротнасьці» – цалкам заканамерная рэч.
(Шаўцоў: ) “Што яшчэ чакаць ад краінаў, якія знаходзяцца ў стане сыстэмнага крызысу. Мы сёньня бачым – перш за ўсё Расеі – перавагу ці нават нейкі росквіт крымінальнай эканомікі, і ўсяго, што зьвязана з шокавай тэрапіяй, якая шмат дзе прывяла да проста краху сыстэмаў вытворчай бясьпекі. Па-другое, самое стаўленьне людзей да сыстэмаў бясьпекі вельмі рэзка пагоршылася. Ня менш важна і тое, што людзі засталіся сам-насам з крызай, якую кожны вымушаны пераадольваць у адзіноце”.
Сапраўды, у агульным паказчыку «гвалтоўнай сьмяротнасьці» ў Расеі прыблізна 70% складаюць гэтак званыя няшчасныя выпадкі. Аднак і ў іншых катэгорыях, зь якіх фармуецца агульная карціна – а гэта забойствы і самагубствы – Расея таксама ў лідарах.
Па колькасьці забойстваў – 29 на 100 тысяч насельніцтва – Расея займае другое месца ў сьвеце. Яе апярэджвае толькі Калюмбія.
У Беларусі гэты паказчык апошнімі гадамі дастаткова стабільны – звыш тысячы забойстваў у год, іншымі словамі каля 10-11 на сто тысячаў насельніцва. У параўнаньні з 1980-мі гадамі гэтая лічба павялічылася прыблізна ў тры разы. Вось што кажа пра тыповае сёняшняе беларускае забойства аглядальнік нашага радыё Міхал Залескі.
(Залескі: ) “Пераважная большасьць забойстваў адбываецца на пабытовай глебе. 80% забойстваў учыняецца ў сям'ях. Гэта родзічы, сваякі і гэтак далей. І фармулёўка амаль заўсёды вельмі простая – "пасьля сумеснага расьпіцьця сьпіртных напояў на глебе ўзаемнай непрыязнасьці”. Гэта сьведчыць пра пэўную сацыяльную дэградацыю, якая разбурае тое, што было ў Беларусі заўсёды самым моцным – сям'ю”.
Беларускія 10-11 забойстваў на сто тысячаў насельніцтва– гэта прыблізна ў 15 разоў болей, чым, напрыклад, у Францыі, але разам з тым, амаль у тры разы меней, чым у Расеі. Чым можна патлумачыць такую розьніцу?
(Шаўцоў: ) “У Беларусі агульныя сацыяльныя сувязі менш парушаныя за Расею, напрыклад. Уплыў крымінальнай культуры значна меншы. Стан аховы людзей на вытворчасьці вышэйшы за расейскі, псыхалягічная напружанасьць у сярэднім меншая. У Беларусі амаль няма фэномену “заказных” забойстваў, ці забойстваў падчас перадзелу сфэраў уплыву. У нас забойствы дае найперш “бытавуха”. Тымчасам у Расеі ёсьць цэлыя рэгіёны крымінальныя і рэгіёны сацыяльнай катастрофы.
У нас няма рэгіёнаў, што знаходзяцца пад уплывам крымінальнай культуры. Ёсьць асобныя гарады, дзе некалькі турмаў, зонаў, – там часам бывае нешта, што трохі нагадвае сытуацыю ў расейскай Мардовіі. А там, дзе крымінальная культура пануе, там адпаведна і ўзровень злачыннасьці значна вышэйшы.”
Іншы вельмі красамоўны, але разам з тым і больш парадаксальны паказчык – гэта колькасьць самагубстваў. Тут першае месца ў сьвеце займае, як гэта ня дзіўна, Літва – 44 самагубствы на 100 тысяч насельніцтва. Потым ідзе Расея, Латвія, і на чацьвертым месцы ў сьвеце – Беларусь.
(Залескі: ) “Першыя дадзеныя па гвалтоўных сьмерцях ў Беларусі ёсьць за 1839 год. На той час колькасьць самагубстваў была 5 чалавек на 100 тысячаў насельніцтва. Зараз яна ўзрасла ў сем разоў – да 35-36. Напрыканцы існаваньня СССР гэтая лічба была 16 чалавек на сто тысячаў. Даўней асноўнай прычынай самагубства было п'янства. А цяпер дадаюцца яшчэ і турботы на працы, турботы ў сям'і, бо вельмі шмат сем'яў разбураецца. Калі пайсьці ўглыбіню і паглядзець на суадносіны паміж колькасьцю самагубстваў мужчынаў і жанчынаў, то выяўляецца, што ў Беларусі нэгатыўнай зьявай ёсьць рост колькасьці самагубстваў менавіта сярод жанчынаў. І гэта вельмі дрэнна, бо жанчыны ўсё ж зьяўляюцца больш устойлівай часткай грамадзтва.”
Колькасьць самагубстваў застаецца даволі загадкавым паказчыкам, які непасрэдна не зьвязаны з эканамічнай ці сацыяльнай сытуацыяй, а хутчэй з такімі нематэрыяльнымі чыньнікамі, як нацыянальны характар і рэлігійнасьць. Толькі эканамічнымі прычынамі немагчыма патлумачыць, чаму, напрыклад, у Арменіі колькасьць самагубстваў прыблізна ў 30 разоў меншая, чым у нашай суседкі Літве.