Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускае войска сьпяшаецца стаць саюзным”


Юры Дракахруст, Прага

У публікацыі сьцвярджаецца, што Беларусь дамагаецца аб’яднаньня сваіх і расейскіх узброеных сілаў у адзінае войска саюзнай дзяржавы. У артыкуле прыводзяцца словы міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава наконт плянаў ператварэньня аб’яднанай беларуска-расейскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў адзіную. Газэта цытуе міністра, які напярэдадні візыту ў Маскву заявіў, што “гатовы зараз падпісаць адпаведнае пагадненьне”.

“Независимая газета” ўжо абмяркоўвае, колькі будзе каштаваць Расеі фінансаваньне адзінага беларуска-расейскага войска. Але ці зьявіцца ў хуткім часе самы прадмет гэтых клопатаў? Публікацыю ў расейскім выданьні мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніка прэсавай службы міністэрства абароны Беларусі палкоўніка Леаніда Захаранку:

(Захаранка: ) “Мы лічым, што гэта няправільная пастаноўка пытаньня, што Беларусь дамагаецца, як там сказана, аб'яднаньня сваіх узброеных сілаў разам з расейскімі ў адзіныя ўзброеныя сілы саюзнай дзяржавы. Мы заўсёды разьвівалі вайсковую інтэграцыю, але абапіраючыся на палітычныя рашэньні.

На прэсавай канфэрэнцыі падчас апошўніх вучэньняў міністар абароны генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў заявіў дакладна наступнае: "Мы ня можам у сфэры ваеннай інтэграцыі ісьці наперадзе палітыкаў".

Пазыцыя наконт вайсковай інтэграцыі з Расеяй вызначаная ў ваеннай дактрыне: гэта фармаваньне адзінай абаронай прасторы, садзеяньне разьвіцьцю адзінай ваеннай інфраструктуры, падтрыманьне абароназдольнасьці саюзнай дзяржавы.

У артыкуле ў "Независимой газете" робіцца крыху недакладны акцэнт. Яны цытуюць словы міністра, што ён гатовы падпісаць пагадненьне з Расеяй, але гаворака ідзе толькі пра адзіную сыстэму СПА (супрацьпаветранай абароны). Зараз у нас будзе аб'яднаная сыстэма СПА.

Там няправільна расстаўленыя акцэнты. Стварэньне адзінай сыстэмы СПА не азначае стварэньне адзіных узброеных сілаў, хлопцы там перабольшылі.

Наконт адзінай сыстэмы СПА дакумэнты пакуль распрацоўваюцца. Міністар мае паўнамоцтвы падпісаць такія дамоўленасьці, але праца над імі пакуль працягваецца. Калі будзе ўсё гатова, ён гатовыя гэта зрабіць. Але я падкрэсьліваю – зараз над дакумэнтамі ідзе праца, яны знаходзяцца ў стадыі ўзгадненьняў”.

Гэта быў кіраўнік прэсавай службы міністэрства абароны Беларусі Леанід Захаранка.
XS
SM
MD
LG