Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абмяжоўваюць вяшчаньне расейскіх тэлеканалаў


Юры Сьвірко, Менск

У расейскай амбасадзе ў Менску заяўляюць, што гэта супярэчыць дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

Радыё Свабода распавядала ўжо, што з пачатку кастрычніка ў шэрагу раёнаў Гомельшчыны спынены прыём тэлеканалу “Расея” Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі — цяпер там вяшчае Гомельскае абласное тэлебачаньне. Як можна меркаваць, улады вызваляюць месца для новага тэлеканалу “ЛАД”, ён жа БТ-2, які будзе ад 18 кастрычніка вяшчаць на частотах расейскага каналу “Культура”.

Рэч у тым, што ў рэгіёнах ужо даўно замест “Культуры” перадаюць праграмы абласных дзяржаўных тэлерадыёаб’яднаньняў. Але цяпер у некаторых гарадах будуць мяняць месцамі канал “Расея” і былую “Культуру”. Гэта значыць, што вольнага доступу да арыгінальных расейскіх праграмаў практычна ня будзе.

Як распавёў наш полацкі карэспандэнт Вінцэсь Мудроў, у Полацку і Наваполацку пакуль можна глядзець два маскоўскія каналы — “Расею” і “Культуру”, але тамтэйшыя гледачы чакаюць іх адключэньня.

(Мудроў: ) “РТР перарываецца беларускай рэклямай, а “Культура” ідзе ў поўным аб’ёме. Прынамсі ішла на мінулым тыдні. Кажуць, што неяк вэерна будзе — спачатку ў Берасьці, Горадні, а потым да нас дакоціцца”.

Гэта пацьвердзіў і пінскі журналіст Павал Куніцкі:

(Куніцкі: ) “Берасьцейскай студыі тэлебачаньня, абласных студыяў тэлебачаньня ўжо не існуе — яны ёсьць філіямі другога нацыянальнага каналу. Гэта называлася раней БСТ — Берасьцейская студыя тэлебачаньня, а цяпер называецца “ЛАД”, але яе памянялі месцамі з РТР. Канал “Расея” застаўся, але на іншых частотах. Цяпер каб гэты канал “Расея” ўбачыць, трэба адмысловую антэну індывідуальную мець”.

Спадар Куніцкі патлумачыў, што да апошняга часу да 18-й гадзіны ў Пінску паказвалі канал “Культура”, а потым на гэтай жа частаце ішлі мясцовыя перадачы зь Берасьця. Гэтыя берасьцейскія перадачы ідуць нават у Лідзе на Гарадзеншчыне, праз рэтрансьлятар у Слоніме.

Я патэлефанаваў на Гарадзенскае дзяржаўнае тэлебачаньне, дзе загадчыца аддзелу рэклямы Вольга Хамко на маё пытаньне, якія расейскія тэлеканалы можна глядзець у Горадні і Лідзе адказала гэтак:

(Хамко: ) “Па нармальнай, хатняй антэне — толькі “Расею”. І ўсё. Я ведаю, што ў Лідзе не заўжды паказвае Гарадзенскае абласное тэлебачаньне: адзін дзень паказвае, адзін дзень — не паказвае. Чаргуецца нейкім чынам. Відаць, залежыць гэта ад перадатчыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Будзе вяшчаньне на канале “ЛАД”. Гэта значыць, што вашы праграмы пераходзяць на “ЛАД” і ў вас свайго каналу ня будзе?”

(Хамко: ) “Не. Тэлебачаньне “Гродно” ўжо ня будзе існаваць ужо як канал. Мы будзем разьмяшчацца на канале “ЛАД”: раніца, вечар і навіны. Усё, больш у нас нічога ня будзе”.

Весткі пра скарачэньне расейскага тэлевяшчаньня на Беларусь сустракаюць з занепакоенасьцю ў амбасадзе Расеі ў Менску. Амбасадар Аляксандар Блахін раней ужо выказваўся рэзка нэгатыўна наконт гэтага скарачэньня ды стварэньня сурагатных, як ён сказаў, каналаў кшталту ОНТ і СТВ. А новы наступ на расейскае тэлебачаньне іншы супрацоўнік амбасады Расеі пракамэнтаваў гэтак:

(Дыплямат: ) “У расейскай амбасадзе са шкадаваньнем успрымаюць такія крокі й дзеяньні ды лічаць, што яны прынамсі ідуць насуперак і не адпавядаюць аднаму з артыкулаў дамовы пра будаўніцтва саюзнае дзяржавы — аб фармаваньні, стварэньні адзінай інфармацыйнай прасторы”.
XS
SM
MD
LG