Беларускі ўрад накіраваў у штаб-кватэру “Газпрому” прапанову аб аднаўленьні перамоваў наконт стварэньня на базе “Белтрансгазу” сумеснага газатранспартнага прадпрыемства і паставак газу ў Беларусь на 2004 год, — паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Аляксандар Сівак.
(Сівак: ) “Цяпер, як кажуць, мяч — на тым баку, мы чакаем адказу ад іх. Мы пераходзім на другую фазу перамоваў пакуль са старымі, зыходнымі ўмовамі. Мяркую, што верагодней за ўсё яны будуць мяняцца ў працэсе перамоваў. Як і наколькі, зараз цяжка казаць. Напэўна будзе нейкі пошук кампрамісу”.
Аляксандар Сівак кажа, што пакуль рана казаць пра нейкую канкрэтыку, як і пра магчымы кошт газу для Беларусі. Аднак беларускі бок настойвае, што застаецца ў сіле міжурадавае расейска-беларускае пагадненьне ад 12 красавіка 2002 году аб супрацоўніцтве ў газавай галіне, якое прадугледжвае для Беларусі кошты на газ, аналягічныя цэнам расейскага пятага пояса. Прычым у сваім звароце ў “Газпром” беларускі ўрад настойвае, што згодна з гэтым пагадненьнем Расея павінна пастаўляць у Беларусь увесь газ па такой цане, а ня толькі 60%, як было сёлета. Такім чынам, беларускі ўрад разьлічвае, што льготныя цэны на газ вернуцца, — гаворыць спадар Сівак.
(Сівак: ) “А чаму не? У нас пагадненьне ёсьць. Чаму не? Да 80 даляраў не рыхтуемся”.
Намесьнік міністра энэргетыкі Аляксандар Сівак мае на ўвазе, што ўрад не разьлічвае, што абвешчаны кіраўніком “Газпрому” Аляксеем Мілерам кошт газу для Беларусі на наступны год — 80 даляраў — стане рэальнасьцю. Аднак расейскі бок зусім не разглядае магчымасьці вяртаньня да ўнутрырасейскіх цэнаў для Беларусі.
Намесьнік старшыні праўленьня ААТ “Газпром” Аляксандар Разанаў днямі заявіў, што “Газпром” мог бы зьменшыць кошт паставак газу Беларусі на наступны год з абвешчаных 80 даляраў за тысячу кубамэтраў да 60–70 даляраў — у выпадку, калі Беларусь пагодзіцца зьменшыць тарыфы на транзыт расейскага газу праз сваю тэрыторыю.
Наступны раўнд перамоваў па газавых праблемах магчымы на будучым тыдні, — паведаміў Аляксандар Сівак. Прынамсі, такая прапанова зыходзіць ад беларускага боку. Тады ж будзе разглядацца і паліўна-энэргетычны балянс.
Аляксандар Сівак таксама цалкам выключыў магчымасьць здачы ў арэнду Расеі энэргаблёкаў Бярозаўскай ДРЭС: паколькі, па-першае, пасьля заявы А.Чубайса на гэты конт ніякага звароту з Масквы не было, а па-другое, на бярозаўскай станцыі няма вольных магутнасьцяў — два энэргаблёкі нядаўна падключаныя да эўрапейскай сыстэмы, тры — забясьпечваюць Берасьцейшчыну, і застаецца вольным толькі адзін энэргаблёк.