Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні Беларусі ў Маскве: спэктаклі, бульба, хакейны матч


Вольга Караткевіч, Прага

Паводле зьвестак афіцыйнага Менску, у Днях Беларусі ўдзельнічаюць каля 6 тысячаў чалавек, прыбылі каля тысячы беларускіх грузавікоў з таварамі. Таксама адбываецца шырокая культурная праграма. Мы зьвязаліся з Таісай Мішчанкай, намесьніцай старшыні Грамады беларускай культуры імя Францішка Скарыны ў Маскве.

Таіса працуе міжнародным юрыстам-кансультантам. Найперш я запыталася ў Таісы Мішчанкі, ці наведала яна ды іншыя прадстаўнікі дыяспары цяперашнія Дні Беларусі і што яны азначаюць для беларусаў Масквы.

(Мішчанка: ) “Я думаю, што гэтыя дні беларусаў у Маскве не для дыяспары, напэўна, гэта ўсё ж для Масквы, таму народ быў на ўсіх гэтых ярмарках, кірмашах. Купляў, хапаў, ламіўся – беларускія тавары падабаліся.”

(Карэспандэнтка: ) “І якія беларускія тавары так ахвотна куплялі жыхары Масквы?”

(Мішчанка: ) “Усё! Бабулькі дык яны там нават бульбу куплялі. У мяне была якраз самая прыемная пляцоўка. Горад Менск. Выстаўляўлі свае тавары, і яшчэ гурты выступалі. Такія як Палац, Неруш ды іншыя.”

(Карэспандэнтка: ) “Ці гучыць беларуская мова на гэтых днях Беларусі?”

(Мішчанка: ) “Палац, канечне, сьпяваў і гаварыў па-беларуску. Таксама канфэраньсе прамаўляў на беларускай мове. Я бачыла толькі цэнтральную пляцоўку, і тут было амаль усё па-беларуску. Але там, дзе гандляркі прадавалі свае тавары, дык там мовы не было чуваць.

Потым яшчэ чакалі, што прыедзе нейкі тэатар. Гэта быў расейскі тэатар, але для дыяспары яны прывезьлі адзін спэктакаль на беларускай мове, і яшчэ два – па-расейску, для масквічоў у тэатры "Эрмітаж".

А перад уласна спэктаклем была заплянаваная сустрэча з дыяспарай. Сустрэчай гэта, канечне, занадта гучна сказана. Гэта быў маналёг са сцэны. На сцэне сядзеў прэзыдыюм, дыяспара сядзела ў залі. Выступоўцы па чарзе зьмяняліся.

Беларускі амбасадар доўга распавядаў пра тое, каб мы не гублялі надзею, маўляў, саюзная дзяржава будзе. Пра тое, што ўсё добра, што інтэграцыя ідзе наперад. Заля слухала зусім абыякава, а можа і ня слухала зусім.”

(Карэспандэнтка: ) “Чаго не стае ў такіх сьвяткаваньнях дзён Беларусі?”

(Мішчанка: ) “Не стае рэклямы. Ані на беларускіх днях, ані на гастролях тэатру. Мне больш за ўсё крыўдна, калі прыяжджаюць тэатры, і пра іх ніхто ня ведае. Дык і пра гэтыя дні амаль ніхто ня ведае. Напрыклад, усім прысутным пасьля спэктаклю далі падарункі. Кожнаму далі пакет, у якім была бутэлька бярозавай гарэлкі і кіляграмовая скрынка цукерак "Белавеская Пушча".

А яшчэ быў квіток-запрашэньне на хакейны матч каманды прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі супраць каманды мэрыі Масквы.”
XS
SM
MD
LG