Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы болей ня любяць Лукашэнку


Юры Дракахруст, Прага

Увесну 2000 году 40% апытаных расейцаў паведамлялі, што добра ставяцца да кіраўніка Беларусі, цяпер такіх набралося 29%.

Адпаведна з 13% да 17% падвысілася колькасьць апытаных, якія ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі дрэнна. Павялічылася і колькасьць тых расейцаў, што ставяцца да кіраўніка суседняй Беларусі абыякава – з 36% да 46%.

Пры гэтым па ранейшаму на высокім узроўні захоўваецца жаданьне расейцаў да аб’яднаньня з Беларусяй. За гэта выступаюць дзьве траціны расейцаў, а супраць – 12%. Для параўнаньня – у 2000 годзе на карысьць аб’яднаньня з Беларусьяй выказваліся 72% апытаных, супраць – 14%.

Паводле расейскай грамадзкай думкі насельніцтва Расеі жыве значна лепш, чым беларусы: амаль палова апытаных лічыць, што ўзровень жыцьця ў Расеі вышэйшы за беларускі, і 14% маюць адваротную апінію.

Прыкладна такія ж суадносіны і ў адказах на пытаньне, у якой зь дзьвюх краінаў больш дэмакратычных правоў і свабодаў: на думку паловы апытаных – у Расеі. Думку, што дэмакратыі і свабоды больш у Беларусі падзяляюць меньш за 10% апытаных расейцаў.

Сацыёлягі фонду “Общественное мнение” адзначаюць цікавую акалічнасьць: пры тым, што шмат апытаных расейцаў ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі добра, на іх думку ён істотна саступае Ўладзімеру Пуціну. Апытаныя, якія нават сымпатызуюць беларускаму кіраўніку, ня хочуць, каб ён узначаліў гіпатэтычную супольную дзяржаву. Сацыёлягі, што рабілі апытаньне, прыводзяць некаторыя матывацыі гэтага нежаданьня:

- Ён надта любіць уладу, ён забывае пра ўсё на сьвеце і ён не адасьць гэтую ўладу;
- Хопіць з нас такіх;
- Невытрыманы ён, не дыплямат;
- Мы што, ворагі сабе;
- Проста пажыць яшчэ хочацца.
XS
SM
MD
LG