Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расейскаму прэзыдэнту усё больш надакучвае ягоны беларускі калега”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Gazeta Wyborcza” піша, што гарачыя вітаньні і пацалункі, якія калісьці былі неад’емнай часткай спатканьняў лідэраў Беларусі і Расеі, цяпер адышлі ў нябыт. Замаруджваньне працэсу інтэграцыі распачалося ўжо год таму, пасьля слыннай заявы Ўладзімера Пуціна пра неабходнасьць аддзяленьня “мух ад катлетаў”, а зараз, паводле “Gazeta Wyborcza”, будаўніцтва беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы ўвогуле спынілася.

Красамоўнай ілюстрацыяй гэтага, піша штодзёньнік, можа быць адмена сумеснага паседжаньня расейскіх і беларускіх дэпутатаў у Магілёве. “Gazeta Wyborcza” адзначае, што паводле некаторых зьвестак, паседжаньне адмяніў сам Лукашэнка, абражаны на Пуціна за тое, што ў апошнім звароце да парлямэнту расейскі лідэр аніводнага разу не ўзгадаў пра інтэграцыю зь Беларусьсю – тады як ва ўласным звароце да дэпутатаў месяц раней Алякандар Лукашэнка заявіў, што мае новы варыянт стварэньня саюзнай дзяржавы.

“Аднак клопаты са скліканьнем парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі – гэта далёка ня першая праблема, што зьявілася ў беларуска-расейскіх дачыненьнях апошнім часам. Прыкладам, красавіцкае спатканьне найвышэйшай рады саюзу Беларусі і Расеі было перанесенае, а Пуцін з Лукашэнкам не размаўлялі і ў часе апошняга спатканьня лідэраў СНД у Душанбэ”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Паводле штодзёньніка, Менск цяпер згубіў ролю інтэграцыйнага цэнтру, а Лукашэнка – ролю галоўнага інтэгратара.

“Пуцін ня хоча сустракацца з Лукашэнкам, хаця сустракаецца з Кучмам ці Назарбаевым. Ролю беднага сваяка Лукашэнка атрымаў і гэтымі днямі ў Пецярбургу. Пуцін выбірае добрыя дачыненьні зь лідэрамі вядучых заходніх краінаў – Бушам і Блэрам, для якіх Лукашэнка – “апошні дыктатар Эўропы”, – піша газэта ды дадае, што Беларусь, хутчэй за ўсё, ужо выкрэсьленая Расеяй са сьпісу тых, хто мае ў Маскве заўсёды адкрытую крэдытную лінію.

“Менск пэўна болшь не дачакаецца бясплатнага газу ўзамен на пацалункі. Масква будзе ціснуць на Менск паводле правілаў рынкавай гаспадаркі і весьці палітыку эканамічнай экспансіі ў дачыненьнях зь Беларусьсю”, – адзначае “Gazeta Wyborcza”.
XS
SM
MD
LG