Паводле Лідзіі Ярмошынай, экспэрты з расейскага і беларускага бакоў дамовіліся наконт адзінага тэксту 39 артыкулаў праекту Канстытуцыйнага акту. “Увогуле, тэкст на 58 артыкулаў, і гэта зусім ня значыць, што гэтыя 39 артыкулаў ня будуць зьмененыя”, — заявіла спадарыня Ярмошына.
Але яна падкрэсьліла, што мова ўжо йдзе пра адзіны варыянт праекту — раней іх было два.
Сёньня экспэрты працягнулі працу, каб да наступнага паседжаньня супольнае камісіі 19 лютага існаваў адзіны дакумэнт. Паводле Лідзіі Ярмошынай, ён будзе называцца “Канстытуцыйным актам саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі”.
На пытаньне, ці будзе пасада адзінага саюзнага прэзыдэнта, яна адказала: “Да гэтай нормы ў 39 артыкулах проста яшчэ не дайшлі. Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, будзе Найвышэйшая дзяржаўная рада”.
Старшыня Цэнтарвыбаркаму таксама сказала, што да мажлівага масавага апытаньня грамадзянаў Беларусі паводле ініціятывы Аляксандра Лукашэнкі наконт стаўленьня да інтэграцыі з Расеяй трэба ставіцца толькі як да сацыялягічнага апытаньня. Цэнтральная выбарчая камісія да гэтага апытаньня ніякага дачыненьня мець ня будзе, заявіла Лідзія Ярмошына.