Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі не прынесла сэнсацыяў


Юры Дракахруст, Прага

Цяперашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна не прынесла значных сэнсацыяў. Ня выключана, што шмат важных момантаў засталося за кулісамі – паводле парадку дня сёньняшнім афіцыйным перамовам папярэднічала ўчорашняя нефармальная вячэра ў рэзыдэнцыі кіраўніка Беларусі. Сёньня ў адказ на падзяку за гасьцінасьць Лукашэнка адказаў Пуціну: “Вы – мой першы госьць”. Заўвага двухсэнсоўная – ці то першы ў сэнсе самы галоўны, ці ў тым сэнсе, што іншыя замежныя госьці “Дразды” не наведваюць.

У адрозьненьні ад леташняй жнівеньскай сустрэчы, калі Пуцін прапаноўваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі, сёньня ані ад Пуціна, ані ад Лукашэнкі не гучала аніякіх канкрэтных прапановаў наконт формаў палітычнай інтэграцыі. Бакі віталі стварэньне навай камісіі па выпрацоўцы канстытуцыйнага акту, Пуцін заўважыў, што пасьпяховы рух па шляху саюзнага будаўніцтва немагчымы бяз выпрацоўкі новых пазыцыяў па палітычных пытаньнях, Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што да наступнай сустрэчы праект гэтага дакумэнту будзе распрацаваны і нават узгоднены. Пакуль новая камісія правяла толькі адно пасяджэньне, кіраўнік Беларусі не патлумачыў, на чым грунтуецца ягоны аптымізм наконт плённасьці яе далейшай працы.

Калі зьвяртаць увагу на дэталі, то варта сказаць, што Крэмль ужо не спрабуе, як тое было летась, дэзавуяваць самае паняцьце “саюзнай дзяржавы”, ператварыўшы яе ў нешта больш лягічнае і рэальнае. Наш калега Юры Сьвірко ў сваім рэпартажы прыгадаў, што гэтае паняцьце крытыкаваў беларускі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў. Але летась яшчэ да Хвастова пра неабходнасьць перагляду гэтага тэрміну казаў намесьнік міністра замежных справаў Расеі Вячаслаў Трубнікаў.

Зараз ізноў усё ў парадку, ізноў будуем саюзную дзяржаву. Прынамсі, Уладзімер Пуцін па выніках перамоваў заявіў:

(Пуцін: ) Мы шмат спрачаліся апошнім часам наконт шляхоў стварэньня саюзнай дзяржавы. Але мы былі і застаемся адзінымі ў галоўным: курс на стварэньне саюзнай дзяржавы – гэта стратэгічны накірунак расейска-беларускага ўзаемадзеяньня”.

Падаецца, што такая заява можа азначаць як імкненьне Расеі дамагчыся нейкай пэўнасьці ў гэтым пытаньні, гэтак і згоду на ранейшую будоўлю папяровых фантомаў.

Што да вынікаў сустрэчы ў галіне эканомікі і ў сацыяльнай сфэры – па гэтых пытаньнях размова была больш канкрэтнаю. Расейскі бок даволі жорстка настойваў на пераходзе на адзіную валюту. Уладзімер Пуцін заявіў, што падрыхтоўчыя мерапрыемствы ў гэтым пытаньні мусяць быць паскораныя, інакш, паводле прэзыдэнта Расеі, пакет іншых двухбаковых эканамічных пагадненьняў можа загамаваць ці ўвогуле разваліцца. Аднак расейскі бок ўжо не настойвае на сваёй леташняй прапанове, каб перайсьці на адзіныя грошы з 1 студзеня 2004 году. Уладзімер Пуцін у Менску прызнаў гэта. Але, паводле яго, трэба зрабіць гэта да 1 студзеня 2005 году, што прадугледжана саюзнай дамоваю. Аляксандар Лукашэнка горача падтрымаў госьця, падкрэсьліўшы, што паводле дамовы бакі абявязаныя будуць увесьці праз 2 гады адзіную валюту. Аднак у гэтым уяўным аднадумстве ёсьць маленечкае “але”.

Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што за 2 гады будзе вырашанае пытаньне аб адзіным эмісійным цэнтры. Безь яго вырашэньня ўводзіць адзіныя грошы сапраўды немагчыма, але варта нагадаць, што пазыцыі Менску і Масквы ў гэтым пытаньні застаюцца нясумяшчальнымі яшчэ з кебічаўскіх спробаў стварыць валютную унію: Расея хоча, каб цэнтрам эмісіі быў яе цэнтральны банк, Беларусь настойвае на парытэце. За 10 гадоў пазыцыі бакоў не наблізіліся ані на крок.

Яшчэ два важныя сюжэты перамоваў тычыліся саюзнага бюджэту і статусу грамадзянаў абодвух краінаў. Пуцін намякнуў на тое, што Беларусі варта было б больш спраўна папаўняць саюзную скарбонку, за два апошнія гады краіна завінаваціла перад саюзным бюджэтам амаль паўтара мільярда расейскіх рублеў. Аднак сам па сабе памер саюзнага бюджэту – ня надта вялікі, на сёлетні год ён складзе каля 80 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня – летась двухбаковы таваразварот перавысіў 10 мільярдаў даляраў.

Падчас сёньняшняй сустрэчы Пуцін падцьвердзіў, што нядаўна прыняты ў Расеі закон аб замежніках не распаўсюджваецца на грамадзянаў Беларусі, яны ня будуць абавязаныя пры ўезьдзе ў Расею запаўняць так званыя міграцыйныя карты. Пуцін прапанаваў беларускаму боку, каб беларускія памежнікі выдавалі на заходняй мяжы расейскія міграцыйныя карты грамадзянам трэціх краінаў, якія едуць праз Беларусь у Расею. Кіраўнік Расеі падкрэсьліў, што тым ня менш, беларускім грамадзянам давядзецца рэгістравацца пры наведваньні вялікіх расейскіх гарадоў, бо гэты парадак абавязковы і для расейскіх грамадзянаў.

Аляксандар Лукашэнка, са свайго боку, паабяцаў, што расейскія грамадзяне ня будуць мець у Беларусі аніякіх праблемаў. “Расейцы для нас – гэта нашыя грамадзяне, незалежна ад нацыянальнасьці, бо мы жывем у адзінай саюзнай дзяржаве”, – заявіў кіраўнік Беларусі.

Аднак, на мой погляд хада перамоваў сьведчыла хутчэй пра адваротнае, пра тое, што абедзьве дзяржавы застаюцца сувэрэннымі і іх інтарэсы не зусім супадаюць. Учора беларускае тэлебачаньне прыгадала дзьве праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах: Менск настойвае на тым, каб атрымліваць з Расеі ўвесь газ па ўнутрырасейскіх цэнах, а ня дзьве траціны, як гэта прадугледжана дамоваю на сёлетні год. Акрамя таго, БТ прыгадала праблему ўскосных падаткаў, якая таксама дагэтуль ня вырашаная. Паводле БТ, расейскі бок гатовы яе вырашыць толькі пасьля ўвядзеньня адзінай валюты.

Гледзячы па ўсім, падчас цяперашняга візыту Пуціна ў Беларусь аніякага прагрэсу ў вырашэньні гэтых пытаньняў дасягнуць не атрымалася. Як заявіў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі: “Калі будуць адныя і тыя ж законы, то будуць роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня і ня будуць узьнікаць спрэчкі, пры якіх мы ня ведаем, хто правы, а хто вінаваты”.

А калі адзіных законаў ня будзе? Тады відаць, як той казаў – не дык не.

Нават пры адсутнасьці істотных вынікаў Лукашэнка можа запісаць цяперашнюю сустрэчу сабе ў актыў. Пуцін сваім візытам у Беларусь паказаў, што суседняя краіна адыгрывае пэўную ролю ў расейскай зьнешняй палітыцы, а Крэмль мае пэўную патрэбу ў беларускім кіраўніку. Падчас цырымоніі ўзнагароджаньня беларускіх і расейскіх памежнікаў, якая адбылася ў Менску, Уладзімер Пуцін сказаў, што Расея спадзяецца на Беларусь, як на аднаго з самых значных партнэраў у вырашэньні задачы супрацьдзеяньня пагрозам у сучасным сьвеце. Падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў стан двухбаковых адносінаў наступным чынам:

(Лукашэнка: ) “Саюзнае будаўніцтва працягваецца. Галоўным вынікам леташняга году я лічу тое, што мы зьбераглі наш саюз і не адступілі ад дасягнутых межаў, і, што ня менш важна, захавалі давер адзін да аднаго, простыя чалавечыя адносіны”.

Вынік сустрэчы ня ўражвае плённасьцю. Давер і чалавечыя адносіны варта захоўваць з кіраўнікамі усіх суседніх, а таксама і не суседніх краінаў, і неабавязкова дзеля гэтага будаваць саюзную дзяржаву. Так выглядае, што менавіта спробы гэтай будоўлі і прыводзяць да пагаршэньня двухбаковых адносінаў, калі гарачыя сяброўскія пацалункі гарманічна спалучаюцца з палітычным мардабоем.
XS
SM
MD
LG