Прадстаўнік расейскага МЗС заявіў, што “Газпрам” свае забавязаньні выканаў, і ўжо зараз ягоная квота выбраная беларускімі спажыўцамі цалкам”. “Паколькі цана прыроднага газу, які пастаўляюць незалежныя пастаўшчыкі, у тым ліку спажыўцам у самой Расеі, вызначаецца на рынкавай аснове, – сказаў расейскі дыплямат, – беларускі бок ад самага пачатку быў інфармаваны аб мэтазгоднасьці дамаўляцца наўпрост з кампаніяй “Ітэра” аб пастаўках газу ў Беларусь у другім паўгодзьдзі 2002 году на ўзаемапрымальных умовах”.
У самой кампаніі “Газпрам” пакуль не зьбіраюца камэнтаваць заявы беларускага МЗС наконт палітычнай падаплёкі прынятага рашэньня. У прэсавай службе гэтай кампаніі пакуль не змаглі пацьвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю аб тым, што ў Маскве распачаліся перамовы міністра энэргетыкі Беларусі Ўладзімера Сямашкі і намесьніка генэральнага дырэктара “Белтрансгазу” Дзьмітрыя Анюка з кіраўніцтвам Расейскага акцыянэрнага таварыства “Газпрам”. Напярэдадні Ўладзімер Сямашка заявіў, што рашэньне абмежаваць пастаўкі газу ў Беларусь не адпавядае дамове паміж кампаніямі “Газпрам” і “Белтрансгаз”. “Абмежаваньне паставак газу адбылося ў той момант, калі мы сапраўды наладзілі сыстэму плацяжоў”, – сказаў міністар энэргетыкі Беларусі.
Супрацоўнік “Газпраму” падчас тэлефоннай размовы пагадзіўся неафіцыйна пракамэнтаваць гэтую заяву на ўмовах ананімнасьці:
(Супрацоўнік “Газпраму”: ) “Ня ведаю, як гэта гучыць у дамове, але я ўпэўнены, што прынятае рашэньне аб абмежаваньні паставак не пярэчыць існуючым дамоўленасьцям, таму што існуе даволі вялікая запазычанасьць Беларусі перад “Газпрамам”, якая не пагашаецца.
Па-другое, той самай дамовай, на якую спасылаецца беларускі бок, у нас прапісаныя аб’ёмы паставак газу на гэты год. Беларусь гэты аб’ём практычна вычарпала. Таму, калі ў Беларусі хацелі атрымліваць звыш ліміту, дык мы цалкам разумна, як гэта робяць заўжды ў такіх выпадках, прапанавалі газ ужо за новую цану – больш высокую. Іх гэта не задавальняе”.
Такім чынам, у Газпраме фактычна абвяргаюць палітычныя матывы свайго рашэньня.
Між тым, лідэр Кампартыі Расеі і парлямэнцкай фракцыі КПРФ Генадзь Зюганаў лічыць, што трэба спыніць ціск на Беларусь шляхам скарачэньня паставак расейскага газу. Сёньня ён выступіў з адмысловай заявай на гэтую тэму. Ён назваў прынятае рашэньне “небясьпечным крокам”, скіраваным супраць народу і кіраўніцтва Беларусі, а таксама супраць саюзу Беларусі й Расеі. Зюганаў нагадаў, што скарачэньне паставак расейскага газу ў Югаславію ў 2000-м годзе спрыяла прыходу да ўлады “адкрыта празаходніх груповак”. Цяпер, на думку Зюганава, падобны сцэнар разыгрываецца і ў дачыненьні Беларусі.