Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартацыя Нямцова ўсе козыры перадае ў рукі Масквы


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка і палітоляг Уладзімер Мацкевіч

(Віталь Цыганкоў: ) “Трагічныя падзеі ў Маскве, зьвязаныя з захопам закладнікаў, засланілі скандальную дэпартацыю зь Менску лідэра Саюзу правых сілаў Барыса Нямцова. Між тым, менавіта гэтая падзея на працягу ўсёй серады была галоўнай у паведамленьнях расейскіх электронных мэдыяў, выклікала нэгатыўную рэакцыю прадстаўнікоў расейскага ўраду і МЗС.

Усім зразумела, што такую акцыю беларускія спэцслужбы не маглі ўчыніць без загаду найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы. У плыні інфармацыі на тэму гэтага скандалу пакуль не прагучала адказу на пытаньне — навошта гэта спатрэбілася Аляксандру Лукашэнку? Ці прычынай тут можна назваць проста асабістую няпрыязь Лукашэнкі да Нямцова за шэраг заяваў і інтэрвію лідэра СПС, ці, на вашую думку, тут можна знайсьці больш глыбокія і сплянаваныя палітычныя матывы?”

(Юры Хадыка: ) “Скандал, які адбыўся ўчора ў менскім аэрапорце, гэта найперш праява дзікунства нашага рэжыму. Гэта ўсе было прадыктавана найперш асабістай няпрыязю, а глыбокі сэнс будзе ўжо потым.

Сьмешна ўзгадаць, але калі мы на канфэрэнцыі чакалі прылёту з Масквы Нямцова і Хакамады, то, даведаўшыся, што самалёт затрымліваецца, Міхаіл Мікалаевіч Чыгір адразу выказаў меркаваньне, што самалёт альбо пасадзяць у Смаленску альбо дэпартуюць гасьцей. Бо Нямцоў у адной зь перадач выказаўся, што Лукашэнку давядзецца сядзець на лаве падсудных у Гаазе.

Таксама Нямцоў гаварыў, што беларускую апазыцыю трэба падтрымліваць, у тым ліку фінансава. У гэтым сэнсе “зьяўленьне” невядомай тэчкі з грашыма абсалютна натуральна кладзецца ў тую гіпотэзу, якую выказаў Чыгір”.

(Уладзімер Мацкевіч: ) “Відавочна, што гэтая падзея накіраваная на абвастрэньне адносінаў паміж урадамі Беларусі й Расеі і паміж прыхільнікамі і праціўнікамім розных формаў інтэграцыі. І ўзьнікае толькі адно пытаньне, як калісьці яго сфармулявалі рымскія юрысты — “каму гэта на карысьць?” Мае рацыю спадар Хадыка, калі называе гэта дзікунствам. Ведаеце, я ўсю фантазію падключаю, і не разумею, каму гэта можа быць выгадна.

Аднак, відавочна, некаторыя сілы настолькі нерэалістычна адлюстроўваюць сытуацыю, што могуць рабіць нешта нават не на карысьць самім сабе. Рабіць тое, што ім самім шкодзіць. Нерацыянальныя непрыняцьце ўсяго апазыцыйнага, нязгода ўлічваць іншы пункт гледжаньня — вось яно тут і прарвалося. Бо ўявіць сабе, хто можа з гэтага інцыдэнту атрымаць нейкую карысьць — я не магу. Гэта глупства відавочнае”.

(Цыганкоў: ) “Хіба ня можа гэтая скандальная акцыя задаволіць тыя ж самыя ірацыянальныя чаканьні пэўнай часткі электарату? Камусьці спадабаецца, што “бацька” захацеў і выдварыў з тэрыторыі Беларусі гэтых расейскіх лібэралаў”.

(Мацкевіч: ) “Зразумела. Аднак сёньня ня гэтая частка электарату вызначае кірунак дзеяньняў. Калі разьлік ідзе на тое, каб спадабацца такім людзям, то такая мэта дасягнутая. Нямцова сапраўды ня любіць шмат хто з расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Але — як гэта паўплывае на хаду падзеяў?

Тут можа быць іншая матывацыя — “чым горш, тым лепш”. Абвастрыць сытуацыю, накідаць туды розных глупстваў, недарэчнасьцяў, праблемаў, а потым проста трохі зьняць абвастрэньне, і ўсе ўздыхнуць з палёгкай…”

(Цыганкоў: ) “Некаторыя аналітыкі выказваюць меркаваньне, што апошнія месяцы беларускі рэжым пашырае дабраахвотную самаізаляцыю ня толькі ад Захаду, але і ад Расеі. З гледзішча гэтай вэрсіі ці не здаецца лягічным інцыдэнт зь Нямцовым?”

(Хадыка: ) “Вы, Віталь, падзяляеце думку Ўладзімера, што гэты выпадак быў накіраваны на абвастрэньне. Нібыта гэта была разумная і заплянаваная ініцыятыва Менску. Я не магу з гэтым пагадзіцца. Аднак тое, што акцыя можа выклікаць абвастрэньне — гэта відавочна. Таму я лічу яе непрадуманай і памылковай. Зараз стасункі паміж Масквой і Менскам сур’ёзна ўскладніліся. І ўсе козыры гэтая акцыя перадае ў рукі Масквы. Масква можа зараз, спасылаючыся на гэтае глупства, прымаць любыя санкцыі эканамічнага і палітычнага характару”.

(Цыганкоў: ) “Зьвяртаючыся да беларуска-расейскіх эканамічных дачыненьняў, можна адзначыць, што тут пакуль ня вельмі заўважанай прайшла адна істотная інфармацыя. “Газпром” паведамляе, што з пачатку зімы Беларусь можа застацца бяз газу. Рэч у тым, што ліміт спажываньня газу Беларусь выбрала ўжо ў лістападзе, а беларускія спажыўцы амаль за газ ня плацяць. Ці можна патлумачыць некалькі апошніх палітычных беларуска-расейскіх скандалаў эканамічнымі прычынамі? Менск рыхтуе насельніцтва да сур’ёзных матэрыяльных нягодаў і зьбіраецца патлумачыць, што ўсё гэта з-за Масквы”.

(Хадыка: ) “Гэта цалкам верагодная гіпотэза. Беларуская эканоміка не выяўляе прыкмет бурнага разьвіцьця. Грошай няма, разьлічвацца за пастаўкі энэрганосьбітаў няма чым. Думаю, што Беларусь можа выйсьці ў наступныя гады (нават гэтай зімой) на неацяпляльныя кватэры. Гэта, безумоўна, хвалюе Лукашэнку. Таму такі варыянт — рабіць выгляд, што гэта Масква помсьціць Беларусі эканамічныямі санкцыямі за палітыку Лукашэнкі — вельмі верагодны”.

(Мацкевіч: ) “Ведаеце, калі разглядаць міждзяржаўныя стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю, то я прыходжу да высновы, што эканоміка на палітыку ўплывае, і вельмі значна. А вось іншы кірунак уплыву (палітыка на эканоміку) — такога амаль не сустракаецца. Таму калі мы кажам, што падзеі з абвастрэньнем сытуацыі зьяўляюцца толькі “добрай мінай пры дрэннай гульні”, і потым на гэта можна будзе сьпісваць эканамічныя праколы — гэта сапраўды так.

Але тое, што гэтыя скандальныя падзеі могуць паўплываць на рашэньне эканамічных пытаньняў — я не магу з гэтым пагадзіцца. На працягу апошніх гадоў я не сустракаўся з тым, каб нейкія эканамічныя і бізнэс-працэсы залежылі нейкім чынам ад палітычных падзеяў”.

(Цыганкоў: ) “Аднак некалькі фактаў могуць запярэчыць гэтаму. Хаця б стварэньне мытнага саюзу, тое, што ў 1996 годзе Расея даравала Беларусі мільярд даляраў — гэта непасрэдная сувязь палітыкі і эканомікі”.

(Хадыка: ) “А расейскі стабілізацыйны крэдыт Лукашэнку — 150 мільёнаў даляраў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — хіба гэта не палітыка?”

(Мацкевіч: ) “У гэтых выпадках кожны бок меў свой гешэфт”.

(Цыганкоў: ) “Карыстаючыся тым, што спадар Хадыка — намесьнік старшыні БНФ, хацеў бы спытаць, як БНФ ставіцца да апошніх удакладненьняў пазыцыі АГП у пытаньні інтэграцыі з Расеяй. Ці ня бачыць БНФ небясьпеку, што АГП можа выйсьці з той агульнай лініі, якой трымаюцца беларускія дэмакратычныя партыі?”

(Хадыка: ) “Па-праўдзе гаворачы, былі падставы апошнім часам лічыць, што нашыя калегі з АГП мяняюць сваё стаўленьне да праблемаў інтэграцыі пад узьдзеяньнем размоваў зь лідэрамі СПС. Аднак гэтая канфэрэнцыя, на якую чакалі Нямцова і Хакамаду, усё-такі пераконвае мяне, што большасьць сябрлоў АГП не зьбіраецца гандляваць незалежнасьцю. А шукаюць магчымасьці давесьці да расейскага грамадзтва свой пункт погляду на супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй. Таму я спадзяюся, што тыя непаразуменьні, якія выявіліся апошнім часам, будуць пераадоленыя”.
XS
SM
MD
LG