Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Нямцова дэпартавалі зь Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск

Разам зь Нямцовым на знак салідарнасьці зь ім зь Менску зьехалі віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі Ірына Хакамада і палітоляг Сяргей Маркаў. Фармальнай падставай для дэпартацыі сталася тэчка з дакумэнтамі і грашыма, якую Нямцоў нібыта прывез беларускай апазыцыі.

Як афіцыйна паведамляецца, Барыса Нямцова дэпартавалі на падставе Закону аб прававым палажэньні замежных грамадзянаў і адпаведнай пастановы ўраду. Згодна з гэтым законам, замежныя грамадзяне могуць быць не дапушчаныя ў краіну, калі яны пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, жыцьцю і здароўю грамадзянаў Беларусі.

Лідэр фракцыі СПС Дзярждумы Расеі Барыс Нямцоў і віцэ-сьпікер Ірына Хакамада правялі ў Менску ўсяго каля дзьвюх гадзінаў. Рэйсавы самалёт, на якім яны прыбылі ў аэрапорт “Менск-2”, прызямліўся ў 11.40 па менскім часе, і а 14-й гадзіне яны ўжо адляцелі назад.

Пасьля прызямленьня ў аэрапорце “Менск-2” Барыса Нямцова сустрэлі “людзі ў цывільным”, як пазьней высьветлілася — супрацоўнікі КГБ Беларусі. Відэакамэра спэцслужбаў здымала яго і Ірыну Хакамаду разам з тэчкай з надпісам “СПС”, прыналежнасьць якой прыпісалі Нямцову. Што было ў гэтай тэчцы, паведамляе кіраўнік прэсавага цэнтру КГБ Фёдар Котаў:

(Котаў: ) “Прапагандысцкая партыйная літаратура, якая ў скажоным сьвятле падае чытачам палітыку нашай дзяржавы, і дастаткова буйная сума грошай у валюце”.

Паводле спадара Котава, лік грошай ішоў на дзясяткі тысяч даляраў, якія не маглі лічыцца кішэннымі. Барыс Нямцоў адмовіўся прызнаць гэтую тэчку сваёй. Пасьля зачытаньня пастановы пра дэпартацыю супрацоўнікі КГБ даставілі спадара Нямцова, Ірыну Хакамаду і палітоляга Сяргея Маркава з аэрапорту “Менск-2”, які знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне, у аэрапорт “Менск-1”, што ў цэтры Менску, каб неадкладна выслаць зь Беларусі. Дзеля гэтага адлёт рэйсавага Як-40 у Маскву быў адмыслова затрыманы.

Пакуль расейскія госьці знаходзіліся ў VIP-залі, аэрапорт “Менск-1” быў ачэплены міліцыяй, расейскім дэпутатам не дазволілі пагутарыць з прадстаўнікамі прэсы. Да іх выйшла толькі прэсавы сакратар спадара Нямцова Алена Дзікун, якая перадала словы спадара Нямцова, што ўсё гэта “чыстай вады правакацыя”. Нямцова ў самалёт вялі пад рукі два міліцыянты — праўда, пазьней ён разьвітаўся зь імі за руку. Ірына Хакамада ішла сама.

Паводле Фёдара Котава, Ірыну Хакамаду і Сяргея Маркава ніхто не дэпартаваў, яны самі вырашылі пакінуць Беларусь разам зь Нямцовым.

Такім чынам, Барыс Нямцоў залічаны да асобаў, што могуць пашкодзць нацыянальным і дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, і яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Ці зможа калі небудзь Нямцоў пабываць у Беларусі? Вось як адказаў прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў:

(Котаў: ) “Усё цячэ, усё мяняецца, калі ён спыніць сваю дзейнасьць супраць Беларусі, то патрапіць — ніякіх праблемаў”.

У сьпіс асобаў, чыё знаходжаньне ў Беларусі непажаданае, спадар Нямцоў быў занесены КГБ Беларусі за некалькі дзён да ягонага прыезду на падставе ягонай “антыбеларускай дзейнасьці, процідзеяньні палітыцы беларускай дзяржавы і іншых дзеяньняў”, паведамілі ў КГБ Беларусі.
XS
SM
MD
LG