Сёньня прэсавая служба прэзыдэнта Расеі паведаміла, што Ўладзімер Пуцін накіраваў пасланьне да Аляксандра Лукашэнкі. У ім ён прапанаваў стварыць “сумесную групу для вызначэньня найбольш пэрспэктыўнай мадэлі інтэграцыі Расеі й Беларусі”. Гэтая група мусіць рэгулярна інфармаваць прэзыдэнтаў Расеі й Беларусі, а таксама грамадзкасьць пра хаду й вынікі працы.
У.Пуцін называе “асноўнымі” тры вядомыя варыянты інтэграцыі, якія ён агучыў 14 жніўня, і падкрэсьлівае, што ён усё яшчэ чакае адказу на свае ініцыятывы, і ў прыватнасці — прапановы пра паскораны пераход Беларусі на расейскі рубель.
Калі меркаваць паводле гэтай інфармацыі, Уладзімер Пуцін не зьмяніў сваю пазыцыю, нягледзячы на вострую рэакцыю зь Менску. Пры гэтым ён настойвае на фармаваньні “адзінай эканамічнай, мытнай і падатковай прасторы, зьбліжэньні гаспадарчых мэханізмаў” на падставе падпісаных дакумантаў і тых, якія рыхтуюцца да падпісаньня.
Афіцыйны Менск пакуль аніяк не камэнтуе новыя прапановы У.Пуціна. Прэсавая сакратарка А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч кажа, што ёй увогуле невядомы іхны зьмест:
(Пяткевіч: ) “Я нават ня чула пра гэткі ліст”.
Сёньня ж у Менску пабываў дзяржасакратар гэтак званай “Саюзнай дзяржавы” Павал Барадзін. Мэта прыезду — сустрэча з А.Лукашэнкам, якая і адбылася ў другой палове дня. Хоць першапачаткова ў адміністрацыі прэзыдэнта адмаўляліся пацьвердзіць магчымасьць гэтай сустрэчы. Урэшце прэсавая сакратарка А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч зазначыла Радыё Свабода, што ніякія вострыя палітычныя пытаньні, зьвязаныя зь ініцыятывамі Ўладзімера Пуціна, пад час гэтай рабочай сустрэчы не абмяркоўваліся:
“Абсалютна бягучыя пытаньні, мы нават ня будзем камэнтаваць іх... Рабочыя пытаньні ў рамках сустрэчы дзяржсакратара са старшынём Вышэйшага дзяржсавету — выключна бягучыя моманты”, — зазначыла прэсавая сакратарка А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч.