Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ АГЕНЦЫІ ИТАР-ТАСС, РИА-НОВОСТИ РАСПАЎСЮДЗІЛІ КАМЭНТАР АНАНІМНАЙ КРАМЛЁЎСКАЙ КРЫНІЦЫ


Юры Дракахруст, Прага

“Расею задаволіць разьвіцьцё адносінаў з Беларусьсю па любым прымальным сцэнары, Масква нічога не навязвае”, – тлумачыць ананімная крамлёўская крыніца. Аляксандар Лукашэнка прапануе будаваць адзіную дзяржаву пры захаваньні сувэрэнітэтаў абедзьвюх краінаў. Крэмль нагадвае элемэнтарную аксыёму дзяржаўнага права, паводле якой сувэрэнітэт можа належыць толькі адной дзяржаве. “Калі мова ідзе пра адзіную дзяржаву, тады мусіць быць адзіны прэзыдэнт, адзіны парлямэнт, правядзеньне выбараў і рэфэрэндуму. Два сувэрэнітэты азначаюць, што не ствараецца адзіная дзяржава, а ёсьць імкненьне стварыць нейкі саюз дзяржаваў ці міжнародную арганізацыю”, – гаворыцца ў крамлеўскім камэнтары.

З доляй іроніі расейскі бок ставіцца да спробаў афіцыйнага Менску абгрунтаваць беларускую незалежнасьць і сваю мадэль інтэграцыі спасылкамі на досьвед СССР: “Ці мелі саюзныя рэспублікі эмісійныя банкі, якія б друкавалі грошы? Гэта нонсэнс”.

У крамлёўскім камэнтары паведамляецца, што праект канстытуцыйнага акту, прапанаваны расейскім бокам, прадугледжвае захаваньне сувэрэнітэту Беларусі і права вэта. Гэта азначае, што саюзны парлямэнт будзе прымаць рашэньні, а Беларусь будзе пагаджацца толькі з тымі зь іх, якія ёй падабаюцца. Гэтая форма інтэграцыі, на думку Крамля, нагадвае адносіны ў межах Эўразьвязу, аднак і пры гэтым варыянце, – гаворыцца ў камэнтары, – мае месца пэўная страта сувэрэнітэту.

У камэнтары выказваецца меркаваньне, што разьдзяленьне народаў зьяўляецца ненатуральным этнічна і гістарычна, аднак падкрэсьліваецца, что Масква не імкнецца кагосьці паглынуць ці падпарадкаваць.

Ананімнасьць адказу на пратэсты Аляксандра Лукашэнкі дазваляе Маскве захаваць за сабою свабоду манэўру. Аднак ягоны зьмест сьведчыць пра тое, што звышінтэграцыйная ініцыятыва Пуціна была хутчэй спробаю сарваць з Лукашэнкі маску інтэгратара, чымся прпановаю, разьлічанаю на ўхваленьне. У камэнтары падкрэсьліваецца, што Крэмль не настойвае на далучэньні Беларусі да Расеі, аднак падкрэсьлівае, што ва усіх іншых варыянтах, у тым ліку і ў, так бы мовіць, эўразьвязаўскім, мова можа ісьці толькі пра міждзяржаўны саюз, а не пра адзіную дзяржаву. У крамлёўскім камэнтары прыгадваюцца расейскія прапановы да канстытуцыйнага акту, якія не пакідаюць за наддзяржаўнымі органамі, прынамсі, за саюзным парлямэнтам, практычна аніякіх паўнамоцтваў. Але і тут афіцыйнаму Менску нагадваюць, што інтэграцыя азначае пэўную страту сувэрэнітэту. І чым часьцей беларускі кіраўнік паўтарае словы пра каштоўнасьць сувэрэнітэту, тым глыбей хавае ідэю інтэграцыі, якую яшчэ нядаўна называў стрыжнем сваёй палітыкі.
XS
SM
MD
LG