Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫЯ ПРЫХІЛЬНІКІ ІНТЭГРАЦЫІ ЦЯПЕР ЦЬВЁРДА ВЫСТУПАЮЦЬ ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня я апытаў тых менскіх дзеячоў, якія заўсёды выступалі зацятымі прыхільнікамі інтэграцыі з Расеяй. Сярод іх толькі Ўладзімер Замяталін адмовіўся пракамэнтаваць апошнія рознагалосьсі паміж кіраўнікамі Беларусі й Расеі. Іншыя падзяляюць пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі як абаронцы нацыянальнага сувэрэнітэту.

Дэпутат гэтак званае палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян цалкам падтрымлівае ўчорашнюю Лукашэнкаву заяву пра тое, што Расея вінная Беларусі 1 мільярд даляраў за транзыт газу ды іншыя паслугі:

(Касьцян: ) “Ня так вельмі ўжо мы й залежныя ад Расеі – і Расея залежная ад нас. Саюз Беларусі й Расеі павінен быць як саюз дзьвюх дзяржаваў – раўнапраўных дзяржаваў, і я думаю, што гэта вельмі правільна сказана.

А што тычыцца заявы Пуціна, дык я лічу, што яна памылковая і ўвогуле нам трэба ўсім – і ў Беларусі, і ў Расеі – спыніцца, закончыць гэтую барацьбу словаў, закончыць перастрэлку праз нашыя мас-мэдыі”.

Ягоная падначаленая – галоўная рэдактарка часопісу “Нёман” Ніна Чайка – у размове са мной сёньня заявіла, што асноўнае ў беларуска-расейскіх дачыненьнях – гэта тое, што Аляксандар Лукашэнка ды Ўладзімер Пуцін каля 9 гадзінаў размаўлялі на караблі ў Санкт-Пецярбургу й дамовіліся пра ўсё на 50 гадоў наперад.

Спадарыня Чайка ня ведае, чаму такі разумны, паводле ейных словаў, прэзыдэнт Расеі зрабіў такую дзіўную прапанову Беларусі – увайсьці ў склад Расейскае Фэдэрацыі. “Гэта проста немагчыма, – сказала Ніна Чайка й заявіла: – Няўжо такое можа адбыцца ў той час, калі зусім нядаўна мы віталі незалежнасьць Усходняга Тымору ад Інданэзіі?”.

Нагадаю, што насельніцтва Ўсходняга Тымору выказалася за незалежнасьць на рэфэрэндуме. Спадарыня Чайка мяркуе, што рэфэрэндуму супраць незалежнасьці быць увогуле ня можа.

На пытаньне, ці можа адбыцца рэфэрэндум паводле прапановы Ўладзімера Пуціна, спадар Касьцян адказаў гэтак:

(Касьцян: ) “Не-не-не! Аб гэтым я не хачу гаварыць і думаць не хачу, бо гэта неразумна. Наша дзяржава існуе з 12-га стагодзьдзя – і аб чым можа быць гаворка? Вядома, што гэта абраза, гэта непавага да цэлага народу – вы, маўляў, нейкія тут жабракі, і калі хочаце кусок хлеба, дык адмоўцеся ад сваёй дзяржавы, ад сваёй мовы, ад сваёй гісторыі ды хадзіце да нас на паклон – мы вас расчлянім. І як сыяністы ў свой час у Амэрыцы расчлянілі індзейцаў і загналі ў рэзэрвацыі, зьнішчылі 50-мільённую нацыю – гэтак і нас. А нас нямала – нас 11 мільёнаў”.
XS
SM
MD
LG