Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН ПАЧАЎ МАНЭЎРЫ ПА ДЫСКРЭДЫТАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ


Аляксандар Лукашук, Прага

Лідэры беларускай апазыцыі, родныя ахвяраў беларускага рэжыму, нават заканадаўцы з Кангрэсу ня раз гаварылі пра неабходнасьць выкарыстаньня расейскага ўплыву на Лукашэнку, зьвярталіся да Пуціна з просьбай дапамагчы ў справе зьніклых, арыштаваных. Кангрэсмэны давалі даручэньне прэзыдэнту Бушу абмеркаваць гэта з Пуціным. Аналітыкі Стратфора лічаць, што Пуцін пачаў дзейнічаць у гэтым накірунку – але дзеля сваіх інтарэсаў.

У публікацыі Стратфора пішуць і пра пагрозу анэксіі: “Увогуле Расея бы кінулася на любую магчымасьць пашырыць тэрыторыю – большасьць усё яшчэ адчувае, што натуральныя правы Масквы вызначаюцца па савецкіх межах”.

Аднак прапанова Пуціна непрымыльная для Лукашэнкі, пра што той і заявіў. Для Пуціна яна выгадная ва ўсіх варыянтах. Празаходняя арыентацыя Пуціна сур’ёзна раздражняе камуністаў і нацыяналістаў, і магчыма, чырвона-карычневы блёк мог бы пацясьніць прапуцінскае “Адзінства” на парлямэнцкіх выбарах. Нават простай размовы пра анэксію Беларусі дастаткова, каб гарантаваць Пуціну і “Адзінству” перамогі на галасаваньні. Амэрыканскія аналітыкі таксама лічаць, што гэтая акалічнасьць дапаможа Пуціну праводзіць балючыя эканамічныя рэформы, неабходныя дзеля далучэньня да Ўсясьветнага гандлёвай арганізацыі.

Эўропа і ЗША, нагадваецца ў тэксьце камэнтара, надзвычай крытычна ставяцца да рэжыму Лукашэнкі, гэта не навіна. Таму прапанова Пуціна будзе папулярная на Захадзе, лічаць аналітыкі. Апроч усяго, яны зьвяртаюць увагу на мэханіку падрыхтоўкі анэксіі – яна надзвычай выгадная Пуціну. Пад час карэкціроўкі канстытуцыі на рэфэрэндуме Пуцін змог бы шмат што памяняць у расейскім асноўным законе, напрыклад, павялічыць уплыў фэдэральнай улады ў рэгіёнах, узмацніць прэзыдэнцкі кантроль над непрыватызаванай часткай эканомікі.

А вось для Аляксандра Лукашэнкі будучыня няпэўная. Пуцін ужо праводзіць манэўры па дыскрэдытацыі прэзыдэнта і адхіленьні яго ад улады. Цяпер ён ведае, як гэта зрабіць, каб захаваць адзінства ў Расеі адносна гэтай мэты. Зьнешняя палітыка Лукашэнкі будавалася на ляяльнасьці да Расеі – і цяпер яму няма куды зьвярнуцца па дапамогу. Адзінае сьвятло, якое гарыць для яго – сьвятло над дзвярыма на выхад, лічаць амэрыканскія аналітыкі.

Стратфор – незалежны прыватны інстытут, прагнозамі якога карыстаюцца урады, карпарацыі і навуковыя установы, прагназісты Стратфора – былыя вайскоўцы, разьведчыкі, эканамісты і палітычныя прагназісты, аналізуюць вялікую колькасьць самых розных матэрыялаў паводле уласнай мэтодыкі. Адрас у Інтэрнэце www.stratfor.com.
XS
SM
MD
LG