(Рар: ) “Я пракамэнтаваў бы гэтую падзею як рэвалюцыйную і сэнсацыйную. Ад Пуціна ніхто не чакаў такога кроку. Паўстае пытаньне: гэта тактыка ці стратэгія? Пуцін хоча аб’яднацца зь Беларусьсю літаральна ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, якія пройдуць у сакавіку 2004 году. Ён спадзяецца на тое, што беларускае насельніцтва будзе ўдзельнічаць у гэтых выбарах і абярэ менавіта яго. Такім чынам ён узмацняе свой электарат.
Такой палітыкаю ён хоча зрабіць падарунак нацыянальна-арыентаваным сілам ў Расеі. Камуністы за апошні час крыху ўзмацнілі свае пазыцыі, іх рэйтынг падвысіўся, і Пуціну тэрмінова трэба было штосьці прыдумаць, каб умацаваць свой аўтарытэт сярод дзяржаўніцкіх сілаў у Расеі. У той жа час гэта сыгнал Захаду: калі NATO і Эўразьвяз пашыраюцца на Ўсход, узьнікае праблема Калінінграду, вайна ў Чачэніі яшчэ ня скончаная – у гэтых умовах аб’яднаньне зь Беларусьсю зьяўляецца найважнейшым козырам для ўмацаваньня ўлады Пуціна. Што тычыцца Лукашэнкі, то тут Пуцін таксама вельмі трапна выбраў момант, калі беларускі прэзыдэнт апынуўся ў поўнай ізаляцыі. Ён ужо ня можа апэляваць да Захаду, бо і Амэрыка, і Эўразьвяз ужо сьпісалі яго з рахункаў.
Пуцін можа прыгадаць Лукашэнку, як той у 90-я гады спрабаваў такім жа чынам умяшацца ў расейскую палітыку і стаць прэзыдэнтам Беларусі і Расеі.
Яшчэ адным матывам заявы Пуціна ёсьць намер нэўтралізаваць клян Ельцына, які спрабаваў умацаваць свае камэрцыйныя пазыцыі ў Беларусі, былі чуткі, што Ельцын хоча стаць на чале саюзу Беларусі і Расеі. Пуцін дастаткова рэзка паказаў Ельцыну яго месца. Цяперашняй ініцыятываю Пуцін цалкам нэўтралізуе Ельцына.
На Захадзе актыўна абмяркоўваюць гэтае разьвіцьцё, абмяркоўваецца, які ўплыў гэтае магчымае аб’яднаньне Беларусі з Расеяй можа мець ва Ўкраіне і Малдове”.
(Дракахруст: ) “Сп-р Рар, Вы самі сказалі, што пакуль незразумела: крок Пуціна – тактыка ці стратэгія. Лукашэнка рэзка адхіліў прапанову Пуціна, у гэтым пытаньні існуе кансэнсус усёй палітычнай эліты Беларусі. Можа быць, ініцыятыва Пуціна – ня больш чым піярны ход, перахоп іміджу інтэгратара, прапанова, якая і не разьлічаная на прыняцьцё?”
(Рар: ) “З майго пункту гледжаньня Пуцін дастаткова асьцярожны палітык, каб дзеля кан’юнктурнага посьпеху пачынаць такую акцыю. Мне здаецца, што Пуцін нават пойдзе напралом, каб дамагчыся аб’яднаньня Расеі зь Беларусьсю. Зараз сапраўды і ў самога Лукашэнкі ўзьнікнуць сур’ёзныя праблемы. Але ў яго ёсьць гістарычны шанец: ён можа згуртаваць вакол сябе дэмакратычныя празаходніцкія сілы ў самой Беларусі, каб пазьбегчы поўнага паглынаньня Расеяй і вярнуцца на тую плятформу, якую ён прапануе –саюзная дзяржава, дзе Канстытуцыя і законы Беларусі не падпадаюць пад юрысдыкцыю Расеі”.
(Дракахруст: ) “Cп-р Рар, Вы сказалі, што Захад ужо сьпісаў Лукашэнку з рахункаў. А ці сьпісаў ён з рахункаў Беларусь? Ці Захад ужо пагадзіўся з тым, што з палітычнай мапы Эўропы зьнікне 10-мільённая краіна?”
(Рар: ) “Я не сказаў бы, што яна зьнікне. Я ня думаю, што аб’яднаньне адбудзецца паводле найгоршага для Беларусі сцэнара, калі яно ўвогуле адбудзецца. Але шэраг колаў на Захадзе, у тым ліку і ў ЗША, упэўненыя, што з 1994 году ў Беларусі пануе сапраўдная дыктатура. У беларускага народу былі шанцы, хаця і мінімальныя, зьмяніць гэтую сытуацыю летась, падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Ніводзін лібэральны кандыдат не прайшоў, у прынцыпе краіна аддала свае галасы дыктатару Лукашэнку. А ён замест таго, каб выкарыстаць шанец і адкрыцца Захаду, Эўразьвязу, ён наадварот заняў больш жорсткую пазыцыю, пачаў выганяць з краіны місыю АБСЭ і ўвогуле абвастраць адносіны з заходнім сьветам. Я скажу даволі асьцярожна, але сёньня Захад зыходзіць з таго, што стабільнасьць і дэмакратычнае разьвіцьцё ў Беларусі можа быць забясьпечанае толькі ў тым выпадку, калі Беларусь будзе арыентавацца на Расею, бо ў Расеі гэтыя працэсы дэмакратызацыі ідуць больш прагрэсіўна, чым у Беларусі”.