Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта цешыцца зьмене палітычнага курсу Крамля?


Алесь Грыневіч, Менск

“Да нядаўняга часу апошні дыктатар Эўропы Аляксандар Лукашэнка мог спакойна ўжываць у Беларусі мэтады паліцэйскай дзяржавы”, — піша ў сёньняшнім рэдакцыйным артыкуле амэрыканскі штодзёньнік “The Washington Post”. Газэта згадвае нядаўні прысуд гарадзенскім журналістам Міколу Маркевічу і Паўлу Мажэйку за нібыта паклёп на Лукашэнку, а таксама прыняты палатай прадстаўнікоў закон, які абмяжоўвае правы большасьці пратэстанцкіх канфэсіяў.

“The Washington Post” піша, што асуджэньне ды ізаляцыя Беларусі з боку ЗША і большасьці краінаў Эўропы не давалі практычна ніякага выніку. Рэч у тым, што рэжым Лукашэнкі амаль цалкам абапіраецца на фінансавую і палітычную падтрымку Расеі, безь якой ён даўно б рухнуў. І былы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын, і цяперашні Ўладзімер Пуцін знайшлі зручным для сябе падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, піша газэта. Да прыкладу, Пуцін спакойна назіраў за тым, як летась Лукашэнка сфальшаваў прэзыдэнцкія выбары. “The Washington Post” таксама лічыць, што расейскі прэзыдэнт фактычна ігнараваў шматлікія доказы датычнасьці Лукашэнкі да палітычных зьнікненьняў.

Але апошнія заявы Пуціна з крытыкай Лукашэнкавай мадэлі беларуска-расейскага саюзу, піша газэта, сьведчаць пра зьмены ў расейскай палітыцы. Няясна, праўда, ці гэтыя зьмены выкліканыя прыхільнасьцю Пуціна да дэмакратыі, ці прычына ў адмове Лукашэнкі дазволіць расейскім алігархам кантроль над беларускай дзяржаўнай прамысловасьцю, адзначае “The Washington Post”.

У любым выпадку, Пуцін мае шанец паказаць, што ён падзяляе каштоўнасьці заходніх дэмакратыяў. Расейскі прэзыдэнт мог бы далучыцца да намаганьняў скончыць панаваньне дыктатуры ў Беларусі, піша “The Washington Post”. На мінулым тыдні паведамлялася, што Пуцін абяцаў узяць пад кантроль справы пра зьнікненьні апанэнтаў Лукашэнкі — гэта сталася б добрым пачаткам, адзначаецца ў артыкуле “Спадар Пуцін і дыктатар”.

Валер Булгакаў, укладальнік аналітычнага зборніку “Беларуска-расейская інтэграцыя”, што выйшаў у сьвет на мінулым тыдні, кажа, аднак, што ня варта лічыць апошнія заявы прэзыдэнта Пуціна сьведчаньнем зьмены курсу расейскага кіраўніцтва ў адносінах да Беларусі.

(Булгакаў: ) “Міжнародныя назіральнікі безумоўна маюць рацыю, калі адзначаюць абвастрэньне палітычных адносінаў паміж Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй. Зь іншага боку, энтузіязм заходніх экспэртаў што да згубнасьці для беларускага рэжыму зьмены палітычнага курсу Масквы, я, напрыклад, не падзяляю. Я лічу, што новая рыторыка, якую цяпер выкарыстоўвае Крэмль, мае вузкі ўтылітарны характар і накіраваная на выкананьне адной вельмі празаічнай мэты — змусіць Лукашэнку капітуляваць перад прыходам расейскага капіталу ў Беларусь, змусіць беларускае палітычнае кіраўніцтва, каб тое дазволіла расейскім алігархам дасягуць стратэгічнага кантролю над беларускай прамысловасьцю”, — лічыць укладальнік аналітычнага зборніку “Беларуска-расейская інтэграцыя” Валер Булгакаў.
XS
SM
MD
LG