Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЕЗАВИСИМАЯ ГАЗЕТА”: ПАЛІТЫЧНЫ КРЫЗЫС У АДНОСІНАХ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ПАГРАЖАЕ ЛУКАШЭНКУ АДХІЛЕНЬНЕМ АД УЛАДЫ


Віталь Тарас, Прага

Гэтае выданьне цытуе дырэктара расейскага Інстытуту краінаў СНД Канстантына Затуліна: “Уладзімер Пуцін мог бы знайсьці і больш стрыманую форму для сваіх выказваньняў і не згадваць Савецкі Саюз. Для Лукашэнкі ж найлепшае выйсьце – устрымацца ў дадзенай сытуацыі ад усялякіх рэзкіх выказваньняў”.

Тым ня менш, “Независимая газета” лічыць, што “ўзьнік яўны палітычны крызыс у адносінах паміж дзьвюма краінамі, наступствы якога могуць быць катастрафічнымі і для Расеі, і для Беларусі”. “У Беларусі, – піша далей газэта – гэта ў пэрспэктыве пагражае падзеньнем Лукашэнкі, ва ўсялякім выпадку, для Захаду гэта будзе карт-бланш, каб прыняць дзеля гэтага адмысловыя меры...”

“НГ” прыводзіць таксама выказваньне Аляксея Малашэнкі, прафэсара Маскоўскага цэнтру Карнэгі: “Тое, што абылося – заканамерны вынік усёй гісторыі разьвіцьця расейска-беларускіх дачыненьняў у рамках згаданай дамовы. Гэты працэс быў наканаваны на нішто ад самага пачатку, таму што сам спроба адрадзіць саюз дзьвюх дзяржаваў на незразумела якой падставе і зь якімі паўнамоцтвамі кожнай зь іх ужо ўяўлялася абсурднай”.

Паводле расейскай газэты, далейшы сцэнар падзеяў можа мець тры варыянты. “Поўнае падпарадкаваньне Беларусі "волі Москвы", якая, натуральна будзе прыхаваная тактычнай, больш прымальнай для Лукашэнкі формай”, і тады Беларусь будзе чымсьці кшталту “другога Татарстану” ў складзе Расеі. Другі варыянт – “фронда”: дэманстрацыя дружбы з Захадам і страта ўсялякай цікавасьці да працы над стварэньнем саюзнай дзяржавы. І трэці, найменш верагодны варыянт – нечаканая зьмена кіраўніцтва Беларусі ў асобе Лукашэнкі, які зьяўляецца “асноўным тормазам” ітэграцыйнага працэсу – піша “Независимая газета”.

“ПУЦІН ХОЧА ПАХАВАЦЬ САЮЗ” – гэтак рэзка рэагуе на падзеі газэта “Советская Россия”, якая вынесла ў падзгаловак словы “Буш скамандаваў – Крэмль адрапартаваў”. У падмацаваньне сваёй пазыцыі газэта прыводзіць словы прадстаўніка афіцыйнага Менску Сяргея Касьцяна аб тым, што “Пуцін выконвае ролю Буша”.

Абараніць ”саюзную дзяржаву” заклікае на старонках газэты “Правда” лідэр расейскай кампартыі Генадзі Зюганаў.
XS
SM
MD
LG