Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ БЕЛАРУСЫ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ РЭЗКУЮ ЗАЯВУ ЎЛАДЗІМЕРА ПУЦІНА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пведамленьне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна пра тое, што Аляксандар Лукашэнка прапануе стварыць нешта накшталт Савецкага Саюзу, выклікала шырокі розгалас. Мінакі, якіх я распытваў сёньня на менскіх вуліцах, ня маюць адзінага меркаваньня на гэты конт. Вось што казалі людзі, якія лічаць выказваньні Ўладзімера Пуціна слушнымі:

(Спадар: ) “Прэзыдэнт Беларусі ўвогуле не зусім адэкватная фігура, вельмі парадаксальная. І таму, я думаю, гэтае выказваньне адлюстроўвае рэальную сытуацыю”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, вы што-небудзь чулі пра ўчорашняе рэзкае выказваньне Ўладзімера Пуціна на адрас беларускіх уладаў?”

(Хлопец: ) “Не, на жаль нічога ня чуў”.

(Карэспандэнт: ) “Уладзімер Пуцін сказаў, што беларускі бок мусіць урэшце вызначыцца: чаго ён хоча, якой саюзнай дзяржавы. Кшталту Савецкага Саюзу, пра які часам гавораць беларускія ўлады? Уладзімер Пуцін сказаў, што не дазволіць будаваць такую дзяржаву коштам Расеі. Як вы ставіцеся да гэтага выказваньня расейскага прэзыдэнта?”

(Хлопец: ) “Я лічу, што Пуцін мае рацыю”.

(Іншы хлопец: ) “Мне цяжка сказаць, але я давяраю Пуціну”.

(Сталы спадар: ) “Я разумею так, што ён слушна сказаў Пуцін. Тое, што хоча зрабіць Лукашэнка, не сумяшчальна з нацыянальнай палітыкай Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як вы ставіцеся да гэтых выказваньняў Уладзімера Пуціна?”

(Спадарыня: ) “Вельмі станоўча. Я яму вельмі сымпатызую і лічу ягоныя выказваньні вельмі слушнымі, пісьменнымі й карэктнымі”.

(Спадар: ) “Відаць была кропля, якая перапоўніла келіх цярпеньня расейскага прэзыдэнта. А нашыя СМІ нам нічога не паказваюць, не абмяркоўваюць”.

(Маладая кабета: ) “Мне здаецца, Пуцін абсалютна мае рацыю. Савецкага Саюзу ўжо ніколі ня будзе, а Беларусі трэба проста вызначацца са сваёй пазыцыяй ды пільна яе трымацца”.

(Спадар: ) “Тут шмат чаго сказана, так адразу цяжка й адказаць. За супрацоўніцтва — так, за адзіную дзяржаву — не. А супрацоўніцтва абавязкова павінна быць, мы ж суседзі й браты”.

Гэта былі меркаваньні прыхільнікаў пазыцыі Ўладзімера Пуціна.

А вось што думаюць тыя, хто не пагаджаецца з думкамі расейскага прэзыдэнта адносна саюзнай дзяржавы:

(Сталая спадарыня: ) “Я ўжо ў такім узросьце, калі хочацца, каб быў мір, каб было моцная дзяржава — як Савецкі Саюз. Таму, відаць, нашыя погляды не супадаюць. Тым больш, што Радыё Свабода гэта ня тая свабода пра, якую можна марыць”.

(Спадарыня: ) “Я ня чула, як ён гаварыў. А з вашых вуснаў — гэта ня тое, што з вуснаў Пуціна”.

(Сталага веку спадар: ) “Адмоўна. Ён не на карысьць Беларусі сказаў. Ён проста прынізіў Беларусь, сказаў, што Беларусь толькі 3%, калі аб’яднаецца, дасьць карысьці Расеі”.

(Спадарыня: ) “Дарэмна ён так сказаў. Усё ж аб’яднаньне нам патрэбнае. Раней, калі мы разам жылі, было нашмат лепш. Цяпер і войны розныя... Дарэмна ён гэта сказаў”.

Гэтак мяркуюць прыхільнікі стварэньня дзяржавы кшталту Савецкага Саюзу.

Нарэшце, існуе яшчэ адна група людзей, якія ня маюць сваёй думкі на гэты конт:
(Кабета: ) “Ня ведаю, гэта трэба падумаць, а так адразу й не адкажаш”.

(Дзяўчына: ) “Цяжка адказаць”.

(Іншая дзяўчына: ) “Вельмі складана адказаць”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкая думка ў вас ёсьць на гэты конт?”

(Дзяўчына: ) “Думка ёсьць, але якая — не адкажу”.
XS
SM
MD
LG