Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свойскія жывёлы: кот


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: археоляг Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Цэлы шэраг зьяваў жыцьця беларусы адлюстравалі ў сваім фальклёры праз вобраз ката ці коткі. Вельмі маленькага ростам чалавека называюць “кату па пяту”, калі нечага чалавеку не стае, гавораць “як кот наплакаў”. І яшчэ: “кошка мыецца — госьці будуць”, “котка мышцы не таварыш”, “збрадлівай кошцы хвост уцінаюць”, альбо “купіць ката ў мяшку”, “цягнуць ката за хвост”, “на сэрцы кошкі скрабуць” — вось колькі прымавак і прыказак беларусы прыдумалі з вобразам ката. Выглядае, што беларусы ката, адрозна ад сабакі, вельмі любяць”.

(Алег Трусаў: ) “Найбольш любяць котку. Кот для беларусаў заўжды сымбаль вольнасьці, свабоды, незалежнасьці, якіх так бракуе беларусу. А котку любяць болей, таму што мы — жаночая нацыя і вобраз жанчыны для нас заўжды зьяўляецца сакральным”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — археоляг і гісторык Алег Трусаў. Сёньня цяжка ўявіць наша жыцьцё без ката. А калі ката зрабілі хатнім?”

(Трусаў: ) “Першымі ката зрабілі хатнім насельнікі старажытнага Эгіпту 6000 гадоў таму, і адразу кот там стаў сакральнай жывёлінай. І калі быў пажар, ратавалі ў першую чаргу нават не дзяцей, не дабро, а менавіта ката — чаму? Менавіта кот выратаваў эгіпэцкую цывілізацыю ад галоднай сьмерці: эгіпцяне ў асноўным харчаваліся пшаніцай, якую мышы зьнішчалі тонамі, кот жа стаў выратаваньнем ад гэтай злыбяды — мышэй”.

(Ракіцкі: ) “А калі беларусы зрабілі ката хатнім?”

(Трусаў: ) “Нашыя продкі зрабілі ката хатнім яшчэ ў эпоху нэаліту — прыкладна 2000–3000 гадоў таму. На раскопках стаянак позьняга нэаліту бронзы ўжо сустракаюцца косткі ката”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна прыручыць, зрабіць ката свойскім было ня так лёгка — кот усё ж паходзіць з драпежнікаў…”

(Трусаў: ) “Таму канчаткова мы прыручылі ката ў 11–12 стагодзьдзі менавіта ў гарадах (кот да 19 стагодзьдзя быў толькі гарадзкой жывёлай). Сяляне ж сталі трымаць катоў вельмі позна — у канцы 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. У гарадах людзі жылі вельмі цесна — хата да хаты, мышы хутка распаўсюджваліся. І ў Менску ў 12–13 стагодзьдзі ўжо амаль кожны месьціч трымаў ката і шанаваў за тое, што той ратаваў яго ад галоднай сьмерці”.

(Ракіцкі: ) “Усясьветная літаратура (прыгадайма хоць бы Кіплінга) падкрэсьлівае, што кот — гэта жывёліна, якая “гуляе сама па сабе”. Так, можа, ня людзі прыручылі ката, а ён прыручыў людзей?”

(Трусаў: ) “Так лічаць ня толькі пісьменьнікі, але і навукоўцы. Кот ня толькі карысная хатняя жывёла. Ён таксама ўступае з чалавекам у такія дачыненьні, якія выходзяць у межы іншых сьветаў. Невыпадкова, што чорны кот — сымбаль няшчасьця, якога паліла на вогнішчах інквізыцыя разам зь людзьмі. Кот заўжды выступае як сэксуальны сымбаль, сымбаль плоднасьці. Калі кажуць, што нейкая жывеліна “акацілася”, то гэта неабавязкова котка, а гэта можа быць і авечка, і каза. Таксама кот — лекар, які лекуе свайго гаспадара ад рознай хваробы, асабліва калі ён гаспадара любіць. І самае галоўнае: кота зусаім нельга дрэсаваць, таму прымусіць ката рабіць нешта, як сабаку, вельмі цяжка”.

(Ракіцкі: ) “Дазвольце з вамі не пагадзіцца. А як жа знакаміты тэатар катоў Куклачова?”

(Трусаў: ) “Таму і знакаміты, што адзіны ў сваім родзе. Куклачоў зрабіў неверагоднае — прыручыў ката”.

(Ракіцкі: ) “Я згадаў, як я перасяляўся ў новую кватэру і як доўга шукаў ката, каб яго запусьціць у хату. Ката першага запусьціў у хату, і на той кватэры я вельмі няблага пачуваўся. Чаму ката запускаюць у хату першым?”

(Трусаў: ) “Лічыцца, што кот мае сувязь з тым сьветам і адпужвае розных нячысьцікаў. Кот мае моцную энэргетыку, таму калі яго пагладзіць ноччу перад навальніцай па поўсьці, можна ўбачыць электрычны разрад (ён вакол сябе зьбірае моцнае электрычнае поле). Кот можа як вылечыць, так і адпомсьціць, таму зь ім трэба сябраваць. І першым ката запускаюць у хату, каб ён сваім полем распалохаў усіх нячысьцікаў”.

(Ракіцкі: ) “Кажуць — кошка вочкі жмурыць, а кіпцюры вострыць”.

(Трусаў: ) “Цікавае тое, што як і чалавек, кот умее гуляць (калі котка ці кот ловіць мыш — гуляе зь ёю). У славянаў ёсьць нават гульня ў “кошкі-мышкі”.

(Ракіцкі: ) “Таму напэўна ў беларускі казках (а ў казцы заўсёды гульнявы эфэкт вельмі важны) кот адзін з галоўных герояў”.

(Трусаў: ) “Кот і пеўнік”, “Каток залаты лабок”… Больш за тое, ката ўпадабалі нашы клясыкі. Давайце згадаем наша дзяцінства, дзе ў “Чытанцы” для пачатковай беларускамоўнай школы Якуб Колас напісаў верш, які пачынаўся гэтак:

У Савосева суседа
быў пярэсьценькі каток —
выхаванец Паўла-дзеда,
такі слаўны пестунок…

Колькі пяшчоты, колькі цёплых словаў ён падабраў пра гэтага катка!”

(Ракіцкі: ) “Людзей часам надзяляюць мянушкамі катоў. А ўвогуле вельмі часта мужчына любімую жанчыну называе “мая котка”.

(Трусаў: ) “Вы ня знойдзеце ў беларусаў людзей з прозьвішчам Сабака. У расейцаў ёсьць Сабакевіч, ёсьць Сабакін. А знайдзіце ў нас Івана ці Яна Сабаку… Ня знойдзеце — няма ў нас такіх прозьвішчаў, бо слова “сабака” гучаць абразьліва, а кот, асабліва котка — сымбаль вольнасьці. Самай прывабнай зьяўляецца вольная жанчына, якая “гуляе сама па сабе” і кіруе мужчынам, якому гэта падабаецца”.

(Ракіцкі: ) “Адзін з апошніх твораў папулярнага беларускага паэта Леаніда Дранька-Майсюка якраз і прысьвечаны кату як свабоднай істоце. І для Дранька-Майсюка, і для іншых беларускіх пісьменьнікаў кот вельмі часты герой твораў”.

(Трусаў: ) “Уладзімер Арлоў прысьвяціў цэлы твор мілянскім катам. Арлоў лічыць, што кот увасабляе душу беларуса, і калі беларус памрэ, ён пераселіцца ў ката, таму што той свабодны. Кот у казцы, прозе, паэзіі заўжды зь беларусам. І невыпадкова, што найбольш беларусы ў хатах трымаюць катоў”.

(Ракіцкі: ) “Якія пароды былі традыцыйна папулярныя ў беларусаў?”

(Трусаў: ) “Ужо ў 19 стагодзьдзі існавала такая парода як сыбірскі кот, потым зьявіліся пэрсідзкі, ангорскі каты. Яшчэ пазьней, ужо ў савецкі час, зьявіўся сіямскі кот. Але самым папулярным заўжды заставаўся хатні кот-мешанец, які гуляе сам і прыходзіць начаваць у хату толькі зімою. Калі цепла, ён толькі пакажа гаспадару злоўленую мыш і тут жа адпраўляецца далей на паляваньне”.

(Ракіцкі: ) “У горадзе кот жыве ў кватэры, зь якой так проста яго не выпускаюць: ён можа зьбегчы. Гэта ў ідэале. Мне падаецца, што прыкметай савецкага гораду, дый напэўна сёньняшняй Беларусі становяцца бадзяжныя каты. Людзі сталі занадта чэрствыя — выкідаюць катоў на вуліцу”.

(Трусаў: ) “Маеце рацыю. Калі беларус быў гаспадар у сваім доме, то заўжды меў дзьвюх жывёлін у хаце: сабака пільнуе маёмасьць, котка ловіць мышэй, не дае гэтай маёмасьці патруціць. У кожнага былі свае функцыі, таму гаспадар сваіх сяброў ніколі не выкідаў. Савецкі ж чалавек, зь яго абыякавым выхаваньнем браў котачку для дзіцёнка, а потым выкідаў, таму што кот не дрэсуецца. І выкідаюць ня дзеці, а дарослыя — людзі, якія не разумеюць адказнасьці за сваю жывёліну.

Больш за тое, наша заканадаўства ніяк не бароніць жывёлаў, асабліва такіх, як кот (сабаку хоць неяк бароніць). На Захадзе ўжо даўно прыдумалі спосаб выгульваць ката: калі я быў у Фінляндыі, то бачыў, што на шнурочку выводзяць дзьвюх котак і сабаку разам. У нас гэта не прынята, і ката не выпускаюць на вуліцу, бо там ката могуць скалечыць і г. д. Мне хочацца думаць, што новая незалежная Беларусь прыме новы “Закон аб ахове жывёлаў”, дзе абароніць ката. Кот у нашай гісторыі ня раз ратаваў беларуса ад галоднай сьмерці і варты таго, каб яго шанавалі”.

(Ракіцкі: ) “І кот, як і чалавек таксама, варты таго, каб у сучасным цывілізаваным сьвеце быць абароненым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG