Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мір і вайна беларускага гораду ў 17–18 ст. Перадача другая: Ваенны год 1706

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Вайна Расеі са Швэцыяй, у якую быў уцягнуты і беларускі народ, распачалася ў 1770 годзе. Мы ж сёньня будзем гаварыць пра тое, як жыў беларускі горад Магілёў на шостым годзе вайны ў 1706 годзе. Мы выбралі менавіта гэты год з прычыны банальнай: прыходна-расходныя кнігі, якія зьяўляюцца дакумэнтальнай падставай нашай перадачы, за папярэднія гады не захаваліся. І гэта першая кніга, зь якой мы можам даведацца пра тое, як пачувался магілёўцы ў часе вайны 1700–1721 гадоў”.

(Ніна Здановіч: ) “З гледзішча значных матэрыяльных стратаў на гэты год — яны мінімальныя. Здаецца, што магілёўцам было камфортна, але гэта толькі на першы позірк. У ратушы быў прабіты дах, разбураныя дзьве печы, ушчэнт разьнесла адзін з гарадзкіх млыноў. Але ня гэта турбавала месьцічаў. Жудасна тое, што ўсе, ад апошняга бедака і да войта працавалі на вайну, фармальна ў ёй ня ўдзельнічаючы”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — археоляг Ніна Здановіч. Як адлюстроўвае прыходна-расходная кніга магілёўскага магістрату стан гораду ў ваенны час? Што зьмянілася ў гэтай кнізе ў параўнаньні зь мірным годам 1688-м, пра які мы гаварылі мінулы раз?”

(Здановіч: ) “Пачынаецца кніга адразу са стараннага пералічэньня падаткаў: колькі ўзята з ганчарных радоў, з грамадзкай лазьні, з млыну, з шынкоў. Калі мы пачынаем лічыць грошы?.. Калі іх застаецца вельмі мала. А праз пару месяцаў зьяўляюцца запісы пра вяртаньне магістратам адсоткаў ад пазычаных манастыром, уплывовых службовых ды прыватных асобаў грошай, бо самой пазыкі аддаваць не было чым”.

(Ракіцкі: ) “Магістрат займаўся толькі грашыма? А іншыя гарадзкія штотыдзённыя справы?”

(Здановіч: ) “Напачатку году месьцічы яшчэ былі ў стане займацца звыклымі справамі: выпраўлялі паслоў на соймік у Воршу, дэпутатаў на трыбунал у Наваградак і ў гонар Калядаў давалі банкет у ратушы для ўпраўляючага каралеўскім замкам. Аднак ужо ў пачатку чэрвеня пасылаюць да Воршы, да вялікакняскай службовай асобы з запытаньнем: ці пасылаць каго на сэймік з Магілёва? І зь цягам часу сярод штодзённых справаў ледзь ня самай важнай стала варка піва і прыгатаваньне мядовых напояў. Прычына гэтага высьвятляецца паступова”.

(Ракіцкі: ) “І усё ж — у чым найперш выяўляецца прысутнасьць вайны ў жыцьці магілёўцаў?”

(Здановіч: ) “Усё пазнаецца ў параўнаньні. Найперш (што адчулі месьцічы) зьнікае ранейшая шчодрасьць у разьліках за любую працу, якую заказваў магістрат — толькі грошы, безь пірагоў, піва ці гарэлкі. І гэта датычыцца любой працы. Не эканомілі толькі на рэлігійных сьвятах. Прыкладам, 23 траўня, як заўсёды на сьвята Божага Цела, ля ратушы ўзьвялі алтар, прыбралі яго кветкамі, нанялі сьпевакоў брацкіх. Але гэта хутчэй зьяўляецца цьверджаньнем узмацненьня рэлігійнасьці грамадзтва, як пры кожнай бядзе. Недарэмна вельмі часта ў кнізе сустракаем запісы кшталту:

“Таго ж дня [14 ліпеня] далі на малебны, абы Пан Бог гнеў свой ад места адвярнуў, на дзьве царквы, у Спаса і ў Брацкую. Асобна на ўсе цэрквы далі на малебны”.

(Ракіцкі: ) “Вайна і фронт набліжаліся да Магілёва… Як магістрат чакаў набліжэньня войскаў, якія вось-вось увойдуць у горад?”

(Здановіч: ) “Яны мяняліся па меры набліжэньня вайны. Спачатку гэта былі выправы на “дазоры”: да Бабруйску, Слуцку, Княжыц, на Палесьсе — зьбіраць зьвесткі пра набліжэньне войска маскоўскага ці швэдзкага. Да лютага магістрат яшчэ турбавалі каралеўскія “камісіі” (рэвізійныя). Але ў лютым у Магілёве сустракаюцца першыя палкі маскоўскага войска, і пачынаецца бясконцы клопат магістрату пра правіянт і фураж для войска, вылучэньне праваднікоў і перавозы праз Дняпро. Кожны дзень, а то і па некалькі разоў на дзень у магістрацкай кнізе зьяўляюцца запісы падобнага зьместу:

“Са згоды цэлага магістрату, на полк… пана Фасманта, царскага палкоўніка, купілі хлеба… баханак 200, асабліва для самога п.палкоўніка хлеба сітнага булак 100, панам капітанам і афіцэрам гэтага палку хлеба сітнага булак 20… Са згоды цэлага магістрату, казаў пан войт купіць на правіянт войску Цара іх міласьці сена вазоў 788, тады купіць на рынку сена вазоў 34…”

(Ракіцкі: ) “Мы цяпер чулі пра цара… . А як прысутнічаў у жыцьці месьцічаў сам цар Пётар І? Як яго называюць у кнізе?”

(Здановіч: ) “Часам яго яшчэ называюць “вялікім гасударам” (так, як яго называлі маскоўскія генэралы). Ён і “нябачнай” прысутнасьцю даўся ў знакі гараджанам і магістрату. Тройчы за год у Воршу, да цара выпраўлялася цэлая дэлегацыя на чале з войтам і бурмістрам “з паклонам” у выглядзе грашовых сродкаў, дарункаў (сярод якіх быў і срэбны паднос з пазалотай) і ежы. Там ужо колькасьць віна і “піва чавускага” (самага лепшага беларускага піва на той час) вымяраецца не гарцамі, а кадушкамі. У лютым падносяцца яблыкі копамі, у чэрвені — ракі й гуркі зь яблыкамі. Кожны раз на выправу да цара выпякаецца спэцыяльны “вялікі пірог” і купляецца хустка, каб пакрыць яго”.

(Ракіцкі: ) “Цар — гэта вяршыня піраміды з генэралаў, гетманаў… З кім яшчэ “завочна” пазнаёміліся магілёўцы за гады вайны?”

(Здановіч: ) “Зь “вялікіх военачальнікаў” — яшчэ з гетманам Мазепай, які быў у той час у Шклове, таксама з гетманам Вішнявецкім, з князем Пацёмкіным, князем Меншыкавым (якога чамусьці называлі Меншыкам) і іншых. Але найбольш даскулялі гараджанам непасрэдныя кантакты з маскоўскімі генэраламі”.

(Ракіцкі: ) “Дысьлякацыя войска ў горадзе, пэўна, найвялікшая падзея часоў вайны. Як складваліся адносіны з вайскоўцамі магістрату і гараджанаў?”

(Здановіч: ) “Паступова горад стаў жыць па законах ваеннага часу. Першая ластаўка зьявілася яшчэ ў лютым, калі маскоўскае войска становіцца на пастой у горадзе, а пасьля зьяўляюцца “царскія камэнданты”, і ўлада мяняецца. Прыкладам, да таго, як прыйшло маскоўскае войска, асноўным даходам магістрату ў гаспадарчай дзейнасьці была нарыхтоўка сена. Але сталася, як у дрэнным жарце: было ваша — стала наша. Цяпер ужо “са згоды цэлага магістрату купілі ў пана палкоўніка Валхонскага сена тры вялікіх стагі, за каторыя заплацілі 340 зл.”. Даходзіла нават да абсурду: на сродкі магістрату будавалі мост праз Дняпро, а пасьля магістрат хадзіў з паклонам, каб месьцічам дазволілі гэтым мастом карыстацца і лавіць рыбу ў Дняпры… Вось такія адносіны…”

(Ракіцкі: ) “Відаць, ня толькі праблемы з фуражом узьніклі ў магістрату, таму што сутыкнуліся дзьве адрозныя побытавыя культуры: шляхецкая і баярская, ды яшчэ ва ўмовах ваеннага часу?”

(Здановіч: ) “Дадайце сюды яшчэ тутэйшую памяркоўнасьць ды кансэрватызм. Таму атрымліваліся вельмі складаныя стасункі. Са зьяўленьнем чарговага палку ці камэнданта магістрат імкнуўся ўлагодзіць яго (мы ж памяркоўныя), таму заўсёды ладзілі банкеты ў іх гонар ды ішлі “з паклонам”.

Гэта ўсё каштавала 95 злотых, у той час, як усе дэпутаты падчас сэсіі патрацілі на сябе толькі 3 злотыя. Акрамя таго, празь некалькі месяцаў радцы зразумелі, што шляхецкімі дарункамі накшталт мігдалаў ды заморскага віна зь медавухай генэралаў не ўлагодзіш, бо яны больш паважалі гарэлку. Таму з чэрвеня да ранейшага спісу “паклону” дадаецца “гарэлка добрая” для іх і “простая для астатніх вайскоўцаў”.

(Ракіцкі: ) “Беларуская літаратура 20 стагодзьдзя мае шмат прыкладаў таго, што героі спадзяваліся выжыць, уратавацца ў вайну з дапамогаю гандлю ці водкупу менавіта гарэлкаю: гэта і Пятрок са “Знаку бяды” В.Быкава, і Мікіта Зносак з “Тутэйшых”. Хто ж зьмікіціў, што гарэлка ў гэтай вайне — рэч ратавальная?”

(Здановіч: ) “Мяркуючы па запісах, першыя былі салдаты і габрэі. Менавіта са скаргаю на іх вымушаны былі двойчы хадзіць радцы да камэнданта”.

(Ракіцкі: ) “А ці відаць з прыходна-расходнай кнігі, дзе і як жылі вайскоўцы?”

(Здановіч: ) “Жылі яны, і гэта самае жудаснае для месьцічаў, па кватэрах. Гэта называлася “стаць на экзэкуцыю”. У кастрычніку яны дабраліся ўжо да дому войта і ратушы, а ў хаце бурмістра зрабілі генэральскую кухню. І магістрацкая кніга стала нагадваць кнігу асартымэнту тавараў сучаснага гастраному, дакладней — гуртовай базы: выдадзеныя боханы хлеба за раз перавальвалі за сотню, птаства дзясяткамі, а жывёлы — тушамі ці жывой вагой. Асабліва даўся ў знакі генэрал Баур: за месяц аднаго піва яму больш чым 600 літраў аднесьлі. Апэтыты яго былі бачныя ад самага прыезду, калі на яго двор выдаткавалі адразу пяць гарцаў віна (памножце гэта на 3,2 літра). На яго прыслугу — 2 кадушкі піва, кадушку мёду, а ўжо яму асабіста — 6 курэй, 6 гусей, асятрыну, вэнджаных шчупакоў…”

(Ракіцкі: ) “Нейкае абжорства…”

(Здановіч: ) “А ўявіце сабе, што такія запісы паўтараліся штодня. Да таго ж Баур вельмі любіў бараніну, таму сьвежыя баранчыкі йшлі на яго кухню амаль кожны дзень”.

(Ракіцкі: ) “Цікава, як на ўсё гэта рэагаваў магістрат?”

(Здановіч: ) “Магістрат бясконца абмяркоўваў падаткі правіянтавыя, альбо хадзіў з паклонам да генэралаў, каб гэтыя падаткі зьменшыць. Па магчымасьці магістрат працягваў займацца дабрачыннай дзейнасьцю, хоць яна найчасьцей абмяжоўвалася арганізацыяй пахаваньняў, як у любой вайне”.

(Ракіцкі: ) “На што спадзяваліся жыхары беларускіх гарадоў на пачатку 18 стагодзьдзя ў той — расейска-швэдзкай вайне?”

(Здановіч: ) “Што калі-небудзь яны вывезуць за Дняпро апошні маскоўскі полк. І йзноў, як некалі, будуць касіць сена, цадзіць мёд, варыць піва ў патрэбную пару і для сябе, а з пушак будуць паліць толькі падчас царкоўных сьвятаў”.
XS
SM
MD
LG