Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сёньня мы паспрабуем уявіць штодзённае жыцьцё беларускага гораду 17–18 стагодзьдзяў. Што хвалявала месьцічаў? Якімі клопатамі жыў магістрат, людзі, улады, горад? Асабліва фантазіяваць нам не давядзецца, бо дапамогуць унікальныя дакумэнты — прыходна-расходныя кнігі Магілёва. Гэтаму тыпова беларускаму гораду пашанцавала — гэтыя кнігі захаваліся. Менавіта гэтыя кнігі найболей поўна захавалі штодзённыя патрэбы і клопаты гораду цягам стагодзьдзяў. Зь іх можна атрымаць уяўленьне, якім быў той ці іншы горад у цэлым. Прыкладам, год 1688-ы… Ён быў трывожны ці спакойны?”
(Ніна Здановіч: ) “Хутчэй — апошняе. Пра гэта сьведчыць разьмеранасьць, дзелавітасьць, рэгулярнасьць выплаты заробкаў службоўцам. Дарэчы, атрымлівалі заробак раз на два тыдні. Гэта сьведчаньне ўпарадкаванасьці мірнага жыцьця гораду:
“Пляцовым чалавекам — 5, кожнаму ўперад за тыдняў два, па залатых — 4. Дзеду старому, каторы ў брамцы Дубровенскай сядзіць, за тыдні два, залатых — 2”.
(Ракіцкі: ) “Мая госьця — археоляг Ніна Здановіч. І мы будзем гаварыць зь ёй пра год 1688-ы — мірны год беларускага гораду. Спадарыня Ніна, дык чым жа вызначаліся штодзённыя справы месьцічаў у гэтым годзе?”
(Здановіч: ) “Кола дзён вызначаў найперш земляробчы каляндар. Улетку магістрат займаўся арганізацыяй нарыхтоўкі сена, аўса каням. Узімку на ўсе казённыя дамы — ратушу, турму, вартоўні — трэба было набываць дровы. Пазначаюцца ядловыя альбо бярозавыя. Дзеля забесьпячэньня чысьціні ў горадзе набываліся венікі, рыдлёўкі, ліхтары. Для справаводзтва ў ратушу патрэбная была папера. І ўсім трэба было своечасова набыць сьвечкі”.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, у кнізе адлюстраваная ўся складаная гаспадарчая дзейнасьць. Напэўна ж, пры магістраце працавала цэлае войска службоўцаў?”
(Здановіч: ) “Так, і мы можам зь імі пазнаёміцца праз гэтую кнігу. Згадваюцца восем пляцовых — яны вартавалі месца. Згадваецца клікун, пушкары, дворнік, дзясятнік і гадзіншчык, якога яшчэ называлі зэгармістар”.
(Ракіцкі: ) “І за што плацілі клікуну ў той год?”
(Здановіч: ) “Улетку ён абвяшчаў у той год, каб у дамах і крамах была вада — магчыма, гарачае лета было. Перад самым жнівом ён папярэджваў, каб коней на пожні не пушчалі, альбо каб не пасьлі быдла ля вала”.
(Ракіцкі: ) “Ці можам мы знайсьці аналягі сучасных службоўцаў?”
(Здановіч: ) “Так. Гэта паштмайстар, які адказваў за паштаваньне паміж Магілёвам і Варшавай, Магілёвам і Горадняй. Яму пэрыядычна выдаваліся на гэта праезныя грошы”.
(Ракіцкі: ) “Ці былі тады нейкія традыцыйныя сьвяты ў Магілёве?”
(Здановіч: ) “Ва ўдалы, спакойны год, якім і быў менавіта гэты год, гэтых сьвятаў было шмат: сьвята Божага Нараджэньня, Уваскрэсеньне Хрыстова, Сьвятога Духа, Зьмітроўская сыбота і г.д.”.
(Ракіцкі: ) “А як сьвяткавалі?”
(Здановіч: ) “Да сьвятаў слугам мескім выдавалі, кажучы звыклым нам словам, прэмію. Памер залежаў ад важкасьці асобы — каму залатоўку, каму, прыкладам, як дзясятніку, на асьмак больш. Людзям магістрацкім на адзеньне выдавалі грошы альбо выдавалі само адзеньне. Каму кажух, каму жупан, а пушкару — сярмягу. На сьвята горад прыбіраўся. Прыкладам, у красавіку, на сьвята рымскае, нанялі чатырнаццаць чалавек, каб пачысьціць вуліцы. Магістрат даваў порах на сьвяты, і асобна — пораху на пабудак. Бачыце — сьвяты былі з салютамі”.
(Ракіцкі: ) “У сучасным сьвеце, калі гавораць пра той ці іншы горад, звычайна адзначаюць, ці чысты і дагледжаны ён, ці брудны. Ці можна казаць пра горад канца 17 стагодзьдзя ў такім вось пляне? Ці дбаў магістрат пра стан і чысьціню гораду?”
(Здановіч: ) “У першую чаргу пастаянна даглядалі за гарадзкімі ўмацаваньнямі. Самі рамантавалі масты, брамы, куплялі да іх замкі. Масты і вуліцы чысьцілі й дбалі пра чысьціню. З усіх гарадзкіх працоўных мерапрыемстваў месьцічы ў 1688 годзе запомнілі пакрыцьцё вала новым дзірваном. Аж цэлых два месяцы ледзь ня ўсім мірам рабілі гэтую працу”.
(Ракіцкі: ) “А ўвогуле, што ўваходзіла ў абавязкі магістрату? З чаго складалася яго “дзелавое жыцьцё”?”
(Здановіч: ) “Час ад часу праз горад праяжджалі паслы ад караля да цара, альбо наадварот, праяжджалі паштары з дыпляматычнай поштай. Адбываліся таксама паседжаньні магістрату ў сувязі з прыёмамі. Археолягі, якія ў канцы 1970-х гадоў пачалі раскопваць ратушу, вельмі зьдзівіліся, таму што на ратушы ледзь ня скрынямі зьбіралі рэшткі шклянога і керамічнага посуду. Яны не маглі вытлумачыць, ад чаго гэта паходзіць. І толькі магістрацкая кніга дала адказ на гэтае пытаньне — гэта крокі бясконцых прыёмаў і праводзінаў. Мы чытаем пра праводзіны паслоў на сойм у Горадню і Варшаву, прыёмы розных сьвецкіх і духоўных асобаў (прыкладам, як ксяндза Ждановіча архідыякана беларускага), паслоў ад караля да цара рускага. Не забываліся пра сябе паны-радцы і падчас так званых сэсіяў. Часта у магістрацкай кнізе чытаем ў розных варыянтах наступныя радкі:
“За картаю пана войта, заплацілі за тры і палову гарцаў віна ў дому Кашэнкіным, пад бытнасьцю розных паноў шляхты ксяндзоў у дому пана войта, залатовак 8 і асьмакоў 22. Яшчэ заплацілі за тры гарца піва ў дому Пуцяніным, якое набрана на ратушу рознымі часамі для пана войта, па асьмакоў пяць і шэлягу, чыніць асьмакоў 17 і шэлягі два”.
(Ракіцкі: ) “Паны-радцы не забываліся пра сябе, займаючыся грамадзкімі справамі. А ці перападала што-небудзь месьцічам?”
(Здановіч: ) “Безумоўна. Прыкладам, як пачалі рабіць мост у браме Дубровінскай, выдзелілі грошы работнікам ня толькі на матэрыял і за працу кожны дзень, але на ўсіх чатыры асьмакі на пірагі, асобна гарнец піва і гарэлкі кварту. І так кожны дзень.
“За расказанем пана войта і паноў магістратавых, пачалі мост у браме Каралеўскай цесьлі рабіць, каторым цесьлям выдалі чалавекам 6 наперад…, кожнаму на дзень па залатому і асьмакоў — 3… Таго ж дня дойлідам на пірагі па асьмакоў — 2… Гарэлкі на браме бяз грошай набралі паўгарца”.
(Ракіцкі: ) “Такую традыцыю захавалі беларусы, наймаючы да сябе майстроў на якую-небудзь працу альбо на будоўлю”.
(Здановіч: ) “Так. Традыцыйная для беларусаў — дамова на выкананьне працы плюс харчы гаспадара. Таксама на такіх жа ўмовах наймаюць на лета пастухоў у вёсках”.
(Ракіцкі: ) “Зь ежаю зразумела. А як наконт адзеньня?”
(Здановіч: ) “Існавала традыцыя ў канцы году выдаваць грошы на кажухі пляцовым людзям. А падчас выправы на сойм у Горадню, прыкладам, купілі кажухі, шапкі й боты прыслузе, што ехалі разам з дэпутатамі. Горад дбаў пра тое, каб службоўцы любога рангу былі прадстаўнічыя, таму што службовец — гэта твар гораду. Адзеньне было не ўніфікаваным, а менавіта прадстаўнічым”.
(Ракіцкі: ) “Зразумела, што ўсе мерапрыемствы магістрат ладзіў, кажучы сучаснаю моваю, на грошы падаткаплатнікаў. Ці былі абыякавыя радцы да памераў гэтых падаткаў?”
(Здановіч: ) “Мы можам меркаваць пра зацікаўленасьць іх у тым, каб аддаваць як мага менш са сваіх прыбыткаў. Таму пэрыядычна адпраўлялі дэлегацыю з “паклонам” да ўплывовых дзяржаўных мужоў. Прыкладам, да эканома Магілёўскай эканоміі, ці да пісара Вялікага Княства Літоўскага. Прычым памеры такога калектыўнага, ад імя гораду, “паклону”-хабару з падрабязным пералікам усяго — ежы, рэчаў, грошай — старанна заносіліся ў расходную кнігу:
“Пры бытнасьці яго міласьці пана Сакалінскага — пісара Вялікага Княства Літоўскага, панове магістратовыя з паклонам хадзілі; найперш: перцу фунт — 1, імбіру фунт — 1, цукру фунтаў — 3, разынак вялікіх фунта — 2, мігдал фунт, шафрану лот — 1, віна інфлянскага добрага гарцы — 2, талераў бітых — 20 (150 залатых), фляш гарцовых — дзьве”.
(Ракіцкі: ) “Ці займаліся тады дабрачыннасьцю афіцыйныя ўлады?”
(Здановіч: ) “Запісы пра гэтую дзейнасьць раз-пораз трапляюцца. Гэта пераважна падарожныя розным людзям. Час быў адносна спакойны, таму такіх падарожных было шмат.
“Яну Станкевічу, студэнту вандроўнаму вяльможнаму, залаты адзін”.
Падарожнічалі ня толькі студэнты, але і сьвятар, якому ў кастрычніку далі крыху больш за залатоўку ў дарогу. У лютым у Магілёў прывандравалі чарняцы з гары Атонскай, якім таксама дапамаглі — далі дзесяць залатовак. Здаралася дапамагаць і ў сумных прычынах: на вуліцы памёр падарожны, і магістрат набыў яму труну. Самае цікавае з дабрачыннасьці: магістрат узяў на ўтрыманьне ранейшага войта. Кожны тыдзень на старонках прыходна-расходнай кнігі ў розных варыянтах сустракаецца падобны запіс:
“Шашкевічу, былому войту, на тыдзень на страву залаты і асьмакоў — 12. Таму ж піва гарцаў сем, на кожны дзень па гарцу”.
Калі ўлічыць, што гарнец — гэта 3 і 2/10 літра, то яго шчодра забясьпечылі ня толькі ежаю”.
(Ракіцкі: ) “Мы гаворым, што 1688 год — год адносна пакойны і мірны. І тым ня менш, недзе далека ад Магілёва ішла вайна з туркамі. Ці адчувалася яна ў горадзе беларускім?”
(Здановіч: ) “Мяркуючы па нясьпешнасьці й разьмеранасьці жыцьця гораду, яна была нечым далёкім. Магістрат больш дбаў пра чыстку лаваў і сталоў у ратушы, чым пра тую вайну. Толькі аднойчы згадваецца пра ганца з далёкай Пэрсіі, якому выдалі падарожную, ды далі залатоўку жаўнеру, які выйшаў з турэцкай няволі. Праўда, наступствы кантактаў з туркамі ці ўдзельнікамі той вайны выявіліся ў распаўсюдзе тытуню і звычаю паленьня. Люлькі для аматараў гэтага зельля — звыклая знаходка археолягаў менавіта ў пластах канца 17 стагодзьдзя”.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, год 1688-ы, у які мы сёньня вярнуліся пры дапамозе прыходна-расходнай кнігі Магілёва, можна назваць удалым і шчасьлівым для месьцічаў — год міру”.
(Здановіч: ) “Так. Калі азірацца назад гадоў на дваццаць, дзе былі жудасныя гады вайны з Масковіяй, якою палохалі дзяцей, і якую згадвалі як далёкае мінулае, год 1688-ы можна назваць годам шчодрасьці й раскошы. І з гэтага году ўсе месьцічы, а ня толькі радцы і госьці, мабыць, не адзін год згадвалі як выбітную падзею ня нейкую бяду, а банкет у ратушы ў гонар эканома Магілёўскага замку, які сваім размахам мог бы супернічаць з багатым вясельлем”.
(Ракіцкі: ) “Але наперадзе магілёўцаў чакалі ўжо выпрабаваньні — ізноў запахла порахам, і жыцьцёвы вэктар міру павярнуў на вайну…”