Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азартныя гульні беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Зблытаць карты, карты ў рукі, карта біта, раскрыць карты, скласьці карты, ставіць на карту, паставіць на цёмнага коніка… Здаецца, у беларусаў яшчэ можна прыгадаць шмат самых розных выслоўяў, пагаворак, прымавак, зьвязаных з картачнымі гульнямі, з азартнымі гульнямі. Ці сапраўды беларусы азартны народ?”

(Алег Трусаў: ) “Спрадвеку беларусы любілі азартныя гульні й гулялі ў іх, пачынаючы з 10 стагодзьдзя. Часам гэтыя гульні з настольных ператвараюцца ў гульні палітычныя, ад якіх залежыць лёс нацыі”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — археоляг і гісторык Алег Трусаў. Спадар Алег, вы сказалі, што беларусы шмат стагодзьдзяў гуляюць у азартныя гульні. Якая ж самая першая азартная гульня і калі яна ўзьнікла?”

(Трусаў: ) “Першая гульня ў Беларусі — гульня ў косьці. Нашыя археолягі знайшлі велізарную колькасьць гэтых касьцей самых розных тыпаў. Гульні ў косьці былі розныя. Прыкладам, у Берасьці, у слаях 13 стагодзьдзя знайшлі косьць для гульні ў форме куба з рабром 1 сантымэтар, на кожнай грані цыркульным арнамэнтам нанесеныя вочкі ад аднаго да шасьці”.

(Ракіцкі: ) “А з чаго выраблялі тады косьці?”

(Трусаў: ) “Звычайна з ласіных ці іншых рагоў, ну а самыя дарагія — гэта слановыя ці маржовыя косьці”.

(Ракіцкі: ) “Яны былі завазныя?”

(Трусаў: ) “З поўначы Эўропы праз Ноўгарад трапляў да нас “кітовы вус” — маржовая косьць”.

(Ракіцкі: ) “Я разумею, што сёньня вельмі цяжка аднавіць нейкія правілы гульні ў косьці, але ў прынцыпе, паводле таго, як яны выглядалі, ці можам мы сказаць пра падабенства правілаў гульні зь сёньняшнімі?”

(Трусаў: ) “Так. І адной з азартных гульняў была гульня ў шашкі, якія таксама выразаліся з касьцей. Мне давялося ў Горадні знайсьці ўнікальную костку, на якой намаляваная першая на Беларусі шахматная дошка. Гэта так званая гульня ў “млын”.

(Ракіцкі: ) “А чаму вы так упэўнена кажаце, што і косьці й шашкі — азартныя гульні, гаворачы пра вельмі аддалены час?”

(Трусаў: ) “Рэч у тым, што захаваліся пісьмовыя крыніцы. І ў пісьмовых крыніцах, прыкладам, Магілёва ёсьць успаміны аб тым, як магілёўцы азартна гулялі й у косьці, і ў карты. Маладога паніча пакаёўкі патаемна вучылі гуляць у азартныя гульні”.

(Ракіцкі: ) “Вы адносіце і косьці й шашкі да гульняў ніжэйшых саслоўяў, а арыстакратыя — у што гуляла яна?”

(Трусаў: ) “Спачатку арыстакратыя гуляла і ў шашкі, і ў шахматы “на інтарэс”. У канцы 14 стагодзьдзя ў Эўропу прыходзяць карты, і адразу становяцца гульнёй арыстакратыі, бо простым людзям у карты забаранялася гуляць законам”.

(Ракіцкі: ) “Карты да нас прыходзяць з Эўропы, дзе, пэўна, на той час ужо існавалі пэўныя правілы гульні”.

(Трусаў: ) “Самае цікавае, што прыдумалі карты кітайскія жанчыны (уключаючы адну з прынцэс Кітаю) у 9 стагодзьдзі нашай эры. Жанчыны нават напісалі кнігі, як гуляць у карты. У 11 стагодзьдзі кітайцы зрабілі папяровыя карты. Потым гэтую традыцыю пераняў ісьлям — арабы. Прыкладам, была знойдзеная калода карт эгіпэцкіх мусульманскіх картаў колькасьцю 52 адзінкі. Гэтыя карты ўжо падзеленыя на чатыры звыклыя для нас масьці. Потым у канцы 14 стагодзьдзя італьянцы завезьлі гэтыя карты ў Эўропу”.

(Ракіцкі: ) “Карты рабілі пераважна з паперы. На якой падставе можна сказаць, як выглядалі карты ў розныя эпохі нашага часу?”

(Трусаў: ) “Друкарскі станок прыдумаў Ёган Гутэнбэрг, які таксама вырабляў карты. Каб выжыць, ён вырабляў карты на продаж, у якіх друкаваў на заднюю частку малюнкі для сваіх шыкоўных кніг”.

(Ракіцкі: ) “А ў нас друкавалі?”

(Трусаў: ) “Я думаю, што ў друкарнях 16 стагодзьдзя вялікай колькасьцю друкаваліся карты, таму што ў карты гуляла ўся наша магнатэрыя, уся наша шляхта”.

(Ракіцкі: ) “І, напэўна, прайграе замкі?”

(Трусаў: ) “Канечне, гэтыя гульні прыводзілі да таго, што і маёнткі закладалі, і сям’ю маглі закласьці, што гаворыць пра супэразартную душу беларуса”.

(Ракіцкі: ) “Існуе такая вэрсія, што шляхта прапіла ў свой час нашу краіну. Шляхта напэўна, фігуральна кажучы, прайграла яе і ў карты”.

(Трусаў: ) “Тым больш, што расейскі амбасадар спэцыяльна падкідваў шляхце для гэтага золата. Ён пазычаў чырвонцы, якія шляхта прагульвала і станавілася закладнікамі, што вымушала займацца і палітычнымі гульнямі з дапамогай Расеі за расейскія чырвонцы ў 18 стагодзьдзі”.

(Ракіцкі: ) “Магнатэрыя і шляхта любіла розныя рытуалы. Гульня ў карты рабілася рытуалам?”

(Трусаў: ) “Асабліва для мужчынаў, якіх пакаёўкі таемна вучылі правілам гульні. Ёсьць апісаньні больш як пятнаццаці картачных гульняў у Беларусі. І далей у 19–20 стагодзьдзях, уся нашая інтэлігенцыя, асабліва адраджэнцы, вельмі любілі бавіць час за картамі, гулялі таксама й на грошы”.

(Ракіцкі: ) “Калі ўзьнікае картачная тэрміналёгія, і як доўга нашая беларуская картачная тэрміналёгія праіснавала?”

(Трусаў: ) “У 19-м — пачатку 20 стагодзьдзя яна была ўжо надзвычай распрацаваная. Вельмі добра апісваў картачную гульню Якуб Колас, які, відаць сам любіў гуляць у карты. У сваёй хрэстыматыйнай кнізе “На ростанях” ён распавядае пра картачную гульню з назваю “тэфтэль” альбо “дзявяты вал” аж на 10–15 старонках. Уся тэрміналёгія Коласам выпісана зь любоўю, што гаворыць аб тым, што ён і сам, будучы настаўнікам, ня раз ставіў апошнія грошы на кон”.

(Ракіцкі: ) “Якуб Колас — гэта савецкі час. Я згадваю сваё дзяцінства, калі ні бацькі мае, ні тым больш у школе не ўхвалялі гульні ў карты, нават у такую, здавалася б, бяскрыўдную гульню, як у “падкіднога дурня”.

(Трусаў: ) “Справа ў тым, што бальшавікі ставіліся да азартных гульняў дваіста. З аднаго боку, яны кляймілі ўсе азартныя гульні, асабліва гульню ў карты — як “гульні дваранства”. Самі ж неадукаваныя, непісьменныя сяляне не маглі гуляць у такія гульні як прэфэранс. З другога боку, бальшавіцкая эліта была сама з двара (дастаткова ўспомніць Леніна і Луначарскага), таму яна сама гуляла, забараняючы іншым. Дазвалялася друкаваць карты, іх можна было набыць у кожнай краме. Існавалі таксама гурткі савецкай камуністычнай інтэлігенцыі, якія за вузкім колам разыгрывалі ўсе гэтыя гульні ў вялікай колькасьці, але гэта рабілі як бы патаемна”.

(Ракіцкі: ) “А як вы растлумачыце такі факт: ня так даўно зьявілася ўрадавая пастанова аб рэглямэнтацыі правілаў гульняў у карты ў казыно. Гэтую пастанову ўхваляў нават сам Аляксандар Лукашэнка”.

(Трусаў: ) “Гульня ў карты прыносіць велізарныя даходы. Усе ведаюць славуты Лас-Вэгас, які прыносіць Амэрыцы шалёныя даходы. І невыпадкова ў незалежнай Беларусі зноў зьявіліся казыно, якія пры камуністах былі забароненыя. Дзяржава нарэшце дакумекала, што калі гэты бізнэс адпусьціць на волю, то ня будзе мець ніякіх даходаў. Таму цяпер дзяржава хоча атрымаць сваю долю з гэтага бізнэсу. Падпісаў гэты ўказ Лукашэнка, дарэчы, зь вялікім спазьненьнем — велізарная колькасьць грошай проста сплыла”.

(Ракіцкі: ) “Не атрымалася ні ў дзяржавы, ні ў беларусаў, пабудаваўшы Лядовы палац, стаць канькабежнай Галяндыяй. Вы цьвердзіце, што беларусы — азартны народ. Можа, сапраўды мы — з падпісаньнем гэтых пастановаў і паадчыняўшы казыно — станем Лас-Вэгасам?”

(Трусаў: ) “Усё залежыць, на якім грунце гэта збудаваць: калі на нацыянальным і будзем гуляцьу нашых казыно ў апісаны Коласам “дзявяты вал” — станем; калі будзем запазычваць “рускую рулетку” — то ня станем, мы проста загінем, гэта небясьпечная гульня”.

(Ракіцкі: ) “А чым лепш “дзявяты вал” за “рускую рулетку” ці лёто?”

(Трусаў: ) “Спэцыфіка беларускай картачнай гульні ў тым, што яна давала магчымасьць рабіць маленькія стаўкі й не распранала чалавека да канца. Гэта падобна да лёто і паказвае на памяркоўнасьць беларускай гульні, дзе немагчыма прайграць маёнтак ці дом. У “рускую рулетку” ж можна жыцьцё прайграць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG