Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шахматы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае археоляг Алег Трусаў

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Вядома, што з усіх гульняў самай інтэлектуальнай зьяўляецца гульня ў шахматы. Зрэшты, паводле папулярнасьці шахматаў у той ці іншай краіне можна меркаваць і пра інтэлектуальны ўзровень нацыі”.

(Алег Трусаў: ) “Шахматы здавён былі самай інтэлектуальнай гульнёй у Эўропе. І беларусы тут таксама займаюць тут пачэснае месца. Менавіта на гарадзішчы, дзе ўзьнік старажытны Менск, была знойдзеная самая старажытная шахматная фігурка ва Ўсходняй Эўропе, якая датуецца аж 11 стагодзьдзем”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Трусаў, давайце зараз згадаем, калі і дзе ўзьнікла гэтая гульня — шахматы?”

(Трусаў: ) “Большасьць дасьледчыкаў прыйшла да высновы, што шахматы ўзьніклі ў старажытнай Індыі дзесьці ў 5–6 стагодзьдзях н.э. Старажытнаіндыйскія шахматы адрозьніваліся ад сёньняшніх. Там адначасова на шахматнай дошцы гулялі чатыры чалавекі й было чатыры шахматныя войскі. У індусаў гэтую гульню запазычылі арабы. Адбылося гэта ў 7–8 стагодзьдзях. І іменна дзякуючы арабам шахматы рознымі шляхамі трапілі ў Эўропу”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, якое паходжаньне мае слова “шахматы”? Мы ведаем, што кульмінацыяй гэтай гульні зьяўляецца шах, а затым і мат. Дык адкуль гэтая назва?”

(Трусаў: ) “Адна з вэрсіяў, што “шахматы” маюць пэрсідзка-арабскае паходжаньне: слова “шах” — гэта “гасудар”, “кароль”, “цар”, а слова “мат” перакладаецца як “памёр”. І ўсё гэта перакладаецца як “кароль памёр”. Другая вэрсія — гэта цалкам пэрсідзкае слова, і азначае тое ж самае”.

(Ракіцкі: ) “А як выглядалі самыя першыя шахматныя фігуры — пэўна ня так, як сёньня?”

(Трусаў: ) “У старажытнай Індыі кожная фігура мела сваю канкрэтную скульптурную выяву і была шэдэўрам плястыкі. Калі гэта быў шахматны слон, то гэта быў баявы слон, калі гэта быў шахматны шах — гэта быў раджа ці візыр; пешка, адпаведна, была са зброяй. Арабам было забаронена Каранам рабіць выявы жывых істотаў, і яны так стылізавалі індыйскія шахматы, што засталіся толькі нейкія намёкі на жывыя фігуры. Цікава тое, што ў Беларусі існавалі две традыцыі — стылізаваныя шахматы і шахматы-выявы, творы мастацтва”.

(Ракіцкі: ) “Калі шахматы зьявіліся ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “Існуе некалькі шляхоў, якімі шахматы трапілі ў Эўропу. Адзін зь іх — усходні шлях. Дасьледчыкі зрабілі выснову, што ва Ўсходнюю Эўропу шахматы маглі трапіць па волскім шляху, шлях з “варагаў у грэкі” — і праз славуты Хазарскі каганат. Ня трэба забывацца на тое, што радзімічы пэўны час плацілі даніну хазарам. Хутчэй за ўсё, гэта і ёсьць шляхам шахматаў у Беларусь”.

(Ракіцкі: ) “А які пэрыяд гісторыі Беларусі можна пазначыць як пэрыяд шахматнай краіны?”

(Трусаў: ) “Можна вызначыць два этапы. Першы — гэта 11–13 стагодзьдзі. Шахматныя фігуркі гэтага часу знойдзеныя літаральна ў кожным беларускім горадзе. Калі мы паглядзім на археалягічную мапу шахматных знаходак ва Ўсходняй Эўропе, Беларусь займае там пераважнае месца”.

(Ракіцкі: ) “Адным з самых распаўсюджаных сувэніраў зьяўляюцца шахматы. І ведама, што над шахматнымі фігурамі працуюць мастакі. Ці быў такі звычай у Беларусі?”

(Трусаў: ) “Быў. Прыкладам, у шыкоўным альбоме Высоцкай “Плястыка Беларусі” зьмешчана пяць унікальных шахматных фігураў:
– ладзьдзя, знойдзеная ў Горадні, вырабленая з прыгожага каменю;
– унікальны латнік — пешка-барабаншчык з Ваўкавыску;
– шахматная ладзьдзя з Ваўкавыску;
– унікальны кароль зь Берасьця;
– унікальная фігура фэрзя, знойдзенная ў Лукомлі.

Гэтыя шэдэўры мастацтва абышлі ўсе энцыкляпэдыі, падручнікі і кнігі пра старажытныя шахматы”.

(Ракіцкі: ) “Вы назвалі некаторыя шахматныя фігуры ня так, як яны гучаць цяпер. Зрэшты, калі пачытаеш знакамітую прыпавесьць У.Караткевіча “Ладзьдзя роспачы”, дзе герой гуляе ў шахматы са сьмерцю, сустракаеш унікальныя і цікавыя назвы фігураў. Спадар Трусаў, як называліся ў мінулым шахматныя фігуры ў нас?”

(Трусаў: ) “Караткевіч у сваім творы адрадзіў нашыя старажытныя назвы. Пачнем з такой унікальнай фігуры як ладзьдзя. Гэта тыповая назва фігуры ў славянаў, бо ў індусаў ладзьдзя называлася “баявая калясьніца” і выяўляла баявую калясьніцу. Арабы мадэрнізавалі гэтую калясьніцу, назваўшы яе “рух” — мітычная птушка зь вялікімі крыламі. Гэтая славянская ладзьдзя ў эўрапейцаў называлася “вежа” альбо “тура”. Таму ў нашай шахматнай тэрміналёгіі існуе як “ладзьдзя”, так і “тура”.

Возьмем такую фігуру, як фэрзь. Караткевіч яго правільна назваў “візыр” — дарадца караля. Славяне запазычылі слова “фэрзь”, а эўрапейцы фэрзя назвалі “каралевай”.

Таксама цікавая назва “слон”, якая ідзе ад індусаў. Гэтая фігура ў баўгараў называлася “афіцэр”, і ў беларусаў таксама сустракаецца гэтая назва.

У заходнеэўрапейскай традыцыі каня называлі “вершнікам” (гэта ня проста конь, а вершнік на кані).

Пешка, альбо пешцы — пяхота ў славянаў яшчэ ў 8–9 стагодзьдях; тэрмін старажытнаславянскі. Так, у Караткевіча выводзіцца назва “латнік”. І мне здаецца, што гэтая назва больш адпавядае фігуркам, тым больш, што гэта ўжо былі ўзброеныя пешыя латнікі”.

(Ракіцкі: ) “А зь якога матэрыялу выраблялі шахматы ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “Матэрыял самы розны. Найпрасьцейшыя выразалі з дрэва (так, у Менску знойдзена больш драўляных шахматаў), а больш дарагія выраблялі з косьці. Дарэчы, былі знойдзены рэшткі касьцярэзных майстэрняў. Адну з такіх майстэрняў, у якіх выразаліся шахматы, археолягі знайшлі ў Друцку, а мне пашанцавала касьцярэзную майстэрню знайсьці ў Амсьціславе — там выразалі шашкі. А раз выразалі шашкі, то маглі выразаць і шахматы. І таксама камень… Унікальная ладзьдзя з Горадні зроблена зь вельмі прыгожага каменю”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, шахматы за часы нашай даўняй гісторыі (прыкладам, за часы ВКЛ), былі гульнёю, распаўсюджанай у магнацкім асяродзьдзі?”

(Трусаў: ) “І пра гэта сьведчаць археалягічныя знаходкі. Унікальная калекцыя шахматаў была знойдзеная падчас раскопак Тракайскога альбо Троцкага замку — аж дзесяць фігураў. Гэта гаворыць аб тым, што двор вялікага літоўскага князя ўвесь час гуляў у шахматы”.

(Ракіцкі: ) “У часе адпачынку ў адным з гатэляў я гуляў у шахматы, літаральна памерам зь мяне — паўтара-двухмэтровыя шахматныя фігуры. Вельмі гэта было сьмешна… У далёкай мінуўшчыне былі вось такія вялікія ці мініятурныя шахматы?”

(Трусаў: ) “Памеры шахматаў, якія сустракаюцца падчас раскопак 12–13 стагодзьдзяў, розныя, самыя вялікія — 4–5 сантымэтраў. У позьнім сярэднявеччы ўжо 4–6 сантымэтраў. І ў Віцебску знойдзеныя мініятурныя шахматы — вышыня фігуркі 20 мілімэтраў, гэта дарожныя шахматы”.

(Ракіцкі: ) “Ці ёсьць нейкія зьвесткі пра спаборніцтвы ў шахматы, чэмпіянаты ў старажытнасьці?”

(Трусаў: ) “Ёсьць. Першыя чэмпіянаты ў Эўропе пачынаюцца ў Адраджэньне, у 16 стагодзьдзі, у якіх асабліва актыўна ўдзельнічалі гішпанцы і італьянцы. Дарэчы, адзін з кастыльскіх каралёў у 13 стагодзьдзі выдаў цэлую кнігу, прысьвечаную тэорыі гульні ў шахматы. Яшчэ раней адпаведныя кнікі выдавалі пэрсы”.

(Ракіцкі: ) “А беларусы? Ці ўдзельнічалі яны ў якіх-небудзь чэмпіянатах?”

(Трусаў: ) “Калі верыць Караткевічу, то такія чэмпіянаты былі. Ён ня раз іх апісвае, а Караткевіч ведаў шмат”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, доказам, што Беларусь ёсьць шахматнай краінай, зьяўляецца тое, што літаратары і пісьменьнікі (і ня толькі Караткевіч) апісвалі гэтую гульню”.

(Трусаў: ) “Так, і вельмі любілі ў яе гуляць. Мода на шахматы зноў адрадзілася на Беларусі ў першай палове 20 стагодзьдзя. Тлумачальны слоўнік пазначае назву шахматаў цытатай зь Якуба Коласа. І Якуб Колас і Янка Купала вельмі часта зьбіраліся гуляць у шахматы, падчас гульні маглі палаяцца і потым вельмі доўга мірыліся пасьля таго, як не падзялілі нейкай шахматнай фігуры. У савецкі час шахматы лічыліся інтэлектуальнай гульнёй. Колас апісвае, як у Менску гулялі ў шахматы на вуліцах, у парках, падчас гульні збіраліся гледачы — шахматы сталі масавай гульнёю”.

(Ракіцкі: ) “Я гэта добра памятаю. У тым жа парку Чалюскінцаў”.

(Трусаў: ) “І трэба сказаць, што ў 1920-я гады ў БССР ужо адбыліся першыя спаборніцтвы — спачатку сярод мужчынаў, а потым і сярод жанчын. Беларускія шахматысты і цяпер лічацца найлепшымі ў сьвеце. Дастаткова прыгадаць выдатнага беларускага шахматыста Барыса Гельфанда, які быў чэмпіёнам Эўропы, чэмпіёнам СССР сярод юнакоў, а ў 1994 годзе ён займаў сёмую пазыцыю ў сьвеце”.

(Ракіцкі: ) “І жанчыны нядрэнна гулялі. Дзесьці ў 1970–80-я гады ўзьніклі шахматныя клюбы, быў пабудаваны Палац шахматаў і шашак. Што сталася? Чаму цяпер — лядовыя палацы, футбольныя манэжы, а ня шахматы?”

(Трусаў: ) “Відаць, рэч у інтэлекце ўлады. Сёньняшняя ўлада ня любіць інтэлектуальных гульняў. І лепей ёй ганяць шайбу альбо езьдзіць на ролікавых лыжах па асфальце. У 1994 годзе на Ўсясьветнай шахматнай алімпідязе беларуская мужчынская каманда падзяліла 8–12 месцы, жаночая — 9–16. Мы яшчэ застаемся шахматнай краінай, але калі так улады будуць ставіцца да нашых шахматаў, мы можам згубіць свае набыткі”.
XS
SM
MD
LG