Удзельнічае: філёзаф Валянцін Акудовіч
(Ракіцкі:) “Кожны народ мае свой калектыўны імідж. Адзін народ лічаць рацыянальным, другі – бязладным, трэці – скнарыстым, чацьверты – гульлівым і г.д. Якой, па-навуковаму кажучы, «дэфініцыяй» вы бы пазначылі беларусаў?”
(Акудовіч: ) “Прынамсі, калі меркаваць па нашай літаратуры, то мы выдаем на панылы і занураны ў сябе народ. Між іншым, і самая нашая мова спрыяе гэткаму меркаваньню. Да прыкладу, давайце возьмем якое-кольвек невясёлае слова, скажам, «самота». Дык вось, бадай ні ў якой яшчэ мове вы не знойдзеце да яго столькі, як у нас, сынонімаў альбо блізкіх паводле сэнсу словаў. Паспрабуем хоць трохі пералічыць: журба, сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласьць, смутак, жальба, шкадоба, росстань, туга, нэндза… І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі засталося? Вось яшчэ адно – «вусьціш». Гэта стан бязмежнай самоты, калі сэрца чалавека раптам працінае жах сьмерці і небыцьця.”
(Ракіцкі: ) “Але ж мова паўстае не сама зь сябе, а з таго агульнага ладу, ў якім яна фармуецца. Дык што, ў жыцьці беларусаў было такога, з чаго іхняя мова набрыняла самотай, паныласьцю, нудой?”
(Акудовіч: ) “Ужо ж, напэўна, тут усяго рознага наблытана шмат, аднак, найбольш відавочная з прычынаў, скажам так, – геапалітычная. Апынуўшыся на скрыжаваньні вялікіх эўрапейскіх канфліктаў, Беларусь цягам стагодзьдзяў рабавалася захопнікамі з усіх бакоў сьвету. Каб у гэткім становішчы выжыць і працягваць свой род, бадай, і не было іншага выйсьця, акрамя як нішчымніцу, шэрасьць, паныласьць і да таго падобнае зрабіць ня толькі нормай жыцьця, але і ладам мысьленьня. Ну што захопніку ўзяць з дурнога, як варона, мужыка, які гібее і нэндзіць у сваёй гнілой хатцы?”
(Ракіцкі: ) “А потым гэты вобраз зьняможанага мужыка і занядбанай Беларусі вельмі прыдаўся ідэалёгіі рабоча-сялянскай улады… Так?”
(Акудовіч: ) “Так. І больш за тое. Гэткай, так бы мовіць, «спадчыны» мы дасюль ня можам пазбавіцца. Вось толькі просьценькі прыклад… Мне некалькі разоў даводзілася шчыра сумоўнічаць з даволі буйнымі беларускімі бізнэсоўцамі. Яны мелі катэджы як меней за 500 тысячаў даляраў, файныя машыны і ўсё да таго падобнае. Аднак, калі паслухаць, дык у сьвеце не было большых за іх гаротнікаў… Нудзіцца і скардзіцца на жыцьцё – гэта і сёньня ці не самая заўважная рыса нашай мэнтальнасьці,. але калі раней яна мела ратаўнічую функцыю, то цяпер выяўляецца адно ў хваравітых комплексах. Каўтун, які калісьці нядобра аславіў беларусаў, з галавы прарос ў галаву – і як яго цяпер адтуль выдзерці? Хто б сказаў!”
(Ракіцкі: ) “З папярэдне гаворанага вынікае, што беларусы быццам здольныя адно паныла нудзіцца і зусім ня ўмеюць радавацца?”
(Акудовіч: ) “Нам як нацыі яшчэ трэба будзе навучыцца радавацца, а гэтак станецца не раней, чым мы навучымся ганарыцца за саміх сябе. Радасьці бяз гонару не бывае.”
(Ракіцкі: ) “Дык можа ўся праблема ў тым, што мы супольна не перажылі нейкай агульнай радасьці, што мы ўсім народам разам ніколі ні за што не радаваліся? Давайце згадаем хаця бы ХХ стагодзьдзе. Ці былі ў ім падзеі, якія выклікалі ў беларусаў усеахопную радасьць?”
(Акудовіч: ) “Ну, ужо ж напэўна такой падзеяй не была кастрычніцкая рэвалюцыя, як пра гэта потым 70 год казалі камуністы, але ня сталася такой падзеяй і стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, як спрабуюць пра гэта казаць нацыянальна заангажаваныя. Бадай, з усяго ХХ стагодзьдзя я бы вылучыў толькі ўзьяднаньне Ўсходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе.
Расьсечаная лязом «Брэсцкага міру», Беларусь і з таго і з другога боку натуральна імкнулася зноў стацца адным цэлым. Ня станем тут кранаць праблемы злачыннага пакту «Молатава--Рыбэнтропа», дзякуючы якому мы задзіночыліся… Але ў беларусаў гэтая падзея выклікала сапраўды агульнанацыянальную радасьць, якая з тае пары больш ніколі не паўтарылася. Бо хаця радасць ад заканчэння Другой сусьветнай вайны была значна вастрэйшай, аднак гэта была проста ўсеахопная радасьць, якая ня тычылася беларусаў як нацыі (прынамсі, наўпрост).
Дарэчы, тут хацелася бы падкрэсьліць, што людзі цешыліся не перамозе над фашызмам, а таму, што з фронту вернуцца мужчыны, што днём зь неба ня будуць сыпацца бомбы, а ноччу ў шыбу не пагрукае ці то партызан ці то бандыт… Адным словам, радасьць была не ад чаго іншага, а менавіта ад таго, што настаў мір.”
(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што ў нас лічы не было сваёй ці, дакладней, толькі сваёй вялікай радасьці?”
(Акудовіч: ) “Так. Калі заўгодна, мы – Народ Чужых Радасьцяў. Прынамсі, колькі апошніх стагодзьдзяў мы змушаныя былі сьвяткаваць не свае сьвяты і радавацца не сваім радасьцям. Асабліва гэта заўважна па ХХ стагодзьдзі... Давайце хоць трохі згадаем: свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзень Савецкай Арміі, 8 сакавіка, дзень Касманаўтыкі, Першамай, дзень Перамогі, дзень нараджэньня Леніна, юбілей Пушкіна, юбілей Суворава...
Божухна, чаго мы толькі не сьвяткавалі, каго толькі не хваласьпевілі... І нават сёньня, пасьля 13 гадоў незалежнасьці, мы ўсё яшчэ не маем уласных сьвятаў як падставаў для выяўленьня агульнанацыянальнай радасьці. Бо той самы Дзень Незалежнасьці, зьвязаны не зь незалежнасьцю як такой, а ўсяго толькі з вызваленьнем савецкай Беларусі ад нямецкай акупацыі. Па сутнасьці, мы ўсё яшчэ застаемся Народам Чужых Радасьцяў. І пакуль гэтая сытуацыя ня зьменіцца, нашая незалежнасьць будзе эфэмэрнай.”
(Ракіцкі: ) “Але ж якімі б зануранымі самі ў сабе ні былі беларусы, як бы паныла не выглядалі на чужое вока ў сваім калектыўным вобразе, мы ж самі ведаем, што ўсё у нас, як у людзей. І сьпяваем, і жартуем і цешымся ды радуемся ні з таго, дык з гэтага.”
(Акудовіч: ) “Ваша праўда. Тое, што мы казалі папярэдне, зьвязанае з адсутнасьцю сваёй Дзяржавы, зь нейкім напаўкаляніяльным станам у стагодзьдзях, з нацыянальнай недааформленасьцю... Толькі ўсё гэта, зразумела, не магло пазбавіць нас натуральных чалавечых радасьцяў, проста з такой сытуацыі нам давялося прызвычаіцца радавацца ўпаасобку. Прынасі, зазвычай калектыўная прастора сьвята не пашыралася далей за кола сваякоў і суседзяў.”
(Ракіцкі: ) “Пачакайце, але ж былі рэлігійныя сьвяты – Каляды, Вялікдзень. Людзі зьбіраліся ў цэрквах, разам маліліся і супольна радаваліся нараджэньню ці ўваскрашэньню Хрыста!”
(Акудовіч: ) “Задзіночаньне ў супольнай любові да Бога спарадзіла ў Расеі такую зьяву, як саборнасьць, у Польшчы – нацыянальную канвэнцыю. А беларусаў гэтае задзіночаньне толькі разасобіла па канфэсіях і рэлігіях. І чым мацнейшай была канфэсійная любоў да Бога, тым далей яна адсланяла адну частку беларусаў ад другой. Іншымі словамі, чым мацней праваслаўныя гуртаваліся ў сваёй супольнай любові да Ўсявышняга, тым болей яны асобіліся ад каталікоў, уніятаў ці пратэстантаў – і, адпаведна, наадварот. Тое ж самае зь юдэямі ды мусульманамі. Мы навучыліся рэлігійнай ды культурнай талеранцыі, аднак, гэтая талеранцыя ня сталася тым, што гуртуе нас у адно цэлае. Бадай, калі што рэлігійнае і лучыла многіх беларусаў, дык гэта розныя парэшткі паганства, як, да прыкладу, Купальле...”
(Ракіцкі: ) “Але ж Купальле сёньня святкуе хіба што нацыянальна свядомая моладзь.”
(Акудовіч: ) “Ну так – вы маеце рацыю. Згадкай пра Купальле мне ўсяго толькі хацелася падкрэсьліць, што беларусам ад веку натуральнае тое, што я называю “ціхай радасьцю календару”. Нават цяпер, у пару ўрбанізацыі, нас соладка хвалюе зьмена зімы на вясну, вясны – на лета... А ўвосень мы зноў чакаем як сьвята першага сьнегу. Што праўда, і тут, у адрозненьне, скажам, ад японцаў, якія усе разам цешацца, калі цьвіце сакура, мы вішнёвай квецені радуемся кожны ўпаасобку.”
(Ракіцкі: ) “Падсумоўваючы нашую гаворку, ці можам мы сказаць, што пакуль у нас ня будзе супольных радасьцяў – мы толькі фармальна будзем лічыцца нацыяй?”
(Акудовіч: ) “Думаю, што менавіта так. Кожны чалавек нечаму цешыцца, усялякая супольнасьць мае нейкія сьвяты, але народ становіцца нацыяй толькі тады, калі яго аб’ядноўвае нейкая, адна на ўсіх, вялікая радасьць.”