Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свойскія жывёлы. Сьвіньня


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: археоляг Алег Трусаў

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ідэя гэтай перадачы нарадзілася падчас перадачы, якая прагучала некалькі месяцаў таму, была яна прысьвечаная беларускім букварам. І вось тады мы гаварылі пра тое, што ў адным зь першых беларускіх савецкіх буквароў сярод тых фразаў, якія вывучалі дзеці, што вучыліся грамаце, была і фраза: “Сьвіньня — скарбонка селяніна”. Чаму гэтую фразу вынесьлі ў буквар дзецям, якія спазнавалі сьвет?”

(Алег Трусаў: ) “Таму што дзякуючы сьвіньні беларус мог выжыць. Сьвіньня ратавала беларуса ў самых экстрэмальных варунках яго жыцьця і не давала памерці, калі, прыкладам, не ўрадзіла збажына”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — гісторык, археоляг Алег Трусаў. Спадар Алег, калі й як сьвіньня стала свойскай жывёлай? Спачатку, я разумею, яна хадзіла, блукала дзесьці па лесе…”

(Трусаў: ) “І блукае цяпер. Адрозна ад сабакі, у Беларусі дзікая сьвіньня, альбо дзік, існуе і дасёньня. І ўвесь час у Беларусі існавалі два тыпы сьвіней: дзікая (дзік) і свойская. Свойскую жывёлу ў Эўропе і Азіі прыручылі прыкладна 8–11 тысяч гадоў таму”.

(Ракіцкі: ) “Як я разумею, беларусы не прыручалі дзікоў, а, напэўна, аднекуль завезьлі гэтых сьвіней?”

(Трусаў: ) “У навуцы існуе такі тэрмін, які па лацінску называецца “дамэстыкацыя” — у перакладзе на нашую мову “прыручэньне”. Гэта значыць, калі падчас паляваньня забівалі самку, то гэтых маленькіх парасят забіралі дахаты, дзе ў маленькіх загончыках гадавалі да вялікіх памераў (цікава, што газэта “Звязда” пісала, як у Горадні прадаюць гэтых маленькіх дзікіх парсючкоў людзям, каб яны іх вырошчвалі). Гэта адзін спосаб вырошчваньня сьвіней — сьвіньні свойскай гадоўлі.

Другі спосаб — калі завезьлі сьвіньню, якая магла жыць толькі ў хатніх умовах, а ў лесе ўжо выжыць не магла. Першыя сьвіньні ў Беларусі зьявіліся ў пятым тысячагодзьдзі да нашай эры. Вельмі даўно”.

(Ракіцкі: ) “Калі паглядзець на пазьнейшыя часы, сьвіньні не былі толькі аднаго гатунку — былі самыя розныя гатункі. І, напэўна ж, завозілі нейкія адмысловыя гатункі з пэўных краінаў. Якія гатункі былі найбольш папулярныя, скажам, за часам Вялікага Княства Літоўскага?”

(Трусаў: ) “За часам Вялікага Княства, і асабліва ўжо пазьней — у пачатку ХІХ–ХХ стст., у Беларусі панавалі пароды ангельскіх сьвіней, так званая ёркшырская сьвіньня, якая нават трапіла ў савецкі тлумачальны слоўнік, які піша, што “ёркшырская сьвіньня хутка расьце, плодная і вялікага росту”.

(Ракіцкі: ) “Пра сьвінагадоўлю мы пагаворым крыху пазьней. Цяпер у мяне крыху іншае пытаньне. У мінулы чацьвер, калі ішла гутарка пра сабаку, мы з вамі прыйшлі да высновы, што беларусы ставіліся да сабак вельмі адмоўна. Зрэшты, здаецца, беларусы ставіліся адмоўна і да сьвіней. У фальклёры: “пасадзі сьвіньню за стол, яна пакладзе і ногі на стол”; і ў купалаўскай “Паўлінцы”: “Ці то сьвіньні пасьвіліся, ці то шляхта гуляла”.

(Трусаў: ) “Я магу дадаць яшчэ: “падкласьці сьвіньню”, “як на сьвіньні сядло” (выглядае на кабеце непрыгожая сукенка), “як сьвіньня напіўся”, альбо “набраўся, як сьвіньня гною”, “як сьвіньня на саладзінах” (значыць, зусім не разьбіраецца)”.

(Ракіцкі: ) “Але, спадар Алег, нейкая супярэчнасьць: з аднаго боку — сьвініна самая ўлюбёная ежа беларуса, есьці ня гадзімся, а з пагардай да сьвіней ставімся…”

(Трусаў: ) “Гэта старая дахрысьціянская, дабіблейская традыцыя: юдэі былі першым у сьвеце народам, што запісаў у сваіх кнігах забарону есьці сьвініну. І нават у Бібліі да сьвіньні стаўленьне адмоўнае: Хрыстос сустрэў двух людзей, у якіх пасяліўся сатана. Хрыстос выгнаў сатану і загнаў у статак сьвіней, якія пакідаліся з абрыву ў мора. Мусульмане запазычылі адмоўнае стаўленьне да сьвініны, і цяпер мусульманскі сьвет сьвіней ня есьць. Хрысьціяне з задавальненьнем елі й ядуць сьвіней, аднак стэрэатып адмоўнага стаўленьня застаўся”.

(Ракіцкі: ) “А ці не здаецца вам, што за камуністычныя часы была спроба зламаць гэты стэрэатып, нават казачку прыдумалі “Тры парсючкі”?”

(Трусаў: ) “Калі пачалася калектывізацыя і сялянаў загналі ў калгасы, дазволілі разводзіць хатніх сьвіней. Конь быў забаронены, адна карова, а сьвіней можна было трымаць некалькі. Потым Хрушчоў дазволіў трымаць ужо адну сьвіньню, астатніх жа абкладаў падаткамі.

Са словаў адной жанчыны, у Дзятлаўскім раёне адзін дырэктар школы, шчыры камуніст, збудаваў схованку для лішніх сьвіней. Сьвіньні былі дрэсаваныя: на пэўны знак, калі ў сьвінарнік заходзіў падатковы інспэктар, там заставаўся толькі адзін сьвінтус, астатнія ж сьвіньні хаваліся ў падпол. Потым на знак гаспадара яны выходзілі. Так што самая страшная сытуацыя была ў хрушчоўскі час, калі толькі адну сьвіньню можна было трымаць, каб пражыць і не памерці з голаду”.

(Ракіцкі: ) “Ад голаду беларусаў заўсёды ратавала сала (маю на ўвазе салёнае сала). Нават сёньня мы ўжо і пабагацелі, і, любім розныя далікатэсы, прысмакі замежныя, але так і цягне нас адрэзаць кавалак салёнага сала з чырвонымі пражылкамі. Ад якога часу зьявілася сала ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “Зьявілася тады, калі стала таннай соль, гэта адбылося ў XVII–XVIII стст. Людзі ў Эўропе навучыліся саліць мяса, але сала салілася і захоўвалася лепш. І ўжо ў XVIII–ХІХ стст. сала стала асноўным харчом селяніна, які ня мог сабе дазволіць забіць карову дзеля ежы, застаўшыся без малака. А сьвіньня давала сала, якое ляжала ў кубельцах. Сала селянін браў з сабою на поле, асабліва летам: летам гэты харч не псаваўся. І цяпер славутая “чарка і шкварка” для беларуса застаецца галоўным элемэнтам нацыянальнага фальклёру. Стэрэатып адносна добрага жыцьця: калі ёсьць на патэльні шкварка, то сям’я жыве нармальна”.

(Ракіцкі: ) “Вернемся ў часы Вялікага Княства Літоўскага. “Статут ВКЛ”, артыкул шосты: “Цана быдлу вялікаму і малому сваёй гадоўлі”:

“За быка неабучанага – капа грошаў.
За цёлку трохгадовую – сорак грошаў.
За цяля гадавалае – трыццаць грошаў.
За цяля сёлетняе – дваццаць грошаў.
За вепрука адкормленага – капу грошаў.
За недакормленага – паўкапы грошаў.
За кнораза – сорак грошаў.
За сьвіньню – дваццаць грошаў.
За падсьвінака – дванаццаць грошаў.
За парася сёлетняе – пяць грошаў.
За авечку – пятнаццаць грошаў.
За барана – дванаццаць грошаў.
За пакладанца барана гадавалага – пятнаццаць грошаў.
За ягня – шэсьць грошаў.
За казла чатырохгадовага або пяцігадовага – сорак грошаў.
За трохгадовага – паўкапы грошаў.”

Спадар Алег, чаму сьвіньні ў той час каштавалі даражэй, чым, скажам, авечкі? Сёньня ж, здаецца, сьвініна ці ня самая танная?”

(Трусаў: ) “Рэч у тым, што ў Сярэднявечча сьвіньня вельмі ашчадна выкарыстоўвалася. Актыўна выкарыстоўвалася сьвіная скура, зь якой выраблялі абутак і шмат іншых карысных рэчаў. Выкарыстовалася шчаціна, і нават Сталін у свой час абкладаў сялянаў падаткам на шчаціну, калі славутую скурку селянін мусіў зразаць і аддаваць дзяржаве.

Яшчэ трэба дадаць, што сьвіньня ў ХІ–ХІІІ стст., прыкладам, у Менску стала асноўнай свойскай жывёлай, якую можна было трымаць у хлеўчуку без патрэбы пасьвіць на пашы”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, толькі ў Беларусі сьвіней вырошчвалі нават у гарадах”.

(Трусаў: ) “І вырошчваюць да сёньняшняга дня”.

(Ракіцкі: ) “А яшчэ беларусы сьвіньню выкарыстоўвалі там, дзе, здавалася б, ёй увогуле ня месца. Я чытаў у нейкай літаратуры, што сьвіньня выкарыстоўвалася нават у паляваньні. Зрэшты, давайце паслухаем вось такі невялічкі фрагмэнтык:

“Небясьпечнае было паляваньне на ваўкоў з парасём. Маладыя хлопцы сядалі на санкі, бралі з сабой некалькі штуцараў і парася, круцілі парася за хвост, на ягоны прывабны квік зьбіраліся адусюль ваўкі. Тады моладзь страляла ў іх, але калі іх многа зьбіралася, то сьмелыя захопнікі сьцягвалі часам стральцоў і пажыралі іх.”

(Трусаў: ) “Трэба адзначыць, што “сьвіньнёю” называўся і ваенны шыхт. Крыжакі ваявалі зь беларусамі “сьвіньнёй”, калі крыжацкае войска ўдавалася клінам, наперадзе ішлі цяжка ўзброеныя рыцары, а пяхота, схаваная за імі, ішла ззаду — “сьвіньнёй” называўся ваенны клін крыжакоў”.

(Ракіцкі: ) “За саветамі БССР вельмі часта называлі і “бульбяной” краінай, і нават “сьвінскай”. Чаму?”

(Трусаў: ) “У пасьляваенны час, асабліва ў час Брэжнева, Беларусь зрабілі месцам, дзе гадавалі сьвіней для ўсяго савецкага войска — гэтак ледзь ня зьнішчыўшы нашую экалёгію. Славутыя сьвінакомплексы атручвалі нашыя рэчкі, балоты і азёры”.

(Ракіцкі: ) “Аднойчы словы “сьвінская Рэспубліка БССР” я нават успрыняў і фігуральна, ня толькі літаральна, калі пабываў у Гальшанах і ўбачыў ля Гальшанскага замку вялізнае, ледзь ня мора, адкідаў сьвінагадоўлі… Сьвінская культура”.

(Трусаў: ) “Таму і выразаў шмат: “сьвінскае жыцьцё”, “сьвінскі ўчынак”, тэрміны “сьвінтух” і “сьвінтус”, якія пазначаюць людзей, што не паважаюць сваіх каранёў, зьневажаюць іншых — гэтыя словы можна шырока ўжываць, на жаль, і цяпер”.
XS
SM
MD
LG