Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гукавы “каталёг” народных звычаяў і абрадаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Чалавек жыве ў сьвеце гукаў — гукаў прыроды, сьпеваў, гулу машынаў. Дый сам чалавек актыўна стварае самыя розныя гукі і, галоўнае, мае голас. Гукавыя паводзіны прыпісваюцца і ірэальным пэрсанажам, таму ж дамавіку, да прыкладу. Камунікацыю і жыцьцё наогул бяз гукаў цяжка сабе і ўявіць. Абсалютная цішыня існуе, бадай, толькі на тым сьвеце”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Гук, як і іншыя зьявы навакольнага сьвету, у традыцыйнай культуры можа набываць значэньне, станавіцца знакам, мець культурную функцыю і ўлучацца ў культурны тэкст. Апазыцыя “гук (шум)/цішыня” і яе адпаведнік у сьвеце чалавечых гукаў — “голас/маўчаньне” ёсьць адной з асноўных катэгорыяў сымбалічнай мовы культуры. На глыбінным роўні ёй адпавядае кардынальнае для ўсёй культуры супрацьпастаўленьне зямнога сьвету людзей, што гучыць і гаворыць, і замагільнага сьвету мёртвых, дзе пануе цішыня і бязгучнасьць”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Сёньня мы будзем гаварыць пра культурныя сэнсы гукаў, пагартаем гукавы “каталёг” народных звычаяў і абрадаў беларусаў. І пачнем усё ж з самага блізкага нам гуку — з нашага голасу. Што ёсьць голас у духоўнай культуры?”

(Валодзіна: ) “Голас чалавека займае асаблівае месца ў шэрагу гукаў. Як прыродная функцыя чалавека ён служыць прыкметаю “гэтага”, зямнога сьвету ў супрацьлегласьць замагільлю. Нездарма дэманаў выганяюць туды, дзе “сякеры не сякуць, слова не чуваць і куды пеўнеў голас не даходзіць”. Разам з тым, голас набывае розныя магічныя функцыі — абаронную, адгонную, прадукавальную і нават лекавальную. Голасам можна адвесьці ад чалавека хваробу і перадаць яе іншаму:

Верылі, ліхаманку можна нават адсьпяваць. Тады хворы на ўсходзе сонца, каб ніхто ня бачыў, лез на плот, як певень, ды ўголас крычаў: “Кукарэку, я сьпяваю, хто то чуе, няхай мае”.

Неабходна адзначыць і тое, што голас у рытуальнай практыцы так ці інакш маркаваны. Замову, напрыклад, шэпчуць, мяняюць рытм, інтанацыю і нават тон; пры абыходзе палёў гаварыць стараліся як мага грамчэй, нават крычаць, каб добра зарадзіла збожжа.

(Ракіцкі: ) “Адгонная функцыя голасу зразумелая, мы і сёньня крычым, каб напалохаць ці адагнаць непажаданага спадарожніка. Але як з дапамогаю голасу небясьпеку папярэдзіць? Як гэта рэкамэндавалі даўней?”

(Валодзіна: ) “У міталягічным сьветаглядзе голас і гук ствараюць своеасаблівую агароджу. Але адрозна ад агароджы, прыкладам, збудаванай ці ўзаранай, якая праходзіць толькі па пэрымэтры, чалавечы голас запаўняе ўсю прастору цалкам і датуль, пакуль ён будзе чутны. Паказальна, на Палесьсі існавала нават мера адлегласьці, дзе за адзінку вымярэньня бралася магутнасьць гукаў, у дадзеным выпадку — хатніх жывёлаў. Верылі, што нечысьць не падыдзе на валоў рык”.

(Ракіцкі: ) “Словам, дзе чутны голас — там жыцьцё. А дзе голасу няма?..”

(Валодзіна: ) “Там сфэра сьмерці і дэманаў. Аднясеньне маўчаньня і цішыні да замагільля рэглямэнтуе і паводзіны чалавека. У час пахаваньня і памінак удзельнікі стараюцца гаварыць шэптам, бо, згодна зь вераваньнямi, душы продкаў зьяўляюцца да стала, i кожнае лiшняе слова можа напалохаць iх i прагнаць, а гэта пагражае рознымi бедамi. Час сьмерці Ісуса Хрыста адзначаны ў каталіцкіх традыцыях маўчаньнем званоў”.

(Ракіцкі: ) “Да сёньняшняга часу захавалася традыцыйная хвiлiна маўчаньня. Маўчым мы і, прысеўшы, перад выправай у дарогу. Відаць, карані гэтых звычаяў трэба шукаць у міталягічных паглядах?”

(Валодзіна: ) “Так, сёньняшняе разуменьне хвіліны маўчаньня як ушанаваньне памяцi ўзыходзiць да першапачатковай сэмантыкi ўсталяваньня духоўнага кантакту з продкамi. Да іх мы зьвяртаемся і перад дарогай, маўчым, каб далучыцца да іх і папрасіць аб удачы. Наогул, маўчаньне і, шырэй, бязгучнасьць — неабходнае патрабаваньне многiх абрадаў i рытуальных дзеяньняў са значэньнем уступаньня ў кантакт зь iншасьветам. Агульнымi мэтамi iх станавiлася iмкненьне вылечыцца (цiшыня пры замаўленьнi) альбо забясьпечыць сабе посьпех у якой-небудзь справе, а таксама запытаньне ў продкаў, звышнатуральных сiлаў аб сваёй будучынi (узгадаем маўчаньне ў час варожбаў):

На Вадапосьце вячэру вараць, а катора хоча гадаць, то сама сабе наварыць салёных з лушпайкамі картопляў, ні з кім не гаворыць, хоць бы на яе хто што не казаў, і кладзецца спаць. А ўночы прысьніцца сон, што хлопец воду падае — за таго пойдзе.

Маўчаньне таксама адносiцца да мераў засьцярогi, якiя прымае чалавек пры кантакце са сьветам дэманаў. Таму рэкамэндавалася маўчаць i не раскрываць рот у час навальнiцы, каб нячысты не знайшоў там схованкi, пры раскопваньнi скарбаў, якiя вартуе нячыстая сiла. Дарэчы, парушэньне забароны магло прывесьцi да суровых наступстваў”.

(Ракіцкі: ) “І яшчэ адзін від голасу, гукаў — плач, альбо, у рытуальнай практыцы, галашэньне. У нас, відаць, не было, як на расейскай поўначы, прафэсійных плакальшчыцаў, вопленіцаў, але ж гора бязь сьлёзаў і галашэньняў не бывае…”

(Валодзіна: ) “І ўсё ж у народнай традыцыі гукавое праяўленьне гора строга рэглямэнтавалася. Найперш забараняўся плач і прычытаньні ў час агоніі, якія, як верылі, працягваюць пакуты, не даюць выйсьці душы. Як расказваюць у народзе:

Як хто памірае, то спакой і цішыня, каб ніхто не адзываўся. Перабіваць сьмерць ня нада. Калі перабіў чалавеку адыход, ён мучыцца страшна. Пакуль яго не паложаць на лаву, памыюць. адзенуць, сьвечку запаляць на акне, і тады плачуць. І ноччу, як сонца зайшло, не галосюць, ня выюць — нельга”.

(Ракіцкі: ) “І сёньня захавалася рэглямэнтацыя такога чалавечага гуку як сьвіст. Нават супэрадукаваныя гараджане асьцерагаюцца сьвістаць, скажам, у хаце — каб грошы ня “высьвістаць”. А што зьвязвалі са сьвістам калісьці, у традыцыі?”

(Валодзіна: ) “Сьвіст — адно з праяўленьняў ненарматыўных гукавых паводзiнаў чалавека, учынак рэзка нэгатыўны i аднесены да iншасьвету. Iснавала строгая забарона сьвiстаць у хаце, бо гэта выклiкала альбо зьяўленьне нячыстай сiлы (як у прыказцы “Дурнi сьвiшчуць, чарцей ішчуць”), альбо вiхуру. Сьвіст у двары пагражаў спустошваньнем падвор’я. Хатнi дух мог адпомсьцiць сьвiстуну за беспадстаўны выклiк.

Такiм чынам, сьвіст выступае ў якасьцi заклiку таго сьвету i яго сыгналю. Сьвiснуўшы тры разы ў 12 гадзiнаў у чацьвер, лiчылася магчымым выклiкаць да сябе д’ябла. Сьвіст у полi выклiкаў вiхуру, а гэтая стыхiя ўяўлялася як чалавек зь вялiкiмi, надутымi для сьвісту вуснамi”.

(Ракіцкі: ) “Ну а той сьвет, усё дэманічнае войска бязгучнае толькі там, у сябе — на тым свеце. Завітаўшы ў сьвет людзей, дэманы пачыналі гаварыць?”

(Валодзіна: ) “Альбо проста перадаваць няясныя, дзіўныя гукі. Невядомыя страшныя гукі маглі належаць і нейкім безымянным духам. Пра такія жахлівыя водгукі казалі: “штось гукае”, “пужае”:

На Пятра ня нада хадзіць у лес, там пужае. Хто хадзіў, дак там гукае і гукае: “О-гой! О-гой! Да хадзі дамой!” А хто яго знае, хто крычыць. Можа, гэты Пятро. А некаторыя гавораць, гэта зямля абзываецца”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, што вылучае гаворку дэманаў, іхныя гукі?”

(Валодзіна: ) “Найперш, незвычайнасьць, незразумеласьць, скажэньне прывычных формаў, падваеньне рэплікаў, заіканьне, картавасьць альбо, наадварот, дужа складная гаворка, нават у рыфму. Ім прыпісваюцца рознага кшталту крыкі, заклікі, уздыхі, працяглыя гукавыя сыгналы, неразьдзеленае мармытаньне. Так, русалкі крычаць: огэ-огэ-огэ, гу-та-та, гу-та-та альбо неяк мыкалі: нім-нім-нім… Надзвычай папулярны матыў пра чорта, які трапляецца падарожнаму ў выглядзе жывёліны і на заклік чалавека адзываецца жудасным гэхам: бяша-бяша-бяша…”

(Ракіцкі: ) “З усясьветных міталёгіяў вядома пра сарэнаў, што губілі падарожнікаў адно сваімі сьпевамі, а гэта значыць, голасам. А ці ёсьць у нас такія, “гуканебясьпечныя” дэманы?”

(Валодзіна: ) “Заслухаўшыся сьпеву русалак, гублялі асьцярожнасьць хлопцы. Аніяк нельга было адгукацца на любы незнаёмы вокліч, калі цябе хтосьці невядомы клікаў па імені. Адгукнуўшыся, чалавек тым самым адкрываў да сябе доступ і фактычна трапляў пад уладу нячыстаму. А яшчэ беларусы расказвалі пра асобнага дэмана з “гукавым” імем — хіхітун:

Хіхітун — такі нячысьцік, які быццам бы знаходзіцца ў чалавека за сьпіною. І калі з чалавекам можа здарыцца нешта нядобрае, хіхітун пачынае радавацца гэтаму, сьмеючыся тоненька і часта: хі-хі, хі-хі-хі. Рэзка абярнуўшыся назад у гэты момант, можна ўбачыць маленькае стварэньне, якое нечым нагадвае малпачку, а на макаўцы ў яго невялічкія рожкі”.

(Ракіцкі: ) “Сьмех хіхітуна — злосны, зларадны. Дэманы ўсё ж сьмяяцца ня ўмеюць, сьмяяцца так, як сьмяецца шчасьлівы чалавек. Ці то жартам, ці ўсур’ёз і сёньня кажуць, што хвіліна сьмеху працягвае жыцьцё на гадзіну…”

(Валодзіна: ) “Можа, і праўда, бо ў народных вераваньнях якраз сьмех надзяляўся адгоннымі функцыямі і сама яркай жыцьцесьцьвярджальнай патэнцыяй. Чалавек сьмяяўся, і наўкола станавілася чыста — без чарцей і зламысьнікаў, стымуляваліся прыродныя рытмы, маладзела душа. Як у казцы: расьсьмяшыў Іванька царэўну Несьмяяну — чакай вясельля”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG