Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі на троне. Алена Глінская


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: пісьменьніца Вольга Іпатава

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У расейскіх казках ёсьць вобраз чужаземнай каралеўны Алены — вядуньні, лекаркі й добрай чараўніцы, якая кіруе краінай пасьля памерлага валадара. Менавіта ў XVI ст., калі Масковіяй кіравала беларуска Алена Глінская, і зьявілася ў іх гэтае імя — Алена, а ў казках — вобраз вобраз Алены Прамудрай. Чым жа яна, жонка вялікага князя Васіля Трэцяга, а пасьля і фактычная ўладарка Масковіі, так праславілася, што заваявала сэрцы людзей аж да складаньня пра яе казак і паданьняў?”

(Вольга Іпатава: ) “Тыя пяць гадоў, калі Алена правіла Масковіяй, былі вельмі плённымі: яна паказала сябе ўмелай і мудрай правіцелькай, што адзначаў і Ламаносаў у сваёй одзе. Яна сама вяла перамовы з замежнымі пасламі, сама прымала рашэньні, якія былі вельмі выгадныя для яе новай радзімы. Дарэчы, шмат будавала: славуты Кітай-горад быў закладзены згодна зь ейным указам. У Маскву тады прыехала шмат майстроў і гандляроў. Яна не баялася, кажучы сучаснай мовай, чужых інвэстыцыяў. Карысьць ад іх яна бачыла ў роднай Літве — сёньняшняй Беларусі”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — пісьменьніца Вольга Іпатава. Спадарыня Вольга, калі беларусы, ці ліцьвіны, як іх называлі, зьяўляліся ў Масковіі, іх там, натуральна, успрымалі як чужынцаў, хоць не заўважаць, не лічыцца са знакамітымі прозьвішчамі не маглі. Напэўна ж, гэта мы можам цьвердзіць і пра Глінскіх, са знакамітага роду якіх паходзіла і гераіня нашай перадачы Алена”.

(Іпатава: ) “Так, вы маеце рацыю. Іх вера хоць і была праваслаўнай, як і ў Масковіі, яна здавалася ім нейкай падазронай і не такой, да якой яны прывыклі (мы ведаем прыклад са Скарынам, якога не прызналі ў Масковіі). Самі паводзіны гэтага сямейства Глінскіх, якое магло дазволіць сабе пасварыцца з самім гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонтам Старым, з-за чаго, кажучы па-сучаснаму, іміграваць у Маскву — такія паводзіны выклікалі падазрэньні й жах. Мы ж ведаем, як пласталіся баяры перад князьямі, як яны паўзьлі да іх і цалавалі іхныя падэшвы. Такога ніколі не было ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе гэта здавалася проста дзікунствам.

Нашыя людзі ніколі не называлі сябе халопамі. Ніколі не было чутно: “я кланяюся табе; …халоп твой пакорлівы”. Беларус ці ліцьвін ніколі так ня мог сказаць свайму князю. І вось нездарма Міхаіла Глінскага, славутага палкаводца і ваяра, які разьбіў шматтысячнае войска татараў пад Клецкам (дарэчы, Глінскі сам паходзіў з роду хана Мамая), адразу ж пасьля прыезду пасадзілі ў вязьніцу, хаця на пачатку адарылі яго багата і шчодра, каб паказаць, што яны цэняць перабежчыкаў”.

(Ракіцкі: ) “Але ягоную пляменьніцу Алену, як мы ўжо зразумелі, чакаў іншы лёс…”

(Іпатава: ) “Так, васямнаццацігадовая прыгажуня, якая вырасла ў эўрапейскіх традыцыях разьняволенасьці жанчын і рэзка выдзялялася сярод нарумяненых бурачковым сокам, набеленых да нерухомасьці клёўна маскоўскіх баярышань, зь першай жа сустрэчы заваявала сэрца князя Маскоўскага Васіля Трэцяга”.

(Ракіцкі: ) “Але ж ён быў жанаты. А шлюб гэты маглі разьвязаць толькі патрыярхі”.

(Іпатава: ) “Ён сапраўды быў жанаты з Саламоньняй Сабуравай. Гэта асобная размова: яе выбіралі згодна ўсім маскоўскім канонамх з паўтары тысячы прыгажуняў. Тады наогул дзяўчыну выбіралі проста цэлыя камісіі. Кідалі нават іголку на падлогу, каб яна змагла знайсьці — праверыць, сьляпая ці не.

Дык вось, Саламоньню Сабураву выбралі з паўтары тысячы прыгажуняў. Але ўжо дваццаць гадоў дзяўчына была бясплоднай. Васіль Трэці, калі закахаўся ў іншую, выкарыстаў гэтую зачэпку як нагоду разьвесьціся зь ёю. Дасюль жыве такая легенда ці думка, што ён зьвяртаўся да трох розных патрыярхаў з прашэньнем аб разводзе. Але яму ні ерусалімскі, ні канстанцінопальскі, ні александрыйскі патрыярхі разводу не далі. Бо, як сьцьвярджае тая ж легенда, яны мелі прадбачаньне, што ад гэтага шлюбу народзіцца сын, які “зела лют будзе”. Мабыць, гэтая легенда зьявілася ўжо пасьля — пасьля таго, як на сталец сеў іхны сын Іван Жахлівы”.

(Ракіцкі: ) “У мінулай перадачы мы з вамі, спадарыня Вольга, услаўлялі іншую венцаносную беларускую Соф’ю Гальшанскую акурат за рыцарскае выхаваньне сваіх сыноў. Тут жа мы гаворым пра жанчыну, якая нарадзіла і ўзгадавала Івана Жахлівага…”

(Іпатава: ) “У тым, што ён стаў такім, не Алена была вінаватая. Яна, па-першае, памерла вельмі рана, калі ёй было трыццаць гадоў. Яна не магла нават і выхаваць Івана так, як ёй хацелася, адрозна ад Соф’і Гальшанскай. Абставіны выхаваньня гэтага хлопчыка пры бесьперапынных смутах і страшэннай жорсткасьці баяр якраз і зрабілі зь яго тырана.

Ды вярнуўшыся да закаханага князя, які ня ведае, што гатуе яму лёс, мы бачым, што ён разьвязаў гэты вузел проста, хаця й вельмі скандальна для таго часу, адправіўшы Саламоньню ў манастыр, пастрыгшы яе ў манашкі. Сам жа ажаніўся з Аленай”.

(Ракіцкі: ) “Мяркую, нашыя слухачы ўжо падазраюць, што яна пайшла за яго не па каханьню”.

(Іпатава: ) “Канечне, наўрад ці яна кахала гэтага немаладога ўжо чалавека. Спакуса стаць гасударыняй, сам трон манілі й прыманьваюць дасюль не адну маладую дзяўчыну. Да шлюбу схілялі Алену яе родзічы. Князь Міхал Глінскі, напрыклад, спадзяваўся празь яе кіраваць манархам і, можа быць, адпомсьціць Вялікаму Княству Літоўскаму за тое, што там не ацанілі ягонага таленту. І гэта нягледзячы на тое, што абодва яго браты таксама займалі там некалі вялікія пасады.

Бацька Алены Васіль, напрыклад, быў ваяводам берасьцейскім і падстоліем літоўскім. Яшчэ адзін дзядзька Іван — кіеўскім ваяводам. Міхал Глінскі ненавідзеў і любіў Літву адначасова, бо сядзеў у турме якраз за жаданьне перабегчы да Жыгімонта. Але яму ужо не давяралі ні там, ні там…”

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж Міхала Глінскага з нагоды жаніцьбы Васіля зь ягонай пляменьніцай у 1526 годзе выпусьцілі зь вязьніцы”.

(Іпатава: ) “Ну а як жа ня выпусьціць дзядзьку вялікай княгіні? Натуральна, яго выпусьцілі, думаючы, што ён ужо супакоіўся й ня будзе нікому дакучаць. А 25 жніўня 1530 году ў Алены нарадзіўся сын Іван. Пасьля яшчэ адзін — Юры. Васіль тым часам цяжка захварэў і празь сем гадоў пасьля шлюбу з Аленай Глінскай памёр. Яна стала рэгенткай пры сваім сыне і, практычна, паўнаўладнай правіцелькай Масквы”.

(Ракіцкі: ) “І адначасна ў яе зьявіўся так званы фаварыт — князь Іван Аўчына Целяпнёў-Абаленскі. Хто ж зь іх фактычна кіраваў дзяржавай?”

(Іпатава: ) “Безумоўна, Алена. Але яна, канечне, абапіралася на гэтага Івана Аўчыну Целяпнёва-Абаленскага, за якім стаялі таксама баяры. Пры двары ўтварылася две партыі: першую ўзначальвае яе каханак, другую — яе дзядзька Міхал Глінскі. І Алене Глінскай трэба было выбіраць паміж дзядзькам, які рваўся да ўлады, і каханкам, які таксама спадзяваўся паруліць на троне. І каго яна выбрала, як вы думаеце? Канечне, каханка. Гэты выбар робіць амаль кожная жанчына, тым больш, што Іван быў прыгожым мужчынам”.

(Ракіцкі: ) “А Міхал Глінскі зноў сеў у турму, і цяпер ужо назаўсёды — да сьмерці”.

(Іпатава: ) “Так. Ён вымушаны быў адысьці ў бок. Разумееце, калі жанчына кахае — а Алена сапраўды кахала, яна пройдзе, так сказаць, напрасткі. І Алена ішла напрасткі”.

(Ракіцкі: ) “Гэтак, Алена кіравала Масковіяй. Якія ейныя дзеяньні сталі найбольш плённымі, значнымі?”

(Іпатава: ) “Шмат у яе было дзеяў, а самая адметная — грашовая рэформа 1535 году, калі манэты розных відаў і памераў перачаканілі на адзін, так званы наўгародзкі ўзор, дзе на манэце была выява коньніка зь дзідай, кап’ём у руцэ. Менавіта з таго часу і замацавалася назва — капейка. За ўсё гэта народ і захаваў аб ёй памяць у фальклёры. Да таго ж, яна пражыла ўсяго трыццаць гадоў (1508–1538 гг.), і сьмерць яшчэ маладой, прыўкраснай княгіні Маскоўскай не магла ня выклікаць спачуваньня, хаця заўсёды яна трактавалася як чужаземка”.

(Ракіцкі: ) “Усе гэтыя дзеяньні, пра якія вы тут казалі, несьлі карысьць Масковіі. Зрэшты, Міхайла Ламаносаў у сваёй одзе напісаў так:

Алена, слаўная ў справах,
І маці грознага цара,
Ты гарады паўсюдна ставіш,
Баронячы Расеі межы.

Але! Для нас, беларусаў, яна нічога ж не зрабіла. Хіба што, нарадзіла Івана Жахлівага, чые крывавыя подзьвігі на беларускіх землях добра вядомыя…”

(Іпатава: ) “Так. Зноў жа праблема нашага вечнага донарства для чужых народаў. Але мы мусім болей ведаць пра саміх сабе. Ні слугамі, ні ценямі ішлі нашыя людзі ў чужыя землі. Яны былі разумныя, мудрыя, прыгожыя. Такімі былі ўсе беларускія ліцьвінкі на княскіх і каралеўскіх тронах: і Барбара Радзівіл, і Соф’я Вітаўтаўна (якая, паўтару, выратавала Маскву ад татар), і ўнучка Рагнеды Ганна Яраслаўна — каралева Францыі, і ўсе тыя жанчыны, пра якіх мы гаварылі. Нам ні за адну зь іх ня сорамна!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG