Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі на троне. Соф’я Гальшанская


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: пісьменьніца Вольга Іпатава

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ягелоны — самая знакамітая польская каралеўская дынастыя. Ды і літоўская — разумеем, беларуская — таксама. Пайшла яна ад шлюбу караля польскага Ягайлы і ліцьвінкі-беларускі Соф’і Гальшанскай, хай і са знакамітага, але не каралеўскага роду. Іхны шлюб даў Польшчы, Літве й Беларусі дынастыю Ягелонаў, імя якой носіць Ягелонскі ўнівэрсытэт у Кракаве, і двух сыноў-каралёў, кожны зь якіх годна застаўся ў гісторыі. У Наваградку, на фарным касьцёле, ёсьць надпіс па-польску, што менавіта тут у 1422 годзе вянчаўся кароль польскі Ягайла з Соф’яй Гальшанскай. Чаму Ягайла вянчаўся ня ў Кракаве?”

(Вольга Іпатава: ) “Ведаеце, 74-гадовы кароль ужо быў жанаты тройчы. Першы раз на Ядвізе — юнай польскай каралеве, якая выйшла за яго неахвотна, каб уратаваць краіну ад крыжакоў. Самому ж Ягайлу гэты шлюб, дзе ён здаў сваё княства, быў надта ж патрэбны: ён быў малодшым сынам вялікага князя Альгерда, і ня мог быць зрынуты з трону старэйшымі братамі гэтак жа, як і сам ягоны бацька Альгерд некалі сілком скінуў свайго брата Яўнута — малодшага сына Гедыміна, якому Гедымін законна перадаў трон.

Два другія шлюбы, як і першы, не прынесьлі яму дзяцей. І жылося гэтаму, дазвольце сказаць, “прымаку-каралю” ў Польшчы вельмі нясоладка. Адзін штрых: для яго й каралевы Ядвігі нават гатавалі асобна. Яна цярпець не магла стравы яго радзімы, а ён і еў тое, што елі ў Вільні, і гаварыў на мове свайго народу. Бязьдзетнасьць Ягайлы, дарэчы, вельмі радавала яго суперніка — вялікага князя Вітаўта.

І раптам — шлюб. І з кім? Сямнаццацігадовай Соф’яй — пляменьніцай князя Сямёна Друцкага, у якога гасьцяваў кароль. І вянчаньне ён загадаў правесьці ў Навагрудку менавіта таму, што хацеў, на маю думку, сваім падданым у Кракаве — горадзе, які ён ня надта любіў — “даць добрага маральнага кухталя”.

Дарэчы, яшчэ адна ліцьвінка, каралева Барбара Радзівіл, не хацела нават быць пахаванай у Кракаве, чаму яе й павезьлі ў Вільню. І Навагрудак — гэта першая сталіца яго радзімы — Вялікага Княства Літоўскага. Сам акт вянчаньня быў сымбалічны: дынастыя Ягелонаў пачыналася ў Наваградку”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — пісьменьніца Вольга Іпатава. Напачатку, спадарыня Вольга, я папрасіў бы вас сказаць колькі слоў пра Соф’ю Гальшанскую да гэтага гістарычнага шлюбу. Зь якога яна роду? І ці выпадковым быў ён — гэты шлюб? Які шлях яна прайшла, перш чым узысьці на прастол у Кракаве?”

(Іпатава: ) “Толькі зьнешне ўсё здаецца выпадковым: выпадкова паехаў у госьці да Сямёна Друцкага, выпадкова ўбачыў там дзьвюх прыгажунь… Але, на самой справе, можна сабе ўявіць Ягайлу, у якога ўжо ў Кракаве, мне здаецца, выхаваны комплекс непаўнавартасьці: яго пастаянна папракалі тым, што ён бязьдзетны, ён ужо на схіле свайго жыцьця… Пры ўсіх адмоўных рысах свайго характару, якія мы ведаем (у тым ліку й тое, што ён “здаў” Беларусь, ці Вялікае Княства сваё), ён быў вельмі ўпарты й яшчэ спадзяваўся на шлюб і на дзяцей.

Ён выбраў Соф’ю таксама не выпадкова. Ягайлу прапанавалі ажаніцца са старэйшай — Васілісай, якую празвалі Бялухай. Ён разумеў, што Васіліса прыгажэйшая і мацнейшая, але ў яе былі вусікі на губе — яна была палкай, відаць, дзяўчынай, таму сказаў проста, што баіцца яе. У тэксьце “Хроніка Быхаўца” вельмі хораша пра гэта згадваецца:

“Вялікі Вітаўт і кароль Ягайла заехалі ў Друцк і былі на абедзе ў князя друцкага Сямёна Дзмітравіча. У караля Ягайлы ўжо трэцяя жонка была памерла бяз плоду, ды ён пабачыў у князя Сямёна дзьвюх яго прыгожых пляменьніц. Старэйшая Васіліса, празваная Бялухай, а малодшая Соф’я. І прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы так: “Было ў мяне тры жонкі. Дзьве ляхавіцы, а трэцяя нямкіня, але плода зь імі ня меў. А цяпер прашу цябе: зьяднай мне ў князя Сямёна сястрычну яго меншую Соф’ю, я за сабе яе замуж узяў бы, можа, хоць з роду рускага мне Бог дзяцей даў бы”.

І калі Вітаўт пачаў гаварыць пра тое князю Сямёну, той адказаў: “Гаспадару вялікі княжа Вітаўце!… але ж не хачу я рабіць ганьбу і сорам яе старэйшай сястры тым, што малодшая за старэйшую раней замуж пайшла б. Дык няхай бы Яго Міласьць старэйшую ўзяў”. І калі князь вялікі Вітаўт каралю пра гэта паведаў, той яму адказаў: “Я і сам ведаю, што старэйшая сястра цудоўнейшая, але мае вусы, а гэта азначае, што дзеўка яна моцная, я ж чалавек стары — ня сьмею на яе спакусіцца”. Потым князь вялікі Вітаўт з князем Сямёнам памысьліўшы, выклікалі да сябе князя Івана Ўладзімеравіча Бельскага і ўгаварылі яго ажаніцца са старэйшаю сястрою Васілісай Бялухаю”.


(Ракіцкі: ) “Але хіба ня выклікала ў сучасьнікаў зьдзіўленьня, што кароль у такім узросьце (нагадаю, яму было семдзесят чатыры гады) займеў ажно трох сыноў (зрэшты, адзін памёр у дзяцінстве)?”

(Іпатава: ) “Так, недавер быў, натуральна, бо гэта вялікая палітыка — дзеці ў караля. У 1427 годзе на Гарадзенскім сойме вялікі князь літоўскі Вітаўт перад усімі вяльможамі задаў каралю пытаньне: ці ад яго сыны? Ён нават патрабаваў правесьці расьсьледаваньне падчас трэцяй цяжарнасьці Соф’і, ці сыходзяцца дні, калі кароль быў у Кракаве. Гэта была вялікая ганьба. Уявіце сабе: на сойме задаецца такое пытаньне каралю.

Гэта прывяло Ягайлу ў шаленства, і ён вельмі разьлютаваўся: загадаў правесьці расьсьледаваньне, катаваў фрэйлін, дзьве зь якіх у выніку катаваньня абгаварылі сваю каралеву. Яны нават назвалі імя рыцара Генрыка Зрогава, які нібыта зьяўляецца яе каханкам. Генрык Зрогаў паказаў сябе сапраўдным рыцарам: яго й катавалі, яго й на дыбу ўздымалі, пагражалі жалезнымі распаленымі абцугамі. Але ён толькі цьвердзіў: “Каралева ня здраджвала каралю”.

Дарэчы, пасьля, калі ўжо немаладая Cоф’я Альшанская засталася адна, яна наблізіла да сябе гэтага Генрыка Зрогава, зрабіўшы яго дарадчыкам пры сваім малодшым сыне Казіміру й пакінуўшы яму пасьля сьмерці немалое багацьце. Наўрад ці яна здраджвала каралю, але яна ацаніла такога вернага рыцара, які адзіны яе бараніў”.

(Ракіцкі: ) “А можа й на самрэч ён быў каханкам Соф’і?”

(Іпатава: ) “Я думаю, што не. Любую загану з боку прышлай каралевы разьдзьмулі б на ўвесь сьвет. Яе ў Кракаве не любілі, увесь час параўноўвалі зь Ядвігай. Але, як кажуць летапісы, яна была ня горшай за Ядвігу. Тая была вельмі яркая і любімая ўсім дваром і народам, а гэтая — як бы прышлая. Соф’я не была вялікай дзеячкай, памочніцай караля ў яго справах, а была проста сарамлівай прыгожай дзяўчынай, якая, стаўшы маці, выхоўвала й выхавала сваіх сыноў рыцарамі”.

(Ракіцкі: ) “А якімі дзеяньнямі праславіліся ейныя сыны?”

(Іпатава: ) “Дзеці любілі Літву, як вучыла маці, што таксама было прычынай нелюбові пры двары: Соф’я скіроўвала ўвесь час іхныя позіркі ў бок сваёй гістарычнай радзімы.

А зараз пра дзеяньні, якімі праславіліся: старэйшы Ўладзіслаў у 1443 годзе пад Варнай сам павёў войска супраць туркаў, дзе й загінуў, дакладней прапаў бязь весткі. Гэта вельмі вядомая бітва, пра якую шмат напісана, але беларусы, якія пра гэта ўзгадваюць, ня могуць нават падумаць, што кароль польскі, які загінуў у бітве пад Варнай у барацьбе з туркамі, па сутнасьці, быў чысьцейшым беларусам. Казімір жа вядомы сваімі дзяржаўнымі дзеяньнямі: ён быў вельмі разумным палітыкам і дзяржаўным дзеячом, якога хваляць амаль усе без выключэньня”.

(Ракіцкі: ) “Добрыя сыны, натуральна, гэта шчасьце для маці. Але маладой жанчыне яшчэ патрэбная ўвага, пяшчота мужа. Тут жа была вялікая розьніца ва ўзросьце… Ці была Соф’я Гальшанская шчасьлівая са сваім каранаваным мужам?”

(Іпатава: ) “Тут, мне здаецца, і пытацца няма чаго. Усё ж згадзіцеся: хоць яна і была ўдзячная за тое, што ён зрабіў яе каралевай, і, нягледзячы ні на што, ажаніўся зь ёю, але сямнаццацігадовая дзяўчынка, якая яму векам унучкай можа быць, не магла кахаць гэтага чалавека. Ягайла не вызначаўся, як вялікі князь Вітаўт, мужнасьцю, гераізмам. Вы ж памятаеце, мы з вамі рыхтавалі нумар ”Спадчыны”, у якім ішла гаворка пра бітву 1410 году — што ён рабіў? — маліўся, пакуль Вітаўт змагаўся на гэтым полі пад Грунвальдам. На падставе гэтага можна сказаць, што дзяўчына была там даволі няшчаснай, і шчасьце яе было толькі ў сынах”.

(Ракіцкі: ) “А ці была яна сьвецкай дзяўчынай увогуле? Ці выходзіла яна ў сьвет у Кракаве, ці падарожнічала? Ці проста выхоўвала сваіх дзяцей?”

(Іпатава: ) “Яна трымалася пасьля сьмерці караля вельмі сьціпла. Яе не зрабілі апякункай пры малалетнім каралю, як гэта звычайна бывае, яе адцясьнілі ад улады кубку польскіх магнатаў… Са словаў гісторыкаў, яна аб гэтым ня вельмі перажывала. Соф’я жыла спакойна, ня вельмі шмат падарожнічала і цешылася толькі сваімі сынамі.

Пасьля бітвы з туркамі яна ўвесь час вельмі чакала свайго сына з-пад Варны, бо аб ім не было вядома нічога дакладнага, і доўгі час у ёй цеплілася надзея ізноў знайсьці яго. Гады ішлі адзін за адным, а яна ўсё чакала, усё спадзявалася, што ён аб’явіцца, што ён недзе ў палоне. І так яна, уласна кажучы, і памерла — у 1461 годзе, ужо сталага веку, перажыўшы караля і, практычна, двух сыноў. Але яна выхавала аднаго дзяржаўнага дзеяча, якім магла б ганарыцца як маці:

Алена, слаўная у справах,
І маці грознага цара,
Ты гарады паўсюдна ставіш,
Баронячы Расіі межы”.


(Ракіцкі: ) “Наша дзяржава, нашыя самадзержцы былі, як на той час, не апошнімі ў Эўропе, зь імі лічыліся. Жонка караля, выкарыстоўваючы сёньняшняе слоўніцтва, “першая лэдзі”. Як выглядала, у параўнаньні зь іншымі венцаноснымі панямі наша Соф’я? А можа вось такая аддазенасьць сынам, дому — увогуле тыповая для Эўропы XV стагодзьдзя? Як вы лічыце, як пісьменьніца?”

(Іпатава: ) “Ведаеце, жанчыны былі розныя. І мы будзем яшчэ гаварыць пра Алену Глінскую, якую цяжка ўявіць толькі дома, толькі каля сыноў. Па сутнасьці, жанчыны імкнуліся іграць першую ролю і быць першымі лэдзі, як Вы кажаце, але ім звычайна гэтага не давалі. Мужчынскі мэнталітэт быў настолькі моцны, што жанчына проста прадстаўляла найперш свайго мужа-караля.

Нашая Соф’я Гальшанская трымалася вельмі годна, яе не было чым папракнуць. Яна мела прыгожыя манеры, яна была вельмі добра выхаваная, і не яе віна, што яе празвалі нават трошкі зьдзекліва — Сонка. Ні Соф’я, ні Зоф’я… Але мы павінны яе шанаваць — у тым сэнсе, што ўвогуле мы можам ганарыцца сваімі жанчынамі, якія былі на тронах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG