Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі на троне. Кацярына І


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Беларускі на троне… Магчыма, бальшыню нашых слухачоў такое вызначэньне зьдзівіць. Каля трону — натуральна, а тут — на троне… І якіх дзяржаваў? І яшчэ: згодна са стэрэатыпамі нашай гістарычнай адукацыі, за рэдкімі выключэньнямі, беларуская жанчына амаль нічога ў беларускай мінуўшчыне не вызначала. На нашым слыху перадусім імёны мужчынаў. Тым лепей: маем інтрыгу. Дык якія прозьвішчы мы маем на ўвазе, прапануючы слухачам такую тэму гаворкі? На якіх тронах яны сядзелі? Якімі дзяржавамі кіравалі?”

(Вольга Іпатава: ) “Усе ведаюць цяпер пра польскую каралеву Барбару Радзівіл і акалічнасьці ейнага зьяўленьня на польскім троне. Мабыць, ужо чулі пра Ганну Яраслаўну — унучку Рагнеды, каралеву францускую. Пра Соф’ю Вітаўтаўну, якая выратавала Маскву ад татараў, ведаюць менш. А вось пра тое, што расейская імпэратрыца Кацярына І была зь Віцебшчыны, альбо Соф’я Гальшанская — з Друцку, і пра тое, што Алена Глінская — пляменьніца Міхала Глінскага, пра гэта, на маю думку, ведаюць ня ўсе. Пералік гэтых жанчынаў гаворыць пра тое, што беларускі на тронах былі”.

(Ракіцкі: ) “З каго пачнем? І чаму?”

(Іпатава: ) “Варта пачаць з Кацярыны І, хаця яна стаіць як бы апошняй па часе ў ліку нашых гераіняў. Пачнем зь яе таму, што яна, можа быць, найменей вядомая для ўсіх”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — пісьменьніца, аўтарка шэрагу гістарычных раманаў, Вольга Іпатава. Спадарыня Вольга, зрэшты, і мне пэўны час у галаву ня лезла, што Кацярына І — беларуска, пакуль я выпадкова не зьвярнуў увагу на радкі ў “Энцыкляпэдычным слоўніку Бракгаўза і Эфрона”, што яна — дачка літоўскага селяніна Самуіла Скаўронскага…”

(Іпатава: ) “Так, яна зусім не “чухонка”, як клікалі яе пры двары Пятра І зайздросьнікі й нядобразычліўцы. Як вы ўжо казалі, гэты літоўскі селянін паходзіць зь Віцебшчыны. Гэта гаворыць аб тым, што яна беларуска. У час Вялікага Княства Літоўскага не было на Віцебшчыне ні палякаў, ні тым больш літоўцаў. Ды й селянін гэты, хутчэй за ўсё, быў не Скаўронскім, а быў Скаўронам, што перакладаецца як жаўранак. Гэта ўжо пазьней, калі яна стала вызначаць сваё паходжаньне, яна стала Скаўронскаю — шляхетнае такое імя й прозьвішча.

Пасьля таго, як Кацярына стала імпэратрыцаю, яе пляменьніц й шматлікіх родзічак таемна прывезьлі зь Віцебшчыны. Прыехаў атрад драгунаў, і ўсіх, хто насіў прозьвішча Скаўронаў, павыцягвалі й адправілі немаведама куды пад плач і енкі. Кацярыне не хацелася паказаць, што яна сялянскага роду, а хацелася паказаць, што яна Скаўронская. Гэтых дзяўчат, якіх прывезьлі ў палацы каля Пецярбургу, вывучылі вельмі хутка: дзяўчаты былі таленавітыя, як сама іхная родзічка. І калі яны зьявіліся пры двары як фрэйліны Скаўронскія — гэта быў фурор”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, як яна сама патрапіла ў Пецярбург?”

(Іпатава: ) “Яе ў час вайны са Швэцыяй захапіў у палон невядомы унтэр-афіцэр, у якога Кацярыну адбіў Шарамецеў, у якога, у сваю чаргу, адбіў Меншыкаў, а ўжо ў Меншыкава — Пётар І. Шлях яе быў пакручасты, дарэчы, само яе жыцьцё вельмі цікавае. Яе бацька памёр вельмі рана, і яна з маці паехала ў Ліфляндыю, дзе яны пасяліліся ў пастара Даўта. Тым часам прысьпела чума й амаль усё сямейства памерла. Пастар Даўт таксама памёр.

Аддаць апошнюю пашану пастару прыйшоў пастар Глюк, які й убачыў у гэтым доме, дзе ляжалі адны мерцьвякі, маленькую дзяўчынку, якая была абсалютна здаровенькая ў гэтым царстве сьмерці. Пастар узяў гэную дзяўчынку і пачаў яе выхоўваць разам са сваімі дзеткамі, але выхоўваць як служку. Кацярына нават была замужам, але толькі адзін дзень. Калі ёй было шаснаццаць год, яе павянчалі, а на наступны дзень пасьля вясельля яе мужа ўзялі ў войска. Пасьля гэтага амаль адразу яна стала ўдавой”.

(Ракіцкі: ) “У тым жа “Слоўніку Бракгаўза і Эфрона” абазначанае ейнае нараджэньне 5 красавіка 1684 году…”

(Іпатава: ) “Дарэчы, пад знакам Овена. Вельмі энэргетычны знак”.

(Ракіцкі: ) “І даты знаходжаньня яе на расейскім прастоле: ад 28 студзеня 1725 году да 6 траўня 1727 году. Такім чынам, памерла яна ў сорак тры гады, усяго праз два гады пасьля сьмерці Пятра І. А імпэратрыцаю стала праз дваццаць два гады пасьля іхнай першай сустрэчы ў Марыенбургу ў1703 годзе. Наіўна было бы задаваць пытаньне: за што Пётар яе пакахаў? Але можна задумацца: чаму ён ажаніўся зь ёю й каранаваў як імпэратрыцу ўсерасейскую? Чым яна ж адрозьнівалася ад іншых жанчын, якіх, напэўна ж, нямала было ў ягоным паходным жыцьці?”

(Іпатава: ) “Канечне, адрозьнівалася. Можа, некаму падасца дзіўным такое слова, што яна была свайго роду экстрасэнсам. Чаму? У трэцім нумары “Навука й рэлігія” за 2003 год узгадваецца, што яна апроч той цікаўнай вабнасьці, ці, кажучы па-сучаснаму, сэксапільнасьці, якую адзначалі сучасьнікі. “Голасам, размовай, здымала прыпадкі, якія пераследавалі цара зь юнацтва, выбаўляла ад пакутлівых боляў галавы” — у гэтай цытаце выяўляецца адна з прычын.

Сэксапільнасьць — другая прычына. Трэцяе — яна была вельмі кемлівай жанчынай. У час Прускага паходу 1709 году, калі 40-тысячнае расейскае войска было акружанае 180-тысячным войскам туркаў і крымскіх татар так, што выйсьця ніякага, здавалася не было, яна прыдумала спосаб, як падкупіць ворага: галоўнаму візіру турэцкага войска сабралі шмат каштоўнасьцяў, якія былі ў салдатаў.

Прычым яна сама зьвярталася да салдатаў і казала ім, што ланцужкі й пярсьцёнкі стануць не патрэбныя ўжо заўтра, калі яны лягуць на гэтым полі, а ўсё гэта забяруць пераможцы. “Дык давайце зараз аддамо, каб выратавацца!” — казала яна. І яна змагла пераканаць салдатаў, а гэтым золатам падкупілі турэцкага візіра. Туркі прапусьцілі войска, падпісалі мір, і гэта выратавала Пятра. Ён гэта разумеў. Менавіта гэты выпадак Пётар выкарыстаў для таго, каб каранаваць яе й заснаваць ордэн Сьвятой Кацярыны”.

(Ракіцкі: ) “Але ці так ужо яна кахала Пятра? Гісторыі вядомы таксама ейны раман з камэр-юнкерам Вілімам Монсам. За гэты раман той заплаціў жыцьцём, ледзь уратавалася й сама жонка цара…”

(Іпатава: ) “Як жанчына, я магу сказаць, што дваццаць два гады, праведзеныя зь Пятром, былі далёка не залатыя. Калі зь яго яна здымала прыпадкі, то хто мог зьняць зь яе ўвесь гэты цяжар жыцьця з шалёным чалавекам, зь яго прыпадкамі, вядомымі ўсяму сьвету незвычайнымі гульбішчамі й усім іншым? Ёй жылося вельмі-вельмі несалодка. І зразумела, што цар, захапіўшы яе як ваенную здабычу, не пакінуў ёй выбару. А жаночае сэрца хоча каханьня, мяккасьці, ласкавасьці, якую яна магла атрымаць не ад Пятра, а, напрыклад, таго ж Віліма Монса.

Дарэчы, пра яе мужнасьць кажа й такі факт: усім вядомыя жудасныя падрабязнасьці пакараньня Віліма Монса. Віліму Монсу адсяклі галаву, якую цар загадаў зьмясьціць у шкляны посуд і паставіць на начны столік ля ложка сваёй жонкі. І гэта доўжылася некалькі тыдняў. Уявіце сабе: кожны дзень, хочаш-няхочаш, але позірк калі-небудзь упадзе на гэты шкляны посуд з адсечанай галавой каханка. Але яна трымалася даволі мужна, яна не міргнула вокам.

І нават калі Пётар правёз яе ў першы ж вечар каля плахі, дзе ляжала галава каханка, яна таксама абсалютна спакойна гэта ўспрымала. Пётар ня зводзіў зь яе вачэй. І каб яна паказала хоць цень болю — ён загадаў адсячы галаву й ёй. Але яна вытрымала гэта”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Вольга, а ці ня той гэта Монс, чыя сястра Ганна была таксама каханкай Пятра І, і якую ён таксама загадаў абезгаловіць?”

(Іпатава: ) “Так. Гэтыя факты гавораць пра жудасныя ўмовы існаваньня сярод гэтых адсечаных бясконца галоваў. Ды тут, прабачце за фрывольнасьць, “наставіўшы цару рогі”, Вілем як бы заплаціў і за сьмерць сястры. Але асноўная прычына гэтага раману была ў іншым: Кацярына была прыгажуняй. І многія пішуць, што мала хто мог глядзець на яе абыякава. Адзін з паслоў, здаецца швэдзкі, адзначаў, што твар у яе грубы.

Яшчэ адна пікантная падрабязнасьць: на карціне, зробленай на замову Меншыкава, Кацярына выглядае “пухленькай курачкай”, як бы “бясколернай”. Але іншыя яе партрэты кажуць пра тое, што яна сапраўды была з тых мяккіх, вельмі прыгожых і абаяльных жанчын”.

(Ракіцкі: ) “Чым вызначылася Кацярына І як самадзержыца, як імпэратрыца? Што добрага яна зрабіла для Расеі?”

(Іпатава: ) “Яна была вельмі мужная. Калі ў 1726 годзе ля Рэвелю зьявілася ангельска-француская эскадра, Кацярына пажадала сама ўзначаліць расейскі флёт і выйсьці ў мора. Гэтая рашучасьць падзейнічала, і эскадра адышла, разумеючы, што ўжо сама прыгатаванасьць да адпору прывядзе да таго, што расейскі флёт хутчэй за ўсё пераможа. І яшчэ: незадоўга да сваёй сьмерці Кацярына ў мундзіры палкоўніка праводзіла ваенны агляд войска (для старога расейскага баярства гэтае відовішча здавалася проста сатанізмам), нехта стрэліў у Кацярыну, трапіўшы у купца, што стаяў побач. Жанчына нават не здрыганулася, спакойна працягваючы сваю справу далей”.

(Ракіцкі: ) “А ці ўсьведамляла яна сябе ліцьвінкай, беларускай? Ці памятала яна пра свае карані? Як гэта адбівалася на ейнай палітыцы, на ейных дзеяньнях?”

(Іпатава: ) “Паколькі яна паслала па сваіх пляменьніц, яна добра ведала, дзе яна нарадзілася й усьведамляла сябе жанчынай, якая паходзіць з замежжа. Гэта была натуральная рэч, калі жанчын бралі ў другія дзяржавы, дзе яны станавіліся патрыётамі той краіны, куды яны прыяжджалі. Яна памятала пра свае карані. Або гэты сьведчыць тое, што яна акружыла сябе людзьмі, чые карані многія называюць беларускімі (Меншыкаў, Шафіраў). У той жа час агульнавядомы іх уклад у тое, што Расея “прасекла акно” ў Эўропу. Так што ў сэнсе эўрапейскасьці яна працягвала палітыку Пятра”.

(Ракіцкі: ) “Сама Кацярына й ейнае ліцьвінскага паходжаньня атачэньне служылі Расеі. Іхная энэргія пайшла на карысьць суседняму народу, а не Беларусі. Яны што, не маглі рэалізавацца на Бацькаўшчыне, на яе карысьць?”

(Іпатава: ) “Гэта вельмі балючая тэма. Вечная наша праблема — быць донарамі для суседніх краінаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG