Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія буквары, перадача другая


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Гл. Беларускія буквары, перадача першая

Удзельнічае: пэдагог, дасьледніца Людміла Дзіцэвіч

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Дваццатае стагодзьдзе беларуская мова перажыла пакутліва-драматычна. Нацыя ўсьведамляла яе жыватворнасьць, яе вызначальную ролю дзеля самавыяўленьня і разьвіцьця. Зь іншага боку – гістарычныя рэаліі штурхалі да здрады падмурку ўсяго – мове. Разьвіцьцё мовы ў апошнім стагодзьдзі тысячагодзьдзя я параўноўваю з працаю сэрца чалавека, які вылузваецца з комы – працяглае бездыханьне і нечаканыя раптоўныя ўсплёскі – мо аж да зашкальваньня. Гвалтоўныя напады на беларускую мову расейскай і авацыі чужынцаў. Як за саламінку тапельнікі, гэтак і беларусы ў непрацяглыя моманты нацыянальнага адраджэньня хапаліся за сваю мову. І, разумеючы будучыню, пачыналі з буквароў.

Я працягваю сваю размову з пэдагогам-дасьледніцай, намесьніцай старшыні Таварыства беларускай мовы Людмілай Дзіцэвіч.

Спадарыня Людміла, ці ня самы супярэчлівы – але ад таго ня меней цікавы – пэрыяд у разьвіцьці беларускай нацыі ХХ стагодзьдзя – гэта дваццатыя гады. Рашуча-мэтанакіраваныя крокі бальшавікоў да сваёй клясава-крывавай утапічнай мэты і ня меней рашучыя спробы нацыяналістаў у такіх варунках будаваць нацыянальную культуру. Школьніцтва – перадусім. Паўставала патрэба навучаньню пісьменнасьці, нацыянальнай адукацыі як дарослых, гэтак і дзяцей. Іншага сродку за буквар чалавецтва ня вынайшла. Якім ён быў, беларускі буквар, на хвалі беларусізацыі 1920-х гадоў?”

(Людміла Дзіцэвіч: ) “Гэта – незвычайны пэрыяд у сыстэме буквароў. Па-першае, у 20-я гады, у пэрыяд нацыянальнага адраджэньня буквароў было вельмі шмат, буквары былі для ўсіх. Першы буквар 1918 году Станкевіча “Новы лямантар для беларускіх дзетак”, выдадзены ў Вільні лацінкай, забясьпечваў клясы першай беларускай школы, што ствараліся ў гэты час у Вільні. Вельмі цікавы буквар Аляксандры Смоліч “Зорка”, які выдаваўся і ў 1918-м годзе, і ў 1919-м, і ў 1921-м. А потым – як прарвала плаціну. Гэта былі буквары Байкова (для дарослых), Бародзіча (таксама для дарослых).

Буквары мелі самыя розныя назвы, прыкладам, “Маленькія ўдарнікі”, “Наша Камуна”, “Наша сіла – Саветы”, “Чырвоны баец”… Буквары прызначаліся абсалютна для ўсіх: для калгасьнікаў і сельгасрабочых. Асобныя буквары мелі чырвонаармейцы і дапрызыўнікі. Выдаваліся буквары для гарадзкіх школаў і вясковых. Але ў той жа час гэтыя буквары – сьмешнаватыя, дзіўнаватыя…”

(Ракіцкі: ) “Пагаджаюся з вамі. Ня памятаю, у якім з гэтых буквароў, але я натрапіў на такі выраз: “Сьвіньня – скарбонка селяніна”. І вельмі сьмяяўся…”

(Дзіцэвіч: ) “У іх выяўляўся савецкі час. Я зьвярнула ўвагу на жорсткасьць тэкстаў і малюнкаў, агрэсіўнасьць нават. Цытаты Леніна, напрыклад, такія: “Трэба моцна ўдарыць па тых, хто ў калгасным руху спадзяецца на самацёк, хто не ачышчае калгасы ад кулацкіх элемэнтаў, хто не разгортвае работы з батрацтвам і беднатой”. Можна ўспомніць Дуніна-Марцінкевіча, які апісаў свой час, калі штрафавалі нават тых, хто бачыў бойку, але не разьняў”.

(Ракіцкі: ) “Але ў гэты час існавала яшчэ адна Беларусь, Заходняя – з зусім іншым ладам жыцьця, з зусім іншай палітычнай сыстэмай. Мне ўзгадваецца Янка Брыль і ягоны твор “Сірочы хлеб”. Там ёсьць такі сказ: “І вось быў вечар, у які яшчэ адзін заходнебеларускі пастушок з мужыцкай прагнасьцю на ўсё жыцьцё запамінаў трыццаць дзьве літары ўжо не чужое граматы…” Якая была грамата? Якія былі буквары па заходні бок мяжы?”

(Дзіцэвіч: ) “У Заходняй Беларусі выкарыстоўваліся беларускія буквары. І тыя, якія зьявіліся ў 1920-я гады (як я казала раней, у гэтыя гады буквароў было шмат). Але найбольшае хаджэньне меў буквар Паўловіча, які называўся “Першыя зярняткі”. Ён быў выдадзены і лацінкай, і кірыліцай. Дарэчы, афармляў гэты буквар наш мастак Язэп Драздовіч”.

(Ракіцкі: ) “Але, спадарыня Людміла, наўрад ці мы можам сказаць, што ўмовы дзеля разьвіцьця беларускай мовы, беларускай пісьменнасьці ў польскай дзяржаве былі самыя спрыяльныя…”

(Дзіцэвіч: ) “Гэта быў пэўны супраціў – супраціў палянізацыі, супраціў зьнішчэньню нацыянальнага”.

(Ракіцкі: ) “А цяпер да найноўшай гісторыі. Сапраўды, мы перажываем найноўшую гісторыю ад пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі ўтварылася незалежная Рэспубліка Беларусь. Ці зьмяніўся буквар? Ці стаў ён адрозным ад тых савецкіх буквароў? Што ён узяў лепшае ад савецкіх буквароў, што ён узяў лепшае з даўніны – з тых першых буквароў, якія ствараліся у сярэднявеччы, у Вялікім Княстве Літоўскім, у Заходняй Беларусі, у часы беларусізацыі?”

(Дзіцэвіч: ) “Якраз напярэдадні стварэньня Рэспублікі Беларусь, як мы ведаем, быў пэўны застой, які адлюстраваўся ў букварах. Напрыклад, ад 1929 да 1969 гадоў меў хаджэньне ў Беларусі толькі буквар Сяўко. Потым – ад 1970 да 1990-х мы вучыліся па буквары Анатоля Клышкі”.

(Ракіцкі: ) “Я добра памятаю тыя гады, калі нацыянальна-арыентаваныя бацькі рэзка крытыкавалі Клышкаў буквар”.

(Дзіцэвіч: ) “У пачатку 1990-х гадоў многіх беларускамоўных бацькоў і дзяцей не задавальняў буквар Клышкі з прычыны ідэалягізацыі, таму буквар пісалі нават самі бацькі. Напрыклад, цікавы буквар Зосі Куставай, які потым быў надрукаваны ў часопісе “Пралеска”. Маці напісала азбукоўнік і лічылку для бацькоў, дзяцей, бабуляў, дзядуляў на чыста беларускім матэрыяле. У буквары былі такія разьдзелы як “З куфэрка бабулі Яўгіньні”, “Нашы лічылкі”, “Нашы загадкі”, “Нашы песьні”, ішоў літаратурны матэрыял Геніюш, Гаруна. Гэта быў проста цудоўны буквар, але ж ён не выдаваўся”.

(Ракіцкі: ) “А пасьля Клышка, як я разумею, перапрацаваў свой буквар і пазбавіў яго “саветызацыі”.

(Дзіцэвіч: ) “Так, у буквары адбыліся вялікія зьмены: шырока зьявіўся нацыянальны (сымболіка, фальклёр) элемэнт, гістарычны (тэксты пра Полацкую, Гусоўскага, Скарыну), зьнік савецкі (піянэры, Ленін) элемэнт. Менш стала ідэалёгіі ў нашых букварах. Мы атрымалі высокаякасны буквар Клышкі, які ў 1993 годзе атрымаў першае месца на рэспубліканскім конкурсе, а ў 1994 годзе перамог на конкурсе ў Ляйпцыгу. Гэта прыемна”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня ажно на самай вяршыні беларускай улады ўзьнікаюць сумневы адносна тых падручнікаў, якія паўсталі за час новай незалежнай Беларусі. Ці перажывае рэвізію буквар цяпер – як падручнікі гісторыі?”

(Дзіцэвіч: ) “Сёньня мы маем прыгожы буквар – буквар Анатоля Клышкі, палепшаны, у выключным дэкоры. У ім вельмі шырока пададзеная наша гісторыя і наш нацыянальны элемэнт: адкрываецца буквар выявай помніка Скарыны, у буквары можам знайсьці цытаты Ісуса Хрыста, маем такія матэрыялы як танцы: “Крыжачок”, “Лявоніха”, ”Мяцеліца”, сьвяты: Дзяды, Каляды, Вялікдзень, Купальле.

І калі у буквары 1920-х гадоў спэцыяльна намаляваныя дзеці, якія ідуць зь лёзунгамі супраць Калядаў, супраць Вялікадня, абавязваюцца не фарбаваць яйкі, а бацька прымае абавязак ня піць і не сьвяткаваць Каляды, то ў сёньняшнім буквары поўна пададзеныя нашыя сьвяты й гістарычны матэрыял. Мне прыемна было ўбачыць выявы замкаў Беларусі, прачытаць тэксты пра князя Ўсяслава Чарадзея, Вітаўта, Ягайлу, Полацкую, Гусоўскага. Пра іх у буквары чытаюць нашыя дзеткі”.

(Ракіцкі: ) “Мы сёньня гаворым пра русіфікацыю беларускіх школаў, якіх ужо ня так шмат і засталося. Дык па якім буквары – беларускім ці расейскім – вучацца дзеткі ў тых жа менскіх расейскамоўных школах?”

(Дзіцэвіч: ) “У нас ёсьць яшчэ й польскія школы. У беларускамоўных школах дзеці навучаюцца па беларускамоўным буквары Анатоля Клышкі. У расейскамоўных школах дзеці навучаюцца па расейскамоўным буквары Анатоля Клышкі. У польскамоўных школах дзеці навучаюцца па польскамоўным буквары Анатоля Клышкі, які выйшў летась, але зноў жа – зь беларускай нацыянальнай тэматыкай.

На сёньня існуе пагроза расейскамоўнаму буквару Клышкі, бо спадары Сторажава й Шанько напісалі расейскамоўны буквар “АБВГ”, і сёньня пэўныя сілы хочуць, каб гэты буквар распаўсюджваўся ў расейскамоўных школах. Я хачу сказаць, што гэты буквар нясе пэўную пагрозу нашым беларускім дзецям, таму што ў буквары ўсе тэксты на расейскай аснове – тэксты Юдзіна, Ушынскага, Талстога, Усьпенскага, Раждзественскай, Сухамлінскага й іншых. А з нашай нацыянальнай тэматыкі – толькі Менск і Скарына. І больш нічога няма… Таму нам сёньня трэба адваёўваць буквар Анатоля Клышкі”.

(Ракіцкі: ) “У нашай мове літара “а” сустракаецца ў дзесяць разоў часьцей, чым самая частая іншая. І ў друкарнях беларускую наборную касу па такой запоўненасьці лёгка адрозьніць ад расейскай ці ўкраінскай, хоць нашы альфабэты амаль аднолькавыя”, – так пісаў аўтар беларускага буквара Анатоль Клышка. Розныя мовы, але беларускія дзеці, што навучаюцца ў расейскамоўных школах, пачынаюць далучацца да сваёй мовы не з буквара…”

(Дзіцэвіч: ) “Дзеці пачынаюць вывучаць беларускую мову не з буквара, а з “чытанкі”, бо буквар у іх расейскамоўны”.
XS
SM
MD
LG