Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марская дзяржава Беларусь


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) “Існуе меркаваньне, што дзяржаўнасьць у Беларусь прынесьлі з-за мора. Варагі зьявіліся на Беларусі ў VIII ст. і зь іх, як лічыцца, паходзіць Рагвалод — заснавальнік полацкай дынастыі. Полацкая дзяржава была марской дзяржавай, але выхад мела толькі да Балтыкі. У XIV ст. Вялікае Княства Літоўскае за Вітаўтам было ўжо ад Балтыкі да Чорнага мора. Увогуле, кожная нацыя, нават кантынэнтальная, мае за гонар лічыцца марской дзяржавай. Чаму?

Гэтае пытаньне я задаю сёньняшняму госьцю “Беларускай Атлянтыды” Алегу Трусаву, які тады, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, увесь час змагаўся за тое, каб Беларусь мела свой флёт”.

(Трусаў: ) “Таму што гэта вельмі выгадна эканамічна. Калі ня маеш свайго флёту, будзеш арандаваць чужы й пераплачваць шалёныя грошы. Так сталася, што ў Эўропе ці не адзіная краіна — Беларусь — ня мае свайго флёту”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Трусаў, давайце напачатку пагаворым пра гістарычныя аргумэнты на карысьць таго, што Беларусь была марской дзяржавай і мае ёй быць. З чаго пачнем?”

(Трусаў: ) “Пачнем з таго, што Беларусь уяўляе сабою дно велізарнага мора, якое тут знаходзілася мільёны год таму, і шмат якія нашы радовішчы ёсьць вынікі таго мора. Калійныя солі (якія мы зараз мусім прадаваць па моры) — гэта здабыткі таго салёнага мора; акамянелыя малюскі, зь якіх нашыя продкі рабілі крамянёвыя дзіды й сякеры”.

(Ракіцкі: ) “Але гэтага мора ўжо даўным-даўно няма, і тая гісторыя, пра якую мы мусім гаварыць (эканамічная, палітычная), ніяк не зьвязана з гэтым морам”.

(Трусаў: ) “Нашыя далёкія продкі былі вельмі цесна зьвязаныя з морам, асабліва з Чорным. Невыпадкова ў нашай міталёгіі ўвесь час згадваецца рэчка Дунай і тое далёкае мора, у якое ўпадала гэта рэчка. Дый зараз у нас шмат ручаёў, якія маюць назву Дунай”.

(Ракіцкі: ) “На пачатку перадачы я казаў пра тое, што Полацкая дзяржава мела выхад да Балтыкі. Якую карысьць мы тады мелі?”

(Трусаў: ) “Каб не было выхаду да Балтыкі, каб мы не кантралявалі шлях “з варагаў у грэкі”, мы б ніколі не пабудавалі ані полацкай Сафіі, ані іншых храмаў, на будаўніцтва якіх патрэбныя былі велізарныя грошы”.

(Ракіцкі: ) “Патлумачце”.

(Трусаў: ) “Справа ў тым, што нашы полацкія князі валодалі дзьвюма сыстэмамі волакаў: адны волакі былі ў раёне Віцебска й Усьвятаў, а іншыя — Копылю й Оршы. За волакі ўвесь час ішлі войны са смаленскімі і наўгародзкімі князямі”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, і захопнікі часам прыходзілі з мора, але ж перамагчы заваёўнікаў можна таксама з дапамогай мора”.

(Трусаў: ) “Вядома. Больш таго, дзякуючы мору мы ўпершыню атрымалі першую валюту, якой на той час у Беларусі былі арабскія дырхэмы — грошы Арабскага Халіфату. І асабліва багатая гэтымі скарбамі была зямля Полаччыны: у кожным скарбе сотні, часам — тысячы манэт”.

(Ракіцкі: ) “Сеньня мы гаворым, што ВКЛ — старажытная беларуская дзяржава — была надзвычай магутнай. Якая роля мора была ў гэтым?”

(Трусаў: ) “Велізарная. Княства Літоўскае, як толькі стварылася, адразу ж уступіла ў гандлёвыя статсункі з Ганзай, якая была найбуйнейшым гандлёвым зьвязам у сьвеце, што аб’ядноўвала сотні гарадоў Балтыкі. І ўжо ў XIV ст. нашыя найбуйнейшыя гарады — Смаленск, Віцебск і Полацк — мелі асобныя дамовы з Рыгай і Ганзай. Другі накірунак — накірунак на поўдзень, за які ваявалі і Альгерд, і Вітаўт. Менавіта яны разьбілі Залатую Арду і “прарубілі” сабе шлях да Чорнага мора. Раней, за часы Крымскага Ханства, мы на шмат год былі адрэзаныя ад Чорнага мора, таму што крымчакі закрылі паўдзённы накірунак”.

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра выкарыстаньне мора, пра неабходнасьць мець флёт, то найперш мы, напэўна, маем на ўвазе, што можна лавіць рыбу і прадаваць яе”.

(Трусаў: ) “Беларусы заўсёды вельмі любілі селядцы. У XIV ст. галянцы навучыліся саліць селядцы ў бочках, якія сталі самай смачнай ежай у Магілёве XVII ст. А ў XІV–XV стст. мы ўжывалі марской рыбы значна болей, чым ужываем зараз”.

(Ракіцкі: ) “Ці плавалі старажытныя беларусы далей за Балтыйскае й Чорнае моры, да якіх было выйсьце? Ці плавалі ў іншых морах?”

(Трусаў: ) “Плавалі, і самае цікавае, што мы мелі калёнію на беразе мора цягам 200 гадоў. Гэта — калёнія Курляндзкага герцагства. У XVII ст., у часы кіраваньня герцага Якаба, які меў уласны вайсковы й гандлёвы флёты, было захоплена дзьве калёніі: адна калёнія ў Афрыцы — гэта Замбія, а другая — выспа Табага ў Вэст-Індыі. Такім чынам, мы мелі адну афрыканскую калёнію, а другую калёнію — у Новым Сьвеце. І, адпаведна, праз Курляндыю мы маглі плаваць па любых морах на любыя кантынэнты”.

(Ракіцкі: ) “А дзе старажытныя беларусы бралі караблі?”

(Трусаў: ) “Караблі ў нас вырабляліся на месцы. Калі Расейская Імпэрыя захапіла Беларусь, дык князь Пацёмкін зрабіў пад Крычавам карабельню, і менавіта там рабілі дэталі для вадаплаваў, перадусім, мачты. Увесь чарнаморскі флёт быў пабудаваны зь беларускага лесу. У нас яшчэ выраблялі канаты (на канатных мануфактурах) і парусінавыя ветразі”.

(Ракіцкі: ) “Калі старажытная беларуская дзяржава мела свой флёт, то, напэўна, яна мела й атрыбутыку гэтага флёту. Я маю на ўвазе сьцяг, іншыя апазнавальныя знакі”.

(Трусаў: ) “Пачнем з таго, што беларусы плавалі ня толькі на караблях. Пачынаючы ад XIV ст. у нас узьнікла плытагонства — і па Нёману ўвесь час плылі плыты. На плытах меліся своеасаблівыя хаткі, у якіх жылі плытагоны, і былі апазнавальныя знакі. Мы ня ведаем, як яны выглядалі, але я думаю, што “Пагоня” там прысутнічала, таму што па Нёману ўвесь час ішоў лес, які сплаўляўся ў Прусію, дзе зь яго рабілі ў тым ліку і караблі. Гэта шлях нёманскі. Адпаведна, быў шлях па Дняпру й па Дзьвіне. Трэба адзначыць, што сярод беларусаў было шмат і піратаў–карсараў. Гэта такія беларусы, якія йшлі ў запарожцы й потым грамілі ўсё чарнаморскае пабярэжжа на працягу XVI–XVIII стст.”

(Ракіцкі: ) “Наколькі для паспалітага беларуса ў далёкай мінуўшчыне было гэта важна — мець флёт? Караткевіч, калі пісаў сваю прыпавесьць пра беларускі лёс, чамусьці пэрсанажаў пасадзіў на ладзьдзю. Я маю на ўвазе ягоны твор “Ладзьдзя роспачы”…”

(Трусаў: ) “Ладзьдзя заўсёды была атрыбутам беларускага пэйзажу, бо менавіта ладзьдзя хадзіла па беларускіх рэках і прыносіла тавары, пошту, у галодны год — ежу…”

(Ракіцкі: ) “…Але “Ладзьдзя роспачы”…

(Трусаў: ) “А роспач зьвязаная з тым, што беларусы, як і іншыя народы, разумелі, што ў іншы сьвет можна пераправіцца на караблі. Яшчэ арабскія вандроўнікі апісвалі, што багатых русаў — славянаў — спальвалі на ладзьдзях. Дарэчы, такі абрад быў і ў варагаў. Калі багаты князь паміраў — яго спальвалі на ладзьдзі. Гэта быў мітычны шлях у іншы сьвет: апошні раз карабель нёс свайго спадара ў падземнае мора — мора Аіда — якое знаходзіцца глыбока ўнізе”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што ў пэўнай ступені ў характары беларусаў ёсьць “марскі рамантызм”?”

(Трусаў: ) “Так, і ня толькі марскі, а яшчэ й “падводны” рамантызм, бо менавіта зь беларусаў набіралі значную частку падводнікаў у савецкі флёт. І яны былі самымі лепшымі падводнікамі. Я ведаю статыстыку, што каля паловы камандзераў савецкіх атамных падводных лодак былі беларусамі. І ня раз беларусы выяўлялі гераізам. Прыкладам, у часе аварыі на лодцы “Комсомолец” менавіта беларус выжыў у такой сытуацыі, калі чалавек проста не павінен быў выжыць”.

(Ракіцкі: ) “Ёсьць пэўная настальгія па моры на генэтычным узроўні?..”

(Трусаў: ) “Яна вельмі вялікая, таму што мы столькі стагодзьдзяў былі марскою дзяржаваю, і сярод беларусаў было шмат купцоў, якія на гэтых жа ладзьдзях плавалі, то і нашчадкі іх увесь час імкнуцца да мора. І зараз з пашпартам Рэспублікі Беларусь плавае вялікая колькасьць маракоў — нашых грамадзянаў”.

(Ракіцкі: ) “Але яны плаваюць пад чужымі сьцягамі ў чужым флёце. А зрэшты, ці маем мы зараз свае караблі?”

(Трусаў: ) “Фактычна, мы маем адзін карабель, які збудаваны ў Гомелі — гэта карабель тыпу “рака-мора” (можа плаваць па Дняпры й выходзіць у Чорнае мора). І ёсьць яшчэ адзін карабель, але ён ня плавае. Знаходзіцца ён на возеры Нарач і належыць Адміністрацыі прэзыдэнта. І вось калі той карабель паплыве, то й зьмены ў нашай эканоміцы адбудуцца да лепшага”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Трусаў, гадоў дзесяць назад вы з трыбуны парляманту крычэлі пра неабходнасьць стварэньня ўласнабеларускага флёту. І вось апошнімі месяцамі пра гэта загаварыў і ўрад. Чым гэта выклікана, у рэшце рэшт? І ці ёсьць пэрспэктыва рэалізацыі той вашай даўняй ідэі?”

(Трусаў: ) “Паколькі зараз сталі вельмі моцнымі фінансавыя праблемы ў краіне, урад нарэшце палічыў, што наймаць чужы флёт нявыгадна — трэба мець свой. І ня так даўно ў перадачы на 1-м канале Беларускага радыё чыноўнік зь Міністэрства транспарту больш гадзіны пераконваў у тым, што свой флёт трэба мець, і мець трэба было яго даўно. Я не сумняюся, што ў бліжэйшыя гады мы будзем яго мець, таму што прымусіць эканаміка. Шкада толькі, што замест таго, каб будаваць лядовыя палацы, не будавалі свой флёт. І колькі зараз палацаў — столькі было б караблёў у Балтыйскім і Чорным морах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG