Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У кожнага з нас хоць раз у жыцьці ды балеў зуб. Ён ныў. Яго ірвалі, сьвідравалі… Зусім нядаўна, калі пра лячэньне бяз болю не асабліва і марылася, візыт да зубнога лекара здаваўся страшнейшым за любую кару. Стаматоляг з бормашынаю ўяўляўся катам часоў інквізыцыі, без спагады і жалю. І нават страшна ўявіць, як лячылі зубы нашыя продкі? Тады, калі не было яшчэ ні бормашыны, ні лекаў, ні мыш’яку”.
(Тацяна Валодзіна: ) “Але было гаючае слова замовы, былі зёлкі і магічныя запабегі. Чалавек зьвяртаўся па дапамогу да бабулі-шаптухі, да сваіх суседзяў — жывёлаў і расьлінаў, прыкладаўся да чароўнае сілы самой гармоніі і ладу ў Сусьвеце…”
(Ракіцкі: ) “Мая госьця — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Усё ж, відаць, зубы ў нашых продкаў балелі менш, бо і елі яны толькі натуральныя харчыі, і ваду пілі чыстую. І рвалі зуб, прывязаўшы яго да дзьвярэй альбо нават да конскага хваста”.
(Валодзіна: ) “Лекаваньне зубоў складала асобную, даволі аўтаномную галіну народнай мэдычнай практыкі беларусаў. У ёй самым нечаканым чынам перапляліся і рацыянальныя, і сымбалічныя, і глыбока міталягічныя сюжэты. Уяўлялася хвароба вынікам парушэньня гармоніі ў арганізьме ці зьвязвалася з пранікненьнем у яго дэманічнай існасьці. Верылі, што боль можна перадаць іншаму чалавеку, дрэву, жывёле, проста адправіць яго ў замагільнае царства”.
(Ракіцкі: ) “Як кажуць, любы боль лягчэй папярэдзіць, чым яго лячыць. І калі нашыя папярэднікі зубных шчотак ня мелі, як жа яны засьцерагаліся ад таго ж карыесу?”
(Валодзіна: ) “У беларусаў існаваў цэлы комплекс рытуальных прадпісаньняў і забаронаў, накіраваных на папярэджаньне зубнога болю. Стараліся есьці на хрэсьбінах бабіну кашу. Абуваючыся, раілі кожны раз пачынаць з аднае нагі, лепш з правай. На Дзяды адкладвалі асобна кожнай стравы, а назаўтра елі, пакідалі трохі гарэлкі, а тады назаўтра ёю зубы паласкалі, каб не балелі.
Пашыранай прафіляктыкай была парада есьці ўсё “ядомае”, знойдзенае на дарозе. А сама карысна есьці мышыныя аглодкі: тады зубы будуць моцныя і ня будуць балець. Такіх парадаў і сёньня пачуеш мноства:
“Раяць калупаць хворы зуб зубам знойдзенай у полі конскай сківіцы, тое ж самае раяць рабіць зь цвіком ад падковы, якую знайшоў хворы. Можна калупаць да крыві абломкам косьці, здабытай з воўчага памёту. З дрэва, зламанага бурай, трэба ўзяць трэску, пакалупаць ёй хворы зуб і, сплюнуўшы тры разы, пакласьці трэску назад і вярнуцца дадому, не азіраючыся”.
(Ракіцкі: ) “Да апошняга часу даводзіцца чуць, што зубоў у роце нельга лічыць. Але лекары іх лічаць пастаянна. Ці ёсьць нейкая міталягічная прычына ў падобных забаронах?”
(Валодзіна: ) “Беларусы нават клянуць нядобрага чалавека: “Палічы ў роце зубы, як няма чаго рабіць”. Сэмантычна значным тут становіцца супастаўленьне зубоў з гадамі, заснаванае на залежнасьці стану зубоў ад узросту чалавека. Архаічная сувязь зубоў і веку гаспадара актуалізавала ўяўленьні пра магічную ролю ўласна пералічваньня, калі поўнае пералічэньне чагосьці падводзіла да канца, зьнішчэньня.
Узгадаем парады кшталту “барадаўкі трэба каб хто пералічыў, то і прападуць”.Так і далічыцца да апошняга зуба ў народным уяўленьні ўспрымалася як далічыцца да апошняга году жыцьця. Захоўвае сваё значэньне і той факт, што старасьць, сьмерць устойліва карэлявалі з матывам зубоў, бо чалавек без зубоў ня толькі нараджаецца, але й, найчасьцей, памірае”.
(Ракіцкі: ) “Але калі зуб усё ж пачынаў балець, да каго зьвярталіся? У каго шукалі паратунку?”
(Валодзіна: ) “У вясковых знахараў, у бабулі-шаптухі, якая ўмела лекаваць ад розных хваробаў, і ад зубоў у тым ліку. У ейным арсэнале самыя розныя сродкі — яна абводзіла са спэцыяльнымі словамі вакол хворага зубу іголкаю, якую заганяла потым пад кару дрэва, націрала зуб скарынкаю хлеба і кідала яе цераз парог сабаку, шаптала спачатку на зуб, а затым на зуб ад бараны, знойдзены дзе на дарозе, шаравала шчаку пяском з-пад левае пяты і гэтак далей. І суправаджала дзеяньні словамі малітвы-замовы:
“Госпадзі, як начынаўся сьвет, было на сьвеце тры царыкі: першы царык — зялёны дуб у полі, другі царык — белы камень на моры, трэці царык — шырокі месяц на небе. Як крэпкі зялёны дуб у полі, каб так былі крэпкі зубы ў роце, як бел белы камень на моры, каб так былі белы зубы ў роце; як сьвецел шырокі месяц на небе, каб так былі сьветлы зубы ў роце. Не я зачэрчаю, не я загаварую — зачэрчае, загаваруе сам Гасподзь Бог Ісус Хрыстос і Прасьвятая Маці Багародзіца са ўсімі сьвятымі ангеламі і архангеламі”.
(Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што лячылі зубы лекары шырокага профілю. А стаматоляга-спэцыяліста на вёсцы не было?”
(Валодзіна: ) “На першы погляд дзіўнавата, але добрымі лекарамі ад зубнога болю лічыліся кавалі. І не таму толькі, што маглі яны выцягнуць хворы зуб сваімі шчыпцамі. У мітапаэтычным сьветаглядзе сымбалізаваў сабою каваль самога Бога Грымотніка, які змагаецца з антаганістам-зьмеем, схаваным пад каменем ці ў пячоры. А прычына болю зубоў якраз і бачылася ў тых чарвяках, што сядзяць і точаць зубы. Верылі, калі падыхаць беляной, з зубоў вываляцца маленькія белыя чэрві — і боль супакоіцца.
І ў замове: ”Маладзік малады, у цябе рог залаты. Чарвяк точыць мае зубы, а ты патачы чарвяку губы”.
Ці вось яшчэ:
“Недаверкі кажуць, што чарвяка-зубаточа няма на сьвеці, што гэто выдумка знахараў, каб дурыць сьвет, а Цімох, каваль у Хвайніках, між усіх людзей найправяднейшы чалавек, катораму можна верыць, расказвае: “Хадзіў я, — кажа, — хадзіў з балючым зубам к знахару, дык чаго ён толькі ні рабіў: і шаптаў, і душыў, і пёк, да яшчэ нейкія хвокусы рабіў, а зуб баліць неўгамонна. Ну, — нарэшце кажа знахар, — я табе ўжо нічога не дапамагу, а ідзі ты к фэльчару, няхай вырве зуб, то я нешта пакажу. Я гэтак і зрабіў. А ён таго зуба, паклаўшы на абуху, разьбіў малатком, выняў чорнаго кашлатага чарвячка да й кажа: Глядзі, дзе сядзела нячыстая да якую каморачку вытачыла. А так бы вылез, прагрызшы скарлупку, да пайшоў падгрызацца пад другія зубы”.
І ў іншых парадах прасочваецца повязь лекаваньня з адвечнай барацьбою Грымотніка са зьмеем: “як гром першы ўдарыў, зубы пакалупаты, шчоб не балелі”. Ці, пачуўшы гром, на адным дыханьні прамовіць: “Баляць мне зубы. Б’юць перуны. Ні ў сосны, ні ў дубы, але ў мае зубы”.
(Ракіцкі: ) “У дадзеным выпадку лекавальным станавіўся зварот да міталягічнага прэцэдэнту, і мы яго можам толькі расшыфраваць. А нашыя продкі будавалі свае рытуалы і на болей празрыстых уяўленьнях і схемах. Прыкладам, адно прыпадабнялі да іншага”.
(Валодзіна: ) “У тым ліку параўноўвалі і зубы. У дадзеным выпадку — з зубамі мёртвага чалавека. Верылі: як не баляць зубы нябожчыку, дык пасьля пэўных захадаў ня стануць балець і ім. Не баяліся нават церці па хворых зубах пальцам мерцьвяка, на могілках фартухом з крыжа выціралі сабе зубы і казалі: “Як ён сьціснуў зубы, каб так не балелі і мне”.
“Трэба пайсьці цішком на могілкі, прачытаць “Анёл Гасподні”, пакалупаць сабе хворы зуб адламанай ад крыжа трэскай і, паклаўшы яе назад, ісьці дадому не азіраючыся і не размаўляючы, а потым нікому пра гэта не хваліцца, бо ў іншым разе зубы яшчэ больш разбаляцца, яшчэ мацней, і згаданы сродак другі раз ужо не дапаможа”.
(Ракіцкі: ) “Значыць, эталёнам аняменьня, амярцьвеньня, тоеснага пазбаўленьню ад болю, бачыўся той сьвет і ўсё мёртвае. Лекары, забіваючы нэрвы ў зубе, і кажуць уголас, што гэты зуб мёртвы. Становіцца неяк жахліва… Ці не было болей жыцьцёвых узораў здаровага зуба?”
(Валодзіна: ) “Гэта камень, крэпасьць якога станавілася ўзорам здаровага зуба, хаця да ўвагі бралася і неадчувальнасьць каменя да зьнешніх узьдзеяньняў, што так пажадана пры болю зубоў. І месяц на небе, як у замове — “Месяц ізь неба, мярэц із гроба, камень із мора — усе к Ганьне на вячэру зьбірайцеся, а вы, зубы, ад болю ўнімайцеся”.
(Ракіцкі: ) “І ўсё ж мы сёньня пойдзем у прыстойны кабінэт, атрымаем укол, нам ня толькі падлечаць, але і паставяць новы зуб. І можа толькі дзесь мільгане думка — у які час чалавек быў больш багаты духоўна, душэўна, эстэтычна? Калі прыдумваў складаныя кампутары і крэслы з бормашынай, ці калі ў сваіх бедах прыпадаў да адвечнай гармоніі ў Сьвеце, лекаваўся гаючаю сілай праўды, прыгажосьці, дабрыні?”