Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія татары-ваяры


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае віцэ-прэзыдэнт беларускага грамадзкага згуртаваньня татараў “Зікр уль-Кітаб” Ібрагім Канапацкі

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Зімой і вясной 1818 году ў старажытнай менскай мячэці адбываліся набажэнствы памяці Тадэвуша Касьцюшкі да гадавіны ягонай сьмерці. Чаму татары, мусульмане, маліліся за Касьцюшку?”

(Ібрагім Канапацкі: ) “Доўга нас прывучалі, што паўстаньне Касьцюшкі было выключна толькі польскім паўстаньнем, аднак полымем паўстаньня былі ахопленыя ня толькі польскія землі й значная тэрыторыя Беларусі, але сярод актыўных удзельнікаў паўстаньня знаходзім нямала татараў: паручнік Аляксандар Ахматовіч, камандзір палку Якуб Азулевіч, камандзіры карпусоў, генэралы Юзаф Белік і Мустафа Ахматовіч, камандзір палку Аляксандар Улан. Мужнасьць і гераізм праявілі татарскія вершнікі з палку Азулевіча і часьці генэрала Якуба Ясінскага пры абароне Варшавы”.

Невядомы мусульманін, якому пашанцавала застацца жывым, запісаў на палёх свайго хамаіла (малітоўніка), што пры абароне Варшавы загінула шмат мусульманаў — адных толькі афіцэраў некалькі дзясяткаў. Паўстаньне 1794 году пад кіраўніцтвам Касьцюшкі — гэта адна з замых трагічных, і разам з тым самых гераічных старонак гісторыі беларускіх татараў — змаганьне за лепшую долю сваёй краіны, сваёй Бацькаўшчыны”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — віцэ-прэзыдэнт беларускага грамадзкага згуртаваньня татараў “Зікр уль-Кітаб” Ібрагім Канапацкі. Спадар Канапацкі, вы сказалі, што татары баранілі сваю зямлю. Татары на беларускай зямлі жывуць ужо болей як 600 гадоў… Ці адзіны гэта эпізод змаганьня за Беларусь, якую татары лічылі сваёй зямлёй?”

(Канапацкі: ) “Стаўшы на баку беларусаў і літоўцаў яшчэ ў першых бітвах (прыкладам, Грунвальдзкай), татары здабылі заслужаную славу: мае супляменьнікі разам з польскімі, беларускімі патрыётамі мужна змагаліся за незалежнасьць Рэчы Паспалітай, захопленай трыма драпежнымі дзяржавамі ў выніку трох падзелаў”.

(Ракіцкі: ) “Якія самыя знакамітыя постаці з татараў-ваяроў?”

(Канапацкі: ) “Першы з татараў, хто атрымаў званьне генэрала, быў Чымбай Мурза Рудніцкі, які знаходзіўся на службе ў саксонскім войску яшчэ ў 1761 г. Юсаф Белек стаў генэрал-маёрам войска Рэчы Паспалітай у 1790 г. і таксама быў адным з актыўных удзельнікаў паўстаньня Касьцюшкі. Вядомы і яшчэ адзін удзельнік паўстаньня Касьцюшкі — Якуб Ясінскі…”

(Ракіцкі: ) “…прабачце, калі ласка, Якуб Ясінскі — татарын?”

(Канапацкі: ) “Так. Мы маем радавод Дзедулевічаў, у якім дакладна выводзіцца род Ясінскага яшчэ з XV ст., з таго часу, калі даўнія продкі Якуба Ясінскага жылі ў Крыме. Да пачатку паўстаньня ён пісаўся як татарын, але як толькі ў Касьцюшкі ён атрымаў чын генэрала — стаў палякам”.

(Ракіцкі: ) “Вы перад гэтым пералічвалі асобаў, якія змагаліся на баку войскаў ВКЛ, Рэчы Паспалітай… Апошнія дзьвесьце гадоў Беларусь знаходзілася ў складзе Расейскай імпэрыі… Якая пазыцыя беларускіх татараў была тады, калі нашымі землямі валодалі чужынцы?”

(Канапацкі: ) “Татары перайшлі на вайсковую службу, таму што павінны былі зарабляць сабе на хлеб. Царыца Кацярына ІІ добра разумела ролю нашага народу, і татары былі ўраўнаваныя ў правах з расейскім дваранствам — чаго не было ў Рэчы Паспалітай. Многія зь іх даслужыліся да вялікіх чыноў. Дакладна вядома, што на расейскай службе ў ХІХ — пачатку ХХ ст. было дваццаць генэралаў зь беларускіх татараў.

Але калі ўзьнікалі такія пэрыяды ў гісторыі як паўстаньне ў лістападзе 1830 г., а потым паўстаньне Кастуся Каліноўскага ў 1863 г., то татары таксама бралі чынны ўдзел у гэтых паўстаньнях: гэта знакаміты род Туган-Бараноўскіх, род Смольскіх, род Крычынскіх”.

(Ракіцкі: ) “Татары жывуць нібыта на чужой зямлі, татары гэтую “нібыта чужую” зямлю ўспрымаюць як сваю. Чым гэта можна вытлумачыць?”

(Канапацкі: ) “Мы вядзем адлік ад канца ХIV ст., калі адбывалася масавае пасяленьне татараў на землях беларуска-літоўскай дзяржавы. Калі задаюць нам сёньня пытаньне: “Дзе ваша радзіма?”, то мы кажам: “Наша радзіма тут, у Беларусі”; і гэта можа быць адказ на іншыя пытаньні: “Чаму вам баліць сэрца за гэтыя праблемы, за ўсё тое, што было?”

У нас вельмі багатая гісторыя й традыцыі, мы ня проста ўжываліся ў гэты сьвет. І зь цягам часу, страціўшы сваю мову, мы здабылі беларускую мову, ведаем таксама польскую, украінскую, размаўляем на расейскай. Свае сьвятыя кнігі — Кур’аны — мы пераклалі на беларускую, польскую мову, малітоўнікі — таксама. Мы жылі ў міры й згодзе з усімі народамі Беларусі, прынамсі, спрабавалі — таму што да гэтага заклікала й заклікае наша сьвятая кніга — Кур’ан. Усявышні Алаг загадвае нам, татарам, мусульманам, не спрачацца зь іншымі вернікамі, акрамя тых зь іх, якія несправядлівыя”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Ібрагім, а калі зірнуць на ўсю 600-гадовую гісторыю татараў на беларускіх землях, няўжо заўсёды было бязвоблачна, няўжо заўсёды татары былі на баку карэннай нацыі?”

(Канапацкі: ) “Татары маглі за сябе пастаяць, як воіны. Калі ўзьнікалі складаныя пытаньні, яны “шашкі вымалі” і кідаліся ў бой. Гэта было ня толькі ў вялікіх бойках, але і пры разборках паміж шляхтаю. Але надыходзілі нейкія пэрыяды гісторыі, і татары апыналіся ў небясьпецы: калі адбываліся крывавыя войны; калі прымаліся пастановы сэйму, якія абмяжоўвалі татараў у справе будаўніцтва мячэцяў; калі ў пачатку XVII ст. — пэрыядзе контаррэфармацыі і кастроў інквізыцыі — татары падвяргаліся ганеньням як іншаверцы (тады ж зьявіўся твор-пасквіль на татараў “Альфуркан Пятра Чыжэўскага”).

У такія часы стан татараў быў вельмі складаны, таму яны вымушаныя былі пакідаць сваю краіну. Адбываліся, напрыклад, такія падзеі як бунт “ліпкаў” — воінскага падразьдзяленьня Аляксандра Крычынскага, якое, не атрымаўшы своечасова зарплату, паддалося спакусеій перайшло на бок туркаў. Хутка пытаньні былі ўладкаваныя, і “ліпкі”, як называлі туркі тутэйшых татараў, вярнуліся на сваю спрадвечную радзіму. Гэта толькі адзін факт, які ведаюць гісторыкі — іншых фактаў мы ня ведаем.

Мы можам засьведчыць іншыя факты зь Літоўскай мэтрыкі, дзе даваўся адказ крымскім татарам, якія прыходзілі на нашы землі й спрабавалі рабаваць. Рыцарскі адказ нашых татараў: “Ні Бог, ні Прарок не давалі вам настаўленьня рабаваць, а нам — быць няўдзячнымі да гэтых людзей, сярод якіх мы жывем…”

Ёсьць таксама такі дакумэнт як “Супліца прашэньня да караля Жыгімонта”, у якім татары пісалі, што “і пясок, і дрэвы, і зямля нам агульная разам зь беларусамі”. І цяпер мы знаходзіся, можа быць, у складаным стане. Ёсьць таксама такая спакуса, выбачайце, рвануць — паехаць. Але мы ня можам пакінуць гэты край, таму што тут нам усё сьвятое, і мы лепшай долі, лепшай радзімы ня ведаем. Можа, вы ведеце? Дык скажыце нам!”

(Ракіцкі: ) “Я вельмі ўсьцешаны, што ў нас агульная зямля, што мы размаўляем з вамі агульнай мовай. Натуральна, татары ня толькі ваяры. Татары і аралі зямлю, і гадавалі жывёлу, працавалі ў іншых галінах. Мы гаварылі з вамі пра дачыненьні вайсковыя, палітычныя. А ўзровень дачыненьняў на побытавым узроўні? Вось набліжаецца Вялікдзень. Як звычайна татары, жывучы сярод каталікоў, праваслаўных, усьведамлялі й усьведамляюць гэтае сьвята?”.

(Канапацкі: ) “Мы заўсёды паважліва ставіліся да сьвятаў нашых суседзяў. Мы таксама не зачынялі дзьвярэй тады, калі адбываліся нашыя сьвяты — у татараў, праўда, ня так шмат сьвятаў: ня гэтак даўно адбылося сьвята Курбам Байран, перад гэтым было сьвята заканчэньня посту Ўразар…

Я магу згадаць малюнкі майго дзяцінства: калі набліжалася велікоднае сьвята ў хрысьціянаў, маці таксама фарбавала яйкі на той выпадак, што можа хто зойдзе з нашых суседзяў, каб гэтакім чынам дачыніцца да сьвята. Мы, дзеці, таксама забаўляліся ў тыя ж гульні, што і ўсе: каталі гэтыя яйкі, у біткі гулялі.

Зусім нядаўна я даведаўся, што ў нашай вялікай абшчыне, у мясцовасьці, якая называлася раней Мураўшчызна (сёньня — Іўе), існаваў і існуе такі звычай: напярэдадні Вялікадня, у пятніцу — сьвяты дзень у татараў — адбываўся татарскі “вялікдзень” Пасьля першага набажэнства, да ўзыходу сонца, татарскія дзеці выпраўляліся па ўсіх хатах, дзе іх частавалі — раздавалі “садаку”. У якасьці “садакі” зноў жа былі пафарбаваныя яечкі, печыва. А калі раптам даведваліся, што нехта з гэтых дзяцей хворы ці ня змог прыйсьці, то гаспадары самі адносілі ім гэтую “садаку”, каб такім чынам гэты маленькі хлопчык ці дзяўчынка спрычыніліся да сьвята. Здаралася так, што ў мястэчку было пахаваньне, то праводзіць у апошні шлях выходзіў заўсёды й татарын…”

(Ракіцкі: ) “Дзякуй, спадар Ібрагім. У вашым часапісе “Байрам” я прачытаў верш, напэўна, маладой аўтаркі Дзінары Мазітавай “Алаг Вялікі”, і радкамі з гэтага верша я й хацеў бы завершыць нашу праграму:

О, Беларусь, табе хвала!
Краіна, мужная сама,
На скрыжаваньні абняла
Рашучых, мужных мусульман.

Дала прытулак, сэрца жар,
Загартавала ў баях.
Мяцежны лёс маіх татар
Нясе гісторыя твая.

І я, нашчадак мусульман,
Алаг акбар, цябе малю
Імглу разьвей, расьсей туман,
Памілуй Беларусь маю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG