Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Вобраз старой, як сьвет, установы — карчмы — адлюстраваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у сваім “Гапоне”:
Шум, крык, гоман у карчме,
Кіпіць сельская дружына,
Піва, мёд, гарэлку п’е,
Ажна кружыцца чупрына.
Гаспадары за сталом
Громка гутарку вядуць,
А ляндарка зь лендаром
Мёд, гарэлку раздаюць.
Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
Ля парога гаманяць,
А старыя чараўніцы
Цішком ля печы сядзяць”.
Корчмы пад рознымі назвамі вядомыя ва ўсіх народаў сьвету, а вось што паслужыла прычынай зьяўленьня іх на зямлі?”
(Ніна Здановіч: ) “Зьяўляюцца яны адначасна з рэгулярным гандлем, з купецтвам, а па вялікім рахунку — іх спараджае яшчэ і заўсёдная невыкараняльная прага чалавека да падарожжаў. Існаваньне корчмаў у Беларусі стала вядома зь пісьмовых крыніцаў у сярэдзіне XII ст”.
(Ракіцкі: ) “Мая госьця — археоляг Ніна Здановіч. Спадарыня Ніна, дзеля чаго прызначаліся корчмы, якім патрабаваньням яны павінны былі адпавядаць?”
(Здановіч: ) “Першапачаткова прызначэньне корчмаў было ўнівэрсальнае, зыходзячы з патрэбы чалавека і каня ў ежы, у даху і ў адпачынку. Таму пачыналіся яны са звычайных стадолаў — гэта абгароджанае месца з дахам”.
(Ракіцкі: ) “А дзе разьмяшчаліся корчмы? Ці была нейкая заканамернасьць у іх разьмяшчэньнях?”
(Здановіч: ) “Беларусь не выключэньне. Разьмяшчаліся тут, як і паўсюдна: альбо ў цэнтры вёскі ці гораду, на гандлёвай плошчы, альбо на ўезьдзе ў горад, ці ў любое іншае паселішча. Прыкладам, у Смаргоні ў XIII ст. інвэнтары адзначаюць чатыры карчмы ў горадзе й корчмы на трактах каля гораду. А вось у Цімкавіцкіх уладаньнях было ажно шэсьць корчмаў, дзьве зь якіх разьмяшчаліся на трактах з боку Слуцку. Тое ж самае ў Полацку — з боку Дрысы, на Дынабургскай дарозе, ля тракту ў вёсцы Юравічы”.
(Ракіцкі: ) “Сёньня мы ведаем, што на аўтамабілі мы можам праехаць і трыста, і пяцьсот кілямэтраў, а раней усё ж езьдзілі коньмі. На якой адлегласьці адна ад другой разьмяшчаліся корчмы?”
(Здановіч: ) “Вы правільна вызначылі, што частата разьмяшчэньня месцаў адпачынку (менавіта гэтым былі першапачаткова корчмы) залежыць ад хуткасьці перамяшчэньня. І гэта зьвязана са станам дарогаў, і з тым відам транспарту, якім карысталіся. Прыкладам, у XIII ст. коньмі можна было пераадолець за дзень адлегласьць 20–30 кілямэтраў. Вось і шукайце на такой адлегласьці на трактах і шляхах старажытныя корчмы — не памыліцеся”.
(Ракіцкі: ) “Якія адрозьненьні былі паміж корчмамі? Яны былі ўсе, як сёньня кажуць, збудаваныя паводле тыпавых праектаў?”
(Здановіч: ) “Корчмы падзяляліся на заезныя і незаезныя: там, дзе вы можаце толькі прыпыніцца на ноч, і там, дзе вы можаце са зручнасьцю, так скажам, затрымацца і на большую колькасьць часу. Але заўсёды карчма пазнавалася ў незнаёмым месцы паводле адметных памераў — большых у параўнаньні з акаляючымі будынкамі. І, далей, у адпаведнасьці з заможнасьцю гаспадароў рабіліся гэтыя корчмы з дрэва ці камяню, двухпавярховыя ці аднапавярховыя, крытыя саломкаю, дранкаю ці гонтам. Розьнілася і колькасьць, і памеры пакояў унутры корчмаў”.
(Ракіцкі: ) “Але ж, напэўна, былі нейкія агульныя патрабаваньні ў будаўніцтве корчмаў?”
(Здановіч: ) “У кожнай карчме, якая б яна ні была, вялікая ці малая, назіраецца падзел на жылую і гаспадарчую частку. А ў жылой вылучаецца гаспадарская палова, агульны пакой і пакоі для пастаяльцаў. Мы маем унікальную магчымасьць зазірнуць у карчму пачатку XIX ст., дзякуючы радкам з “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча:
“Знутры ўсе корчмы дзеляцца, як сынагогі,
На дзьве паловы — дзьве ўжытковыя бярлогі:
Адна — на доўгія і вузкія пакоі,
Прызначаныя для гасьцей і на пастоі,
Другая — зборная, дзе вечна шум, размовы.
Ля кожнае сьцяны стаіць там стол дубовы,
Вакол сталоў, нібы пры бацьку кругам дзеткі,
Перамяшчэнцы — зэдлікі і табурэткі”.
Акрамя будынку ўласна карчмы ў ідэале ў карчомны комплекс уваходзіла ўсё, што ўваходзіла і ў сялянскую сядзібу — гэта хлявы, стайня, гумно, калодзеж, лядоўня. Але як спэцыфічная сядзіба-карчма мела піўніцу, вінакурню, сушыльню, часам яшчэ і саладоўню. І, амаль заўсёды, карчма разьмяшчалася блізка каля млыну, бо карчмар з млынаром былі ў самых цесных стасунках. Акрамя таго, пад адным дахам з уласна карчмой разьмяшчаліся ў самой хаце пякарня і каморка з самым неабходным, бо падарожнаму і заходжаму госьцю трэба ня толькі выпіць салодкага піва, але й падмацавацца нечым: ці вяндлінкай, ці саланінкай, ці квашанай капусткай”.
(Ракіцкі: ) “Магчыма, да нашай сёньняшняй перадачы слухачы ведалі пра корчмы толькі з мастацкай літаратуры, з тых жа казак. Наколькі праўдзівыя гэтыя беларускія казкі? Згадваецца мне адна з такіх казак, у якой гаворыцца, што асілак патрабуе ў Яўгіні, да якой трапляе, перш чым распытваць яго, спачатку ў лазьні папарыць, а потым ужо карміць і паіць?”
(Здановіч: ) “Уявіце сабе, што вы падарожнік. І вы доўга-доўга цягнуліся па гэтым тракце кілямэтраў дваццаць, трыццаць, а можа і болей. І, нарэшце, бачыце доўгачаканую карчму. І першае пытаньне ў вас узьнікае, калі вы прыйшлі і абагрэліся: “А дзе можна памыцца?” Вось менавіта на гэта разьлічваў карчмар, калі ставіў вельмі блізка ад самой карчмы хоць невялічкую, але лазенку”.
(Ракіцкі: ) “Нібыта ў сучасным сьвеце — прыстойныя гатэлі заўсёды маюць саўну. Але гэта даволі вялікая гаспадарка, і як жа спраўляліся зь ёю гаспадары?”
(Здановіч: ) “Існаваў падзел функцыяў. У карчме абслугоўвае гасьцей найчасьцей жонка. Узгадайма фальклёрнае: “Ты, шынкарка маладая, пачым у цябе чарка гарэлкі?” Акрамя таго, на падвор’і выкарыстоўваліся сродкі малой мэханізацыі. Прыкладам, ад калодзежу вельмі часта рабілі жолаб для вады ў піўніцу. Калі ўзьнікалі праблемы значныя ў гаспадароў (дакладней, у арандатара карчмы), то пра гэта клапаціўся двор. Падданыя двара абавязаныя былі, як бачна з інвэнтару гораду Смаргоні: “рамантаваць корчмы альбо будаваць новыя, рамантаваць плаціны на вадаёмах, ці насыпаць новыя… і яны (габрэі і мяшчане Смаргоні) павінны гэта ўсе рабіць не ў талаку, а ў свой вольны ад іншых падаткаў дзень”.
(Ракіцкі: ) “А хто выконваў ролю гаспадароў, прымаў падарожніка на нялёгкім шляху?”
(Здановіч: ) “У інвэнтары ўладаньня Смаргонь ад 1689 году ёсьць тыповы ляканічны запіс: у вёсцы Гаўцэвічы “пабудавана добрая карчма, пакрытая дранкай, са сьвятліцай, пякарняй, з каморкамі… У ёй жыве габрэй”. У самой Смаргоні ў сярэдзіне XVIII ст. чатырма заезнымі корчмамі валодалі Шолам Моўшавіч, Борух Еўнавіч, Моўша Ізраілевіч і жонка Моўшы Айзековіча. Як бачым, калі паміраў муж, то кіраўніцтва карчмой у свае рукі брала жонка”.
(Ракіцкі: ) “Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай узьніклі зусім іншыя дарогі-шляхі, гэтак званыя “екацярынінскія тракты”. Як ішло будаўніцтва корчмаў у Беларусі пасьля анэксіі Беларусі Расеяй?”
(Здановіч: ) “З будаўніцтвам паштовых дарогаў, альбо трактаў, менавіта на іх стала арыентавацца частка корчмаў, і гэта адзначыў Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх “Вандроўках па былых ваколіцах”. Паміж Мірам і Нясьвіжам ён адзначыў: “Кожны навакольны маёнтачак прыслаў на паштовую дарогу сваю карчму, бо гэта ж кожнаму зь іх належыць частка кантрыбуцыі з траякоў селяніна, што вяртаўся з торгу…” Тады ўжо пачалося сьвядомае выкарыстаньне корчмаў як крыніцаў спажывы. І гэта ж адначасна прывяло да таго, што насельніцтва прымусова пачалі спойваць”.
(Ракіцкі: ) “Яны што, ператвараліся ў гатэлі?”
(Здановіч: ) “Былі такія выпадкі, калі гаспадар быў заможным, то ён пераўтвараў былую карчму ў шыкоўны заезны двор. Але гэта не паўплывала на ранейшыя, традыцыйныя корчмы. Як і раней, існавалі маленькія і сярэдніх памераў заезныя і незаезныя корчмы, але нават і ў незаезных корчмах у Беларусі, адрозна ад расейскіх шынкоў, заўсёды быў хаця бы адзін пакойчык для падарожнага. Адначасна існавалі падарожныя ўстановы і для багатых, і для бедных. Прыкладам, для самых багатых у Слоніме, ля каналу Агінскага, які таксама выконваў ролю гандлёвага шляху ў XVII ст., была пабудаваная цудоўная аўстэрыя, двухпавярховая, з усялякай гаспадаркай. А ў Горадні былі дзьве карчмы: адна зь іх называлася “Раскоша”, а другая “Галота”.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, гістарычная хада, лёгіка жыцьця вызначылі эвалюцыю корчмаў у тое, што мы сёньня называем “матэлі”?”
(Здановіч: ) “Безумоўна. Калі вы будзеце ехаць па шляху ад Берасьця да Менску і далей, узгадайце, што некалі вось на такіх шляхах замест матэляў стаялі маленькія карчомкі”.
Беларуская карчма. Перадача другая