Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гасьціннасьць беларусаў


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Удзельнiчае: гiсторык культуры Вацлаў Арэшка

(Ракiцкi: ) “Госьць у дом – Бог у дом”, – гэтае выслоўе любiлi старавечныя беларусы. Госьці і гасьцяваньне – істотная частка нашай культурнай традыцыі. Госьць – герой шматлікіх казак, пра госьця існуе нямала прыказак, кшталту “Добраму госьцю і вароты самі расчыняюцца”, альбо наадварот: “Няпрошанаму госьцю лыжкі няма”. Нядаўна мы гаварылі пра дарогу, а дарога – гэта амаль заўсёды сустрэчы, гасьцяваньне. Як жа трактаваўся госьць у беларускай шляхецкай традыцыі, ды як гасьцяваліся нашыя продкі?”

(Арэшка: ) “Госьць у дом – Бог у дом” – гэта шляхецкая прыказка, бадай, найлепш адлюстроўвае стаўленьне да госьця ў Рэчы Паспалітай шляхецкай. Гасьціннасьць была адною з галоўных рысаў старасьвецкай шляхецкай культуры. Кожны госьць, ня толькі крэўны, але далёкі і нават зусім чужы быў пэўны, што прыме яго гаспадар з шчырасьцю і шчодрасьцю... Сапраўды, перад госьцем звычайна адчыняліся ня толькі вароты, але й сэрцы гаспадароў, а таксама іхныя каморы, сьвіраны, а часам скарбонкі і кішэні”.

(Ракiцкi: ) “Гасьцiннасьць рукамi не памацаеш, як нейкую архэалягiчную знаходку. Адкуль мы можам ведаць пра яе ў старавечнай Беларусi?”

(Арэшка: ) “Пра надзвычайную гасьціннасьць шляхты й магнатэрыі згадваюць замежныя падарожнікі, гэтаму прысьвечаныя і шматлікія старонкі ў дзёньніках і мэмуарах нашых суайчыньнікаў. Напрыклад, Ян Ахоцкі распавядае, што як толькі заўважана было набліжэньне да дому госьця:

...Усё, што было жывога ў доме зрушвалася – гайдук хутка нацягваў ліврэю і шапку, каб не спазьніцца с паслугамі ля бутэлек. Ягамосьць накладаў звычайна кантуш, а яемосьць каптурак і нядзельны строй...

Госьця належала чакаць на парозе й урачыста праводзіць да гасьцёўні. Не адбывалася гэта без камплімэнтаў, без цырымоній перад дзьвярыма, на парозе ды, як займалі месца, сядаючы.

Затым гаспадар, устаўшы, прасіў расьпярэзаць паясы, пры чым не абыходзілася йзноў без працяглых гжэчнасьцяў і паказнога ўпіраньня, але, нарэшце, пакананы агульнымі высілкамі госьць здымаў зброю і ў прысутнасьці гаспадара складаў яе ў галоўным куце пакою. Тут і гайдук уваходзіў, які нёс на тацы пару бутэлек і адзін прыкладна паўквартавы келіх. Яго, пры ўзаемных пацалунках, напаўнялі, бутэлькі хутка ўжо былі сухія, і на ківок панскай галавы гайдук выносіў іх і вяртаўся ўжо з чатырма, а да і зь келіхам большага памеру.

Калі візыта была з панямі, яемосьць займала іх у суседнім пакоі, а мужчынскае таварыства пачынала добра забаўляцца з келіхам.


(Ракiцкi: ) “Бачна, што існаваў складаны рытуал прыёму гасьцей, выпрацаваны шматвекавою традыцыяй”.

(Арэшка: ) “Я сказаў бы, што традыцыя гэта налічвае нават тысячагодьдзі, бо як толькі людзі разышліся з адной агульнай пячоры, дык адразу ж пачалі адведваці адзін адно – падтрымліваць камунікацыі, безь якіх не існуе грамадзтва. Шмат што ад старажытнасьці захавалася і ў сучасным гасьцяваньні. Дарэчы, звычай піць здароўе з аднаго келіха захоўваўся ў беларускай вёсцы яшчэ ў першай палове мінулага веку”.

(Ракiцкi: ) “ Шчодрыя пачастункі, асабліва частаваньне алькагольнымі напоямі ўвайшло ў свайго роду “шляхецкую легенду”. А чым яшчэ забаўлялі дарагога госьця?”

(Арэшка: ) “У рытуал гасьцяваньня абавязкова ўваходзілі доўгія гутаркі пра суседзяў, ураджай, гаспадарку, надвор’е, палітычныя падзеі ці расповяды пра розныя жыцьцёвыя здарэньні. Нездарма гэткія таварыскія “гавэнды” сталі нават літаратурнаю формаю – прыгадайма нашага “Шляхціца Завальню”. Гасьцям часта хваліліся дваром, гаспадаркаю й запасамі, найбольш цікавымі “экспанатамі” былі коні ды паляўнічыя сабакі. Забава не была добраю бяз музыкі ды танцаў. Музыкаў знайсьці можна было не заўсёды, і тады асабліва гасьцінны гаспадар мог паступіць як вядомы мэмуарыст Марцін Матушэвіч:

Еў я потым абед з Пашкоўскімі, а потым усю кампанію запрасіў да сябе, да Чамераў, дзе рады ім быў. Былі ў той жа кампаніі дамы. Музыкі я ня меў, дык сам ім граў часам на флейце, часам сьпяваў. Танцавалі мала ня ўсю ноч. Назаўтра абед елі. Падараваў тады я Крапінскаму каня-шлапака коштам 24 чырвоныя злотыя, Пашкоўскаму, генэрал-ад’ютанту, фузію францускую; хацеў Пятру Пашкоўскаму, ротмістру, даць шэсьць гузікаў рубінавых для кантуша, але ён не хацеў ад мяне прыняць, мяркуючы, што хачу яго ад партыі князя Радзівіла, гетмана вялікага В. К. Літ., на бок князя падканцлера перацягнуць.

(Ракiцкi: ) “Матушэвіч згадвае пра багатыя падарункі, якіх ён не пашкадаваў для гасьцей. Адорваньне госьця, напэўна, таксама было часткаю рытуалу?”

(Арэшка: ) “Вядома. Небясьпечна было госьцю што-небудзь пахваліць у доме. Літаральна ўсё: пёс, кубак, шабля, конь – дараваліся яму ў тое імгненьне, і барані Божа адмовіцца ад падарунка: шчодры гаспадар мог нават узяць гэта за сьмяротную крыўду, а вясёлыя адведзіны ператварыцца ў сутычку. Але, па праўдзе, гэтак здаралася рэдка, і госьці звычайна з удзячнасьцю прымалі падарункі, нават калі й былі нашмат багацейшымі за гаспадара. Так заможны вялікалітоўскі магнат мінскі ваявода Крыштаф Завіша прыгадвае гасьціннасьць і шчодрасьць сярэдняй рукі шляхціца, у якога выпадкова спыніўся па дарозе. Праўда, імя гэтага шляхціца вядома сёньня значна болей чым ягонага госьця, бо быў гэта Ян Хрызастом Пасэк, аўтар знакамітых успамінаў.

Быў я ў Цісаве, у ягамосьці пана Паска, чалавека ганебна пачцівага, які гэтак мне рады быў, што немагчыма апісаць. Тры дні ня ведалі мы, што дзень, што ноч – пілі й гулялі. Дам ён меў сіла ў сябе і пекных. Падараваў мне прыгожую шкатулку келецкай работы, падараваў столік мармуравы, падараваў куфэрак шліфаваны ды яшчэ розныя, розныя рэчы...

(Ракiцкi: ) “Падобна, што частыя альбо ненажэрныя госьці маглі стаць праўдзіваю пакутаю для гаспадароў...”

(Арэшка: ) “Нездарма зьявілася прыказка пра тое, што нядобры госьць горшы за татарына. Няпрошаны, нечаканы, вельмі часта незнаёмы госьць быў звычайнаю зьяваю і звычай загадваў прымаць і частаваць яго разам з цэлым караванам ягонай сьвіты й службы. Адмовіць госьцю, тым больш выставіць яго, было страшэннаю ганьбаю на ўвесь дом. У 18 стагодзьдзі хадзіў анэкдот пра небагатага шляхціца Сабескага, да якога раз завітаў вельмі значны госьць з цэлым сваім дваром. Дзень праходзіў за днём, а госьць не сьпяшаўся з выездам. На чацьверты дзень, урэшце, шляхціц ідзе да пана разьвітвацца. Той пытаецца, куды ж гэта гаспадар зьбіраецца, маючы госьця ў доме, а шляхціц адказвае: “Калі міласьцівы пан з гэтаю ардою ня хоча ад мяне ехаць, паеду я да пана!” Казалі ж у тыя часы: “Госьць і рыба на трэці дзень сьмярдзяць”.

(Ракiцкi: ) “А ці ж не бывала так, што і сам гаспадар станавіўся цяжарам для госьця?”

(Арэшка: ) “Асабліва гасьцінныя гаспадары рабілі ўсё, каб уважыць дарагога чалавека. Як непрыстойна было адмаўляцца ад падарункаў, гэтак няможна было адмовіцца і ад чаркі за сталом. Каб госьць не ўхіляўся ад застольных абавязкаў, за ім пільна сачылі гаспадарскія слугі. Калі ж ён, нягледзячы на ўгаворы, абяцанкі, падарункі ці нават пагрозы, урэшце рэшт зьбіраўся выехаць, дык мусіў яшчэ выпіць не адну “стрэмянную” чарку ды часам потым літаральна падаў на падворку. Каб госьць затрымаўся долей, псавалася ягоная карэта, а найчасьцей зь яе здымалі і хавалі колы. У 17 ст. на шляхціца Гольскага, напрыклад, пададзена была не адна скарга за тое, што “пачцівую шляхту на дарозе спыняе, заварочвае, хапае, няволіць і ўчыняе вязьнем...”

(Ракiцкi: ) “А ці можна было б неяк клясыфікаваць гэтых гасьцей – хто, дзеля чаго прыязджаў?”

(Арэшка: ) “Найчасьцейшымі гасьцямі былі суседзі. Суседзкія узаемадносіны былі асноваю грамадзкага і таварыскага жыцьця шляхты. Добрыя суседзі цаніліся як добрыя сваякі – “лепш сусед блізкі, чым брат далёкі”, казалі. Нядобры сусед быў клопатам і пакутаю, часам, цэлага жыцьця. Прыгадайма, напрыклад, пра што сюжэт паэтычнай энцыкляпэдыі нашага шляхецкага жыцьця – “Пан Тадэвуш” Міцкевіча – менавіта пра гісторыю суседзкіх стасункаў.

Як і суседзі, звычайнымі гасьцямі былі шматлікія блізкія і далёкія сваякі. Існаваў нават такі звычай: пасьля вясельля, на якім, зразумела, прысутнічала безьліч сямейнікаў, маладая пара накіроўвалася ў падарожжа па цэлым краі – па сваяках і сябрах сям’і. Пра гэта піша, між іншым, Габрыэля Пузыніна ў сваіх успамінах з пачатку 19 ст.:

Пасьля вясельля Бучынскія выбраліся на цэлыя два месяцы ў адведзіны агульных ім крэўных у Гарадзенскім і Мінскім... Падарожнічалі яны сваімі канямі і раменным, як кажуць, дышлам ад коміна да коміна, а паколькі на Літве пашана да госьця, якая прасьціраецца й да службы й нават да коней, ёсьць зьяваю агульнаю, дык не падводзіла іх анідзе...

(Ракiцкi: ) “Напэўна, апроч суседзяў і сваякоў было нямала іншых наведвальнікаў шляхецкіх сядзібаў?”

(Арэшка: ) “Іншы гатунак гасьцей – госьці выпадковыя, часам дагэтуль зусім незнаёмыя. Паколькі заежджых двароў было ў той час няшмат і былі яны вельмі невыгодныя, звычайна брат шляхціц заяжджаў папросту да бліжэйшага шляхецкага двара, упэўнены ў добрым прыёме. Пры звычайнай манатоннасьці вясковага жыцьця чалавек зь іншых мясьцінаў, які пабачыў сьвет, быў часта адзінаю крыніцаю навінаў і цікавых гісторый. Здаралася, што такі выпадковы госьць затрымліваўся надаўжэй і станавіўся ўжо як бы сваім у доме. Чалавек самотны й небагаты, але душэўны, бывала, асядаў гэтак у прыяцельскім доме назаўжды, быццам крэўны. Называлі такіх прыжывальшчыкаў “рэзыдэнтамі” і ў дамох заможных іх можна было сустрэць нават па некалькі, ды рознага полу.

Здараліся госьці афіцыйныя – па ўрадавай справе, часам вельмі высокія. Нават кароль і вялікі князь маглі завітаць да шляхецкага двара. Іх прыймаваньне было складаным урачыстым абрадам. Хіба найбольш вядомым у Беларусі такім гасьцяваньнем было наведваньне апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам маёнтка Караля Радзівіла ў Нясьвіжы”.

(Ракiцкi: ) “Можна ўявіць сабе, якія пры такой колькасьці ўзаемных адведзінаў выдаткоўваліся сродкі на гасьцінныя уцехі”.

(Арэшка: ) “Сапраўды, адваротным бокам шляхецкай гасьціннасьці было марнатраўства, п’янства”.

(Ракiцкi: ) “Але ж, калі традыцыя замацоўвалася вякамі, значыць існавала пэўная патрэба, рацыя ў гэтай усеагульнай гасьціннасьці?”

(Арэшка: ) “Жыцьцё, вядома, само творыць свае формы. Калі праглядаеш старыя дыярыюшы, ці альбомы малюнкаў, ствараецца ўражаньне, што шляхецкае жыцьцё было нейкаю няспыннаю таварыскаю бяседаю – супольна частаваліся, супольна забаўляліся, супольна маліліся, плакалі й радаваліся, супольна працавалі і, урэшце, супольна біліся, як з унутранымі, гэтак і са зьнешнімі ворагамі. Шляхта была меншасьцю ў грамадзтве, раскіданая па маёнтках і вёсачках на вялізных абшарах рознамоўнага й рознакультурнага краю, яна згубілася б і растала, каб ня моцная сетка сямейных, суседзкіх, таварыскіх звычаяў і абавязкаў, саслоўнай салідарнасьці, якая лучыла шляхту й дазваляла ёй функцыянаваць у якасьці пануючай эліты грамадзтва”.

(Ракiцкi: ) “А да таго ж гасьціннасьць была й застаецца праяваю лепшых чалавечых якасьцяў, праяваю хрысьціянскага спачуваньня й клопату пра бліжняга. Выдатна напіаў пра гэта Ян Баршчэйскі ў сваім “Шляхціцу Завальні”:

Бура мацнела ўсё больш і больш; вецер падняў сьнег у паветра; беспрасьветная начная цемра пакрыла ўсю зямлю; імгненна намяло высокія гурбы перад дзьвярыма й вокнамі.

– Цяпер людзі вяртаюцца з Полацкага кірмашу, – сказаў дзядьдка. – На возеры ўжо, пэўна, замяло дарогу.

Ён паставіў сьвечку на акно і сказаў Францішку:

– Маё жытло – гэта порт на беразе мора; мушу кожную буру такім чынам ратаваць ад няшчасьця падарожных.

Калі Завальня сказаў гэта, пані Мальгрэта, якая была ў гэтым самым пакоі, не магла больш стрымліваць свой даўні гнеў на гэтых гасьцей, што Бог ведае адкуль зьбіраюцца на начлег.

– Зьбярэцца тут цэлы кірмаш, – сказала яна, наракаючы на выдаткі і начныя клопаты, – ніколі спакойна не засьнеш. Усё здароўе страціла.

– Ты, васпані, ня ведаеш ані веры, ані любові да бліжняга, – сказаў дзядзька з гневам. – Шкадуеш хлеба людзям, забываючы, што ўсё ад Бога і за дарункі зямныя набываем спакой сумленьня і надзею на добрую будучыню. Анічога не забяром на той сьвет, і цяжка грашыць хцівы, што ня верыць ва ўсемагутнасьць Божую”.

(Арэшка: ) “Застаецца пашкадаваць толькі, што праўдзівая гасьціннасьць і шчырасьць хіба назаўжды застаецца ў мінулым. Замест яе прыйшлі рознага роду “камунікацыі”, а замест вясёлай таварыскай бяседы – “фуршэты”, “party” і “прэзэнтацыі”...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG