Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменная нацыя


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае пэдагог, дасьледніца Людміла Дзіцэвіч

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “На чыстым аркушы,
Прад вузенькім акном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром.
Парой ён спыніцца,
Каб лепей завастрыць
Пяро гусінае.

Калі чытаеш гэтыя радкі Максіма Багдановіча ды і вершы іншых паэтаў, падаецца, быццам беларусы вельмі любілі пісаць. Ці так гэта?”

(Людміла Дзіцэвіч: ) “Я думаю, што гэта сапраўды так. Беларусы любяць пісаць на ўсім, што трапіцца. Калі я сядзела ў архіве, то бачыла — шмат напісана беларусамі! І чыноўнікамі, і простымі людзьмі”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — пэдагог, дасьледніца Людміла Дзіцэвіч. Спадарыня Людміла, кожны народ мае эвалюцыю прыладаў, на якіх пісалі, чым пісалі. Якая менавіта беларуская эвалюцыя прыладаў для пісьма?”

(Дзіцэвіч: ) “На чым пісалі нашы продкі? Гэта і бяроста, і камяні. На камянях пісалі, калі трэба было замацаваць асабліва важныя моманты — мы ведаем і Барысаў камень, і іншыя камяні. Пісалі на праселках — гэта такія насадкі на верацяно, пісалі на самшытавых грабянцах, пісалі на гліняных плітках, на плінфах, на вашчаных таблічках — да таго часу, пакуль ня зьявіўся пэргамін”.

(Ракіцкі: ) “Гэта ўласна нашыя вынаходніцтвы матэрыялаў, на чым пісалі, ці яны прыходзілі зь іншых краінаў?”

(Дзіцэвіч: ) “Калі казаць пра камень — то камянёў у Беларусі багата, і гэта наша аснова. Астатнія — думаю, гэтыя спосабы браліся і з Эўропы, і з Усходу... Дарэчы, форму сёньняшняй кнігі падказалі васкоўкі — васковыя таблічкі, якія мелі форму кнігі. Кнігі рабілі з пэргаміну. У Беларусі вырошчвалі і цялят, і ягнят, і казьлянят — зь іх і рабілі гэтыя шкуры. Абавязкова трэба было разлінаваць пэргамін. Спачатку разьліноўвалі ад рукі, ну а потым вынайшлі пунктуры — рады іголак на стрыжні. Праўда, гэта вельмі дарагі матэрыял, таму што на адну кнігу трэба было забіць трыста ягнят”.

(Ракіцкі: ) “Гэтым, напэўна, займаліся адмысловыя людзі, якія ведалі гэтую тэхналёгію, а статкі вырошчваліся адмысловыя?”

(Дзіцэвіч: ) “Спосаб вырабу пэргаміну вельмі цяжкі, спачатку трэба было зьняць валасяны пакроў, потым вымачыць некалькі разоў — вельмі вялікая праца”.

(Ракіцкі: ) “Гэта вельмі цікавыя і нечаканыя матэрыялы, якія, натуральна, патрабавалі й адпаведных прыладаў для пісьма. Чым пісалі ў старажытны час беларусы?”

(Дзіцэвіч: ) “Спачатку пісалі, калі на васковых таблічках, то такімі пісаламі — гэта драўляныя і мэталёвыя палачкі, адна палачка з вострым канцом, а другая з лапатачкай, ёй усё загладжвалі. Потым гэтыя пісалы адмянілі, дзеці імі біліся. А на пэргаміне пісалі трысьняговай або драўлянай палачкай, потым пёрамі”.

(Ракіцкі: ) “Калі глядзіш на старыя гравюры, то бачыш людзей зь пёрамі. Пазьней мы ўсе памятаем, як рыпелі гэтыя пёры, калі мы выпісвалі на чыстапісаньні літары. Калі зьявіліся ў нас пёры, з чаго іх выраблялі?”

(Дзіцэвіч: ) “Пёры былі самыя розныя. Спачатку гусіныя — з адной гусі дзесяць пёраў. Вырывалі з жывых гусяў і зь левага крыла, бо там быў адмысловы выгін. Дадаткова да гусіных былі самыя розныя пёры — крумкачовыя, каршуновыя, качкавыя, лебядзіныя, цецяруковыя — але гэтыя птушкі былі далей ад пісца”.

(Ракіцкі: ) “Вырывалі пяро і адразу пачыналі пісаць?”

(Дзіцэвіч: ) “Не, трэба было зьняць плеўку, бо на ім не трымаліся чарнілы. Потым пяро клалі ў нагрэты пясок, потым у кіслотную рошчыну для цьвёрдасьці. Асаблівае ўмельства — вастрыць пёры”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі гэта была важная і тонкая праца?”

(Дзіцэвіч: ) “Былі патрэбныя тры спэцыяльныя сьцізорыкі. Майстар спачатку працаваў грубым ножыкам, а ўжо потым тоненькім”.

(Ракіцкі: ) “Для таго, каб можна было нешта напісаць пяром, патрэбна было нейкую рошчыну, які мы сёньня называем чарнілам. З чаго яе рабілі?”

(Дзіцэвіч: ) “Спачатку чарніла рабілі са звычайнай сажы, куды дабаўлялі вішнёвага клею. Чарніла было прыгожае, яркае, але лёгка змывалася, або яго зьлізвалі. І калі вучань або перапісчык дрэнна напісаў, то зьлізваў чарніла языком. Нават пакараньне такое было — лізаць кнігу.

Потым рабілі з соку дубовых арэшкаў і таксама дабаўлялі вішнёвага клею. Гэтае чарніла не змывалася. Яго саскрабалі нажом і пэмзай. Рукапісы цямнелі ад ужываньня, і для таго, каб кніга была прыгожай, яе адбельвалі. Была спэцыяльная ватка з малака, сыру і вапны. Таму ў нас засталіся ўнікальныя кнігі — глядзіш, а там тры тэксты, адзін выглядае з-пад аднаго. Праступала і ХІV стагодзьдзе, і ХІІ стагодзьдзе”.

(Ракіцкі: ) “Сучасная моладзь практычна ня памятае чарніла, ужо зьмяніліся і пэналы, у якіх захоўваюць асадкі. Якія прылады пісьма існавалі ў старадаўнія часы, і як яны выглядалі?”

(Дзіцэвіч: ) “Пэналы былі з дрэва, а чарнілкі былі самыя розныя: керамічныя, гліняныя, шкляныя. Каб чарніла засыхала — пасыпалі і пяском, і пудрай, пазьней ужо вынайшлі прамакатку”.

(Ракіцкі: ) “Вось папера — калі яна ў нас зьяўляецца і адкуль?”

(Дзіцэвіч: ) “Папера зьявілася ў канцы ХІV стагодзьдзя, і спачатку яна была прывазная з Кітаю. А ў Эўропе яна стала вырабляцца з анучаў. Іх замочвалі, таўклі, адбельвалі гашанай вапнай, перамолвалі й прасавалі. І гэты выраб вельмі добра засвойвалі беларусы”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, што ўяўляла гэткая фабрыка вырабу паперы?”

(Дзіцэвіч: ) “Папера мясцовай вытворчасьці пачалася з 1530 году. Гэта было вялікае памяшканьне, стаялі чаны. І я ўяўляю, як па Беларусі зьбіралі анучы. Анучнік у пачатку ХХ стагодзьдзя езьдзіў па Беларусі і крычаў “Анучы, анучы!”

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, у шэрагу эўрапейскіх краінах у музэях можна пабачыць першыя аркушы паперы, на якіх ёсьць вадзяныя знакі. Ці было гэта ў нас?”

(Дзіцэвіч: ) “Вядома, кожны майстар меў свой вадзяны знак, сваё кляймо. І калі ён раскідваў анучы на сетку, то абавязкова зьверху накладаў выраблены з ануч свой знак, і ён захоўваўся”.

(Ракіцкі: ) “А калі ў нас зьяўляецца папера, вырабленая з дрэва?”

(Дзіцэвіч: ) “Гэта ўжо ў ХVІІІ стагодзьдзі, і ў асноўным яна была прывазная зь Нямеччыны, Італіі й Польшчы. Але потым пачалі вырабляць са свайго дрэва — і ганарымся сваёй паперай”.

(Ракіцкі: ) “А калі ў Беларусі зьяўляецца мэталёвае пяро, калі зьяўляюцца прабацькі сучасных аўтаручак?”

(Дзіцэвіч: ) “У ХІХ стагодзьдзі Міцкевіч, Пушкін пісалі гусінымі пёрамі. А вось Каліноўскі ўжо сталёвым. Пяро мэталёвае ўмацоўвалася на асадачку, асадкі былі самыя розныя — драўляныя, мэталёвыя, касьцяныя. Цікава, што сёньня беларусы аднавілі гэтую назву — асадка. І, нават сталыя людзі пачынаюць разумець, што асадка — гэта ручка”.

(Ракіцкі: ) “Я памятаю сваю радасьць, калі набыў першую аўтаручку. Яшчэ больш радаваўся, калі зьявіліся шарыкавыя асадкі”.

(Дзіцэвіч: ) “Аўтаручкі прыйшлі да нас з ЗША — паркераўскія ручкі, з залатым, вечным пяром. У 1970-я гады зьявіліся шарыкавыя ручкі, і я памятаю, як мы ўсе стамляліся пісаць імі, рука стамлялася. Дарэчы, саветы заўсёды ганарыліся ростам дабрабыту, дасягненьнямі савецкай улады на аснове шарыкавых ручак, бо яны ўсё таньнелі...”

(Ракіцкі: ) “А алоўкі?”

(Дзіцэвіч: ) “Алоўкі — палачка з волава, якое пакідала такі сіні штрых на матэрыяле, таму яе назвалі алоўкам. Потым ужо ўстаўлялі грыфэль, драўляную акантовачку. Цікавы момант: у 1950–60-я гады колер алоўка набыў вялікую значнасьць — чырвоны і сіні. Наша чыноўніцтва карысталася гэтымі алоўкамі, калі трэба было падкрэсьліць тэрмін. Калі распараджэньне было трэба выканаць тэрмінова, яно пісалася чырвоным алоўкам, а калі не такі хуткі тэрмін — сінім”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня асадка выходзіць з ужытку, як калісьці выйшлі з ужытку сталёвыя пёры з зорачкамі, якімі мы пісалі ў дзяцінстве. А вось ці лёгка беларусы адмаўляюцца ад гэтай асадкі й ці лёгка мы прыстасоўваемся да кампутарнага пісьма?”

(Дзіцэвіч: ) “Дазвольце вам, шаноўны спадар, запярэчыць. Я перад перадачай вырашыла паглядзець — ці маюць асадкі нашыя людзі? Кожны другі на маю просьбу даставаў асадачку. І я зразумела — не, асадачка пакуль што застанецца. Кампутарам карыстаюцца маладыя. Дарэчы, сярод маладых гэта быў кожны трэці, які даставаў асадку. А сталыя людзі, хоць агрызак алоўка, але даставалі. Так што мы пішам, пісалі, і будзем пісаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG