Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вонкавае аблічча беларускай школы ў прызьме часу


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае пэдагог і дасьледніца Людміла Дзіцэвіч

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ведама, што школы ў Беларусі зьявіліся прыкладна ў Х–ХІІ стагодзьдзі. А вось цікава, калі зьяўляецца такая школа, якую мы можам уявіць сабе сёньня? Калі зьяўляецца тое, што мы сёньня называем клясны пакой і клясы? Зь якім яно было абсталяваньнем?”

(Людміла Дзіцэвіч: ) “Сапраўды, навучаньне зьяуляецца прыкладна ў Х стагодзьдзі, калі спачатку перапісваліся кнігі, а потым вучылі вучняў, як перапісваць кнігі. Для пісьма патрэбная была падстаўка, дзеля таго, каб пакласьці кнігу, так званы пюпітар, стол і лаўка. Лаўка, відаць, асноўны прадмет, які прайшоў праз тысячагодзьдзі. Ствараліся клясы. Гэта тады, калі мы мелі сваю дзяржаву, калі ствараліся езуіцкія калегіюмы, праваслаўныя брацкія школы — ва ўсіх іх стол, лаўка. Ужо потым зьявіліся дзеля нагляднасьці дошкі. Таму — дошка, лаўка, стол”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — пэдагог, дасьледніца Людміла Дзіцэвіч. Спадарыня Людміла, а вось як мяняліся сталы, лаўкі, дошкі ў часе?”

(Дзіцэвіч: ) “Спачатку сталы былі доўгія, на 8–10 чалавек, лавы доўгія. Дошка — кароценькая і маленькая. Проста не ўяўлялі, што можна выклікаць і двух вучняў, і чатырох вучняў. На стале звычайна была такая выемачка для таго, каб класьці прылады працы, каб класьці асадачкі. Потым ужо, калі зьявіліся чарнілкі, зьявіліся паглубленьні для ніх. Чарнілкі былі самыя розныя, спачатку выліваліся, потым “невылівайкі”. Чарнілкі звычайна насілі ў мяшэчках. Самі вучні гэтыя мяшэчкі шылі й насілі гэтую чарнілку і ў школу, і дадому, бо іх набывалі самі вучні”.

(Ракіцкі: ) “Калі чытаеш літаратуру прыкладна ХІХ-га — нават ХХ стагодзьдзя, вельмі часта паэтызуецца сьвятло для чытаньня. Прыкладам, у Багдановіча:

Ноч. Газьніца гарыць, чырванее
І гарбата, астыўшы, стаіць.
За сьцяной запявае завея,
Сумна боман у поле зьвініць”.

(Дзіцэвіч: ) “Безь сьвятла няма ж пісьма! Для багацейшых гэта была сьвечка з падсьвечнікам, а для бяднейшых — лучына, уточаная ў лучнік. І вось лучына, ведаеце, дайшла аж да ХХ стагодзьдзя, да 60-х гадоў. Лучнік быў і звычайны, які стаіць на месцы, быў і падвесны. Звычайна лучнік быў рухомы, яго рухалі то да стала, то да печы — і гэта было вельмі зручна. У школе таксама было вельмі важна, каб лучнік быў рухомы, таму што сьвятло было патрэбна і ля дошкі, і ля сталоў. У Беларусі пад гэты лучнік выхаваліся і Караткевіч, і Быкаў. Потым была лямпачка Ільіча, ну а потым — сёньняшняе асьвятленьне”.

(Ракіцкі: ) “Дошка, традыцыйнае абсталяваньне для школы. Калі яна зьяўляецца, як яна выглядала і чым на ёй пісалі?”

(Дзіцэвіч: ) “Дошкі зьяўляюцца вельмі рана, яшчэ да ХV стагодзьдзя. Яны былі драўляныя, звычайна чорнага колеру, стаялі на ножках, былі вельмі вузенькія, маглі нават стаяць на падстаўцы. Потым дошку сталі мацаваць на сьцяне. Потым дошку сталі маляваць у самы розны колер, рабіць зь іншых матэрыялаў. Па часе яны рабіліся й магнітныя. Сёньня нашае навучаньне заснаванае на магнітнай дошцы, куды можна прымацаваць наглядны матэрыял. Рабіліся й шкляныя дошкі — на іх вельмі добра пісаць.

Крэйда спачатку была белая, у Беларусі вельмі шмат крэйды. Крэйда заўсёды насілася ў такіх скрыначках, яе ў школу заўсёды прыносіла якая бабуля, жанчына, якая і прыбірала школу, і ў званок званіла. Крэйда крышылася, каля дошкі трэба было пасьля кожнага ўроку ўсё выціраць, інакш уся кляса была белая”.

(Ракіцкі: ) “Вы зараз расказваеце з такім захапленьнем пра крэйду — для мяне было самае непрыемнае ў школе менавіта крэйда і тыя анучы, якімі яе сьціралі. І вось зараз я гляджу на пальцы і адчуваю, як гэта было непрыемна, ці нават паскудна. Самае жахлівае, на мой погляд, што сёньня ў беларускіх школах захоўваецца крэйда. Я нядаўна быў у Мёрскім раёне, і настаўнікі скардзіліся, што ў школе няма грошай на крэйду. Я зьдзівіўся — ва ўсім сьвеце крэдай ужо даўно ня пішуць”.

(Дзіцэвіч: ) “Так, мы, настаўнікі, ня можам пахваліцца іншым мэтадам, як крэйдавым — гэта адзіны мэтад, які не эвалюцыянаваў. І мы зьвярнуліся ў Англію і папрасілі лепшай крэды, наша вельмі крышыцца. Яны вельмі зьдзівіліся. Ня ведаю, дзе яны яе адшукалі, яе прывезлі нам цэлы пачак выдатнай крэйды, і мы яе па драбочку раздавалі ва ўсе ўнівэрсытэты”.

(Ракіцкі: ) “Добра, пакінем крэйду ўрэшце ў спакоі. А вось як мянялася мэбля? Я маю на ўвазе шафы. Як мяняўся той жа званок?”

(Дзіцэвіч: ) “Шафы спачатку былі вельмі цяжкія, іх немагчыма было зрушыць зь месца. Можна назваць іх нават стацыянарнымі. Потым яны рабіліся з тонкіх матэрыялаў, і ўрэшце шафа ў ХХ стагодзьдзі была фанэрная, з крываватых дошак. Памятаю, як гэтыя шафы які-небудзь вучань-пераростак мог падняць і насіць на сабе па ўсёй клясе.

У пачатку нашай савецкай адукацыі кніжак там было няшмат, туды складаў свае сшытачкі настаўнік. Сёньня ў кожнай школе, як абавязак, павінна стаяць вялізная шафа, якая займае цэлую сьцяну. І ў гэтай шафе можна ня толькі кнігі разьмесьціць, але й нейкі этнаграфічны куточак. У 1990-я гады гэта было рэалізацыяй нашай нацыянальнасьці, ці гэта быў стогн па этнаграфічнай Беларусі — калі ў кожнай школе рабілі свой этнаграфічны куточак. Школа ў пачатку 1990-х гадоў набывала зусім іншы выгляд, вяртаючыся да школы 1920-х гадоў”.

(Ракіцкі: ) “Вы зараз сказалі пра гэтыя этнаграфічныя куткі. Натуральна, школа мае выхаваўчую мэту, школа выхоўвае будучых грамадзянаў. Калі зьяўляецца ў школах наглядная агітацыя і якой яна была?”

(Дзіцэвіч: ) “Савецкая ўлада ніколі б не пратрымалася так доўга, калі б ня мела ў аснове нагляднай агітацыі. Таму яна прыйшла ў школу найбольш ярка, найбольш біла вочы, менавіта ў ХХ стагодзьдзі, у 1920-я гады і асабліва патрабавалася ў 1950–60-я гады. У школе абавязкова мусілі вісець стэнды, на якіх намалявана, як сядзець, як пісаць, пад якім нахілам, колькі сантымэтраў ад вачэй — нават як трактарам кіраваць! Абавязкова патрабаваліся матэрыялы партыйных зьездаў. Я памятаю выпадак, калі ў мяне не было матэрыялаў партыйных зьездаў, мне нават зьбіраліся даваць вымову. Адмена ўсяго гэтага выклікала вялікую радасьць у настаўнікаў”.

(Ракіцкі: ) “Партрэты, якія віселі... Я памятаю, калі хадзіў у школу, у нас вісеў Варашылаў. Раптам, прыходжу — няма Варашылава. Празь дзень павесілі некага іншага, зараз не магу ўзгадаць. Калі зьяўляюцца гэтыя партрэты ўвогуле, я маю на ўвазе нават не савецкі час, таму што саветы працягвалі нейкую іншую традыцыю?”

(Дзіцэвіч: ) “Безумоўна. Спачатку партрэты зьявіліся ў Расейскай імпэрыі — на сьцяне абавязкова павінен быў быць партрэт імпэратара. Заганяўся гэты дух пакоры тым партрэтам. Тое ж самае працягвалася ў савецкай школе. На сьцяне спачатку вісеў партрэт Леніна, а потым Сталіна. Потым Ленін неяк зьнік, і застаўся толькі партрэт Сталіна. Вядома, потым партрэт Леніна зноў аднавіўся”.

(Ракіцкі: ) “Але ня толькі партрэт Леніна, я памятаю самыя розныя партрэты?”

(Дзіцэвіч: ) “Потым зьявіліся партрэты ўсяго палітбюро. Я ўспамінаю, як у адной школе, калі не хапіла сьцяны, каб павесіць адзін партрэцік, то перараблялі сьцяну. Потым ужо зьявіліся партрэты навукоўцаў, у кабінэце літаратуры зьяўляліся партрэты. Але ведаеце, партрэты беларускіх навукоўцаў, беларускіх пісьменьнікаў зьяўляліся ў апошнюю чаргу”.

(Ракіцкі: ) “Так склалася — у нашай дзяржаве, прынамсі, больш ужо за два стагодзьдзі — увесь час да школы ёсьць вельмі жорсткія ідэалягічныя патрабаваньні. Якія сёньня, менавіта ў 2002 годзе, патрабаваньні да афармленьня школы?”

(Дзіцэвіч: ) “На жаль, вяртаюцца тыя, старыя, часы. Патрабаваньні такія: зноў стэнды, пішы правільна, сядзі правільна. Сёньня ў школе эклектыка — яна з аднаго боку нясе эўрапейскасьць, а з другога — адступае назад. Зьяўяюцца піянэрскія арганізацыі, камсамольскія, і сёньня мы вяртаемся да старой сыстэмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG