Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябірынт як сымбаль існаваньня Беларусі.


Аўтар і вядучы Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Вось сымбаль твой, забыты краю родны!.." — вымавіў Максім Багдановіч, параўнаўшы Беларусь зь зернем, што тысячы гадоў праляжала ў зямлі ды й не загінула, а дало плён.

"Кветка шыпшыны", "Краіна-браначка", "Раскіданае гняздо", "Руіны, што страляюць ва ўпор", "Край балотаў і лясоў", "Зямля пад белымі крыламі" — гэта ўсё знаёмыя нам вызначэньні лёсу й аблічча Бацькаўшчыны. Але ёсьць і іншы сымбаль, яшчэ не зашмальцаваны — Беларусь як лябірынт.

"Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча Падземнага чалавека. Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, прычым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.

Калі вакно было адчынена, ён сеў на падваконьнік, зажыў зь сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:

— Я даўно ўжо ведаю, дзе ход у схаваную бібліятэку, але сам ня рухаў яе і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не заграбілі ў нас і гэта апошняе багацьце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой сьвечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае...

Няма што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу".

Гэта быў урывак зь "Лябірынтаў" Вацлава Ластоўскага. А маім госьцем — літаратуразнавец і пісьменьнік Пятро Васючэнка".

(Васючэнка: ) "Я напраўду лічу лябырынт адным з сымбаляў разьвіцьця беларускае нацыі. І прыйшоў да гэтага сымбалю я ў далёкім дзяцінстве, якое, на маё шчасьце, правёў блізка ля сьценаў Спаса-Эўфрасіньеўскай царквы. І мы, малыя полацкія мальцы, бавілі час у пошуках слыннага Полацкага лябірынту, пра які пагалоска хадзіла яшчэ ў тыя часы, калі мы не чыталі яшчэ твораў Ластоўскага й наагул нічога не маглі прачытаць пра гэты фэномэн.

Мы былі перакананыя ў тым, што ўваход у Полацкі лябірынт хаваецца ў сутарэньнях Крыжа-Ўзьвіжанскай царквы. Нас не палохалі жахлівыя пагалоскі пра гэты лябірынт, пра тое, што ў ім зьнікаюць людзі, пра тое, што ў ім знаходзяцца пасткі — чалавек ступае на дошкі й ляціць у прорву.

Нас не палохала й пастава жалезнага рыцара, які чакаў, калі вы выходзіце зь лябірынту. Ён стане насупраць вас з жалезным мячом, і вы ніколі ня выйдзеце зь лябірынту.

Я мяркую, што мы абавязкова б знайшлі ўвойсьце ў лябірынт, калі б не вартаўнік, які павесіў на дзьверы Крыжа-Ўзьвіжанскай царквы важкі замок. А ў ім разьвёў трусікаў — жывёлаў з чырвонымі вочкамі й доўгімі вушамі, якіх у яго было ажно дзьвесьце. Я ня ведаю, дзе зараз гэты вартаўнік, ён даўно памёр. Я ня ведаю, у якім ён коле пекла, але ўваход у Полацкі лябірынт даўно шукаюць".

(Ракіцкі: ) "Полацкія лябірынты апісаныя Вацлавам Ластоўскім, але ў кожным старадаўнім месцы альбо мястэчку, дзе захаваліся замкі, храмы або старыя будынкі ёсьць свае легенды пра лябірынты".

(Васючэнка: ) "Усюды, дзе ёсьць замкі, дзе ёсьць храмы, дзе ёсьць лёхі — ёсьць і легенды, паданьні й показкі пра лябірынты. Але Полацкі лябірынт ёсьць рэальнасьцю, праверанай ня толькі навукоўцамі-археолягамі, але й выпадковымі сьведкамі.

Ёсьць сьведчаньні людзей, якія сапраўды пабывалі ў гэтых лябірынтах. У іх пакідалі свае надпісы, аўтографы на сьцяне полацкія кадзеты. А іншыя наведвалі Полацкі лябірынт, таксама будучы падшыванцамі. Я думаю, што калі лябірынт ня знойдуць археолягі, дык абавязкова знойдуць дзеці. Калі-небудзь".

(Ракіцкі: ) "Твор Ластоўскага пра Полацкія лябірынты напоўнены фантасмагорыяй, вобразамі, сымбалямі, якія вельмі цяжка адчытаць. Мне падаецца, што гэта твор-шыфр. Што ж меў на ўвазе Ластоўскі, ці ня шыфр гэта беларускага шляху?"

(Васючэнка: ) "Я моцна падазраю, што Вацлаў Ластоўскі ўласнаручна наведаў лябірынт. І многае пісаў з уласных уражаньняў. Заўважце, апавяданьне ў "Лябірынтах" ідзе зь першае асобы.

Зрэшты, для літаратуразнаўцаў гэты твор — таксама свайго роду лябірынт, у якім яны заблукалі й да гэтуль ня могуць вызначыць, што гэта — фантастычная аповесьць, філязофская проза альбо раман жахаў? Што ж належыць да міталягічнага вобразу лябірынтаў, ягонае мэтафорыкі, дык Ластоўскі здолеў памясьціць у сутарэньні свайго "Лябырынту" ўсе багацьці крэўскай цывілізацы, у тым ліку слынную бібліятэку Сафійскага сабору, у тым ліку таямнічыя лябараторыі, у якіх працуюць альхімікі й жрацы, дзе вырабляюць сынтэтычную ежу й нават старку.

Ён памясьціў туды й істоту, падобную на робата, нешта з мэтала: ці то робат, ці то Голем, ці то Франкенштайн. Усе гэтыя дзівосы ён зьмясьціў у сутарэньнях Полацкага лябірынту, мяркую, таму, што быў пераканы: лябірынт — гэта формула крыўскай беларускай цывілізацыі. Гэта формула яе існаваньня й самазахаваньня.

Заўважце, колькі існуе беларуская нацыя — столькі разоў яна раз-пораз сыходзіла ў сутарэньні часу. Так было з Крыўяй, якая была дый сышла, так было з Полацкім княствам, якое растварылася ў нетрах Вялікага Княства Літоўскага. Потым мы апынуліся Беларусьсю, потым "Северо-Западным краем". Мы мянялі свае імёны, мы сыходзілі й зноў вярталіся".

(Ракіцкі: ) "Тое, пра што вы гаворыце, напэўна можна назваць своеасаблівым самапрыніжэньнем. Ці вы лічыце, што гэта найлепшы спосаб бытаваньня нацыі, выжываньня нацыі?"

(Васючэнка: ) "Можна назваць і самапрыніжэньнем, і ўцёкамі, і можна назваць спосабам самазахаваньня. Заўважце, беларусы часьцяком любяць прыбядняцца.

"А беларусы ж нічога, нікога ня маюць", — казаў Янка Купала. Герой Францішка Багушэвіча, Мацей Бурачок, кажа так пра сваё жытло: "Бедна мая хата, падлога прагніла". Але нікога з чужынцаў не падпусьціць пад яе вокны, каб яны не заўважылі, што там унутры.

На маю думку, беларусам абрыдлі частыя рабункі. Самае каштоўнае яны імкнуцца захаваць у таямнічых, рэальных або мэтафізычных, сховах.

Зрэшты, заўважце фэномэн нашых андэграўндаў, фэномэн ананімнай літаратуры ХІХ стагодзьдзя. Імёны зьніклі. Прыгадаем фэномэн "унутранай эміграцыі", практыку маўчаньня, якую скарыстоўвалі Янка Купала й іншыя нашаніўцы з прыходам савецкае ўлады.

Заўважым, што андэграўнд існаваў і ў самім Наваполацку. Я маю на ўвазе літаратурны андэграўнд, які таксама меў "лябірынтавую" назву — "Блакітны ліхтар". Гэта ўжо 1970-я гады. Пакрыёмнасьць, прыхаванасьць — рысы беларускага існаваньня".

(Ракіцкі: ) "Атрымліваецца, што мы зараз можам правесьці аналёгію нават з назовам нашае перадачы. Беларусь як Атлянтыда? Наўпрост?"

(Васючэнка: ) "Давайце, спадар Ракіцкі, уяўвім сабе Атлянтыду, якая раз-пораз адрываецца ад дна і ўсплывае, а потым ізноў тоне. Беларускі лябірынт — гэта ня толькі блуканьне ў цемры, гэта і сьвятло, якое бруіцца ў канцы сутарэньняў, гэта і выйсьце зь лябірынту.

Усё, што хавалася да часу, яно ўваскрасае, яно зьяўляецца. Зьяўляюцца імёны ананімных твораў, напісаных у ХІХ стагодзьдзі. Вяртаюцца творы, згубленыя або забытыя. Вяртаюцца творы, рэпрэсаваныя ў 1930-я гады й забароненыя да часу. Вяртаюцца цэлыя літаратурныя стагодзьдзі. Так сплыло, сышло ў фальклёр пісьменства ХVІІІ стагодзьдзя. Гэты матэрык літаратуры адкрыў доктар Адам Мальдзіс і вярнуў яго.

Вяртаецца дзяржаўнасьць. Некалі казалі, што беларусы ня мелі сваёй дзяржаўнасьці. Сёньня мы ведаем, што першаю формаю дзяржаўнасьці было Полацкае княства. Прыкмета лябірынтавага існаваньня, зьнікненьня й вяртаньня".

(Ракіцкі: ) "Вы гаворыце пра пэўную лёгіку. Дзе тыя куты ў лябірынце, якія ўсё ж вымалёўваюць гэную лёгіку? Ці ня ёсьць гэта блуканьне, зь якога няма выйсьця? Якім чынам знаходзіцца гэтае выйсьце?"

(Васючэнка: ) "Мне думаецца, трэба шукаць лёгіку ў нашых нацыянальных адраджэньняў, якіх дасьледчыкі налічваюць ад трох да дзесяці. Зьмяняецца пакаленьне, і беларусы вяртаюцца да згубленых каштоўнасьцей. А рытміку, чаргаваньне гэтых адраджэньняў можна вылічваць, можна тлумачыць рознымі прычынамі. Адныя тлумачаць плямамі на сонцы, сонечнай актыўнасьцю, іншыя тлумачаць пасыянарнай актыўнасьцю нацыі, яе ўсплёскамі, яе рытмам. Я ж прапаную толькі схему сыходжаньня, захаваньня, кансэрвацыі каштоўнасьцей дый іх вяртаньне".

(Ракіцкі: ) "Вы лябірынты ўзводзіце ў сымбаль беларускага быцьця. Прынамсі, мне здаецца, што лябірынты — гэта ёсьць нейкая ўнівэрсальная формула, якая ўласьцівая для кожнае нацыі. У чым жа тады адметнасьць "лябірынту беларускага"? Ці лічыце вы, што некаторыя нацыі існуюць, бытуюць, разьвіваюцца наўпрост пазбаўленыя лябірынтаў? Загадкавых, таямнічых, гістарычных лябірынтаў?

(Васючэнка: ) "Ёсьць нацыі, якія не губляюць ні сваіх гістарычных найменьняў, ні свае спадчыны. Прыкладам, індыйскія цывілізацыі альбо кітайская пры ўсіх пярэтрусах, гістарычных зломах каштоўнасьці ў цэлым захоўвалі.

Ёсьць аднак нацыі, якія вядуць падобнае лябірынтавае існаваньне, разьвіцьцё якіх сьціхае на стагодзьдзі — прыкладам, славацкая культура, прыкладам, культура малых дый вялікіх народаў Цэнтральнае Эўропы".

(Ракіцкі: ) "Ці ня ёсьць лябірынтавае існаваньне гарантыяй неўміручасьці беларускага культурнага й гістарычнага быцьця?"

(Васючэнка: ) "Мяркую й веру, што гэта так. Але часам маёй веры перашкаджае мроя жалезнага рыцара, які стаіць на парозе й аднойчы можа зачыніць дзьверы й ня выпусьціць зь лябірынту ніколі. І тады лябірынт застанецца помнікам культуры, помнікам цывілізацыі, якім ёсьць лябірынт Крыцкі.

Інакш кажучы, у сьвеце не бывае нічога бясконцага. Гісторыя можа ня вытрымаць той працяглай гульні, якую задумалі зь ёю беларусы. Ланцуг беларускіх адраджэньняў рана або позна павінен нечым скончыцца. Мне б хацелася, каб гэта былі нарадзіны, каб гэта было канчатковае афармленьне беларускае нацыі, яе культуры й гістарычнае схемы. Схемы гістарычнага разьвіцьця.

Лябірынт адыграў сваю ролю ў жыцьці беларускае нацыі. Ён захаваў ёй жыцьцё ў часы самых жорсткіх выпрабаваньняў, але трэба выйсьці зь лябірынтавага існаваньня да таго, як гісторыя — гэты жалезны рыцар — замкне перад намі дзьверы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG