Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легенды залатой шляхоцкай вольнасьці: вера ў забабоны, прымхі.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Чалавек слабы й няпэўны сябе. Аточаны невядомым, абложаны злымі, таямнічымі сіламі, бязрадны й няздольны зразумець гэты сьвет і кіравацца ў жыцьці ўласным розумам, ён патрабуе апірышча ў чымсьці надпрыродным, моцным і непарушным.

І гэткае апірышча ён можа знайсьці у рэлігіі, веры. Але, калі на адным баку мэдаля вера ў Бога, дык на адваротным — вера ў забабоны, прымхі. Чаму ж забабоны былі й застаюцца часткаю нашай веры, нашага вобразу сьвету?"

(Арэшка: ) "На маю думку, асноўная прычына менавіта ў слабасьці чалавека. Праўдзівая вера надае сілы, але й патрабуе іх — каб вытрымаць, каб захаваць прынцыпы.

А забабоны наадварот: апраўдваюць нашыя слабасьці, падпарадкоўваюць наш лёс дробным акалічнасьцям. Вось чаму жыцьцё ня склалася — чорная котка дарогу перабегла, і нічога з гэтым не паробіш, котка вінаватая... Забабоны — цьмяны бок веры".

(Ракіцкі: ) "У той старасьвецкай шляхоцкай Беларусі, пра якую распавядаюць дыярыюшы і мэмуары, рэлігія займала, безумоўна, вялікае месца. А забабоны? Ці былі яны такой жа істотнай "паловай" веры, як рэлігія?"

(Арэшка: ) "Беларусь, ці шырэй, Вялікае Княства Літоўскае, было сапраўдным запаведнікам забабонаў і пачвараў. Ірляндзкі пісьменьнік Брэм Стокер праславіў Румынію — радзіму вампіра Дракулы. Але беларускія ўпыры ня менш атракцыйныя! Колькі фільмаў і раманаў зрабілі пра пярэваратняў — ваўкалакаў. Але менавіта Беларусь — праўдзівая краіна ваўкалакаў. Гэта толькі найбольш знакамітыя зь беларускіх пачварнікаў.

А ў розныя прыкметы, знакі, у нячысьцікаў, ведзьмакоў верылі літаральна ўсе — ад магнатаў да бедных парабкаў. Нават сьвятары прымалі гэты чароўны бэстыярый як рэчаіснасьць.

На жаль, ані беларуская навука, ані літаратура не скарысталі яшчэ як сьлед гэтага багацьця. Хіба найлепшаю, на мой погляд, застаецца кніжка Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня", напісаная амаль сто пяцьдзясят гадоў таму".

(Ракіцкі: ) "Можа, варта нам агледзецца ў "пантэоне" беларускіх забабонаў і пачвараў?"

(Арэшка: ) "Найлепш у гэтым дапамогуць менавіта старыя тэксты. Вось што, напрыклад, піша ўраджэнец Віцебшчыны, ксёндз Ян Багамолец у сваёй кніжцы "Д’ябал у сваёй постаці", якая выйшла ў 1772 годзе:

"Упыры, як уважаюць, гэта трупы, якія паўстаюць з трунаў, на дамы надыходзяць, людзей душаць, кроў высмоктваюць, па алтарах лазаюць, іх крывавяць, сьвечкі ламаюць..."

А вось праўдзівы аповед пра ўпыра:

"Дзядуля быў у Амэрыцы, грошы зарабляў, прыехаўшы, купіў зямлю, быў багаты, дзяржаў паробкаў. Ну, вось адзін паробак і павесіўся ў яго ў амбары. Пасьля таго стала ў хаце прыдавацца. Ну, вось людзі на пасядушкі зьбіраліся, прасьці. А хата гэтая была на два канцы. У другім канцы вілы, граблі, косы стаялі. Ну, от сабраліся, гамоняць, раптам чуюць — нешта барабаніць, пракрыліся дзьверы, як даліся косы гэтыя, граблі... Усе, хто быў у хаце, праз вокны ўцякалі. Аж пахварэлі ад страху. Нікога няма, а косы, граблі пасярэдзіне хаты.

Дзядуля стаў маліцца, але ўсё роўна прыдавалася. Тады пайшоў да ксяндза. Ксёндз сказаў: "Адкапайце гроб гэтага паробка (а ён месяц як пахаваны), і калі ляжыць ніцам, адрубайце галаву, палажыце яе ў канцы ног, завяжыце труну рабінавым прутом". Так і зрабілі. Адкапалі, адкрылі труну, а парабак ляжыць ніцам. Зрабілі так, як ксёндз гаварыў. Ну, і перастала прыдавацца".

(Ракіцкі: ) "Хто аўтар гэтага тэксту?"

(Арэшка: ) "Гэты тэкст запісаны сучаснай беларускай школьніцай са словаў ейнае бабулі. Падзеі адбываюцца на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Але, як бачыце, вампіры яшчэ водзяцца! Той жа Ян Багамолец з свайго XVII-га стагодзьдзя як бы адказвае нашым сучасьнікам:

"Не магу ўстрымацца ад гневу, калі чую, якія сродкі прыпісваюць супраць упыроў! Першы: сьвінячы кал у вусны трупа ўкласьці. Другі: цела адкапаць, галаву рыдлёўкай адсячы й паміж нагамі пакласьці, сэрца вырваць або калом прабіць ці ўсё цела цалкам спаліць. Трэці: кроў упыра з напоем якім зьмяшаць ды выпіць. Чацьвёрты: цела ўніз тварам пакласьці, а рукі зьвязаць".

(Ракіцкі: ) "Пасьля упыроў, бадай, самыя вядомыя з загадкавых істотаў Беларусі, гэта ваўкалакі — людзі, якія ператвараюцца ў ваўкоў. Ці адлюстраваныя яны ва ўспамінах людзей, ці гэта ўсё ж цалкам казачныя істоты? І ўвогуле — як адрозьніць праўду ад фантазіі?"

(Арэшка: ) "Гаворачы пра зьявы незвычайныя, цяжка адрозьніць інфармацыю "праўдзівую" ад бэлетрызаванай. Мэмуарысты, пішучы пра іх, звычайна самі верылі ў тое, што бачылі альбо пра што чулі, а пісьменьнік часам прымушае верыць нас у сваю фантазію. Але ці было і тое, і гэнае напраўду?

А пра ваўкалакаў згадвае яшчэ Герадот, які пісаў, што ў племені нэўраў, што жылі паміж Днястром і Дняпром (сёньняшняя тэрыторыя Ўкраіны й Беларусі), былі чараўнікі, якія маглі перамяняцца ў ваўкоў і зноў вяртацца ў чалавечую постаць.

У першай палове мінулага стагодзьдзя натхнёны расповедамі пра нашых ваўкалакаў Праспэр Мэрымэ піша знакамітае апавяданьне "Локіс" — пра пярэваратня-мядзьведзя.

А вядомы польскі гісторык Зыгмунт Глогер сто гадоў таму прыгадваў уражаньні свайго ўласнага дзяцінства:

"Адзін вясковец зь Літвы езьдзіў па ўсяму краю вазом зь сям'ёю й расказваў, што дзеці ягоныя й уся сям'я ператвораныя былі ў ваўкалакаў на вясельлі, калі, забыўшыся, у пятніцу танчылі. Хто тады ўбачыў бы ў полі ваўка, — прасіў змучаны бацька, — хай вымавіць імёны няшчасных, перажагнае яго ды скажа пацера, дык ваўкалак пераменіцца ў чалавека. Іншы чалавек апавядаў, што сам "хадзіў" праз тры гады ваўкалакам. Людзі слухалі з зацікаўленасьцю й спачуваньнем, ды шчодра частавалі, каб апавядаў даўжэй".

Зь іншых надзвычайных істотаў варта прыгадаць русалак. У лесе, у двары, у хаце таксама вадзіліся розныя нячысьцікі".

(Ракіцкі: ) "Але ж калі чытаеш літаратуру эпохі барока, а беларуская, мэмуарная, тут не выключэньне, зьвяртаеш увагу на сталую прысутнасьць д'ябла…"

(Арэшка: ) "Так, ён зьяўляўся звычайна з мэтаю захапіць ці выкупіць чалавечую душу. І нярэдка знаходзіліся жадаючыя рызыкнуць. Захавалася справа нейкага маладзёна, Камінскага, які наіўна прызнаваўся перад судом у 1728 годзе:

"Жаданьне да гэтага запісу меў я з аповедаў пра нейкага шляхціца, які быў перад тым убогі, а цяпер няцяжка яму выдаць і колькі мільёнаў. Напісаўшы той ліст, адразу, укалоўшыся шпількаю, крыві з пальца ў пяро напусьціў, і падпісаў, і зь лістом пайшоў у касьцёл пад Муку Божую, молячы злога духа, але ніводзін мне на той час не паказаўся. Толькі ў сьне паказваліся розныя асобы, абяцаючы мне грошы, каб толькі пачакаў колькі тыдняў..."

Д’яблы былі розныя, існавалі шматлікія апісаньні іх ды парады, як здагадацца аб іхнай істоце:

"Найчасьцей д’ябал зьяўляецца ў постаці чалавека, селяніна, шляхціча, немца. Адно толькі празорлівыя людзі могуць яго пазнаць, і то найчасьцей па хадзе (бо адну нагу мае з капытам), па адной дзюрцы ў носе (ці зусім іх бракуе), нарэшце па паху, бо сьмярдзіць д’ябал казлом".

(Ракіцкі: ) "Увесь сьвет быў напоўнены сэнсам, ці ня кожны выпадак прадказваў нешта альбо тлумачыў ужо адбытае. Але найбольшае ўражаньне рабілі на людзей зьявы рэдкія і незвычайныя, прыкладам, камэты ці зацьменьні. Ці надавалі ім сэнс людзі адукаваныя?"

(Арэшка: ) "Так, і вельмі важны сэнс. Берасьцейскі кашталян Марцін Матушэвіч сур’ёзна піша ў другой палове XVIII стагодзьдзя:

"У той жа час камэта сьвяціла, з доўгім хвастом на захад сонца, ад якога часу, аж да цяпер, быдла падае гэтак моцна, што праз колькі гадоў пастаянна вяртаецца зараза".

А віленскі ваявода, князь Міхал Казімер Радзівіл, які лічыў сябе чалавекам даволі адукаваным, карыстаўся папулярнымі тады календарамі, дзе былі пазначаныя разьлічаныя навукоўцамі даты астраномічных зьяваў, але ўсё ж меў сумненьні на гэты конт:

"25 ліпеня 1748. К палудню а той гадзiне, як у Календары пiшуць, было зацьменьне сонца, досыць вялiкае, бо столькi сонца бачна было, як на маладзiк. Каляндар угадаў, але хай даброта Боская баронiць нас, абы вынiкi злыя таго зацьменьня Бог прадбачыў".

(Ракіцкі: ) "Сапраўды, зь беларускіх забабонаў, нячысьцікаў ды прыкметаў можна было б скласьці не адзін энцыкляпэдычны том. Але вось, што мяне зацікавіла. Забабоны — карысныя ці небясьпечныя яны для грамадзтва, хто іх прадукуе і ўжывае? Вядома, што праз веру ў існаваньне вядзьмарак, чараў згінула шмат людзей, у тым ліку і ў Рэчы Паспалітай".

(Арэшка: ) "Большасьць забабонаў — гэта сьляды старой веры. Чалавек анімізаваў сусьвет, надзяляючы істоты, рэчы, зьявы магічнымі здольнасьцямі й функцыямі. Гэта дапамагала яму растлумачыць сусьвет і прыстасаваць да сябе.

Хрысьціянства, як і іншыя вялікія рэлігіі, стварыла такую цэласную канцэпцыю сусьвету, што гэтыя дробныя мэханізмы зрабіліся непатрэбныя. Але на прыватным узроўні, можна сказаць, на пабытовым, часта застаецца патрэба неяк рацыяналізаваць складаныя дачыненьні з грамадзтвам, з прыродаю, з самім сабою.

Чалавеку неўласьціва зьвяртацца да ўсемагутнага адзінага Бога з дробнымі просьбамі ці тлумачыць ягонай воляй свае дробныя няўдачы. Гэта падобна на тое, каб зьвяртацца да прэзыдэнта краіны з патрабаваньнем адрамантаваць прыбіральню. Таму грамадзтва захавала частку сваіх старых багоў — для хатняга карыстаньня. На іх можна было валіць і свае ўласныя недахопы.

Зьмяняецца грамадзтва і чалавек — зьмяняюцца старыя забабоны, зьяўляюцца новыя. Так, наш сучасьнік складае лічбы аўтамабільных нумароў ці палохаецца не русалак, а "прышэльцаў" з космасу. Але й старыя забабоны яшчэ таксама існуюць. Тады яны ўжо не выконваюць сваіх карысных функцыяў і могуць стаць шкоднымі і нават небясьпечнымі".

(Ракіцкі: ) "А якія менавіта цяперашнія беларускія забабоны небясьпечныя?"

(Арэшка: ) "Найбольш небясьпечныя ў наш час забабоны — сацыяльныя і палітычныя, яны збольшага ўзьніклі ці іх накінулі нам у мінулым стагодзьдзі. Напрыклад, славутая рахманасьць беларусаў. Калянізатарм выгодна было ўяўляць сабе беларусаў гэткім брудным кудлатым маўклівым статкам, які можна пагнаць куды трэба, або рэзаць колькі хочаш.

Некалі й беларусы прынялі на сябе гэты вобраз дурнаватага "дзеда-лесавічка", які ў пэўныя моманты дапамог біялягічнаму захаваньню нацыі. Але ў сучасным сьвеце вольны народ ня можа верыць у тое, што ён — увасабленьне "лесавічка" ці хай сабе дзеда Талаша.

Яшчэ адно шкоднае чужынскае вераваньне — гэта адушаўленьне ўлады і надзяленьне яе магічнымі функцыямі. Колькі разоў прыходзіцца чуць, што "яны ведаюць", яны "клапоцяцца", ці "яны сочаць". А ў тым, што найвышэйшыя чыноўнікі могуць выклікаць дождж ці ствараць зь нічога грошы, запэўніваюць нас яны самі.

Шкада толькі, што некаторыя прастакі й дагэтуль вераць у гэтыя цуды, альбо баяцца магічнай сілы ўлады. Між іншым, ужо згаданы ксёндз Ян Багамолец слушна пісаў амаль дзьвесьце пяцьдзесят гадоў таму:

"Што казаць пра злосьць і свавольле чалавечыя? Тут моладзь распусная, у сьмяротныя шаты ўбраўшыся, выскоквае зь цьвінтара, нападаючы на мінакоў. Там несумленны слуга дзеля прыкрыцьця сваіх начных прыгодаў галас і шкоду валіць на упыроў. Часам тыя, хто фальшывую манэту ў падземных лёхах робіць, кайданамі дзьвенкаюць, агні паляць, у постаці шатанаў выбягаюць, перашкоды ад сябе аддаляючы".

(Ракіцкі: ) "Ёсьць знакамітае выслоўе: "Сон розуму нараджае пачвараў". Ці мае яно дачыненьне да нашае размовы?"

(Арэшка: ) "Так. Ад нашага здаровага сэнсу будзе залежаць, ці пачвары й забабоны схаваюцца на сваё месца ў цені жыцьця, ці яны завалодаюць намі канчаткова, ладзячы свой шабат на нашай зямлі і ў нашых душох".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG