Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінулае беларускага баброўніцтва.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі

(Вячаслаў Ракіцкі: ) "Наш фальклёр багаты на згадкі пра бабра — як ніякі іншы. Бабру надавалі самыя фантастычныя й неверагодныя рысы:

Ляцеў бабёр цераз двор,
На ём сукенак дзевяць пар,
На ём шапачка баброва,
Загарэлася дуброва…

Бывалі часы ў жыцьці пэўных краін (прыкладам, Канада XVII–XIX стагодзьдзя), калі іхная эканоміка цалкам была пабудаваная на бабровым промысьле.

Значна раней, калі ва ўсходніх славянаў толькі паўставалі прыватная ўласнасьць і дзяржава, бабровыя футры й "бабровы струмень" былі ці не найпершымі экспартнымі таварамі, празь якія жыхары Паўднёвай Эўропы атрымлівалі ўяўленьне пра нашых продкаў.

На жаль, сучасныя беларусы мала ведаюць пра ролю гэтага сымпатычнага й бяскрыўднага грызуна ў гісторыі нашай краіны".

(Алесь Белы: ) "Яшчэ ў 1685 годзе ў Аўгсбургу выдалі кнігу нямецкага лекара Марыюса "Castorologia" — гэта "навука пра баброў" з лаціны. Гэтак сама — "Castorologia" — называлася й англамоўная кніжка Гарацыя Марціна канца ХІХ стагодзьдзя. Так што некалі бабёр карміў ня толькі паляўнічых, але й навукоўцаў таксама.

Калі мы паспрабуем уявіць сябе на месцы нашых продкаў, прыкладам, XVI стагодзьдзя, то ў іхным жыцьці бабёр увесь час прысутнічаў, калі не прадуктамі баброўніцтва (бо мала хто мог сабе дазволіць бабровыя шапку ці каўнер), дык шматлікімі легендамі ды паданьнямі, часам анэкдатычнага зьместу".

(Ракіцкі:) "Чым бабёр вылучаўся зь іншых зьвяроў, на якіх палявалі дзеля футра? Куніцы ці вавёркі не прыцягвалі такой пільнай увагі".

(Белы: ) "Па-першае, людзей здаўна дзівілі будаўнічыя здольнасьці баброў — іх, дарэчы, надзвычай перабольшвалі, спараджаючы абсалютна фантастычныя ўяўленьні пра лад жыцьця гэтых зьвяроў.

Па-другое, апроч футра, бабёр даваў гэтак званы "бабровы струмень" — рэчыва з рэзкім мускусным пахам, якому прыпісвалі нават магічныя ўласьцівасьці. У нашых шыротах немагчыма было дастаць парашок з рогу насарогу ці якое "муміё". Вось "струмень" і выконваў іхную ролю.

Сама меней, дзьве з паловай тысячы гадоў чалавецтва ўважала "бабровы струмень" за панацэю ад усіх магчымых хваробаў: болю ў вушох і галаве, ікаўкі, колікаў у страўніку, глухаты, падагры, адмаражэньня, нават… гістэрыі. Ужывалі яго як проціядзьдзе ад укусу скарпіёнаў і тарантулаў і як сродак ад блых. Адны лекары лячылі ім бессань, іншыя, наадварот — санлівасьць.

Толькі ў канцы XIX стагодзьдзя, у 1896 годзе, эўрапейскія мэдыцына й фармакалёгія паставілі кропку на ірацыянальнай веры ва ўсемагутнасьць бабровага струменю — вельмі своечасова, бо менавіта попыт на струмень падвёў баброў да мяжы выжываньня як біялягічнага віду.

Людзі Сярэднявечча, пэўна, расчараваліся б, даведаўшыся, што "струмень" — усяго толькі крышталізаваная й фэрмэнтызаваная… мача! Памылкова лічылі, што "струмень" утрымліваецца ў машонцы бабра, хаця ён адкладаецца і ў самак.

Па ўсёй Эўропе, пачынаючы ад рымскага вучонага І стагодзьдзя Плінія Старэйшага, верылі, што калі бабёр ня можа інакш уратавацца ад паляўнічага, ён адгрызае сабе гэтак званыя "строі" ды пакідае іх чалавеку, каб гэтак захаваць жыцьцё й свабоду.

У Рэчы Паспалітай была такая прымаўка: "Адкупіцца, як бабёр строямі". Гэта пра чалавека, які пазьбег нейкіх непрыемнасьцяў занадта вялікім коштам. Верылі таксама (і, дарэчы, дагэтуль вераць), што зьнянацку засьпеты бабёр, бачачы немагчымасьць паратунку, плача слязьмі, як чалавек".

(Ракіцкі: ) "Дарэчы, давайце паслухаем, як "плача" бабёр.

(Гучыць характэрны “плач” бабра).

А што яшчэ, апроч скуры й "строяў", цікавіла паляўнічых?"

(Белы: ) "Хвост. Пакрыты лускай, бабровы хвост нагадваў рыбу, таму сярэднявечнае каталіцкае духавенства абвесьціла яго ежай, прыдатнай для поснага ўжытку. Ня толькі ў нас, але й па ўсёй Эўропе ў Вялікі пост ксяндзы ласаваліся бабровым хвастом, які, дарэчы, праваслаўнае духавенства лічыла ежай нячыстай.

Увогуле, ва ўсім сьвеце пра бабровы хвост хадзіла мноства легендаў: што бабёр сьпіць на беразе з хвастом, апушчаным у ваду, каб пачуць набліжэньне лодкі з паляўнічымі. Што ён карыстаецца хвастом як саўком пры будаўніцтве хатак і грэбляў. Альбо заганяе хвастом палі ў зямлю. Карацей, слановы хобат нейкі, а ня хвост. Гэтым мітам кінулі верыць меней як 100 гадоў таму".

(Ракіцкі: ) "Баброў лічылі вельмі ўмелымі рамесьнікамі. А працавалі яны чым — хвастом, зубамі ці, можа, лапамі ?"

(Белы: ) "Усе народы паўночнага паўшар’я, якія палявалі на баброў — у Сібіры, у Эўропе, у Амэрыцы — верылі, што бабры мала чым саступаюць чалавеку ў тэхнічных магчымасьцях.

Ва ўкраінцаў пра бабра такая загадка: “Галава сабачая, хвост рыбін, а розум чалавечы”. Індыяне Паўночнай Амэрыкі ў XVII–XVIII стагодзьдзях лічылі, што бабры здольныя каваць мячы ды нажы, пячы хлеб ды яшчэ шмат чаго.

Нашы легенды не сягалі так далёка, але, напрыклад, галоўны лясьнічы вялікіх маёнткаў князя Вітгенштэйна ў Слуцкім павеце ня так ужо даўно, у 1884 годзе, пераконваў, нібыта бабры на адкрытых прырэчных прасторах засаджваюць лазою падыходы да вады. Прычым, ён нібыта назіраў, як бабры імкнуліся не пашкодіць лазовую кару й садзілі выкапаныя галінкі наўскос у папярэдне распушаную зямлю.

А ў XV стагодзьдзі італьянец Пампоні Лэт, які наведаў Вялікае Княства, пераказваў мясцовыя легенды пра тое, што чорныя бабры пануюць над рудымі-чалядзінамі, як фэадалы пануюць над сялянамі і прымушаюць іх працаваць на сябе:

"У баброў тры пароды — сяляне, баяры й магнаты. Яны адрозьніваюцца па колеры футра. У сялянаў сьпіна звычайна без валасоў і абдзёртыя вушы; футра іхнае вельмі таннае. Баяры чорна-рудога колеру; іхнае футра больш каштоўнае. Ім аздабляюць дзеля раскошы краі вопраткі.

Магнаты, якіх ловяць надзвычай рэдка, зусім чорныя. Іхнае футра лёгкае і вельмі дарагое. Яны ніколі не выходзяць са сваіх нораў; калі паказваюцца, дык у суправаджэньні цэлага статку: яны раздаюць сабраныя "сялянамі" запасы. Калі магнат трапіць у рукі паляўнічых, просты бабровы люд упадае ў вялікі смутак, які выражае хадой і абліччам".

Праўда тут толькі тое, што чорныя бабры сустракаліся больш рэдка і каштавалі сама мала ўдвая даражэй за рудых. Шапкі з чорнага бабра насілі сэнатары Рэчы Паспалітай.

Дарэчы, падобныя легенды пра бабровы народ існавалі ў народаў Сібіры і паўночна-амэрыканскіх індыянаў. Застаецца толькі пашкадаваць, што на самой справе інтэлект бабра далёка не такі высокі і ўсе аповяды пра бязьмежныя тэхнічныя здольнасьці й высокую сацыяльную арганізацыю баброў ня маюць падставаў.

Сучасная навука пазбавіла нас надзеі на тое, што побач з намі жывуць такія сымпатычныя браты па розуме".

(Ракіцкі: ) "Даўней бабры, відаць, вельмі шчыльна насялялі Беларусь. У нас толькі ў Віцебскай вобласьці, наколькі мне вядома, каля 20 вёсак называюцца Баброва, Бабровічы, Баброўнікі…"

(Белы: ) "Невыпадкова менавіта ў Падзьвіньні такая канцэнтрацыя гэтых назваў. Асабліва шмат іх у паўднёвай, левабярэжнай частцы былога Полацкага княства.

Гэты край, бадай, найапошні ў краіне, толькі пры канцы XVI стагодзьдзя, быў канчаткова запрыгонены. А да гэтага большасьць тутэйшага насельніцтва ўвогуле займалася ня столькі сельскай гаспадаркай, колькі рознымі промысламі — баброўніцтвам і бортніцтвам. А таму й даўжэй захоўвала асабістую свабоду.

Лад жыцьця тут чымсьці нагадваў жыцьцё эўрапейскіх каляністаў на вялікіх азёрах Паўночнай Амэрыкі два стагодзьдзі пазьней".

(Ракіцкі: ) "А як там, дарэчы, захоўваюць памяць пра традыцыі нацыянальнага баброўніцтва?"

(Белы: ) "Два з паловай стагодзьдзі экспарт прадуктаў баброўніцтва быў асновай эканомікі Канады, яму абавязаны ўзьнікненьнем шмат якія буйныя сучасныя гарады Паўночнай Амэрыкі — Манрэаль, Дэтройт, Квэбэк, Чыкага, і там добра пра гэта памятаюць.

У Канадзе штогод у апошнюю пятніцу лютага, пачынаючы з 1974 году, сьвяткуюць Нацыянальны дзень бабра. Школьнікаў возяць на экскурсіі, якія дапамагаюць ім зразумець, якое месца займаў бабёр у жыцьці іхных продкаў.

Пра гісторыю паўночна-амэрыканскага баброўніцтва напісаныя сотні кніг — дакумэнтальных і мастацкіх (прыгадаем хоць бы Фэнімора Купэра і Джэймса Ольдрыджа).

Бабёр — адзін з самых папулярных сымбаляў Канады, у гэтай краіне і ў значнай ступені ў Штатах існуе папросту культ бабра".

(Ракіцкі: ) "На жаль, мы ня маем сёньня такога культу. А калісьці ж у нас казалі: "Як заб'еш бабра, ня будзеш мець дабра". Гэта значыць, што на бабра ў нас ня толькі палявалі, але й імкнуліся захаваць, зьберагчы яго?"

(Белы: ) "Беларусь, магчыма, адзін з самых раньніх рэгіёнаў бабровага промыслу ў гісторыі чалавецтва! Менавіта пра нашыя землі як пра асноўнага пастаўшчыка "бабровага струменю" й шкурак пісалі яшчэ грэк Герадот і араб Ідрысі.

Да таго ж, мы маем права ганарыцца тым, што былі першай краінай, якая ў Трэцім Літоўскім Статуце 1588 году заканадаўча аформіла мерапрыемствы па ахове папуляцыі баброў:

"Если бы… были гоны бобровые давные звечные у иншого суседа дедизне, ино оный пан, в чыей дедизне будуть гоны, не маеть сам ани людем своим допустить старого поля доорати так далеко, яко бы от зеремени мог кием докинути… А если бы под зеремена подорал або сеножати подкосил, або лозу подрубал, а тым бобры выгонил, таковый маеть платити дванадцать рублей грошей... Пакли бы хто гвалтом бобры побил або злодейским обычаем выкрал, таковый маеть гвалт платити…за чорного бобра чотыри копы грошей, а за карого – две копе грошей".

Дзякуючы пашане да гэтай жывёлы, якую й дзяржаўная ўлада ВКЛ і просты люд пранесьлі праз стагодзьдзі, менавіта Беларусь здолела захаваць эўрапейскага бабра ад поўнага зьнішчэньня ў ХХ стагодзьдзі. Мне б вельмі хацелася, напрыклад, каб у Бярэзінскім запаведніку…"

(Ракіцкі: ) "…які ў свой час адыграў вырашальную ролю ў выратаваньні бабра".

(Белы: ) "Так. Дык тамтэйшы, неблагі ўвогуле, музэй прыроды экспануе, на жаль, толькі чучалы розных зьвяроў. А калі б ён у экспазыцыі зрабіў акцэнт менавіта на гісторыі нашага баброўніцтва, нашай нацыянальнай "бабровай міталёгіі" як часткі ўсясьветных зьяваў...

Уявеце, калі б сабраць пад адным дахам францускія касторавыя шляпы XVII стагодзьдзя й парфуму XX-га, літоўскія прывілеі на бабровыя гоны й бабровыя манэты Кампаніі Гудзонавай Затокі, залозы канадыйскіх трапэраў і штыхі беларускіх баброўнікаў, двухмэтровы шкілет гіганцкага выкапнёвага бабра й лукі-самастрэлы хантаў ды мансі".

(Ракіцкі: ) "Ці мог бы беларускі бабёр стаць такой самай візытоўкай нашай краіны, як бабёр канадыйскі для Канады? Або, прыкладам, як собаль для Расеі?"

(Белы: ) "Але для гэтага — ці, магчыма, праз гэта — трэба пазбавіцца комплексу непаўнавартасьці. Нашае баброўніцтва, калі зірнуць на яго ад першых згадак Герадота да заснаваньня Бярэзінскага запаведніку ў 1926-м годзе, — адна з самых цікавых зьяваў нашае гісторыі, адна зь нямногіх, якая мае ўсясьветнае значэньне. А мы забыліся нават пра такую прэзэнтабэльную рэч".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG