(Ракіцкі: ) "Забавы, як і дзяржаўныя, грамадзкія справы, як праца ці побыт, тлумачаць нам сутнасьць чалавека, дадаюць ведаў пра эпоху, стан грамадзтва.
Натуральна, ёсьць сталыя характарыстыкі забавы. Беларус тут нічым не адрозьніваецца ад чалавека як жывой істоты. Заўсёды і паўсюль найлепшым адпачынкам было: на нешта цікавае паглядзець, самому ўзяць удзел у чымсьці вясёлым, падпіць, смачна пад'есьці, патанчыць.
Але ў розных месцах і ў розныя часы, у залежнасьці ад мноства абставінаў, бавяцца людзі ўсё ж з рознаю ступеньню фантазіі. З простым людам прасьцей. Там забава паміж працай.
Калі ды як бавілася беларуская эліта?"
(Арэшка: ) "Гісторыкі прыкмецілі цікавую заканамернасьць. Чым горшыя справы ў краіне, тым больш вясельля. Баль падчас чумы — не паэтычная выдумка.
Рымляне шалелі ад забаваў пад канец Імпэрыі. У нас найвесялейшыя, бадай, гады — гэта часы падзелаў, другая палова ХVІІІ стагодзьдзя. Паўсюль тэатры, опэры, балеты, рэдуты, маскарады.
Пане Каханку й Станіслаў Аўгуст, якія ўсё жыцьцё ненавідзелі адзін аднаго, уміляюцца адзін аднаму, і дзе — не на полі бітвы за незалежнасьць, а за чаркаю ў тэатральнай Радзівілаўскай вёсцы пад музыку Агаткі, пад бляск фаервэркаў і струменяў шампанскага. Віно тады лілося ракою".
(Ракіцкі: ) "Такім чынам, мы акрэсьлілі час — эпоха Адраджэньня, барока. Як выяўляецца істота тагачаснага чалавека ў забавах? Як адбіваюць гэтыя забавы сутнасьць эпохі?"
(Арэшка: ) "Позьняе сярэднявечча, Адраджэньне — эпоха чалавека з усьвядомленай годнасьцю, эпоха рыцарства.
У цэнтры ўвагі — рыцар, баец, які змагаецца за перамогу ў шляхетным двубоі. Уласны посьпех, дэманстрацыя сваёй моцы й годнасьці, значыцца, сваёй сутнасьці, — для яго найгалоўнае. Дзеля гэтага можна й загінуць.
Таму галоўныя забавы рыцарскай эпохі — паляваньне й турніры. Іначай кажучы — індывідуальныя спаборніцтвы. Такі падыход бліскуча ўвасобіў Мікола Гусоўскі ў сваёй "Песьні пра зубра".
Пасьля Адраджэньня ў Эўропе пачынаецца эпоха палітыкаў і актораў. На зьмену рыцару прыходзіць арлекін. Забрала зьмяняе кардонная маска. Перамогі дамагаюцца ўжо пагаданкамі дый хітрыкамі, а сярод забаваў галоўнымі робяцца тэатры й маскарад. У тэатры ўжо ня ўдзельнічаюць у падзеях, а глядзяць на іхную імітацыю. А ў маскарадзе кожны можа імітаваць, удаваць кагось іншага, хаваючы сваю сутнасьць".
(Ракіцкі: ) "У якой ступені мы прысутнічалі ў эўрапейскім кантэксьце?"
(Арэшка: ) "Наш край, разам з Польшаю, Украінаю, Вугоршчынай, Балканамі — усё ж сярэдняя Эўропа. Наш рэгіён межаваў зь іншымі, часам варожымі цывілізацыямі: з Мусульманскай, Маскоўска-Бізантыйскай. Недарма называлі яго "мурам Эўропы" ці "краем памежных фартэцыяў".
Тут пасьля Рэнэсансу складаўся свой тып эўрапейскае культуры, так званае "сармацкае барока", якое характэрнае ня толькі для Рэчы Паспалітае. Воін, рыцар надоўга затрымаўся тут у цэнтры грамадзкага ладу, а рыцарскі этас быў актуальны амаль праз усё ХVІІ стагодзьдзе.
Таму й любіла шляхта рыцарскія забавы і брутальныя, часам небясьпечныя паляваньні на буйнога зьвера. Можа, таму й не адразу прынялі эўрапейскую мадэль тэатру. Першыя прадстаўленьні францускага ды нямецкага тэатраў на масавую публіку ў нас часта правальваліся. Шляхта не разумела ўмоўнасьцяў тэатру ды імкнулася па-дзіцячы ўмяшацца ў дзеяньне.
Мэмуарысты ХVІІ стагодзьдзя прыгадваюць выпадкі, калі гледачы нават стралялі ў сцэнічных ворагаў. Пра гэта ж сьведчыць і анэкдатычны эпізод з успамінаў Яна Хрызастома Пасэка аб прадстаўленьні францускага тэатру ў 1664 годзе:
"Тут пачаў адзін з гледачоў конных крычэць французам: "Забіце таго растакога сына, калі ўжо схапілі яго, не пакідайце жывым, бо як выпусьціце, будзе помсьціць, будзе вайну множыць, кроў людзкую праліваць, дык ня будзе так у сьвеце пакою! Як заб'еце яго, дык кароль францускі атрымае імпэрыю, будзе цэсарам, дай Пан Бог — і нашым каралём. Урэшце, як самі не заб'еце, я яго заб'ю!"
Схапіўся за лук, і, наклаўшы стралу, як вытнуў пана цэсара ў бок, аж другім бокам канчар выйшаў — забіў. Іншыя таксама за лукі — як узяліся шыць з лукаў, нашпігавалі французаў. Самога, што сядзеў у асобе караля, падстрэлілі нарэшту ў лоб..."
(Ракіцкі: ) "Чым бавілася магнатэрыя й шляхта ў ХVІІІ стагодзьдзі? І якія забавы выходзілі на першы плян?"
(Арэшка: ) "Можна скласьці цэлы каталёг забаваў ХVІІІ стагодзьдзя, сярод якіх, апроч звычайных танцаў ды застольяў, папулярныя былі гульні — як "нівіны" (нешта кшталту фантаў), а таксама карты ды іншыя азартныя забавы.
Найперш я бы вызначыў такія забавы як карузэлі й маскарады. Тагачасную "карузэль" ня трэба блытаць зь сёньняшняю "карусельлю". Гэта працяг рыцарскіх турніраў. У ХVІІ стагодзьдзі рыцары перасталі біцца паміж сабою й спаборнічалі, дэманструючы сваё майстэрства, так бы мовіць, на трэнажорах.
Звычайна карузэль ладзілі на вялікім пляцы, дзе колам ставілі разнастайныя мішэні, манэкены, часам і пасткі. Рыцары дзяліліся на каманды, якія называлі бандамі. Выдатнае апісаньне такой карузэлі, ладжанае Каралём і Вялікім князем Аўгустам ІІ, пакінуў у сваім дыярыюшы Міхал Казімер Радзівіл:
"І былі статуі з дрэва, паўбіраныя падобна да арлекінаў. Адна статуя мела на грудзёх жалезны круг, куды трэба было ўдарыць глінянай куляй, калі трапіў у сярэдзінку, дык ракета ўгару вылятала, калі ж дрэнна, дык фаервэркаў мільён выляталі каню пад ногі ды й чалавека самога абсыпала.
Другая статуя мела на раменьні скрынку, у якую, калі трапіў, дык зь яе птушак розных вялікіх, а менавіта фазанаў, курапатак, перапёлак вылятала. Трэцяя — мела на грудзёх кружок, у які трэба было трапіць, дык з губы ейнай вядро вады вылівалася міма кавалера, калі ж ня шыбка адскочыш, дык усяго аблівала. Гэтыя ўсе штукі трэба было ў адным заходзе рабіць".
(Ракіцкі: ) "У Заходняе Эўропе карузэлі, якія былі вельмі модныя ў ХVІІ стагодзьдзі, паступова ператвараліся ўжо ў тэатралізаваныя, касьцюмаваныя парады. Мы ішлі за Эўропай. Везьлі адтуль і забавы".
(Арэшка: ) "У ХVІІІ стагодзьдзі найпапулярнай забавай сталі маскарады, якія ладзілі літаральна на ўсе сьвяты. Зь сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя зьяўляецца такая іхная форма як рэдуты. Вось як апісвае рэдуты Анжэй Кітовіч:
"Забава рэдутаў была траякаю — танец, гульня ў карты й прыгляданьне іншым. Ходзячы па пакоях там і сям, розныя маскі адны на другіх нападалі ў добрым сэнсе, і казалі, хто ёсьць пад маскаю. Той жа, хаваючы сваю асобу, круціў галавой і не сваім голасам адмаўляўся таго, кім яго падазравалі.
На зламаньне сораму маладыя людзі мелі такі спосаб: апроч заляў і пакояў публічных, антрэпрэнэры захоўвалі асобныя пакоі пад сваімі ключамі. Замаскаваны кавалер прасіў ключа да такога пакою, і даваў пяць-шэсьць альбо болей чырвоных злотых, кажучы, што хоча на асобку выпіць бутэльку з прыяцелем, ці ў карты пагуляць. Антрэпрэнэр, не ўваходзячы ў высьвятленьне таго інтарэсу, бо добра яго разумеў, даваў ключ".
Звычайна маскарады ладзілі да сьвятаў. Асноўныя сьвяты, якімі бавіліся ня толькі шляхта, магнатэрыя, а нават і людзі простыя ў дзяржаве, — гэта былі сьвяты рэлігійныя. Найперш сьвяты гэтак званага "карнавальнага" пэрыяду.
Вельмі важнымі сьвятамі былі ў нас і дні нараджэньня, дні анёлаў Караля, Вялікага князя, дні нараджэньня самой магнатэрыі. Пад кожную з такіх датаў ладзілі пышныя прыёмы, балі, якія звычайна суправаджаліся перапрананьнем, маскамі, маскаванымі танцамі, часам выездамі ў паркі, у загарадныя рэзыдэнцыі, дзе ўсё гэтае карнавальнае дзеяньне працягвалася й пераходзіла часам у бясконцыя, шматдзённыя вакханаліі.
Банкеты, балі, маскарады часам суправаджалі й падпісаньне дзяржаўных дамоваў, соймы, сустрэчы паслоў. Гэтак было нават у сумныя й ганебныя момантаў — як тыя ж падзелы дзяржавы.
І вось як апісвае Ян Ахоцкі прыёмы ў Адама Паніскага, вядомага сваёй прыхільнасьцю да Расейскае Імпэрыі, вядомага дзеяча часу разьдзелаў нашага краю:
"Ад самага ранку ў некалькіх пакоях застаўленыя былі сталы штофамі гданьскіх гарэлак, якія паблісквалі золатам, а таксама міногамі, астрыгамі, галяндзкімі селядцамі, швайцарскімі сырамі ў цэлых кругах гэтак вялікіх, як колы для вазоў.
Да абедаў сядала па сто й болей асобаў, а коркі ад шампанскага віна стрэламі сваімі салютавалі банкетуючым. Па абедзе прыносілі столікі да картаў і пачыналася гульня, прынамсі ў дваццаці столікаў… Пад канец упіваліся гарэлкаю, зьмяталі ўсе закускі, апаражнялі бутэлькі пеністага ангельскага піва…"
(Ракіцкі: ) "А чаму чалавек эпохі барока выбірае маскарад? Чаму ён апранае маску ды імкнецца да ананімнасьці?"
(Арэшка: ) "Можна параўнаць маску з забралам. Яны маюць пэўнае падабенства — бароняць свайго гаспадара. Забрала — ад фізычнае небясьпекі, а маска — ад адказнасьці за ўчынкі.
Свабода, якую давала маска, была ашаламляльнай для шляхты, якая выхоўвалася ўсё ж у даволі строгіх умовах. Маска давала магчымасьць сваволіць, гарэзіць, фліртаваць і ня быць пазнаным і пакараным.
Чым цямнейшыя хмары насоўваліся над краем, тым менш хацелася вяртацца да краю з краіны масак, ад вясёлага застольля, хмяльнога туману. Так і апошні наш кароль, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, вядомы быў тым, што страшэнна любіў тэатар, маскарады, пераапрананьне.
Для чалавека слабога, няўпэўненага ці калі ён хаваў сваю сутнасьць, намеры, маскарад — ідэальная забава. Але ўсё ж, калі бракуе асабовасьці, індывідуальнасьці, тады й маска ўжо не патрэбная.
Кашмарны пэрсанаж літаратуры, а цяпер кіно — маска, пад якой няма твару. Але яшчэ больш жахлівае відовішча — натоўп людзей бяз масак, але й бяз твараў. Бавіцца маскамі могуць усё ж людзі з тварам. Для бязьлікага натоўпу ладзяцца адно народныя гуляньні".
(Ракіцкі: ) "Вацлаў, параўнайма забавы ХVІІ-ХVІIІ стагодзьдзяў з тым, як бавімся мы сёньня. Ці зрабілі мы крок наперад? Ці мо нешта важнае згубілі ў тым, што было там?"
(Арэшка: ) "Чалавек мінулага ня мог і ня ўмеў бавіцца сам, адзін. Найважней у забаве было тое, што бавіліся гуртам, грамадою. І недарма банкет называлі бяседаю.
Зараз жа мы навучыліся забаўляцца на самоце, болей адпачываць ад людзей, чым весяліцца разам зь імі. Але гэта паварочваецца часам іншым, невясёлым бокам: самотна жывем, бавімся ў самоце, ды паміраем у самоце".
(Ракіцкі: ) "Сапраўды, самотная забава — гэта знак нашага часу. Самотны танец, сярод сотняў адзінокіх танцораў — гэта нельга сабе ўявіць ня толькі ў эпоху барока, але і за часам маладосьці нашых бацькоў".