Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбата ў Беларусі


Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) «Цяжка ўявіць, але гарбата, якую мы п'ем штодня й са смакам, у ХІХ стагодзьдзі на беларускіх землях выклікала неабыякія жарсьці. Кіпелі яны ня толькі на побытавым узроўні — «піць каву ці гарбату?», але пераўтвараліся нават у эканамічныя ды палітычныя праблемы. Водгукі тых часоў даносяцца й да нашых дзён.

Нехта А.Уладзімераў у 1874 годзе выдаў невялікую брашурку на 36 старонак пад назовам «Чай и вред его для телесного здоровья — умственный, нравственный и экономический». А нехта В.Пахлёбкін ужо ў наш час, у 1995 годзе, у кнізе «Чай и водка в истории России» (выйшла ў расейскім Навасібірску) піша, што тая брашурка распачала антыгарбатавую кампанію, скіраваную супроць Расеі.

Гэты наш сучасьнік Пахлёбкін піша: «Толькі цяпер змаглі высьветліць, што за псэўданімам «Владимиров» хаваўся літоўскі шляхціц Уладзіславас Мінгайле Даўгяла, які быў сябрам літоўска-нямецкае нацыяналістычнае групоўкі, сябрам ордэну езуітаў і выступаў супраць рускага ўплыву ў Літве на загад прускіх палітычных колаў».

Што гэта — трызьненьне сучаснага расейскага шавініста ці гарбата напраўду была адной з казырных картаў, якую разыгрывалі беларускія патрыёты ў змаганьні з маскоўскімі «ўплывамі»?"

(Белы: ) «Я ня думаю, што патрыёты ХІХ стагодзьдзя былі супраць гарбаты як расьліны, напою. Для іх яна была найперш відавочным сымбалем прыгнёту.

Гарбата пачала імкліва распаўсюджвацца ў Беларусі ў 30-х гадах ХІХ стагодзьдзя. Гэты пэрыяд супадае з найгоршай Мікалаеўскай рэакцыяй: задушэньнем лістападаўскага паўстаньня, закрыцьцём Віленскага ўнівэрсытэту, скасаваньнем царкоўнае уніі. І таму ня дзіва, што чульлівыя людзі моду на гарбату разглядалі як яшчэ адзін нядобры знак".

(Ракіцкі: ) "Алесь, дык значыць, гарбата, кітайскі напой, трапіла да нас праз Расею?"

(Белы: ) "Так. Відаць, знаёмства жыхароў Беларусі з кітайскім напоем адбылося праз малапрыемнае пасярэдніцтва маскоўскіх вайсковых абозаў, а таксама ў сібірскім палоне, пад час сумнае памяці вайны сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя.

Гэта адбылося да часу больш шчыльных кантактаў з Галяндыяй, якая пазнаёміла з гарбатай жыхароў Польскага Каралеўства. Апынуўшыся пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае пад уладай дзьвюхгаловага арла, жыхары Літвы мусілі зжывацца з новымі рэаліямі.

Самастойны гандаль з Эўропай застаўся ў мінулым, і зараз гарбата трапляла на землі былога ВКЛ толькі Сібірскім шляхам. Расейскі ўрад абкладаў імпарт гарбаты больш як 100% мытам. Як вынік, адразу пасьля падзелу Рэчы Паспалітае кошт гарбаты ў раздроб на захадзе Расейскае Імпэрыіі быў у 10-12 разоў вышэйшы за кошт яе ў Заходняй Эўропе.

Пагарда да гэтага тыпова маскоўскага напою не спрыялу іміджу гарбаты ў былых сарматаў. Таму ня дзіва, што на старонках, напрыклад, "Пана Тадэвуша" мы не сустрэнем ніводнае згадкі пра гарбату".

(Ракіцкі: ) "Прачытаем занатоўку Максімава з "Жывапіснае Расеі":

"По поводу границы и соседства Белоруссии, провожающий нас ямщик, между Новоржевом и Великими Луками, после того как мы перед огромным селом Ашевой, переехали по мосту через довольно узкую и текущую в песчаных берегах реку Алту, на берегах которой был убит Борис, ямщик толковал:

— Здесь вот мы чай любим и пьём его в трактирах. Заведений этих у нас много даже и по сёлам. А там у них в "Польще" (то есть, под Велижем) чаю не знают: всё водка, и корчмы для того у них не только в деревнях, но и по дорогам".

Алесь, зусім ясна, што гэта хлусьня. Што ж — калі гарбаты нашыя продкі не пілі, дык адно гарэлка ім заставалася? А напраўду, якія безалькагольныя напоі пілі ў Беларусі? У дагарбатныя, так бы мовіць, часы?"

(Белы: ) "Папулярным, культавым напоем была кава, якая таксама трапіла да нас не без супраціву, але да ХІХ стагодзьдзя яна гэтак трывала ўвайшла ў побыт, што ўспрымалася як нацыянальны напой.

Яшчэ да гарбаты й кавы гэткім традыцыйным, ранішнім напоем было падагрэтае піва з грэнкамі. Як нейкі аналяг гарбаты ўжывалі адвары розных зёлак: дзівасіл, ліпавы квет ды іншае".

(Ракіцкі: ) "Працытую крыху з аповесьці Яна Баршчэўскага "Драўляны дзядок і кабета Інсэкта", падзеі якой адбываюцца каля 1835 году:

"Няшмат часу прайшло, ужо і самавар прынесьлі, наліваюць гарбату, стары пан Ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:

— Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, цяпер безь яе і жыць ня могуць… Якія перамены ў сьвеце!.."

Вось так Баршчэўскі кажа пра зьмену статусу гарбаты. Алесь, ці можна меркаваць, што з гэтым напоем напачатку пазнаёміліся аптэкары?"

(Белы: ) "Менавіта так. Сама польская назва расьліны "herbate", якая перайшла ў беларускую мову, сьведчыць, што менавіта аптэкары былі найпершымі спажыўцамі гарбаты. Зрэшты, так было ня толькі ў нас.

Нават у Кітаі, на радзіме чайнай культуры, першыя два стагодзьдзі — з ІV па ХVІ стагодзьдзі нашае эры, лісьце чайнага дрэва выкарыстоўвалі выключна як лекі. Пасьля яго пачалі запарваць і піць штодзень дзеля асалоды.

У ХVІІІ стагодзьдзі, калі гарбату пачалі завозіць да нас з Англіі й Галяндыі, яе таксама пілі вельмі мала, толькі лячыліся — прыкладам, ад галаўнога болю. Былі й такія аптэкары, мэдыкі, батанікі, якія лічылі, што гарбата вельмі шкодная для здароўя расьліна.

Вядомы батанік канца ХVІІІ стагодзьдзя Кшыштаф Клюк у сваім слоўніку расьлін пісаў: "Калі б Кітай прыслаў нам усе свае атруты, то ня здолеў бы больш пашкодзіць, чым сваёй гарбатай. Магчыма, яна бывае ў нейкіх выпадках карыснай, але частае ўжываньне гэтае цёплае вады аслабляе нэрвы й органы страўнасьці, а таксама робіць нядужным. Дзецям і маладым асобам заўжды шкодная".

(Ракіцкі: ) "Пакінем нядобрую гістарычную памяць, якая шкодзіла гарбаце. Адкінем меркаваньні батанікаў і аптэкараў Сярэднявечча.

Напэўна, былі й іншыя прычыны не ўспрымаць яе? Станем на побытавы ўзровень і паспрабуем учытацца ў малавядомае нам апавяданьне Ходзькі "Самавар". Гэта сярэдзіна ХІХ стагодзьдзя. Два словы пра сюжэт "Самавару" Ходзькі.

Вандроўны купец Мухін, здаўна аселы ў Літве, і, бадай, спольшчаны расеец, якога тут ведаюць у кожным маленькім фальварку, прыяжджае са сваімі размаітымі таварамі ў чарговы маёнтак і даведваецца, што папярэдні ўладальнік зьбяднеў і маёнткам завалодаў ягоны былы эканом Валтазар Сулярскі. Ягоная дачка пільна сочыць за модай, марыць выйсьці замуж за суседа пана асэсара. Але як гэта зрабіць, калі тата такі адсталы, што нават гарбаты ня п'е. Яна намаўляе тату купіць у Мухіна самавар і гарбаты і таемна ад яго зьбірае на ягоныя імяніны гасьцей, якіх зьбіраецца частаваць гарбатай. Але сама ня ўмее абыходзіцца з самаварам, то просіць дапамагчы лёкая, былога ўладальніка, якога тата разарыў. Той ненавідзіць новых гаспадароў і адмыслова прымайстроўвае вечка да самавара, такім чынам, каб той закіпеўшы разарваўся.

"Кіпіць вар, шыпіць, нецярпліва пабрынквае прыбітым вечкам. «Час наліваць гарбату!» — прамовіла пані судзьдзёвая. Панна Саламея ўстае і хоча ўзяць чайнік. Пан сакратар цягнецца за бутэлькай з чырвонай вадкасьцю, як раптам… Зрываецца вечка самавара і ляціць угару, вывернуўшы імбрык, які падае на галаву каханага пестуна Матэвушка і гарачай, па твары і вушах, аблівае яго гарбатай. Вечка ж падае на лысіну «папуні», які енкам «Ой! ой! ой!» пачынае ўтарыць ляманту дзіцяці. Тым часам вызвалены з палону вар гвалтам пырскае на вочы, твары, насы і горсы аседлага побач з самаварам панства жаночага, мужчынскага і ніякага роду, разьліваецца патокамі, як лава з кратэру.

У дадатак у агульным галасе і мітусьні хтосьці неасьцярожна кранае модны, на адной ножцы столік — самавар абрынаецца і паўвядром вады аблівае сьпіны ўцякаючых пані судзьдзёвай і пана каморніка, а пану асэсару, які ацірае чаравічкі на абваранай ножцы панны Саламеі, у самую чупрыну сыпле попелу з жарам. Тут крык і віскат перасягаюць усялякія магчымасьці ўявы. Усе ўгрунь кідаюцца ў бакоўку, уцякаючы ад пякельнага цмоку, які пыхае агнём і варам; адзін толькі асэсар з ахопленай агнём чупрынай вылятае ў сені і крычыць: «гарым!» Ад гэтага крыку ўсе сабраныя ў бакоўцы гвалтам кідаюцца да вакна, у імгненьне вока выдзертае з вушакоў, і пад звон разьбітых шыбаў уся кампанія, адно за адным, нарэшце прызямляецца ў гурбе сьнегу…"

Так, нарэшце, да гарбаты прызвычаіліся. З чым пілі яе?"

(Белы: ) "Гарбату сталі ўжываць не як лекі, а піць дзеля асалоды і, прынамсі, дзеля прэстыжу. Пілі спачатку без цукру, яго пачалі ўжываць крыху пазьней. Пілі зь вяршкамі, зь лімонам. А таксама, што вельмі цікава й чаго мы зараз ня робім, з малінавым і вішнёвым сокам, з чырвоным віном. Так пілі ў ХІХ стагодзьдзі".

(Ракіцкі: ) "А сёньня якую гарбату мы п'ем?"

(Белы: ) "На жаль, стан з гарбатай мала зьмяніўся за два стагодзьдзі. Варта прайсьціся сёньня па шапіках, крамах, каб заўважыць, што там прадаецца пераважна няякасны тавар расейскай фасоўкі з адмысловымі назвамі: "Императорский", "Царский", "Дворянский" і г.д. Фактычна, разам з напоем мы спажываем расейска-імпэрскія, манархічныя стэрэатыпы. Вядома, што й прыбыткі ад продажу гарбаты асядаюць у кішэнях нашых усходніх суседзяў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG