Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі народны соньнік


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 3 Жніўня 2000 г.)

Удзельнік: філёзаф і культуроляг Алесь Анціпенка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "У плыні бульварнае літаратуры, якою запоўнены беларускі рынак, шмат сумнеўных перадрукаў соньнікаў. Яны прынесеныя з усяго сьвету. Але ёсьць адна кніга іншага кшталту. Гэта – "Беларускі народны соньнік", складзены вядомым айчынным фальклярыстым Уладзімерам Васілевічам, у якой сабраныя матэрыялы, што запісаныя фальклярыстымі непасрэдна з вуснаў народу. А гэта азначае, што тлумачэньні сноў як бы зьяўляюцца часткаю народнае творчасьці. Як пісаў яшчэ ў мінулым стагодзьдзі вядомы беларускі фальклярысты Нікіфароўскі, "на народных тлумачэньнях сноў не адбіліся соньнікі маскоўскага рынку".

Натуральна, толькі наіўны, даверлівы чалавек будзе зьвяраць убачанае ў сьне з растлумачаным у кнізе, перажываючы і чакаючы, калі абяцанае ў ёй нарэшце спраўдзіцца. Сур'ёзны чытач знойдзе багаты сьвет народных асацыятыўных уяўленьняў. Спробы народных разгадак сноў, напэўна ж, даюць разуменьне, па якіх напрамках ішла чалавечая думка, як у іх адбілася псыхалёгія нацыі, яе досьвед.

Я папрасіў знанага філёзафа й культуроляга Алеся Анціпенку прачытаць "Беларускі народны соньнік" з пазыцыяў сучаснага чалавека й навукоўца. І падзяліцца сваімі рэфлексіямі… Алесь Анціпенка – нашым госьцем".

(Анціпнека: ) "Як адзначае сам укладальнік гэтае кнігі Ўладзімер Васілевіч, сны – гэта своеасаблівы жанр народнае творчасьці, гэта частка сьветапогляду нашых продкаў, беларускага народу. Подобныя зборнікі, натуральна, ёсьць у кожнага народу, і гэта сьведчыць толькі пра тое, што сон – сам па сабе вельмі істотная, і я сказаў бы, адная з самых загадкавых частак чалавечае псыхікі. Безумоўна, гэтая зьява мела пазнавальную цікаўнасьць для нашых продкаў.

Наколькі сапраўды гэта важная частка нашага псыхічнага жыцьця, я маю на ўвазе сны, сьведчаць такія элемэнтарныя разьлікі, якія зрабілі сучасныя псыхолягі. Прыкладна трэцюю частку свайго жыцьця чалавек праводзіць у стане сну. Прыкладна 25 гадоў жыцьця мы сьпім. Прыкладна 6 гадоў мы бачым сны. Невыпадкова, што гэта мусіла абавязкова знайсьці адлюстраваньне ў той схэме сьветабачаньня, якую будаваў чалавек".

(Ракіцкі: ) "Сон – таямніца. Дык якім чынам таямніцу можна суаднесьці з сьветабачаньнем асобы, ці нават цэлага этнасу?…"

(Анціпенка: ) "Гэта своеасаблівая філязофія сьвету, у якім ёсьць дзьве часткі: псыхічны сьвет і сьвет фізычны, у якім жыве чалавек".

(Ракіцкі: ) "Якія сьветапогляды беларусаў можна адчытаць праз гэтую кніжку?"

(Анціпенка: ) "Я думаю, што сны, снобачаньне – гэта ўнівэрсальная зьява. Што належыць менавіта да гэтае кніжкі, дык тут хутчэй мы прачытваем дзьве сьветапоглядныя рэчы, якія характэрныя для нашага народу. Першая частка – вельмі старажытны пласт сьветаўспрыманьня, які зьвязаны з дахрысьціянскім пэрыядам. Заўважныя вельмі цікавыя паралелі. Літаральна на самым пачатку гэтае кнігі ёсьць інструкцыі, рэкамэндацыі адносна таго, як бачыць праўдзівыя сны. Такую ж самую структуру, структуру падрыхтоўкі да мэдытацыі маюць усходнія рэлігійныя сыстэмы. І ў дадзеным выпадку я маю на ўвазе ёгу.

У "Соньніку" сказана, напрыклад, ня есьці перад сном мяса, капусты, гароху, бобу і навогул цяжкое стравы. Ёгі ёсьць вэгатарыянцамі, і такім чынам чалавек падрыхтоўваецца да мэдытацыі, якая ёсьць спосабам убачыць пэўныя праўдзівыя рэчы, якія ня бачныя нашым фізычным зрокам. Ці, скажам, ня піць гарэлкі, кавы й гарбаты. Усе напоі, якія ўзбуджаюць чалавека, у ёзе забараняюцца. Ці, скажам, перад сном праветрыць хату – гэта трывіяльна выказаная рэч, але яна ўваходзіць у вельмі складаную сыстэму ёгі. Або перад сном ні з кім не сварыцца, не спрачацца – гэта тое, што называецца "ёгаўскай этыкаю", якая таксама падрыхтоўвае чалавека да глыбокага трансу, да праўдзівай мэдытацыі.

Для нашых продкаў было абсалютна зразумелай рэччу, што існуюць два сьветы. Прычым, гэтыя сьветы нагэтулькі роўнапалеглыя і нагэтулькі рэальныя, што нават не ўзьнікала сумневу ў рэальнасьці таго сьвету, у які чалавек трапляў праз сны. Сны, у дадзеным выпадку, былі проста спосабам уваходу ў гэты другі, нябачны, нядзённы сьвет, сьвет снобачаньняў".

(Ракіцкі: ) "Прачытаем асобныя тлумачэньні сноў зь "Беларускага народнага соньніку": Сварыцца – памірыцца з ворагам.
Сьмяяцца – будзеш плакаць, бо людзі абсьмяюць.
Цалаваць ладную дзяўчыну – спаткаесься з фальшам.
Кроў чалавечую бачыць – сваяк прыедзе.
Есьці ў сьне мёд – дык пагана, горка табе будзе.
Калі ў сьне быццам то ўсерасься – разбагацееш.
Плакаць у сьне – на радасьць. (Анціпенка: ) "У гэтым соньніку бачна, што паводле меркаваньня нашых продкаў, гэтыя сны зьвязаныя. Паміж імі ёсьць пераход, але яны зьвязаныя паводле прынцыпу люстэркавага адбітку, на антытэзе. Тое, што чалавек бачыць у сьне, потым інтэрпрэтуецца з супрацьлеглым знакам".

(Ракіцкі: ) "Як Вы маглі б асэнсаваць мэтафарычнасьць тлумачэньня сноў, ці зьвярнулі ўвагу на сымболі? Якія сымболі ў беларускіх тлумачэньнях сноў?"

(Анціпенка: ) "Сон – гэта заўсёды паслабленьне рацыянальнага пачатку. Менавіта ў гэтых пераходных станах якраз і абуджаецца эмацыйная сфэра чалавека. У пэўным сэнсе чалавек, які быццам бы пераходзіць у той нядзённы, нябачны сьвет, гэта – паэт. Паэзія –ёсьць выйсьцем зь дзённага сьвету рэчаў. Выйсьце ў той сьвет, дзе пачынае прамаўляць у чалавеку ягоны нейкі эмацыйны пачатак. Некаторыя тлумачэньні слоў у гэтай кнізе проста паэтычныя. Гэта проста радкі недапісаных вершаў": Птушак дзікіх бачыць – падарунак будзе. А злавіць іх – на радасьць.
Хустку бачыць – ліст прыйдзе. Хустку расьсьцілаць – ліст пісаць. Чорная хустка – благія весткі.
Блудзіш у сьне і выйдзеш, дык выйдзеш зь бяды, а не – дык чакае бяда, турма.
Ашукаць каго – бач, каб сам ня быў ашуканы.
Клясьці каго – пагодзішся.
Сьпяваць у сьне – кажуць, плакаць будзеш. (Ракіцкі: ) "Ёсьць некалькі падыходаў ва ўсясьветнай літаратуры да разуменьня сну, да яго тлумачэньня. Ёсьць фройдаўскае тлумачэньне праз эратычнае ўсьведамленьне, адчуваньне чалавека. Ёсьць знакамітая формула Шэксьпіра: "Сон – ёсьць ілюзіяй сьмерці". Вось з гэтага пункту погляду, ці можам мы падыйсьці да разуменьня беларускіх тлумачэньняў сноў?"

(Анціпенка: ) "Шэксьпір бліжэй да корпусу тых сабраных сноў, якія ёсьць у гэтай кнізе. Сапраўды, нашыя продкі, а гэта бачна ў некаторых тлумачэньнях, успрымалі пераход у стан сну як часовую сьмерць. І таму ў снах людзі часта бачылі нябожчыкаў, што абсалютна натуральна, бо нябожчыкі ёсьць часткаю таго нябачнага, нядзённага сьвету. Таму, відавочна, там, у снах, яны сустракаліся з анёлам, чортам, Богам, з Божай Маці. Шмат якія сны тлумачацца як прадвесьнікі сьмерці ці нейкай хваробы, якая мусіць напаткаць чалавека ў бліжэйшы час. Я думаю, што гэта абсалютна натуральная рэч, бо Шэксьпір мае рацыю": Пахаваньне бачыць – хаўтуры і будуць.
Маці бачыць – памрэ скора. Маці-нябожчыцу – сам памрэш, па цябе прыходзіла.
Вясельле бачыць – у тым доме хаўтуры будуць.
Гасьцей бачыць у сябе – мярцьвяк будзе ў двары.
Калі замужняя жанчына сасьніць сябе без спадніцы – хутка памрэ яе муж.
Папа бачыць – мець справу зь нячыстай сілаю. (Ракіцкі: ) "А што тычыцца фройдаўскага падыходу да вытлумачэньня прыроды сноў? Ці выяўляецца ён у беларускім соньніку?"

(Анціпенка: ) "Я не знайшоў нейкіх такіх выразных тлумачэньняў сноў, якія б паказвалі на прыхаваны, менавіта эратычны, зьмест сноў. Хаця тут ёсьць некаторыя падобныя тлумачэньні сноў, напрыклад, бачыць голую дзеўку ў сьне. Такія тлумачэньні, зьвязаныя зь нейкімі эратычнымі памкненьнямі ці навогул, пераказ эратычных сноў цэнзураваліся. Трэба ўлічыць, што большасьць сабраных сноў у гэтае кнізе былі запісаныя ў ХІХ стагодзьдзі. Гэта азначае, што дамінуючым сьветапоглядам у беларусаў у той час было хрысьціянства. Хрысьціянства, як вядома, мае пэўныя маральныя перасьцярогі адносна заглыбленьня ў гэтую сфэру. Псыхолягі заўважылі, што менавіта людзі цэнзуруюць зьмест падобных сноў. І ёсьць канкрэтныя назіраньні, якія паказваюць на тое, што калі чалавек прачынаецца, дык ягоная сьвядомасьць пачынае працаваць як цэнзар у пераказе зьместу сну".

(Ракіцкі: ) "Чаму людзі ў снах так часта бачаць шмат непрыемнага?"

(Анціпенка: ) "Ёсьць некалькі тлумачэньняў. Па-першае, можа быць самае дапасавальнае, і некаторыя псыхолягі лічаць, што сон ёсьць пэўнай падрыхтоўкаю чалавека да абуджэньня, да працягу жыцьця. Бо, сапраўды, у рэальным жыцьці часам здараюцца нейкія экстраардынарныя сытуацыі. У жыцьці, сапраўды, здараюцца непрыемнасьці, мае месца гора, здараецца так, што паміраюць блізкія людзі. І сон, уваходзячы ў нашую сьвядомасьць, падрыхтоўвае чалавека да сустрэчы з гэтымі нейкімі нечаканымі, непрыемнымі сытуацыямі, бо ў рэальным жыцьці, як мы ведаем, нашая сьвядомасць іх таксама адкідвае. Ёсьць інтэнцыя ў нашай сьвядомасьці адкідваць усё непрыемнае, як бы не заўважаць.

Трывіяльны прыклад. Чалавек заўсёды адкідвае думку, што ён можа некалі памерці або захварэць. У гэтым сэнсе нашая падсьвядомасьць больш рэалістычная, чым нашая сьвядомасьць. Бо як раз у нашай падсьвядомсьці гэтыя факты для нас выкрываюцца. І ў гэтым сэнсе падсьвядомасьць працуе як бы наадварот у стане сну, у супрацьлегласьць сьвядомасьці нашага дзённага сьвету, у якім мы звычайна і большую частку нашага жыцьця жывем".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG