Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка пайшоў на саступкі Расеі?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Тэрарызм на найвышэйшым узроўні” – такімі словамі Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў беспрэцэдэнтны крок “Газпрому” цалкам адключыць Беларусь ад газу, спыніць ня толькі пастаўкі, але і транзыт. Такога не было ня толькі ў двухбаковых адносінах, але і ў адносінах “Газпрому”, Расеі зь іншымі яе суседзямі.

Канфлікт, дакладней, яго цяперашняя стадыя, пачалася яшчэ летась, калі і “Газпром”, і расейскія кіраўнікі, у тым ліку і Ўладзімер Пуцін, паведамілі, што ранейшага таннага газу для Беларусі больш ня будзе. Ужо сёлета Менск тройчы атрымліваў папярэджаньні пра магчымасьць спыненьня паставак.

Праўда, на гэта беларускі бок адказваў, што лічыць дзейнай леташнюю дамову і таму пакідае за сабой права ў выпадку чаго адкачваць транзытны газ па сваіх патрэбах і пры гэтым плаціць за яго па ўнутрырасейскіх цэнах. “Газпром” рэагаваў на такую пэрспэктыву вельмі хваравіта, папярэджваючы пра надзвычай непрыемныя наступствы. Але што стаіць за гэтымі пагрозамі – было ня надта зразумелым. Труба ж адна, на другім канцы – свае калінградцы і эўрапейскія спажыўцы: польскія, нямецкія, галяндзкія. Як яе адключыць? Быць таго ня можа. Раптам высьветлілася, што можа.

Праўда, зь нечаканасьцямі сутыкнуліся абодва бакі. Напярэдадні 18 лютага расейскія адмыслоўцы казалі, што калі справа дойдзе да адключэньня транзыту, то немцы і палякі будуць абурацца і прад’яўляць прэтэнзіі да Беларусі, якая сваімі паводзінамі вымусіла “Газпром” спыніць транзыт. Але рэакцыя, прынамсі, польская, сталася супрацьлеглай. Кіраўнік польскага ўраду Лешак Мілер паставіў пад сумнеў надзейнасьць Расеі як пастаўшчыка газу. Міністар эканомікі Яцэк Пяхота заявіў пра фінансавую адказнасьць менавіта расейскіх пастаўшчыкоў. Больш таго, ужо ў дзень адключэньня транзыту газу праз Беларусь Польшча падпісала мэмарандум пра магчымасьць пашырэньня паставак газу з Нарвэгіі. Мэмарандум – гэта яшчэ не пагадненьне, ды і нарвэскі газ на чвэрць даражэйшы за расейскі, але рабіцца закладнікамі беларуска-расейскіх газавых боек палякам не хацелася б.

Нямецкая рэакцыя была больш стрыманай і менш акцэнтаванай на Расею. Гаворыць супрацоўнік нямецкай Рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар:

(Рар: ) “Нямеччына гэтых праблемаў не адчула. Тут атрымліваецца ўражаньне, што гэты канфлікт зьяўляецца канфліктам паміж Беларусьсю і Расеяй, і Нямеччына і Ўсходняя Эўропа ў яго ўцягнутыя ня будуць, прынамсі пакуль. “Рургаз”, які прадае расейскі газ тут, у Нямеччыне, мяркуе, што стратэгічны газавы альянс паміж Нямеччынай і Расеяй даволі моцны. Зразумела, палякі больш баяцца расейскага ўплыву, чым немцы. Таму польская рэакцыя мяне не зьдзіўляе. Але Нямечына ставіцца да гэтага больш спакойна.

(Дракахруст: ) “Разам з тым сп. Рар падкрэсьлівае, што калі б крызыс працягваўся даўжэй, то прэтэнзіі прад’яўляліся б усё ж Расеі”.

(Рар: ) “Калі б гэта працягвалася доўга, то вінавацілі бы ўсё ж Расею. Але ж гэтага не адбылося. Я мяркую, што запэўніваньні, што гэтага не адбудзецца, былі дадзеныя на вышэйшым узроўні – паміж адміністрацыяй прэзыдэнта Расеі і ведамствам фэдэральнага канцлера. Я ня ведаю ніводнай рэакцыі ў Нямеччыне, якая была б крытычнай”.

(Дракахруст: ) “У любым выпадку крок з адключэньнем газавага транзыту быў даволі рызыкоўным для Расеі. “Газпром” рызыкаваў і сваёй рэпутацыяй дзелавога партнэра, і грашовымі стратамі – паводле падлікаў, кожны дзень газавай блякады каштаваў расейскаму газаваму манапалісту стратай даходу ў памеры 10 мільёнаў даляраў. Лёгіку расейскага боку тлумачыць кіраўнік расейскай рады замежнай і абарончай палітыкі Сяргей Караганаў”.

(Караганаў: ) “Мы ўжо разумеем, што калі Беларусь пайшла шляхам крадзяжу газу, то нашая рэпутацыя ўсё роўна пацерпіць А Беларусь пайшла на несанкцыяваны адбор газу, што азначае проста крадзёж, і гэта азначае, што на канцы трубы ўсё роўна будзе падаць ціск. Такія праблемы трэба вырашаць жорсткім спосабам, што і будзе рабіцца”.

(Дракахруст: ) “А што, нельга было падкачаць газу, каб і ў гэтым выпадку заходнія спажыўцы не пацярпелі?”

(Караганаў: ) “Што значыць "падкачаць", калі крадуць. Што, злодзеям дадатковыя пастаўкі энэргіі рабіць? Так не бывае. Таму і ў далейшым гэтак жа будзе. У Маскве зразумелі, што ў Менску мы маем ненадзейнага партнэра, які вядзе справу не да інтэграцыі, а да разбурэньня і інтэграцыі, і ўласнай краіны. Дапамагаць яму ў гэтым мы больш ня будзем”.

(Дракахруст: ) “Беларусь у падземных сховішчах мае каля 600 мільёнаў кубамэтраў газу. Гэта мала, але нават пры звычайным рэжыме спажываньня гэта б хапіла на 10 дзён. З кожным днём газавай блякады Беларусі і часткова праз яе Эўропы нарастала б раздражненьне эўрапейцаў і скіравана яно было б хутчэй за ўсё на Расею, што прызнае і наш бэрлінскі суразмоўца Аляксандар Рар. Але, як вядома, хапіла 1 дня, дакладней, 18 гадзінаў.

Калі абстрагавацца ад красамоўных прыёмаў, якіх было багата ў прамове Аляксандра Лукашэнкі, то сухая рэшта – простая: Беларусь прымае цану, на якой настойвае Пуцін. Колькі дзён, тыдняў не прымала, а адключылі газ – і прыняла. Чаму ж давялося саступіць? Надзвычай цікавы адказ прапанаваў у пятніцу міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў:”

(Мартынаў: ) “Учора, калі Расея перакрыла газавыя заслонкі на Беларусь, адключанымі ад газу апынуліся і Літва, і частка Польшчы, і Калінінград. Беларускі ўрад прыняў рашэньне адносна аднаўленьня гэтага забесьпячэньня з Расеі. І адным з двух фактараў было тое, што за намі стаяць народы і Літвы, і Польшчы, і Нямеччыны, і іншых спажыўцоў. Урад Беларусі пайшоў на тыя ўмовы, на якія не пагаджаўся, у тым ліку каб дапамагчы сваім братам, не саромлюся гэтых словаў, па заходні бок ад нашых межаў”.

(Дракахруст: ) “Клопат пра заходніх суседзяў, якія раптам сталі братамі, зразумела, прычына сур’ёзная. Але на погляд “нямецкага брата” Аляксандра Рара, прычыны рашэньня Лукашэнкі – крыху менш узвышаныя”.

(Рар: ) “Я думаю, што ў яго не было аніякіх іншых магчымасьцяў. Лукашэнка ня мог чакаць стратэгічнай абароны ані ад Нямеччыны, ані ад іншых краінаў, якія атрымліваюць газ. Таму ён быў вымушаны здацца. Яго пазыцыі ў Эўразьвязе значна горш, чым расейскія. Тут ён разглядаецца як ізгой, палітычныя адносіны Беларусі з Эўразьвязам не паляпшаюцца, а нават пагаршаюцца. Да каго яму была зьвяртацца па абарону? Ён патрапіў у ізаляцыю і ад Расеі, і ад Захаду. Ён зараз будзе вымушаны зрабіць сур’ёзны выбар. Ці далей інтэгравацца з Расеяй ці шукаць выхады на Эўрапейскі Зьвяз”.

(Дракахруст: ) “І зусім крыўдны для беларускага кіраўніка камэнтар дае намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук”.

(Раманчук: ) “На самой справе перабольшаныя магутнасьць і сіла сп. Лукашэнкі. Ён слабы чалавек, ён разгубіўся і ня мае пляну дзеяньняў. Калі ён патрапіў у такую сытуацыю, ён запанікаваў, і ня ведаючы, што рабіць, зрабіў першае, што прыйшло ў галаву: пакрычаць, распавесьці, што Расея зьдзейсьніла тэрарыстычны акт, а потым пагадзіцца на пуцінскія ўмовы. Але я б яшчэ не казаў, што гэта факт. Пра тое, што Лукашэнка сапраўды пагадзіўся, можна будзе казаць толькі тады, калі дамова будзе падпісаная”.

(Дракахруст: ) “Палітоляг Ўладзімер Падгол таксама ставіць пад сумнеў сьцьвярджэньне, што Беларусь саступіла ціску”.

(Падгол: ) “Я лічу вельмі пасьпешлівай выснову, што дня хапіла. Дамова, на якую пайшло кіраўніцтва Беларусі па газу – на 10 дзён. Гэта не гадавая дамова. Таму па сутнасьці "Газпром" нічога не дамогся. Лукашэнка на 10 дзён адцягнуў час.

Для Лукашэнкі ідзе шыкоўная перадвыбарчая кампанія. Ён выстаўляе Пуціна ворагам беларускага народу, ворагам Эўропы і нарэшце ворагам расейскага народу – Калінінград застаўся без газу. А Лукашэнка – самаахвярны, клапатлівы гаспадар, які выстаўляе сябе абаронцам трубы, заводаў, на якія хціва разьзявілі рты алігархі”.

(Дракахруст: ) “Ацэнка сп. Падгола мае пэўную рацыю нават у чыста эканамічным сэнсе. Лукашэнка пагадзіўся на больш высокую цану за газ, але ўжо ўвечары ў пятніцу стала вядомым, што Беларусь падвысіла і плату за транзыт газу.

Але ня менш важная і заўвага Ўладзімера Падгола наконт ідэалягічных наступстваў крызысу. Тое, што Лукашэнка выстаўляе Пуціна ворагам Беларусі – гэта цалкам зразумела і чакана і адбываецца, дарэчы, ня першы раз. Хаця заўважым – такіх жорсткіх абвінавачаньняў на адрас гаспадара Крамля раней з вуснаў кіраўніка Беларусі не гучала. Навіною стала і “стыхійная” дэманстрацыя пратэсту каля расейскай амбасады.

Стыхійнасьць канкрэтна гэтай маніфэстацыі выклікае пэўныя сумненьні, але варта адзначыць, што і бяз працы інфармацыйна– прапагандысцкага комплексу крок “Газпрому” ў любым выпадку не палепшыў бы стаўленьне беларусаў да Расеі. Звычайны чалавек ня будзе ўдавацца ў пункты пагадненьняў, разьбірацца, хто каму вінны – ён бачыць факты: зіма, халодна, а Расея газ “адрубіла”. Дык што ж – дзякуй казаць?

Наколькі гэтая зусім натуральная рэакцыя беларускага грамадзтва была ўлічаная Масквой? Гаворыць Сяргей Караганаў”.

(Караганаў: ) “Наколькі я ведаю, гэты фактар улічваўся. Але ўлічваўся і той чыньнік, што ў апошнія месяцы і нават гады беларускае кіраўніцтва і бяз гэтага валіць усе свае грахі на Расею, нягледзячы на тое, што амаль траціна беларускага бюджэту – гэта субсыдыі Расеі праз простыя і ўскосныя каналы. Дзякуй нам не казалі, а паліваць нас палівалі. Таму мы вырашылі проста паказаць, што гэтак больш ня будзе. Мы шчыра спачуваем брацкаму беларускаму народу, там нашы родныя людзі, але мы больш ня будзем падтрымліваць ілюзію, што беларуская мадэль мае будучыню. Праз пэўны час і беларусы зразумеюць, што з такой мадэльлю выжыць нельга”.

(Дракахруст: ) “На думку Аляксандра Рара, падобны крок Масквы – паказчык яе, так бы мовіць, геапалітычнай занепакоенасьці сытуацыяй, якая склалася ў рэгіёне”.

(Рар: ) “Я мяркую, што з боку Пуціна гэта быў намёк, што ён хоча размаўляць зь Беларусьсю, калі трэба, і моваю сілы. Пуцін разумее, што ён страчвае ўплыў у блізкім замежжы Расеі, блізкае замежжа Расеі на вачох ператвараецца ў блізкае замежжа Эўразьвязу. Беларусь была галоўным партнэрам Расеі на працягу 90-х гадоў. Лічылася, што зь ім усё вырашана, што інтэгравацца зь Беларусьсю прасьцей за ўсё, толькі ня трэба сьпяшацца, пакуль да аб'яднаньня не падцягнуцца іншыя краіны СНД. А зараз атрымліваецца, што і Ўкраіна, і каўкаскія краіны, і Малдова ўсё больш выходзяць з расейскай арбіты, ператвараюцца ў бліжэйшых партнэраў Эўразьвязу і НАТА. Таму некаторыя людзі ў Маскве пачынаюць нэрвавацца, злавацца і ўжываць у сваіх дачыненьнях з партнэрамі па СНД ня толькі пернік, але і бізун”.

(Дракахруст: ) “Безумоўна, газавая вайна стала сьведчаньнем зьмены стаўленьня расейцаў, прынамсі, расейскай эліты да Беларусі і беларусаў. Раней у падмурку інтэграцыйных праектаў і ўвогуле двухбаковых адносінаў ляжала настальгія па СССР, прыпраўленая дактрынай славянскага братэрства. Зараз на зьмену гэтаму стаўленьню прыйшло імкненьне да геапалітычнага рэгіянальнага дамінаваньня, да ўтрыманьня суседніх краінаў у сваёй сфэры ўплыву, перш за ўсё эканамічнага. А для гэтага любоў жыхароў гэтай сфэры да цэнтру ўплыву – рэч пажаданая, але не абавязковая. Таму і газавая вайна, палітычна і псыхалягічна выключаная ў 90-я гады, зараз крок цалкам дарэчны.

Нейкі час таму, калі Пуцін заявіў, што Расея ня будзе больш “дойнай каровай для суседзяў”, адзін з нашых слухачоў выказаў наступнае меркаваньне:”

(Слухач: ) “Я зьвяртаюся да Лукашэнкі. Я заклікаю яго выгнаць гэтую "дойную карову", як кажа Пуцін, але насамрэч гэта сьвінаматка. Выгнаць яе раз і назаўсёды, выгнаць зь яе базамі, зь яе транзытам”.

(Дракахруст: ) “Расея сама выканала пажаданьне нашага слухача, прынамсі ў частцы газавага транзыту. І як адразу кепска зрабілася. Аднак інфармацыйная рэакцыя Беларусі на газавы ціск можа мець даволі нечаканыя ідэалягічныя наступствы. Гаворыць Уладзімер Падгол”.

(Падгол: ) “Пакуль прэзыдэнцкая прапаганда робіць усё, каб выставіць і Пуціна, і "Газпром" і Расею ворагамі беларускага народу. Вынікам гэтага стане павелічэньне адмоўнага рэйтынгу інтэграцыі з Расеяй, пры гэтым можа павялічыцца станоўчы рэйтынг інтэграцыі з Эўразьвязам. Сытуацыя не на карысьць Расеі. Яна на карысьць перш наперш Лукашэнку, бо ўмацоўвае яго рэйтынг, і па-другое сытуацыя ўскосна ўмацоўвае незалежніцкі рэйтынг у сьвядомасьці беларусаў”.

(Дракахруст: ) “Сапраўды, на тле сапраўднай эканамічнай вайны размовы пра пэрспэктывы інтэграцыі гучаць увогуле недарэчнымі. Якая інтэграцыя – звычайныя добрасуседзкія адносіны выглядалі б у гэтых умовах крокам наперад.

Яраслаў Раманчук ня згодны са сп. Падголам у тым, што крок “Газпрому” выкліча ў Беларусі такую ўжо вялікую крыўду на Расею”.

(Раманчук: ) “Каб беларускі ўрад ня мог казаць, што гэта выключна палітычны акт, Расея пагадзілася выдзяліць 200 мільёнаў даляраў крэдыту для Беларусі, каб яна магла разьлічыцца за газ па новых цэнах. Беларусь гаворыць: "Няма грошай, чым мы будзем плаціць". Ну калі вы такія бедныя, спажывайце менш. Насельніцтва ж плаціць за газ. Чаму Расея павінная на 80% датаваць беларускія дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы, якія заходзяць у даўгі? Я не разумею, у чым тут акт недружалюбнасьці?

Лукашэнка, маючы манаполію ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, цяпер, безумоўна, будзе казаць, што вінаваты ня ён, а хцівая Расея. Але я бачу безумоўную віну Беларусі. Я заяўляю, як эканаміст і беларускі грамадзянін, што Беларусі карысна будзе жыць па міравых цэнах на газ. І тады мы зможам весьці сваю незалежную замежную палітыку і размаўляць з Расеяй на роўных, а ня весьці нейкія прыніжальныя перамовы пра 10 мільёнаў даляраў.

Я пагаджуся з Лукашэнкам, бадай, у тым, што сёньняшні дзень сапраўды гістарычны. Гэта пачатак канца ягонага пляну пабудовы саюзнай дзяржавы. Сёньня на гэтай замежнай палітыцы пастаўлены тлусты крыж, якога ўжо нішто ня вытрэ з памяці беларускага ўраду і беларускага народу”.

(Дракахруст: ) “Сп. Падгол мяркуе, што гэта ў прынцыпе ўваходзіла ў пляны Лукашэнкі. Палітоляг лічыць, што апошнія гады кіраўнік Беларусі меў на мэце разбурыць падмуркі інтэграцыі, ускладаючы адказнасьць за гэта на Расею”.

(Падгол: ) “Для Лукашэнкі "Газпром" і Пуцін зрабілі ўнікальны падарунак, закруціўшы гэты венціль. Лукашэнка ўжо даўно згортваў беларуска-расейскія адносіны, бачачы ў шчыльнай інтэграцыі з Расеяй пагрозу свайму існаваньню. І вось гэты падарунак дазваляе яму зараз рэзка выйсьці з усіх дамоўленасьцяў, пра што ён ужо публічна заявіў. Перагледзець абсалютна ўсе дамоўленасьці і па арэндзе вайсковых базаў, і па транзыту, і па мяжы, і па мытні і выставіць Расеі рынкавыя рахункі”.

(Дракахруст: ) “Магчыма, сп. Падгол мае рацыю і Лукашэнка сапраўды ў апошнія гады пачаў паціху разбураць узьведзены ім разам з Ельцыным будынак інтэграцыі. Ускосна за гэта гавораць меркаваньні беларускіх і заходніх эканамістаў, што прапанаваныя Масквой газавыя цэны стануць для беларускай эканомікі непрыемнасьцю, але не катастрофаю. Калі так, то навошта было насьмерць біцца за прывід унутрырасейскіх газавых цэнаў, даводзячы справу да эканамічнай вайны? Але вайна атрымалася хуткацечнай, беларусы яе практычных вынікаў фактычна і не адчулі, кіраўнік Беларусі здолеў атрымаць у інфармацыйнай прасторы перамогу. Гэтак, прынамсі, мяркуе сп. Падгол. Ну і ад інтэграцыі засталіся парэшткі, прычым па віне Масквы.

Але варта сказаць, што і Масква ў апошнія гады пасьлядоўна разбурала падмурак інтэграцыі, па меншай меры ранейшай, лукашэнкаўска-ельцынскай інтэграцыі. Пра тое, што дамова пра стварэньне саюзнай дзяржавы 1999 года патрабуе зьменаў, калі не скасаваньня, у Маскве казалі і ўскосна і наўпрост. Катэгарычнае нежаданьне Крамля нават абмяркоўваць праект Канстытуцыйнага акту сьведчыць пра тое ж. Але як Лукашэнка спрабуе перакласьці віну за крах інтэграцыі на Маскву, гэтак жа і Масква сьпіхвае адказнасьць за гэта на Лукашэнку. Гэта – як гарачая бульбіна, якую партнэры перакідваюць адзін аднаму. Гаворыць Уладзімер Падгол”.

(Падгол: ) “Тут трэба падзяліць два пакеты пагадненьняў. Адзін тычыцца нафты і газу, другі – вайсковых базаў. Тут ёсьць алігархічна-бізнэсовы асьпэкт, а ёсьць – стратэгічна-вайсковы. І расейцы, магчыма, думалі, што рука Лукашэнкі ніколі не падымецца на гэтую вайсковую частку.

А можа, яны яго на гэта і штурхаюць. У Лукашэнкі быў адзіны козыр у вачох расейцаў, што ён абаронца заходняй мяжы. А калі Лукашэнка на гэта пойдзе, ён робіцца ворагам Расеі, ну і лягічны наступны крок – гэтага ворага трэба прыбіраць.

(Дракахруст: ) “Расейскі палітоляг Сяргей Караганаў лічыць, што пэрспэктыва пазбавіцца сваіх ваенных базаў у Беларусі для Расеі непрыемная, але не крытычная”.

(Караганаў: ) “Калі нас папросяць, што ж, мы вымушаныя будзем іх кампэнсаваць. Але пакуль нам з Захаду ніхто не пагражае. Больш за ўсё нам з Захаду пагражае развал і дэстабілізацыя ў Беларусі ў выпадку працягу яе цяперашняй палітыкі. Так што ў Маскве відаць вырашылі прымусіць Беларусь пачаць рэформы, рызыкуючы пры гэтым ваеннымі базамі, тым больш, што рызыка невялікая. Базы не спатрэбяцца, калі ў Беларусі ўсё разваліцца. Нас непакоіць, што будзе зь беларускім народам пры такім кіраваньні”.

(Дракахруст: ) “Раней у нашай размове Ўладзімер Падгол выказаў меркаваньне, што магчыма, цяперашні газавы канфлікт – частка шматхадовай камбінацыі для адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, меркаваньні наконт таго, што Лукашэнка – не найлепшы для Расеі кіраўнік Беларусі, падчас цяперашняга крызысу гучала з вуснаў расейскіх экспэртаў даволі часта.

Бадай першым з расейскіх экспэртаў пра міт безальтэрнатыўнасьці Лукашэнкі напісаў некалькі тыдняў таму наш сёньняшні суразмоўца Сяргей Караганаў. Як ён бачыць адпаведны сцэнар разьвіцьця падзеяў – Лукашэнка сыходзіць, прыходзіць чалавек Масквы і далучае Беларусь да Расеі?”

(Караганаў: ) “Нас цікавіць не далучэньне Беларусі, нас цікавіць выжываньне Беларусі і інтэграцыя з расейскай эканомікай. Калі б Лукашэнка праводзіў бы разумную палітыку, яго б падтрымлівалі, хаця мы наўрад ці падтрымлівалі бы які б то ні было рэжым, які ідзе на трэці тэрмін, мяняючы Канстытуцыю. Таму трэці тэрмін Расея не падтрымае ў любым варыянце. Мы нікога не навязваем, Беларусь павінна абраць свайго лідэра, калі прыйдзе час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG