Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім урокам для дыктатараў сьвету стаў арышт Садама Хусэйна?

Юры Дракахруст, Прага

Тое, што падчас затрыманьня былы ўладар Іраку выглядаў вартым жалю – гэта асаблівасьць канкрэтнага чалавека ці дэманстрацыя чалавечай слабасьці любой дыктатуры? У чым карані прыцягальнасьці аўтарытарных уладароў, якую яскрава засьведчыла ўсенародная жалоба ў Азэрбайджане з прычыны сьмерці Гейдара Аліева? Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі, супрацоўнік амэрыканскага дасьледнага цэнтру Foundation Heritage Арыэль Коэн, аналітык нашага радыё Валянтынас Мітэ і дырэктар расейскага Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі.

(Дракахруст: ) “У мінулую суботу ў выніку апэрацыі амэрыканскіх войскаў каля Тыкрыту на закінутай фэрме быў арыштаваны былы прэзыдэнт Іраку Садам Хусэйн. Даведаўшыся пра гэта, тысячы іракцаў выйшлі на вуліцы, сьвяткуючы, так бы мовіць, “другое вызваленьне” ад дыктатара. Але людзі на вуліцах, асабліва ў акупаванай краіне, яшчэ не паказчык агульнанацыянальных пачуцьцяў, можа гэта радасьць толькі тых, хто наўпрост пацярпеў ад цяжкой рукі былога ўладара. Гаворыць аналітык нашага радыё Валянтынас Мітэ, які нядаўна вярнуўся з двухмесячнай камандзіроўкі ў Ірак”.

(Мітэ: ) “Няма сумневу, што радасьць і прага адплаты ў Іраку, безумоўна, ёсьць. Апошні раз я быў у Іраку ў кастрычніку і ў лістападзе, але яшчэ мінулы раз, калі я быў там у траўні, мне давялося размаўляць з маладым іракцам, 22-гадовым студэнтам. Ён згадзіўся адказаць на маё пытаньне пра Садама, але запатрабаваў, каб я ня ўзгадваў ягонага імя. Пры гэтым ён сказаў: "Я ня буду баяцца Садама толькі тады, калі я сам убачу яго мёртвым. Да гэтага часу я буду баяцца яго і не скажу нічога, называючы сваё імя". Трэба памятаць, што Садам кіраваў Іракам 30 гадоў, шмат людзей нарадзіліся пры Садаме і шмат для каго з іракцаў ён – і Бог, і д'ябал у адной асобе. Зразумела, радасьць ёсьць, але дагэтуль нават ня ўсе вераць, што яго маглі злавіць, такім жахлівым і ўсемагутным ён выглядае дагэтуль”.

(Дракахруст: ) “Кадры з арыштаваным Хусэйнам бачылі мільёны людзей ва ўсім сьвеце. Але, відаць, найбольш уважліва глядзелі на гэта іншыя дыктатары, аўтарытарныя ўладары ў іншых краінах сьвету. Што яны бачылі ў гэтых кадрах – свой будучы лёс ці папярэджаньне, што паразы трэба пазьбягаць любой цаной?

Шкадаваньня з нагоды арышту Хусэйна адкрыта не выказваў ніхто, як казалі старажытныя рымляне: ”Гора пераможаным”. Але пэўныя агаворкі сьведчаць пра тое, што, так бы мовіць, пасланьне, што ўтрымлівалася ў рэпартажы Сі-Эн-Эн, было ўспрынятае ў розных краінах.

Напрыклад, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, праводзячы на гэтым тыдні нараду ў КДБ, заявіў, што “ў сьвеце выразна выявіліся пагібельныя тэндэнцыі ігнараваньня нормаў міжнароднага права, калі адны дзяржавы бяруць на сябе адказнасьць асуджаць асновы і нават канстытуцыйны парадак іншых дзяржаваў”. Якія дзяржавы меліся на ўвазе – здагадацца няцяжка.

Дык якія ж урокі, якія высновы вынікаюць з арышту Садама Хусэйна? Гаворыць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі”.

(Класкоўскі: ) “Калі казаць коратка – гэта тое, што любая дыктатура гістарычна асуджаная, і любы дыктатар таксама. І калі нейкага асабіста не напаткае лёс Мусаліні ці Гітлера, то ва ўсялякім выпадку, суд нашчадкаў гарантаваны. Варта адзначыць, што Лукашэнка ня згодны на тытул дыктатара, але ён нават з пэўным гонарам гаворыць:"Так, я аўтарытарны кіраўнік і лічу, што гэта правільна". Тут варта разважаць пра ўладароў, што кіруюць мэтадам "моцнай рукі".

У беларускага рэжыму ў адказ на арышт Хусэйна найперш спрацаваў інстынкт самазахаваньня. Гэта было бачна па тым, як праходзіла нарада ў КДБ. Беларускі кіраўнік бэсьціў чэкістаў за тое, што яны не адсочваюць каналы "імпарту дэмакратыі" ў краіну, як ён сказаў. Хаця Аляксандар Лукашэнка ўвесь час гаворыць, што апазыцыя ў нас слабая, але трывога была відавочная.

Мне здаецца, што зараз беларускі кіраўнік пазыцыянуе сябе як не падобнага на Садама Хусэйна. Ён імкнецца пераканаць і іншых, і найперш самога сябе, што ён трохі не такі, як Садам, і народ не такі – з народам пашанцавала, і як-небудзь яшчэ і трэці тэрмін, і дзясяты, як ён кажа, яшчэ можна будзе тут, у нашым балоце, пакіраваць. Я думаю, што зараз гэтыя думкі дамінуюць, і варыянт трэцяга тэрміну верагодны. Сапраўды, Беларусь паводле шэрагу парамэтраў – усё ж не такая дэспатыя, якая была ў Іраку, народ у нас таксама больш паўночны, больш талерантны. Я мяркую, што такі варыянт самападману можа ў выніку згуляць злы жарт зь беларускім кіраўніком. Бо трэба ведаць момант, калі сысьці”.

(Дракахруст: ) “Расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі мяркуе, што арышт Хусэйна можа прымусіць аўтарытарных уладароў у розных краінах сьвету ўстрымлівацца ад пэўных дзеяньняў у будучыні”.

(Піянткоўскі: ) “Гэта ня першы ўрок і ня першы выпадак. На памяці Мілошавіч, ужо гадоў 15 сядзіць у турме панамскі дыктатар Нар’ега, Урок такі, што сувэрэнітэт не зьяўляецца абсалютным прынцыпам у ХХІ стагодьдзі. Нават з пункту гледжаньня міжнароднага права, дзе ёсьць аднолькава важны з прынцыпам сувэрэнітэту прынцып захаваньня правоў чалавека. Таму дыктатару раней ці пазьней даводзіцца адказваць за свае злачынствы. Дыктатар можа зь лёсу Хусэйна зрабіць і іншую выснову: ніколі нельга прайграваць. Але гэта залежыць ня толькі ад яго. Зразумела, дыктатары, якія ўжо зрабілі злачынствы – напрыклад, не называючы імёнаў, забойствы сваіх палітычных праціўнікаў, – яны цяпер будуць да канца чапляцца за ўладу. Але тыя, якія яшчэ не пасьпелі нарабіць такіх рэчаў, яны будуць значна больш асьцярожна ставіцца да сваіх магчымых дзеяньняў”.

(Дракахруст: ) “Разважаючы пра зьмест ірацкага ўроку для іншых дыктатараў і аўтарытарыяў, ня варта забываць усё ж пра асаблівасьці ірацкай сытуацыі: з нары Садама Хусэйна выцягнуў не ірацкі народ, што паўстаў супраць дыктатуры, а замежныя вайскоўцы. Наколькі гэты досьвед можна наўпрост пераносіць на Беларусь? Гаворыць супрацоўнік амэрыканскага дасьледнага цэнтру Foundation Heritage Арыэль Коэн”.

(Коэн: ) “Вашынгтон ня будзе пэцкацца, каб ваеннымі сродкамі скінуць Лукашэнку толькі дзеля таго, каб яго скінуць. Калі з тэрыторыі Беларусі будзе сыходзіць нейкая пагроза, скажам, калі Лукашэнка разьмесьціць на тэрыторыі Беларусі лягер Аль-Каеды, тады раней ці пазьней гэтага лягеру ня будзе. Разумееце, калі чалавек пакутуе ад недахопу ўвагі да яго, ён пачынае прыцягваць гэтую ўвагу. Ён думае, што падвышае свой аўтарытэт як палітык, як абаронца, як бацька, калі гаворыць пра тое, што ўсе яго ненавідзяць і маюць нейкія злавесныя пляны супраць Беларусі наагул і супраць яго, дарагога, у прыватнасьці. Гэта – няпраўда. Можа быць, раз на год Бушу на стол кладзецца нейкі мэмарандум наконт Лукашэнкі”.

(Дракахруст: ) “Вяртаючыся да ўласна ірацкай тэматыкі, варта сказаць, што нават прэзыдэнт ЗША Джордж Буш папярэдзіў ад залішняй эўфарыі наконт арышту Хусэйна. Ён сказаў, што ня вярта спадзявацца на імгненнае спыненьне тэрору, нападаў на сілы кааліцыі ў Іраку ў сувязі з арыштам дыктатара. Аналітык нашага радыё Валянтынас Мітэ таксама мяркуе, што кардынальных зьменаў у ірацкім грамадзтве ў выніку гэтай падзеі не адбудзецца”.

(Мітэ: ) “Я ня думаю, што гэта прывядзе да зьмены стаўленьня да амэрыканскай акупацыі. Шматлікія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што большасьць іракцаў не падтрымлівалі Садама, большасьць радавалася яго скіданьню, але ў той жа час амаль такая ж колькасьць людзей ня згодная з амэрыканскай прысутнасьцю. Калі Вы ў сваім пытаньні мелі на ўвазе, ці зьменшыцца супраціў амэрыканцам, ці будуць людзі больш дабразычліва ставіцца да іх, я мяркую, што не. Стаўленьне да амэрыканцаў можа стаць больш дабразычлівым, калі нешта хутка і заўважальна зьменіцца ў іх будзённым жыцьці, напрыклад, спыняцца адключэньні электрычнасьці”.

(Дракахруст: ) “Абставіны арышту і ўтрыманьня Хусэйна сталіся шокам для шмат каго ў Іраку і за яго межамі. Напрыклад, кіраўнік ватыканскага Дэпартамэнту справядлівасьці кардынал Рэната Мартына заявіў: “Я адчуў жаль да гэтага чалавека, якога аглядалі, як карову. Ім ня трэба было паказваць гэтыя кадры”. На шок, так выглядае, амэрыканцы і разьлічвалі, маючы на мэце паказаць, што так бы мовіць “кароль – голы”, разбурыць вобраз злога генія, звышчалавека, непахіснага змагара. З кардыналам Мартына можна пагаджацца ці не пагаджацца, вайна, у тым ліку і псыхалягічная – жорсткая рэч.

Але варта сказаць, што, так бы мовіць, вялікую працу для разбурэньня свайго вобразу Садам Хусэйн зрабіў сам. Ён быў знойдзены, фактычна выкапаны зь нейкай падземнай нары, маючы пры сабе зброю, не спрабаваў ані супраціўляцца, ані скончыць жыцьцё самагубствам. Тут ужо амэрыканцы ні пры чым. Пра тое, як успрынялі гэта іракцы, гаворыць Валянтынас Мітэ”.

(Мітэ: ) “Я размаўляў са сваімі знаёмымі ў Багдадзе праз два дні пасьля арышту Садама. Я спытаў іх, ці будуць яны зараз адчуваць сябе больш свабоднымі. Яны на гэтае пытаньне не адказалі, але дадалі: "Мы не разумеем, як Садам мог здацца без адзінага стрэлу. Мы ня можам гэтаму паверыць". Яны ўспрымаюць гэта і як прыніжэньне, і як падзеньне ўласнага страху. Яны ўспрымаюць гэта хваравіта. Сыны ж Хусэйна стралялі, і дагэтуль некаторыя людзі ня вераць, што яны загінулі. А Садам быў у нары, Садам вылез і Садам здаўся”.

(Дракахруст: ) “Валянтынас Мітэ гаворыць пра цьмяную дыялектыку душаў людзей, што выраслі ва ўмовах дэспатыі. Страх перад бязьлітасным уладаром настолькі моцны, што псыхалягічным уратаваньнем ад гэтага страху робіцца атаясамленьне з дыктатарам. І калі крыніца гэтага жаху падае, калі робіцца відавочным, што гэта не д’ябал, а чалавек, які да таго варты жалю, учорашнія нявольнікі, ахвяры гэтага чалавека, успрымаюць ягонае падзеньне як уласнае прыніжэньне.

Але існуе дыялектыка душы ня толькі нявольнікаў, але і самога дыктатара. Тое, што ў паразе Садам Хусэйн стаўся ня проста чалавекам, але і слабым чалавекам – гэта ягоная ўласная асаблівасьць ці ўнівэрсальная якасьць дыктатараў? Гаворыць Андрэй Піянткоўскі”.

(Піянткоўскі: ) “Гэта дастаткова падрабязна было дасьледавана псыхолягамі, у тым ліку і такімі клясыкамі, як Фройд і Юнг. Ёсьць дасьледаваньні клінічнай гісторыі найбуйнейшых дыктатараў сьвету, як і клінічнай гісторыі сэрыйных забойцаў. Агульная выснова тая, што рухавіком паводзінаў, псыхалягічным мэханізмам гэтых людзей зьяўляецца спроба кампэнсацыі за нейкі глыбока схаваны комплекс непаўнавартасьці. Як правіла, гэта людзі, надламаныя чымсьці яшчэ ў раньнім дзяцінстве. Таму адсутнасьць гераічных паводзінаў пры паразе – гэта якраз лягічнае наступства такой псыхалягічнай канструкцыі”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Класкоўскі таксама лічыць, што слабасьць, комплексы непаўнавартасьці, прыхаваныя за ўяўнай моцай – сапраўды ўнівэрсальная якасьць аўтарытарных лідэраў. Менавіта таму, падкрэсьлівае ён, такія правадыры вельмі тонка адчуваюць масавыя комплексы і фобіі”.

(Класкоўскі: ) “Дасьледаваньні сацыяльнай псыхалёгіі сьведчаць пра тое, што ў палітыку ўвогуле ідуць зусім не супэрмэны, а людзі з пэўнымі комплексамі, каб сьцьвердзіць сябе і пазбавіцца ад гэтых комплексаў. Але ў дэмакратычным грамадзтве палітык трапляе пад агонь крытыкі, мы бачым, як у газэтах высьмейваюцца недахопы, хібы і агаворкі, скажам, Буша ці Шырака. А ва ўмовах дыктатуры з гэтага чалавека зь ягонымі хібамі пачынаюць ляпіць сьвятого, Бога і г.д. І калі адбываецца такі драматычны фінал, гэты кантраст вылазіць на паверхню, і карціна атрымліваецца вартая жалю.

Дарэчы, калі праводзіць паралель зь Беларусьсю, то цяжкія комплексы першага прэзыдэнта краіны – гэта асобная тэма. Калі з пункту гледжаньня прафэсійнага псыхоляга адсачыць публічныя выступы нашага кіраўніка, то выразна бачныя ўсе гэтыя фобіі, усе гэтыя комплексы. Гэта бачна нават тады, калі нешта гаворыцца мэталёвым тонам – тады, дарэчы, гэта асабліва бачна: тон павінен замаскіраваць гэтыя комплексы.

Сакрэт тут у тым, што людзі, якія маюць падобныя слабасьці, вельмі добра ўмеюць гуляць на фобіях масавай сьвядомасьці. Лукашэнка часам віртуёзна гуляе на масавых страхах перад "шокавай тэрапіяй", беспрацоўем і іншымі "жахамі" рынку. І ўсё ж бываюць моманты падчас яго публічных выступаў, калі раптам прарываюцца ноткі адчаю, бачыш перад сабою стомленага і самотнага чалавека. І гэтая карціна ўжо зараз вартая жалю”.

(Дракахруст: ) “Валянтынас Мітэ, у адрозьненьне ад калегаў, мяркуе, што паводзіны Садама Хусэйна падчас арышту былі ўсё ж унікальнымі”.

(Мітэ: ) “Прайгралі вайну шмат эўрапейскіх дзяржаваў, напрыклад, Нямеччына, але ніхто ў нары не хаваўся. Нават ў атачэньні Гітлера большасьць людзей загінула ці скончыла жыцьцё самагубствам. А Садам здаўся. Гэта моцны кантраст. Нават дыктатары рэдка здаюцца гэтак нікчэмна. Садам стаўся ўнікальным і ў гэтым сэнсе. Арабскі сьветапогляд, паняцьце гонару гаворыць, што ён мусіў супраціўляцца, ён гэтага не зрабіў. Садам, які называў сябе Саладынам”.

(Дракахруст: ) “Саладын – легендарны арабскі цар часоў сярэднявечча, пераможца ў войнах з крыжакамі. Ізноў вяртаючыся да ўласна ірацкай праблематыкі: цяпер, пасьля арышту Хусэйна, ці можна сказаць, што ён быў кіраўніком супраціву, кіраўніком нападаў на сілы кааліцыі? Размова ідзе не пра апэратыўнае, а пра палітычнае кіраўніцтва. Ня выключана, што ён і не кіраваў наўпрост супрацівам, прынамсі, для іслямісцкіх экстрэмістаў, з’арыентаваных на Аль-Каеду, былы прэзыдэнт наўрад ці зьяўляўся палітычным лідэрам. Але можна весьці размову пра сымбалічнае значэньне таго факту, што скінуты правадыр на волі, што ён няўлоўны. Гаворыць Валянтынас Мітэ”.

(Мітэ: ) “Нейкае значэньне гэта мела. Садам выступіў зь некалькімі прамовамі, якія перадавалі Аль-Арабія і Аль-Джазіра, ён прысутнічаў у інфармацыйнай і палітычнай прасторы, ён пагражаў, заклікаў да ўзброенага супраціву. Я быў у Багдадзе, калі гэтыя тэлеканалы трансьлявалі ягоны выступ са словамі: "Я вярнуся". І шмат людзей спалохаліся, што ён сапраўды вось-вось прыйдзе, што ён вернецца. Сымбалічнае значэньне ён, безумоўна, меў. Але я сумняюся, што ён практычна кіраваў супрацівам. Супраціў выглядае спантанным, ён складаецца са шматлікіх і рознатыпных частак, і знайсьці аднаго кіраўніка там цяжка. Ніхто пакуль ня ўзяў адказнасьці за выбухі, акрамя Аль-Каеды, ніхто з іракцаў не сказаў: "Я лідэр супраціву".

Ня трэба таксама забываць, што для супраціву патрэбная ідэалёгія. Ідэалёгіяй Садама была ідэалёгія партыі БААС, ідэалёгія, якую ён ператварыў у прыслугачку сваёй улады, гэта ўжо не была ідэалёгія пан-арабізму. Я мяркую, што ў нетрах супраціву, калі ён будзе працягвацца, магчыма, вырасьце нейкая ірацкая нацыяналістычная ідэалёгія, але гэта пакуль гіпотэза. Ніякіх прыкметаў гэтага, апроч саміх атакаў, ня бачна”.

(Дракахруст: ) “Развагі Валянтынаса Мітэ наконт прыроды ідэалёгіі, здаецца, маюць дачыненьне і да некаторых краінаў, якія ляжаць на поўнач ад Іраку. Пан-арабізм быў даволі моцнай ідэяй, але ператвораны ў падпорку ўлады адной асобы, страціў свае натхняльныя якасьці, і таму ў рэшце рэшт ня здолеў выканаць і функцыю падпоркі рэжыму.

А зараз – крыху іншы досьвед. На гэтым тыдні, калі амэрыканскія сьледчыя пачалі допыты Садама Хусэйна, Азэрбайджан разьвітваўся са сваім былым кіраўніком Гейдарам Аліевым. Па тэлебачаньні можна было ўбачыць дзясяткі, сотні тысячаў людзей, якія смуткавалі з нагоды сьмерці чалавека, які зь перапынкамі на працягу 30 гадоў кіраваў Азэрбайджанам. Зразумела, да арганізацыі ўсенароднай жалобы магла спрычыніцца і ўлада, і ў дадзеным выпадку хутчэй за ўсё і спрычынілася, але ці толькі ў гэтым справа? Выглядае, што шмат хто з азэрбайджанцаў смуткаваў па Гейдару Аліеву зусім шчыра, гэтак жа, як у свой час беларусы смуткавалі па Пятру Машэраву. У чым таямніцца гэтай прыцягальнасьці аўтарытарных лідэраў для народнай душы? Гаворыць Андрэй Піянткоўскі”.

(Піянткоўскі: ) “Я б сказаў, што Гейдар Аліеў – гэта ўсё ж асаблівы выпадак. Гэта быў дастаткова мяккі аўтарытар у параўнаньні са сваімі калегамі. І тыя шчырыя пачуцьці, якія выказвалі тысячы азэрбайджанцаў – гэта ня вынік псыхалягічнага замбаваньня, кшталту таго, што мы бачылі некалькі гадоў таму на пахаваньні Кім Ір Сэна. Гэта – аб’ектыўная адзнака сур’ёзных дасягненьняў Аліева ў надзвычай складанай сытуацыі. Параўнайце сытуацыю ў Азэрбайджане і ў суседняй Грузіі. Дарэчы, Грузія была ў СССР больш заможнай рэспублікай, чым Азэрбайджан. Аліеў праявіў сябе, як найбуйнейшы палітык, у яго атрымалася амаль немагчымае – ён здолеў прадухіліць ператварэньне Азэрбайджану ў зону суперніцтва паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй, што было згубна для той жа Грузіі і што яшчэ адаб'ецца на Грузіі ў найбліжэйшыя месяцы. Аліеў здолеў стварыць прыклад пасьпяховага супрацоўніцтва. Тая ж апэрацыя "Спадкаемца", апэрацыя перадачы ўлады, мела і ўнутраную дынаміку, але калі казаць пра вонкавы кантэкст, то гэта была сумесная апэрацыя Вашынгтону і Масквы”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Класкоўскі гаворыць пра тое, што тэма дыктатуры і яе пераадоленьня яшчэ доўга застанецца актуальнай, бо дыктатар сядзіць на троне толькі таму, што сядзіць у душах людзей”.

(Класкоўскі: ) “У выпадку з Аліевым, я думаю, смуткаваньне было даволі шчырае. Тут можна казаць пра сукупнасьць чыньнікаў: тут і традыцыі ўсходняга дэспатызму, і савецкая спадчына. Я хацеў бы асабліва падкрэсьліць і такі чыньнік, як няўдачы постсавецкай трансфармацыі. Гэта ўласьціва і іншым постсавецкім краінам, напрыклад, Расеі. Апошнія думскія выбары паказалі, што ківач там пайшоў у бок імпэрскіх і шавіністычных настрояў. І Лукашэнка, калі прыгадаць, таксама прыйшоў да ўлады на хвалі расчараваньня постсавецкімі рэаліямі. Калі больш шырока паглядзець на падзеі на посткамуністычнай прасторы пасьля падзеньня Бэрлінскага муру, прыходзіш да высновы, што мала разбурыць цагляны мур, галоўныя муры – у масавай сьвядомасьці. Калі пачынаюцца пакутлівыя працэсы трансфармацыі, пачынаецца настальгія па мінулых часах, настальгія па "моцнай руце", і мы бачым прыход калі не дыктатараў, дык аўтарытарных кіраўнікоў.

І таму я мяркую, што тэмы дыктатуры, аўтарытарных кіраўнікоў, шляхоў пазбаўленьня ад гэтага яшчэ вельмі доўга будуць актуальнымі для ўсіх нас”.
XS
SM
MD
LG